Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін)
Споведзь пакалення
(Генадзь Бураўкін)
Гэта запомнілася:
Сёння я незвычайна радасны.
Ну, не хлопец —
усмешка адна:
Цеплынёю дваццаціградуснай
Абагрэла мяне вясна.
І паветра здаецца мядовым,
І нябёсы —
чысцей і сіней,
Я іду — дваццацігадовы,
І дзяўчаты глядзяць на мяне…
Чаму яны запомніліся — простыя, крыху наіўныя радкі з верша «Я іду…», якімі адкрывалася першая кніга Г. Бураўкіна «Майская просінь», што ўбачыла свет ажно ў 1960-м?
Запомніліся перш за ўсё, думаецца, сваёй непрыдуманасцю, непасрэднасцю, маладой прагай жыцця, незвычайнай паэтычнай узрушанасцю, здзіўленнем, што выліліся з самога сэрца дваццацігадовага хлопца (верш напісаны ў 1956 годзе). Словам, лірычны характар відаць быў адразу.
Тут жа, побач, былі вершы іншага тэматычнага плана, больш, калі можна так сказаць, сур’ёзныя па гучанню, сацыяльна-грамадзянскія па скіраванасці. Але ў той жа час такія ж шчырыя і па-юнацку пранікнёныя. Яны паказалі нам другую грань таго ж самага лірычнага характару.
Я з твайго неспакойнага племені,
Партыя,
Хоць ля сэрца білет твой яшчэ не нашу.
Гэта ты разам з маці дала мне ўпартую
І няўрымслівую душу.
Гэта ты мне адкрыла прасторы шырокія
І ў дарогу ўручыла свой дапытлівы зрок.
І заўсёды
з тваімі ўладарнымі крокамі
Я знітоўваю кожны свой крок.
Так у паэзіі Г. Бураўкіна, у яго самай першай кнізе намецілася ўзаемасувязь, узаемапранікненне гэтых двух пачаткаў — інтымнага і грамадзянскага, лірыкі асабістай і пачуцця грамадскага, прапушчанага праз душэўны вопыт паэта, насычанага страсцю і хваляваннем. Я не знаходжу ў гэтых двух пачатках «антыномію» «я» і «мы», пра якую пісаў А. Вярцінскі, рэцэнзуючы кнігу выбраных вершаў Г. Бураўкіна («Бібліятэка беларускай паэзіі»), выдадзеную ім у 1969 годзе (Літаратура і мастацтва, 16 студзеня 1970 г.). Гэтыя два пачаткі — лірычны і публіцыстычны — існуюць у паэзіі Г. Бураўкіна ў больш складанай дыялектычнай узаемасувязі.
«Майская просінь» змясціла шэраг аўтабіяграфічных матываў. Як, скажам, было не расказаць паэту пра раку маленства, густыя саснякі Расоншчыны, амаль паўдзённы блакіт яе неба. «Каб не быў чалавекам, я б жаўранкам быў, і спяваў бы нястомней за ўсіх і званчэй, каб рабілася людзям ад песні лягчэй» — такія эмацыянальна-псіхалагічныя, маральныя вытокі і эстэтычныя ўстаноўкі паэтавай песні, якая пачыналася з закаханасці ў жыццё, са здзіўлення перад яго цудам, з незвычайнай душэўнай узрушанасці. Гэтыя рысы і потым застануцца стрыжнявымі асаблівасцямі паэтычнай і чалавечай (у дадзеным выпадку гэта, відаць, адно і тое ж) натуры Генадзя Бураўкіна.
Не сакрэт, што часта першая кніга не дае адказу на пытанне пра аўтара — паэт ён ці не. «Майская просінь» Бураўкіна, нават гэтыя працытаваныя намі радкі, не пакідалі сумненняў, што нарадзіўся малады паэт, які, як тая губка, убіраў свежыя жыццёвыя ўражанні, набываў веды.
Пачэснае месца занялі ў ёй вершы пра асваенне цаліны; аўтар пабыў там яшчэ студэнтам універсітэта. У вершы «Сашка» ён гераізуе працу маладога цалінніка з-пад Полацка, які па сутках не здымаў са штурвала рук: мёрз у дашчаных вагончыках і пісаў вясёлыя пісьмы землякам. Выпадак, што й казаць, жыццёвы: чалавек малапрыкметны, «асцярожны і кволы», як гаворыцца пра яго ў вершы, знаходзіць і сцвярджае сябе ў працы, якая дае яму фізічную і маральную загартоўку.
Сучаснік і яго працоўныя здзяйсненні вабяць паэта. Ён закаханы ў будаўнікоў, якія пад калючым ветрам спяваюць на рыштаваннях, «схаваўшы пад пахі азяблыя пальцы». Можа, гэтаму малюнку і не стае поўнай «аб’ектыўнай» праўдзівасці, але паэт так бачыць, і паводле яго светаўспрымання гэта лагічна. Для маладога героя паэта вельмі важна і дорага адчуваць, «што нешта значыш на працавітай сваёй зямлі».
Савецкі вымпел на Месяцы і кніга Маякоўскага, дарогі студэнцкага лета і сустрэча з каханай, подзвіг партызан — пра ўсё ён пісаў з юнацкім запалам і шчыра.
Слабы бок гэтых вершаў — фактаграфічнасць, адносна неглыбокае пранікненне ў сутнасць з’яў, іх відавочная раздробленасць. Зрэшты, усё гэта з лішкам кампенсавалася тым, паўтараю, юнацкім запалам, няўрымслівасцю, што вызначалі самаадчуванне маладога паэта.
Я іду з усімі
і смяюся,
Я іду з усімі
і пяю.
Калектывізм, дэмакратычнасць, душэўная адкрытасць перад сябрам, рамантычнасць — відавочныя рысы характару маладога героя паэзіі Генадзя Бураўкіна, які, здавалася, больш за ўсё жадаў быць зразуметым чытачом.
Такая акалічнасць не перашкодзіла зараджэнню і развіццю ў яго творчасці новага пазітыўнага працэсу — узмацненню ў другой палавіне 60-х гадоў асабовага лірычнага патэнцыялу. Яго заўважыў Ю. Свірка (Полымя, 1970, № 6), цытуючы прыведзеныя вышэй радкі («Я іду з усімі і смяюся…»), як доказ таго, што паэт (верш напісаны ў 1957 годзе) успрымаў людскі, чалавечы «натоўп» у яго, так сказаць, агульнасці, не надта пільна прыглядаючыся да кожнага паасобку. «А пройдзе восем гадоў,— пісаў далей Ю. Свірка, — і ён адчувае, што жыццё не прагулка, што людзі пазнаюцца не толькі на вясновай вуліцы. Паэт пільней прыгледзіцца да іх і не пабаіцца назваць сваім імем тупога мешчаніна, п’яніцу, скрытага нягодніка».
Адзін чытае газету
І ніяк зразумець не можа,
Чаму там усё так правільна,
А ў яго на рабоце
начальнік
Выпісвае тры газеты
(Усе, як адна, цэнтральныя)
І лаецца горш, чым рамізнік,
І зяцю дае кватэру,
І маніць штодзень «вярхам».
Ю. Свірка, на маю думку, правільна адзначыў творчае пасталенне свайго калегі, для якога паэзія была не забавай, а спосабам пазнання свету.
З цягам часу мы ўсё глыбей і больш будзем ведаць Г. Бураўкіна як празаіка, журналіста, кінадраматурга, зрэдку — літаратурнага крытыка, але паэзія застаецца яго пастаяннай, сардэчнай — на ўсё жыццё — любоўю і захапленнем.
Песня Г. Бураўкіна пачалася на высокай хвалі паэтычнай актыўнасці, вельмі характэрнай для ўсёй нашай літаратуры канца 50 — пачатку 60-х гадоў. Яго, як і іншых, паклікалі ў дарогу бяскрайнія бальшакі, якім няма ні канца ні краю. З першых кніг Генадзь Бураўкін зарэкамендаваў сябе як паэт шырокага душэўнага жэсту, які ідзе ў яго ад закаханасці ў родную зямлю, яе людзей, у іх гераічную гісторыю і слаўны сённяшні дзень. Гэтай зямной закаханасцю народжаны любоў і нянавісць паэта.
Г. Бураўкін належыць да таго пакалення маладых беларускіх літаратараў, што ўвайшлі ў літаратуру ў канцы 50-х гадоў. Той жа ўзрост, тая ж праблематыка, той жа ідэйны пафас… Яго творчае станаўленне, інтэнсіўнае фарміраванне мастацкай індывідуальнасці прыпадае, як і ў іх, на 60-я гады. Няма нічога дзіўнага ў тым, што сваімі вершамі гэтае пары Г. Бураўкін нярэдка пераклікаецца з іншымі паэтамі свайго пакалення. Але ідэал для яго — Маякоўскі. Зрэшты, ён і сам гэтага не тоіць:
«Я люблю Маякоўскага за яго прамату. Я ведаю, хто ў яго сябры, хто ворагі, я ведаю, дзе ён „волком бы выгрыз“ розную брыду, а дзе ад шчасця „разулыбил“ бы твар. Я ўсюды бачу ясную грамадзянскую пазіцыю паэта» (Маладосць, 1969, № 7, с. 181).
Другая кніга «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963) па агульнай танальнасці мала чым адрознівалася ад першай. Пабудаваная на сцвярджальных інтанацыях, у якіх, аднак, часам адчувалася і запытанне, яна сведчыла, як паслядоўна паэт імкнуўся апраўдаць сваю ўрачыстую дэкларацыю, абвешчаную на самым пачатку творчага шляху («Я хачу прайсці па зямлі самым верным, любімым сынам»), не адмаўляючыся ад палкага слова, ад узнёслых пачуццяў, якімі яго, «грамадзяніна дваццатага стагоддзя» (так з гордасцю гаворыць ён пра сябе), шчодра надзяліла жыццё, уласная біяграфія.
Паэта цягне туды, дзе адбываюцца цікавыя і значныя падзеі камуністычнага будаўніцтва — на заводы, фабрыкі, у навукова-даследчыя лабараторыі, на новабудоўлі.
Часопіс «Маладосць» камандзіраваў яго на будаўніцтва нафтагіганта на Дзвіне. Так з’явіўся цікавы лірычны цыкл, ці, дакладней, лірычны рэпартаж «Полацк», старонкі якога запоўнілі вясёлыя няўрымслівыя шафёры і экскаватаршчыкі, верхалазы і цеслі… Як і кожны рэпартаж, ён крыху інфармацыйны, але ў ім шмат хвалюючых мясцін. «Мазольныя рукі» застаюцца адной з галоўных умоў павагі да чалавека. Такая думка вынікае з «лірычнага рэпартажу» пра машыніста Брэсцкага дэпо Фёдара Фадзеева і яго сяброў «Ляці наперад, паравоз!..».
У ліпені — жніўні 1962 года Г. Бураўкіну давялося быць у складзе савецкай дэлегацыі на Міжнародным маладзёжным фестывалі ў Хельсінкі. З фестывальнымі вершамі ў яго паэзію упершыню ўвайшла замежная тэма са сваімі малымі і вялікімі адкрыццямі.
Пазітыўныя ідэалы сацыялістычнага ладу паэт сцвярджае актыўна і разнастайна. І — у тым ліку — праз публіцыстычнае адмаўленне праяў старога, аджыўшага. Я б не сказаў нечага вельмі істотнага пра другую кнігу Г. Бураўкіна, каб не прыгадаў вядомы яго верш «*** Адышлі ў нябыт панегірыкі…». Гэта — адзін з лепшых вершаў, які яшчэ раз пераканаў нас у значным лірыка-публіцыстычным таленце паэта, у адмаўленні ім паэзіі рытарычна-параднай, паэзіі панегірыкаў.
«І філасофія, і публіцыстыка, — гаварыў ён пра адну з кніг паэтэсы Д. Бічэль-Загнетавай, — у яе натуральна і паслядоўна вырастаюць з быту, з тых штодзённых турбот, клопатаў і трывог роднай зямлі, міма якіх не мае права праходзіць родная літаратура» (Полымя, 1968, № 6, с. 185).
Свет не просты — даводзіць і яго паэзія. У другой кнізе сустракаліся даволі нечаканыя радкі:
Я часам сам сябе не пазнаю:
Разважлівы,
спакойны і цвярозы,
Пра маладосць бясхмарную маю
Усё часцей ка мне прыходзіць роздум.
Роздум прыходзіў, гэта правільна, але эстэтычна ён пакуль што рэалізоўваўся мала. А звязаны быў, безумоўна, з далейшым накапленнем у паэта грамадзянскіх якасцей, іх маральнай завостранасцю.
У кнізе «Культура творчасці» А. Адамовіч слушна і справядліва адзначаў: «Пісьменнік становіцца творчай індывідуальнасцю не раней, чым ён адчувае сябе грамадзянінам. Толькі ў тым выпадку, калі ў чалавеку абуджаецца вострае пачуццё асабістай адказнасці за ўсё, што адбываецца навокал, у жыцці, толькі тады проста таленавітая асоба ператвараецца ў сапраўды творчую індывідуальнасць: у мастака паяўляецца свой, змястоўны погляд на свет, узнікаюць свае адносіны да жыцця, а тым самым і свой стыль». Грамадзянскасць, накіраванасць таленту, яго маральнае напаўненне, эстэтычная і сацыяльная пазіцыя і вызначаюць творчую індывідуальнасць паэта.
Па вершах паэта 60-х гадоў бачна ўзмацненне пачуцця адказнасці, асабістай далучанасці да ўсяго, што адбываецца на зямлі.
Я дзякую за ўсё,
Зямля-карміліца…
Не вінавачу ў тым цябе ніколькі,
Што наш сусед
падскоквае на мыліцы,
Што бацьку
дождж прадказваюць
асколкі.
Праблема ставіцца пакуль што квола, няўпэўнена, але яна ўсё ж такі «намацваецца», існуе для паэта, паварочваецца ў яго творчасці рознымі сваімі гранямі. Яна ўзнікла яшчэ ў зборніку «Майская просінь», і з цягам часу гучанне яе ўзмацнялася.
Аднагодак кожны мой раскажа,
Колькі меў у першым класе бед:
Як рабілі мы чарніла з сажы,
Як пісалі на лістах газет…
Я пазнаў тады акрайца хлеба
Самую суровую цану,
Палюбіў густую просінь неба,
Люта зненавідзеўшы вайну.
Паэзія Г. Бураўкіна — гэта, калі гаварыць сцісла, гісторыя духоўнага станаўлення яго пакалення, ранняга яго ўзмужнення. Ва ўсякім разе яна дае для гэтага надта цікавы матэрыял, вобразна сведчыць, што на жыццёвы вопыт і светапогляд Г. Бураўкіна, як і яго сяброў-равеснікаў, у вельмі значнай ступені паўплывала вайна. Заканамерна таму, што перажытае ў ваенныя, партызанскія гады і, можа, па-свойму не менш цяжкія і гераічныя пасляваенныя стала неад’емнай часткай мастацкага свету паэта.
Вельмі характэрную для пакалення равеснікаў гісторыю паэт расказаў у вершы «Бязбацькавічы», прысвечаным Р. Барадуліну. Гэта драматычны расказ пра тых аднагодкаў, каго вайна «сурова назвала бязбацькавічамі», даўшы права на максімальную маральную патрабавальнасць.
Важная і ўсё ўзрастаючая якасць другой кнігі Г. Бураўкіна — праблемнасць мастацкага мыслення, цікавасць да пытанняў няпростых. У вершы «*** Вучоныя — разумныя людзі…» ён усхвалявана разважае аб тым, да якіх вынікаў можа прывесці чалавецтва неабмежаваны рост узбраенняў. Да паэта прыйшло ўменне ўважліва і засяроджана ставіцца да жыцця, разгледзець у факце з’яву і завастрыць на ёй гаворку. Значнасцю ідэі, тэмпераментам, пераканальнасцю і навізной формы вылучаліся многія яго рэчы.
У вершы «Дзень нараджэння ў генерала» (пачатак 60-х гадоў) паэт вядзе гаворку аб праблеме выхавання моладзі, паказвае духоўную спустошанасць «грывастых бамбізаў», якіх больш за ўсё вабіць «замежны джазавы гром».
Платы двухметровыя
на трэскі крышыць гатоў,
Калі, сыта ікаючы,
спаць кладуцца мяшчане,
А раз’юшаныя сабакі
салаўёў выганяюць з садоў.
Што ж, аўтар, магчыма, і правільна «намацаў» праблему, аднак вырашае яе празмерна абагульнена. Але гэта толькі пачатак. Тэма варожасці мяшчанства да хараства, прыгажосці, чалавечнасці будзе распрацоўвацца публіцыстычнымі сродкамі ў яго паэзіі.
Публіцыстычнай паэзіі заўсёды было шмат работы. І гэта добра адчувае Г. Бураўкін, для якога публіцыстычнасць, як неспакой і трывога, як любоў і нянавісць, больш чым блізкія. Пра гэта гавораць многія яго вершы.
Ды і сам паэт — у «Аўтабіяграфіі»:
«Я знаю, што два мае зборнікі вершаў („Майская просінь“, 1961, і „З любоўю і нянавісцю зямною“, 1963) не бездакорныя. Але ніколі я не пісаў несумленна і няшчыра — і таму я не саромеюся сваіх вершаў». Гэта шчырае і праўдзівае самапрызнанне мастака.
Адна з галоўных рыс мастацкага мыслення Г. Бураўкіна і яго паэтыкі — кантрастнасць фарбаў, супрацьстаўленне думак, падзей, эмоцый. І гэта бярэ пачатак у душэўнай актыўнасці паэта, яго грамадзянскасці, у той інтэнсіўнасці пазнання свету, якой жыве яго паэзія.
Зборнік «Дыханне» — чарговы, трэці па ліку — паказаў далейшае пашырэнне тэматычных і мастацкіх даляглядаў паэта.
Пра паэзію Г. Бураўкіна больш і глыбей пачала гаварыць крытыка, адзначаючы, што ў яго кнігах выразна адчуваецца пульс часу. І гэта ў многім сапраўды так. У вершах Г. Бураўкіна, адзначаў Дз. Бугаёў, гаворачы пра яго кнігу «Дыханне», «гулка б’ецца сэрца сучасніка, выразна праслухоўваецца напружаны пульс чалавека, заклапочанага ўсімі трывогамі нашага вялікага і грознага стагоддзя з яго практычнасцю, суровай цвярозасцю і складамі вадародных бомб».
Крытык меў рацыю: у кнізе «Дыханне» на новым узроўні спазнавалася супярэчлівая складанасць свету.
Тым не менш творчы шлях Г. Бураўкіна, як і кожнага сапраўднага паэта, нельга ўяўляць як суцэльны шэраг поспехаў і перамог. Не, мелі месца, на маю думку, і промахі. Нехта аднойчы заўважыў, што адчуванні лірычнага героя Бураўкіна часам бывалі занадта катэгарычныя, ім бракавала ўдумлівай засяроджанасці. Гэта можна заўважыць у некаторых вершах кнігі «Дыханне», у паэме «Чужая споведзь», у якіх выявілася аўтарскае непрыняцце споведзі «ціхенькага палахліўца», гэтага «маленькага чалавечка» 60-х гадоў XX стагоддзя. Пафас паэта можна зразумець і, без сумнення, ухваліць, калі ён гаворыць:
Я проста
ненавіджу палахліўцаў
І аб’яўляю «ціханькім» вайну.
Я сэрца поўню лютасцю зацятай
Да іх —
цішэй вады, ніжэй травы.
Далі нам век дваццаты,
з’езд дваццаты —
На смеласць чалавечую правы.
Але калі гаворка ідзе пра канкрэтнага героя, пра «чалавека сярод людзей», то чытачу абавязкова патрэбны падрабязнасці: хто ён? адкуль? чаму так сталася? хто ў гэтым вінаваты? і г. д., словам, патрэбна сацыяльная «біяграфія», з’явы, відаць, вельмі цікавай і актуальнай. Няма патрэбы спяшацца асуджаць, важна, каб абвінаваўчы прысуд «шэранькаму чалавеку» прагучаў абгрунтавана, аб’ектыўна і пераканаўча. Інакш кажучы, патрэбен аналіз усёй сукупнасці абставін, што прывялі да маральнага злачынства.
А ўвогуле кніга «Дыханне» сведчыць, што да паэта прыйшла сталасць — і жыццёвая і паэтычная. Запамінаецца трыпціх «Неба і зямля» з гэтай кнігі, твор асабісты, я б нават сказаў аўтабіяграфічны ў тым сэнсе, што Г. Бураўкін раскрывае аўтабіяграфію свайго пакалення, як ён яе адчуў і перажыў. Кранае сваім публіцыстычным гучаннем верш «Пра сціпласць», дзе расказваецца пра нейкага «бойкага дзядзьку», што «пляваў на мой народ і край». Праўда, і тут сустракаюцца непрадуманыя радкі:
Глынуўшы ком абразы даўкі,
Мы дзядзьку «выдалі» з пляча.
А побач быў таварыш даўні
і…
акуратненька маўчаў…
Невядома, хто гэты «даўні таварыш», але наўрад ці правільны такі спосаб вырашэння канфліктаў — «выдаць з пляча» — і ў жыцці і ў паэзіі. Разумееш і падзяляеш непрыняцце паэтам усякага нейтралізму, усякага «мая хата з краю» і сімпатызуеш яго герою, які так страсна жадае сцвердзіць на свеце справядлівасць і дабро. Але такая паспешлівасць, як у вершы «Пра „сціпласць“», усё ж такі мала прыймальная для нас. Да вырашэння падобных канфліктаў варта падыходзіць больш удумліва і больш грунтоўна, улічваць усе «пазіцыі». Зрэшты, гэта «накладныя выдаткі» нялёгкіх пошукаў паэта ў тонкай сферы маральна-этычнага, бо паэт сам добра ведае і раіць іншым (у вершы «Сябру, які заўсёды злосны»): «Не спяшайся людзей аблаяць, пастарайся іх зразумець».
Л. Гінзбург у сваёй кнізе «О лирике» пераканаўча гаворыць, што рэалізм у лірыцы далёка не тое, што рэалізм, скажам, у эпасе, прозе. Рэалістычны метад у лірыцы звязаны з паглыбленнем паэта ў «дыялектыку душы», з адкрыццём і сцвярджэннем пэўнай эстэтычнай самацэннасці працэсу духоўнага жыцця чалавека. У арсенале прыёмаў лірычнага абагульнення няма такога, якім карыстаецца проза, — разгорнутая знешняя характарыстыка. Яна прывяла б (і прыводзіць) лірыку да апісальнасці. Адзіны для паэта шлях да стварэння паўнацэннага лірычнага характару ляжыць праз найбольш глыбокае і поўнае раскрыццё ўнутранага свету чалавека. Ён раскрываўся ў Г. Бураўкіна ў такіх харошых, свежых вершах, напісаных, як гэта ўласціва паэту, на шырокім грамадзянскім дыханні:
Не шукайце красы за морамі,—
Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі,—
Прыязджайце да нас на Полаччыну,
Пахадзіце яе прасторамі.
Або:
У любві да цябе я не раз буду клясціся.
Не таму,
каб ты помніла клятву маю,
Проста, дзе ні пабуду —
у Смаргоні ці Клясцінах,—
Я ўсё болей цябе пазнаю…
Г. Бураўкін заўсёды шмат працаваў. І не толькі як мастак. Вельмі дабратворна, плённа адбілася на творчым росце і грамадскім сталенні паэта яго праца карэспандэнтам «Правды» па Беларусі. Гэта была вялікая школа пазнання жыцця.
Паэзія Г. Бураўкіна стала разнастайнай у жанравых адносінах, у ёй стыкуюцца лірыка і эпас, інтымныя матывы чаргуюцца з адкрытай публіцыстыкай, як у вершы «Ідзе працэс…» Паэт ведае патаемную мову лесу і ракі і горача выкрывае праявы мяшчанства ў нашым грамадстве («Зусім „бязгрэшным“»).
Па праўдзе кажучы, Г. Бураўкін ніколі не імкнуўся ісці па шляху падкрэсленых форматворчых навацый. Не будзем гаварыць, добра гэта ці дрэнна, падкрэслім толькі, што больш за ўсё яго цікавілі і вабілі адкрыцці ў самім жыцці, у яго ідэйна-маральным змесце. З аднаго боку, лірычнае пераадоленне, паэтызацыя будзённай рэальнасці, з другога — заглыбленне ў яе надзённыя праблемы. Праблемнасць мыслення становіцца галоўным фактарам творчасці паэта, яе ўнутраным стымулам.
Наколькі паэт вырас, стаў самастойней і глыбей у ідэйных і мастацкіх адносінах, яскрава пасведчыла кніга «Жніво» (1971). Яна даказала, што мінула для Г. Бураўкіна тая «пераходная пара» вызначэння таленту і асобы, якую прыходзіцца пераадольваць, відаць, кожнаму сапраўднаму паэту, што няспынна расце і мяняецца. Ён стаў больш строгім і патрабавальным да сябе, у нечым, магчыма, традыцыйней і прасцей. Паслухайце, як сам ён пра гэта гаворыць:
Хто раней,
хто пазней,
Толькі ўсе
Зноў і зноў
Мы прыходзім
Да простых,
як хлеб і паветра,
Высноў:
Што жыццё чалавеку —
Любому —
Даецца адно,
І што,
як ні надточвай,
Кароткае вельмі яно.
І што праўда на свеце
Адна —
Без крупінкі маны,
І што шчасця на свеце
Няма
Без сваёй стараны…
Гэтыя радкі толькі знешне, «інтанацыйна», спакойныя, унутрана яны палемічныя, ідэйна завостраныя, ды і прастата іх зусім не ардынарная, таму што яна арганічна вынікае з перажытага, з асабістага вопыту. І справа не ў тым, што быццам бы раней паэт не разумеў гэтага, не, але цяпер ён глыбей пранік у жыццё, больш спасціг яго складанасць і прастату.
Рост кожнага мастака звязаны з рознага роду зменамі ў яго светаадчуванні, мастацкай сістэме, мове і г. д. Але нешта важнае ўсё ж такі застаецца пастаянным, быццам бы недаступным уплывам часу. У Г. Бураўкіна гэтае пастаяннае, нязменнае — яго грамадзянскі тэмперамент, напорыстасць палеміста, зайздросная здольнасць мысліць смела і праблемна.
Страсна публіцыстычны, напрыклад, яго верш «Кампрамісы», у якім ён адстойвае бескампраміснасць жыццёвай пазіцыі свайго сучасніка.
Ты толькі збоч,
ты толькі збойся,
Зняверся ў нечым хоць на міг —
І лоўка прашмыгне забойца
Тваіх сяброў, ідэй тваіх.
Апошняе дзесяцігоддзе ўзбагаціла голас паэта новым гучаннем, новымі адценнямі. Ён, мне здаецца, становіцца больш медытатыўным, філасофскім. Цяга да вечных маральных каштоўнасцей у сучасным свеце ўсеагульная; яна закранула і паэзію Г. Бураўкіна, адбіўшыся на яе ідэйным і стылёвым ладзе. Душэўная энергія паэта, якая ў першых яго кнігах, здаралася, выступала ў форме дэкларацый (яркіх і па-свойму цікавых), запэўненняў, цяпер усё часцей увасабляецца ў жывую матэрыю вобразаў і роздумаў. Такі верш пра родную «вясковую хаціну». Пра яе, пра родную вёску, лес, раку ён шмат пісаў і ў ранейшых кнігах. Але цяпер голас яго загучаў з новым душэўным уздымам, на новай эмацыянальнай хвалі. Яна выразна адчуваецца ў дэталях, вельмі прадметных па сваёй мастацкай фактуры:
Мая вясковая хаціна,
Пасляваенны горкі лёс!
Прымі мяне, бадзягу-сына,
У цёплы цень сваіх бяроз.
І дзверы, што выходзяць к лесу,
Но замыкай хварасціной,
Хай злосна зарыпяць завесы,
Даўно не мазаныя мной.
Хай у струхлелых сценах цесных
Сустрэнуць зноў мяне спакой,
Старэнькі стол,
прапахлы цестам
І мокрай рыбінай луской.
Вуглы закопчаныя тыя,
Дзе ціха плакаў хлапчуком…
Вясковае пасляваеннае дзяцінства засталося ззаду, але сувязь з вёскай, з зямлёй не абрываецца. У адным з вершаў паэт успамінае бацьку-хлебароба, якога, на шчасце, ніякія хваробы не бяруць (не так, маўляў, як нас, гараджан), бо сілы дае яму «сівая доктарка — Зямля».
Вялікае замілаванне да роднай зямлі засталося назаўсёды. Бываць дома для паэта — маральны абавязак, а памяць аб мінулым — адна з форм духоўнага жыцця.
Ідэал паэта — усебакова развітая чалавечая асоба, чалавек «ва ўвесь рост», гаспадар «зялёнай зямлі», наследнік гераічных традыцый, улюбёны ў прыгажосць сацыялістычнай рэальнасці. Такі чалавек спалучае ў сабе любоў да працы і песню. Яго аблічча бачыцца паэту ў постацях сучаснікаў, у асобе Юрыя Гагарына, у абліччы гераічных камісараў грамадзянскай вайны, да канца адданых справе рэвалюцыі.
Пяру Г. Бураўкіна належыць яркі твор пра Юрыя Гагарына — «Паэма расстання». З самага пачатку аўтар звяртаецца да свайго ўлюбёнага прыёму супрацьстаўлення: вясенняе абуджэнне прыроды («раставаў сакавік, як апошняя снежка») і гібель Юрыя Гагарына. Г. Бураўкін яшчэ раз паказаў сябе як пранікнёны лірык. Адно з лепшых месц паэмы — вобраз сонца ва ўспрыняцці Юрыя, гэтага вялікага жыццялюба:
Ён любіў сонца.
Ён сам быў падобны да сонца,
Якім яго дзеці малююць —
З шырокай усмешкай
і вачамі, поўнымі святла.
У паэме, як і ў жыцці, Гагарын паўстае звычайным, рэальным чалавекам і чалавекам легендарным адначасова. Яго гібель асэнсоўваецца як вялікая страта для чалавецтва, як трагедыя. І неадступна б’ецца ў скроні думка: «не збераглі!..» А з другога боку — «А ці захацеў бы ён, ці дазволіў сябе ад будзённых клапот берагчы?»
Хіба ён бы змог
стаць
жывым экспанатам,
Музейным дзівам,
цацкай для новых эпох,
Калі быў
чалавекам,
касманаўтам,
лётчыкам
І быць інакшым
не мог?
Намаганні чалавецтва на шляхах прагрэсу неад’емныя ад вялікага духоўнага і фізічнага напружання, ад рызыкі, ахвяр. У подзвігу Юрыя Гагарына праявілася неўтаймаванасць чалавечага пазнання, подзвіг гэты — адно з самых яркіх звенняў сусветнага прагрэсу, ён увесь — у будучыні.
У той жа кнізе «Жніво» змешчана другая паэма Г. Бураўкіна — «Хатынскі снег».
М. Гіль пісаў пра творчую гісторыю паэмы: «Пра ўзнікненне задумы твора Г. Бураўкін расказваў аднойчы па тэлебачанні. Неяк ён трапіў у Хатынь (сённяшнюю, вядома) зімою, яму раптам зусім па-асабліваму ўбачылася трагедыя, якая адбылася тут 22 сакавіка 1943 года. Нарадзіўся вобраз снегу. Спачатку белага: „застагнаў, загаласіў пад нагамі белы балючы снег“. З белага балючага ён ператварыўся ў чырвоны, гарачы, а пасля трагедыі — у чорны, жалобны».
Паэма «Хатынскі снег» належыць, без сумнення, да лепшага, што ўвогуле напісана ў нас пра Хатынь. Гэта своеасаблівы рэквіем, прысвечаны ўсім, хто загінуў на беларускай зямлі ад рукі фашысцкіх злачынцаў. Паэт імкнецца ў поўнай меры адлюстраваць глыбіню і ўвесь жах трагедыі яе жыхароў, расказаць пра ўсё, нічога не ўпусціўшы. Карціны, намаляваныя ім, поўныя вялікай выяўленчай сілы:
Ужо не іскры,
а снапы пякельнага полымя
На галовы абрынуліся са страхі.
І людзі ад іх адбіваліся рукамі голымі.
І засквірчэлі на плячах кажухі.
Ад немага крыку
абвалілася пуня.
Грымнулі вобзем дзверы.
І ўпала,
як чырвоны куль.
Халоднага снегу шукала
сляпая бабуля,
А знайшла толькі жменю гарачых куль.
Страчылі кулямёты
па агню,
па стогнах і плачу.
Радзеў і падаў
ахрыплы пакутны крык.
І вось застаўся адзін толькі енк дзіцячы,
Але і ён
пахіснуўся
І знік.
Нас у аднолькавай ступені хвалюе ў гэтай рэчы Г. Бураўкіна праўда паказу падзей і праўда аўтарскага перажывання.
У паэме «Хатынскі снег» шмат праўдзівых дэталей гэтай жахлівай трагедыі. Вельмі рэльефна намаляваны асобнымі трапнымі мазкамі пакуль што яшчэ мірны ранак у Хатыні: зарыпеў калодзежны журавель, бухнула ў студні аб лядок вядро, грымнула каля прыпечка бярэмя бярозавых дроў, кукарэкнуў певень, дзвынкнуў аб даёнку струмень малака, смачна запахла над вёскай дымком… Гэтыя дэталі вясковага побыту перад нашэсцем карнікаў выглядаюць па-чалавечаму значна і цёпла.
Многія творы Г. Бураўкіна расказваюць пра мінулую вайну, яе ахвяры, пакуты і гераізм народа, здзейснены ім векапомны подзвіг. Паэт ведае, як і сёння пакутуюць ветэраны ад старых асколкаў і куль, што заселі глыбока ў целе, ля сэрца, ад іх нічым не закрыцца — «ні акопам, ні бранёю, ні мінулай пераможнаю вайною».
Г. Бураўкін нарадзіўся ў 1936 годзе, вайна прыйшлася на яго дзіцячыя гады, але многае — жудаснае— запомнілася і яму, малому…
«…Мы стаім на ўзгорку трыма радамі: першы, рэдзенькі — мужчыны, дзяды; другі, заплаканы, няроўны — жанчыны з малымі на руках і трэці — мы, каму шэсць — дзесяць — дванаццаць гадоў. На нас нацэлены кулямёт, за ім — як сёння помню — ляжыць здаравенны немец у даўгім шынялі. Стаяць на ўзгорку і паліцаі — там, за кулямётам, па той бок. Мы: чакаем, чакаем стрэлаў. Плачуць жанчыны, маўчаць дзяды. А стрэлаў усё няма. Ідуць хвіліны, гадзіны. Мы дрыжым ад холаду. За кулямёт кладзецца ўжо другі немец. А стрэлаў усё няма…
Пад вечар нас сагналі ў лазню на ўскрайку вёскі. Было цёмна і цесна. Для малых адвялі палок, мы сагрэліся на ім і пачалі валтузню. А маці наглыя плакалі і чамусьці абдымаліся: „Ну, даруй, калі што не так было…“, „Даруй, Рыпішка…“. Я тады не ведаў, што дзверы лазні былі забіты цвікамі, што лазня абкладзена саломай і паліцаі пайшлі шукаць газы ці бензіну. Я тады многае не разумеў. Мне было сем гадоў…» (з аўтабіяграфіі Г. Бураўкіна).
Тое, што Г. Бураўкін піша аб вайне, скіравана супраць вайны, супраць чалавечых ахвяр і пакут. Ёсць загад сэрца, абавязак перад загінуўшымі, памяць пра іх — і ўсё гэта дзеля тых, хто жыве. І тут ён, думаецца, вельмі блізкі да Мікалая Маёрава — вядомага савецкага паэта, які загінуў на вайне. Тады, у 1941-м, ён сказаў:
…И пусть
не думают, что мертвые не слышат,
когда о них потомки говорят.
Следам за «Жнівом» з’явілася яшчэ адна кніга Г. Бураўкіна пад назвай «Выток» (1974). Думаю, што маюцца ўсе падставы гаварыць аб новай якасці лірызму ў яго паэзіі. Піша паэт быццам бы па-ранейшаму проста, але гэта, безумоўна, новая якасць прастаты, азоранай высокім маральным ідэалам. Думка ўсё глыбей пранікае яго радок, не змяншаючы аднак ні эмацыянальнага пафасу, ні публіцыстычнай страснасці.
Такая рыса сённяшняй літаратуры, як апалітызм, у апошніх паэтычных зборніках Г. Бураўкіна заявіла аб сабе досыць выразна. Паглыбіўся псіхалагізм ягонай лірыкі, значнае пашырэнне атрымала яе сацыяльна-філасофская аснова, гістарызм паэтычнага мыслення.
Стаю каля сівой красы,
Хаджу па гулкіх сутарэннях —
І чую продкаў галасы,
І бачу нашых дзён карэнні.
Нездарма апошнім часам у паэзіі Бураўкіна пабольшала такіх слоў і паняццяў, як «выснова», «выток». Думаецца, менавіта ў гэтым рэчышчы роздуму паэта нарадзіўся верш «Камісары», у якім сцвярджаецца духоўная, ідэйная роднасць сённяшняга пакалення моладзі з тым, якое прымала актыўны ўдзел у барацьбе з контррэвалюцыяй. Героі грамадзянскай вайны, мужныя бальшавіцкія камісары ўвасабляюць для паэта сумленне цэлай эпохі.
Мы іх перагналі па ўзросту,
Сягнулі да зорак сівых.
І ўсё ж, як падлеткі, зайздросцім
І лёсу, і пафасу іх.
І марай свяшчэннаю самай у сэрцах надзея гарыць, Што нас не ўпікнуць камісары — Суровыя нашы сябры.
Маральны рыгарызм камісараў далёкай грамадзянскай імпануе сённяшняй моладзі, рыцарам абавязку, чэсці, высокай чалавечай годнасці.
«Паэт нашай эпохі,— пісаў Яўген Вінакураў,— гэта мастак, які ўмее дыялектычна бачыць свет, разумець яго складанасць, шматбаковасць з’яў». І далей: «Інфармацыі для паэзіі мала. Ёй павінна быць уласціва такая якасць, якую я назваў бы духаўздымнасцю» (Правда, 5 сакавіка 1974 г.).
Мне заўсёды імпанавала ў таленце Г. Бураўкіна «духаўздымная» страснасць палеміста, вострае маральнае бачанне жыцця, гатоўнасць ісці нават на рызыку, калі ён глыбока перакананы ў сваёй праваце. Перадаліся гэтыя якасці і кнізе «Выток».
Я не люблю людзей, якія
Не маюць ворагаў зусім
І носяць кулакі цяжкія,
Не паспытаныя нікім.
За дабрату стаю сцяною.
І ўсё ж не давяраю ім,
Што абдымаюцца са мною
І з непрыяцелем маім.
Словам, перад намі паэт, якім ён быў і раней: заўсёды гатовы да спрэчкі, да сутыкнення думак, да бою. «Што паробіш, калі ціхманы я ніколі не быў эмалі», — прызнаецца ён у адным з вершаў.
Калі ў сучаснай беларускай паэзіі шукаць сваякоў Г. Бураўкіна па творчаму духу і грамадзянскаму напалу слова, то гэта будзе, безумоўна, Пімен Панчанка з яго нізкім «болевым парогам» і тонкім адчуваннем пульсу часу. Іх родніць смеласць, здольнасць і гатоўнасць кожную хвіліну ісці на бой за свае перакананні. У іх мы знаходзім тую разнастайнасць сацыяльных інтанацый, якія нязменна суадносяцца з жыццём, штодзённай стваральнай дзейнасцю нашага грамадства.
Юрась Свірка некалі правільна заўважаў, што «манера пісьма Г. Бураўкіна адкрытая. Ён свае думкі не хавае за глыбокія падтэксты, не абрывае недагаворкай. Таму яго вершы гучаць напорыста, публіцыстычна, набліжаючыся часам да палемікі» (Полымя, 1970, № б, с. 184). Аднак цяпер, думаецца, мы маем справу з новым узроўнем палемічнага стылю паэта. З аднаго боку, узбагацілася праблематыка паэзіі Г. Бураўкіна, абвастрыўся яе маральны максімалізм. А з другога — больш паслядоўным стаў працэс мастацкага пазнання. Цяпер у гэтым працэсе няма такіх «правалаў», якія трапляліся раней.
У лірыцы паэта значнае месца заняў аналіз самаадчування, роздум над сваім месцам у буднях жыцця.
Успамінаюцца шляхі ўсе,
І прызнаешся ў цішы,
Што па-блазенску мітусіўся
І часта,
як хлапчук,
спяшыў,
І нёс вядро сваё няпоўным,
І спатыкаўся шмат разоў,
І хваляваўся не галоўным,
А выпадковай драбязой…
Лірыка Г. Бураўкіна робіцца своеасаблівым дзённікам паэтавай душы, але гэта не толькі не выключае яго грамадзянскай актыўнасці, а наадварот — абумоўлівае яе.
Нялёгкі талент грамадзянскасці — у разуменні паэта — гэта ўменне бачыць і думаць над пытаннямі свайго часу, імкнучыся зразумець і вырашыць іх. Праўда, не ўсе і не заўсёды, вядома, яны бываюць падуладны пяру паэта — любога паэта. Але Г. Бураўкіна гэта не бянтэжыць: смеласці і энергічнасці ў яго хапае. Нават, паўтараю, там, дзе «паэтычнае» вырашэнне тэмы здаецца на першы погляд мала надзейным, паэт знаходзіць свой нечаканы, свежы паэтычны ход. Як, напрыклад, у вершы «Уцякаюць хлопцы ў гарады», дзе ён кранае актуальную праблему сённяшняй вёскі — міграцыю сельскага насельніцтва, разумеючы аб’ектыўную заканамернасць гэтай з’явы.
І без іх, хто пакінуў вёску, «на палях не ўзыдзе кураслеп…» — упэўнена зазначае паэт,
Ды пад старасць хлопцам
здасца дзівам,
Як гэта зямля
без іх
радзіла
Аржаны незамянімы хлеб.
У другім месцы паэт выказваецца яшчэ больш катэгарычна: «Колькі б нам за жар-птушкай услед не ганяцца, усё роўна прыблудзім назад у сяло…» З гэтым, вядома, можна спрачацца. Мяне асабіста не вабіць падобнае «почвенничество». Пад ім, на мой погляд, няма глебы.
У кнізе «Выток» роздум паэта пад маральным абавязкам людзей, над іх узаемаадносінамі ўзмацняецца: «Мы слухаем маўклівае міжзор’е, а блізкіх нам не можам зразумець». У другім месцы ён усклікае:
Як многа ў нас звычайнасці!
Як мала ў нас адчайнасці!
Пазнаецца, «адчайны», грамадска заклапочаны голас паэта ў вострым з’едліва-выкрывальным вершы «Сабакары», антымяшчанскім па свайму гучанню, скіраваным супраць тых «дзябёлых кабет» і «джынсовых дзецюкоў», што — у згодзе з модай ды каб, крый божа, не адстаць ад яе — абзаводзяцца сабакамі: «вязуць, вядуць, нясуць, як дзетак, сабак і сучак „прагуляць“». І, павінен прызнаць, з пазіцыяй паэта нельга не пагадзіцца: «Я б паважаў іх, каб не бачыў, што ім дайсці няма калі ад клопатаў пра лёс сабачы да клопатаў пра лёс зямлі…»
Магчыма, у апошніх словах і гучыць рэха той фарсіраванасці прысуду, якая мела некалі месца ў некаторых вершах паэта, але, паўтараю, сказаны яны вельмі шчыра. Мастацкае пазнанне жыцця, асабліва такое інтэнсіўнае, як у Бураўкіна, не гарантавана ад супярэчнасцей, і гэта заўсёды трэба мець на ўвазе.
У кнізе «Выток» голас паэта гучыць паўнакроўна і шматгранна. Яго паэзія, безумоўна, пашырае свае геаграфічныя, інтэрнацыянальныя межы. Глыбокае ўражанне пакідаюць «Чатыры песні пра Эрнеста Чэ Гевару» і верш «Памяці Пабла Нэруды», у якім выяўляецца погляд на месца вялікага чылійца ў сучасным свеце:
Ён быў паэтам.
І калі яго неслі на могілкі,
За ім
жанчынай няўцешнай
ішла эпоха.
Так, не слабее грамадская пранікнёнасць кніг паэта, не бяднее іх эмацыянальны спектр, рамантыка, захапленне жыццём!
Вы чуеце —
чаромха расцвіла?
Гайда ў лясы,
у веснавыя нетры,
Раз’ятраныя, халастыя ветры!
Гуляюць ад сяла і да сяла.
Такія радкі і вершы сцвярджаюць і наша ўспрыняцце свету, жыцця, прыроды, вучаць любіць і любавацца ёю.
Дыялектыка «інтыму» і «публіцыстычнасці», якія адно аднаго ўзбагачаюць, здавён характэрна для лірызму Г. Бураўкіна, для стылю яго паэтычнага мыслення. У кнізе «Выток» шмат такіх вершаў, дзе паэт дае прастор свайму лірычнаму пачуццю, сэрцам дакранаючыся да родных мясцін, пейзажаў, краявідаў…
Духоўнае, палітычнае пасталенне паэта станоўча адбілася як на росце майстэрства, ідэйнай, маральнай сталасці таленту, так і ў адчуванні эстэтычнай моцы і сілы слова, уменні выкрасаць з яго дастатковую паэтычную энергію.
Тэхніка, як вядома, зусім не вычэрпвае паняцця майстэрства. Але ў добрага майстра і тэхніка на вышыні. Паглядзіце, як хораша інструментаваны наступны верш Г. Бураўкіна (аўтар назваў яго «Ціхі верш»):
Ціхая засень старэнькай альтанкі.
Ціхае шчасце —
Шэпат каханкі.
Ціхія гукі.
Цёплыя рукі.
Лісця чаромхі вячэрняя споведзь.
Вусны дыханне спалохана ловяць.
Сіняя ціша
Зоркі калыша.
Крылаў птушыных апошнія ўзмахі.
Святло патушылі шэрыя гмахі.
Чуеш,
Як б’ецца
Сэрца ля сэрца?
Паэту добра вядома, што рэалістычны мастацкі вобраз не проста адлюстроўвае аб’ектыўную рэальнасць, ён валодае ўласнай эстэтычнай рэальнасцю, і мастак не проста пазнае рэчаіснасць, ён умешваецца ў яе, тым больш праз лірычны вобраз, дзе суадносіны паміж асобаю і грамадствам выяўляюцца непасрэдна.
Рэдка, вельмі рэдка, але ўсё ж такі пракідаюцца яшчэ ў паасобных вершах паэта (нават у апошніх кнігах) выпадкі, калі яму здраджвае, на мой погляд, мастацкі густ. Размова ідзе аб наступных радках:
Не закрыць
ні радасцю,
ні бытам
Тых,
што ўпалі ніцма на лаўжы.
Колькі іх,
забітых
і забытых,
Пад нагамі нашымі ляжыць!
(З кнігі «Жніво»)
У апошнім радку ёсць непажаданае зніжэнне ўзроўню паэтычнай мовы, думка становіцца абездухоўленай, спрошчанай.
Аднак гэта — толькі асобныя дэталі, яны не парушаюць агульнага добрага ўражання ад яго работы.
У 1977 годзе з’явілася кніга вершаў «Варта вернасці», за якую Генадзь Бураўкін удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі. Кніга ўражвае многімі творамі, асабліва паэмай «Ленін думае пра Беларусь» (1976), якая стала важкім укладам у беларускую паэтычную Ленініяну. «Ленін думае пра Беларусь» — рэч значная, пакуль што недастаткова ацэненая крытыкай. Аднак гэта не толькі твор «на тэму» — тут праз аб’ектыўны жыццёвы матэрыял знайшла надзвычай шырокае і поўнае выяўленне сама асоба паэта з уласцівымі яму поглядамі, думкамі, страсцямі. Уладзімір Ільіч паказаны ў адзін з вельмі складаных, напружаных момантаў у жыцці маладой савецкай краіны. На зыходзе студзень трывожнага 1919 года — вайна, голад, бандытызм. Некалькімі словамі, але вельмі дакладна (будуючы іх лесвічкай) ўзнаўляе паэт памятныя абрысы часу:
Памылкі.
Здрада.
Сабатаж.
Няўдачы…
Трэба было быць Леніным, каб, нягледзячы на яраснае супраціўленне контррэвалюцыі, упарта весці карабель да намечанай мэты.
Кіраўнік Саўнаркома працаваў у сваім кабінеце, калі прынеслі тэлеграму з Мінска, з Беларусі — і яму прыгадалася мінулае, правінцыяльны гарадок Мінск, 15 ліпеня 1900 года, калі ён наведаў гэты горад, едучы за мяжу. Уладзімір Ільіч прыпамінае гэты дзень, кароткую гадзінку, калі цягнік спыніўся на Мінскім вакзале і ён выйшаў на перон, затым на плошчу, сустрэў цікаўнага да ведаў хлапчука.
Але Ільіч прыпамінае не толькі дзень, а і ўсю доўгую, шматпакутную гісторыю беларускага народа, яго выдатных дзеячаў — Скарыну, Каліноўскага, Купалу… Асабліва моцны атрымаўся ў паэме раздзел пра Каліноўскага, постаць якога паўстае з радкоў паэта ва ўсёй сваёй высакароднасці, велічы, мужнасці і чысціні.
Можа зморшчыцца строгі гісторык:
«Факты выбраў на свой капыл.
Гэтак нехта напіша скора —
Ленін думаў і… пра Капыль…»
Думаецца, няма чаго яму моршчыцца: факты адпавядаюць іх жыццёвай і паэтычнай прыродзе і асэнсаваны яны па-сапраўднаму глыбока і па-майстэрску. Хачу адзначыць не толькі рост майстэрства, але і сталасць, маштабнасць паэтычнай думкі Г. Бураўкіна, які здолеў (і ўражанне такое, што — без цяжкасці) напісаць рэч з вельмі прасторнымі духоўнымі даляглядамі.
Працэс пазнання, шлях да ісціны, у тым ліку да ісціны мастацкай, цяжкі і супярэчлівы. Г. Бураўкін яго адольвае настойліва і энергічна.
Прымаю гэты свет раскуты
З яго журбой і барацьбой.
Іду,
гатовы на пакуты,
На неспакой і вечны бой,—
так сказаў ад імя ўсіх Г. Бураўкін. Гэта — яго крэда.