Арыенціры памяці (Васіль Зуёнак)

Арыенціры памяці

(Васіль Зуёнак)

Равеснік Рыгора Барадуліна, ён і пачынаў разам з ім, аднак першую кнігу выдаў значна пазней за яго. Гэта было (калі не лічыць зборніка вершаў для дзяцей пад назвай «Вясёлы калаўрот» — 1965) «Крэсіва» — кніга лірыкі, што ўбачыла свет у 1966 годзе. Цікава зараз перачытваць першыя кнігі нашых знакамітых паэтаў. У іх, як і, відаць, ва ўсіх першых кнігах, шмат дэкларацый, рытарычных зваротаў, воклічаў, абяцанняў. Былі яны і ў Васіля Зуёнка. Адчувалася, што гэты паэт любіць прастор!

Мільёны год,

             мільёны год

Да сонца

З цемені ірваўся.

Мільёны год,

             мільёны год

Іду,

Іду —

І не спынюся.

На ніве смерці і жыцця

Мне вечна

             юным быць аратым,

Бо ўсіх пачаткаў

             я — працяг

І ўсіх працягаў

             я — пачатак.

Сучасны чалавек ва ўспрыняцці В. Зуёнка — фігура маштабная. Гэта — вечны чалавек, вечны і заўсёды малады, «юны араты», якому падабаецца такая «пасада» на зямлі. Разам з тым (хоць у гэтым вершы і дэкларатыўна) ён адчувае сябе звяном у ланцугу чалавечай пераемнасці. Яго стваральная актыўнасць грунтуецца на гуманістычных традыцыях працоўнага чалавецтва. Аднак, як бачыце, гэта была празмерна абагульненая, рамантызаваная постаць героя (тут адчуваўся, відаць, уплыў Э. Межэлайціса) выглядала досыць абстрактна. Яе патрэбна было зазямліць, наблізіць да рэальных праблем і клопатаў.

Вельмі плённым перыядам росту, інтэнсіўных пошукаў і адкрыццяў сталі для В. Зуёнка, як і для іншых паэтаў, 60-я гады, калі паднялася цана на сапраўднасць пачуцця, вызначылася перспектыўная тэндэнцыя: інтэнсіўнае самасцвярджэнне абвастрыла пачуццё формы, стылю, рушыла наперад паэтыку. Да верша вярталася напружанасць духоўнага пошуку. Аказалася, што ўсе — не толькі самыя значныя — падзеі маюць права на ўвагу. Зуёнак засведчыў сваю здольнасць адкрыць паэзію ў звычайным і прывычным для ўсіх. Ніхто, скажам, не пачуў, як «яблык упаў дасвеццем — ля Халопеніч, на Беларусі…», «а шар зямны здрыгануўся…» Тут знаходзім характэрную для таго часу — 60-х гадоў — стылявую прыкмету — масштабнасць успрымання рэчаіснасці і (гэта ўжо больш індывідуальнае, «зуёнкаўскае») скіраванасць да свету вёскі. Ён жыве яе справамі. Аднойчы яму нават давялося стаць «грамавержцам»: быў сухмень, а ў прыезд паэта дадому выпаў — на радасць землякам — дождж! (верш «Добры прыезд»). Маштаб, узбуйненне, гіпербалізацыя ў яго не супярэчаць праўдзе жыцця, у адлюстраванні якога ён заўсёды імкнуўся да шырокіх абагульненняў.

Ралля — аснова,

Зерня ўток няспынна

Кідаю я рукою агрубелай,—

І тчэцца,

              тчэцца мудрая тканіна —

Жыццё…

З гэтаю рысаю светаўспрымання паэта звязаны яго інтэлектуалізм і філасафічнасць, якія грунтуюцца не толькі на асабістым вопыце паэта, але і на вопыце цэлых пакаленняў яго землякоў.

Каб нараджэння не знаў я,

Дык стаў бы, напэўна, нарогам

І поле ўзараў бы.

Жытнёвым бы зернем упаў я

У цёплую, ціхую глебу

І рунню б узяўся.

На ніву сасмяглую

                          летам

Праліўся б гаючай, жывучай

Вадою…

Вясковая тэма заўсёды шмат значыла для яго. «Маё сэрца ў жыце б’ецца перапёлачным боем»; «жыву сяўбой, бяру сяўбой»; «Прыходзіць хлеб у хаты. Ён ад зямлі, а з ім ўсё — гасціны, заручыны, вяселлі, парадзілі, і геній, што ў стагоддзях уваскрэсне…» Ён перакананы: «сэнс жыцця — у працы», тут паядналіся для яго практычны і духоўны пачаткі, сялянскае і мастакоўскае. І ў гэтым сэнсе паэт ідзе, калі так можна сказаць, за сваімі продкамі. «Продкі мае, — піша ён у аўтабіяграфіі,— людзі простай сялянскай працы. Яны ўлагоджвалі зямлю-карміцельку, здабывалі хлеб свой. І калі ўзносілі малітву, дык не аб вечным жыцці, а найбольш аб ім — аб хлебе надзённым. Яны спрадвеку былі нашымі аднадумцамі: яны былі матэрыялістамі — няхай сабе стыхійна, неўсвядомлена, без кручкаватага шкалярскага мудраслоўя. Яны гаварылі: паміраць ладзься, а жыта сей. І ў гэтым быў залог бессмяротнасці…» Яшчэ ў першай яго кнізе быў цікава разгорнуты вобраз:

Дні — колавыя спіцы,

А час — агонь-рысак.

Стрымай,

          стрымай,

                       вазнічы,

Фурманку-паражняк…

Сэнс гэтых радкоў дастаткова зразумелы — паэт выступае за змястоўнасць, напоўненасць чалавечага жыцця добрымі справамі. І паглядзіце, як ён графічна — «горкай» — пабудаваў радок «стрымай, стрымай, вазнічы», быццам бы і сапраўды па ім з усё нарастаючай хуткасцю коціць парожняя фурманка. Народны вопыт, народная мараль сталі асновай паэтычнай канцэпцыі. Адсюль той «запас трываласці» ў яго вершах, які адзначаў у адным з артыкулаў А. Грачанікаў.

«Крэсіва» — першая кніга вершаў, якія адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Р. Барадулін, — не была кнігай пачаткоўца: голас паэта гучаў натуральна і вельмі шчыра.

У 1969 годзе ўбачыла свет другая кніга вершаў В. Зуёнка «Крутаяр», якая развівала думкі, закладзеныя ў першым зборніку. «Асноўны яе матыў,— пісаў А. Вярцінскі,— памяць вясковага дзяцінства, роднай вёскі». Хаця ў цэлым яна, на нашу думку, не стала значным крокам наперад, аднак у многіх творах шырока і пераканаўча праявіўся дэмакратызм паэта, яго павага да жыцця. Больш удалым аказаўся зборнік «Сяліба» (1973) — вершы і паэмы аднайменнай назвы, якія істотна наблізілі аўтара да сучасных жыццёвых пытанняў і турбот.

Я сябра кожнай птушцы,

Ва ўсіх —

               наперахоп:

Бярэ гляшэц у пушчу,

Бакас — на расцяроб,

А салаўі — на спеўку,

А жаўранкі — у рунь…

Для В. Зуёнка — сялянскага сына, які нарадзіўся і жыў на ўлонні прыроды, гэта гучала вельмі арганічна. Нездарма адзін са сваіх зборнікаў нарысаў і замалёвак, выдадзены ў 1962 годзе, ён назваў: «Любіць прыроду — любіць Радзіму». Пачуццё «сябра кожнай птушцы» прывілося аўтару «Сялібы» з дзяцінства, аднак, безумоўна, з цягам часу, з гадамі яго «прыродныя» адчуванні нашмат узбагаціліся. Паэт адчуў небяспеку для ўсяго чалавецтва з боку тых, хто атручвае паветра стронцыем, іншымі смяротнымі рэчывамі і рознымі суперсучаснымі відамі ўзбраенняў, накіраванымі на магчымасць змены надвор’я і прыроднага асяроддзя ў ваенных мэтах.

Ідуць дажджы.

               А птушкі млеюць

І нема падаюць на дол.

Дождж — дарунак нябёс, заступнік жыцця — ператвараецца ў нешта зусім супрацьлеглае. Свет поўны супярэчнасцей. Неабходнасць абароны прыроды мысліцца паэтам у адзінстве глабальных намаганняў чалавека ў барацьбе за сусветную гармонію. В. Зуёнку не ў меншай ступені, чым іншым пісьменнікам старэйшага пакалення і равеснікам, уласціва задумвацца над сэнсам і тайнамі чалавечага жыцця, гісторыі, над «чалавечымі якасцямі», ад якіх залежыць лёс прыроды, лёс планеты. Яшчэ, помніцца, у першым зборніку быў змешчаны выдатны верш «*** Тры вышыні, тры сілы знаю ў лесе…» Аўтар павёў у ім зацікаўленую размову не толькі пра лёс беларускіх лясоў, але і пра родную культуру. Верш цікавы сваёй канцэптуальнасцю і духоўнай напоўненасцю. Паэт пераконвае ў глыбокай сувязі і ўзаемазалежнасці, якая існуе паміж галінамі і каранямі, паміж мінулым і будучым. «Чаму дух смольны з нашых хат знікае і гніль вянцы бярэ? І гэтак вяла і глуха так чаму пяюць цымбалы?» — вось пра што клопат паэта. В. Зуёнак — адзін з прызнаных майстроў канцэптуальнага, так сказаць, верша, дзе выяўляецца не проста душэўны жэст паэта, а разуменне жыцця. Дэталі і падрабязнасці часцей за ўсё патрэбны ім для асэнсавання больш агульназначных пытанняў. Паэзія ўжо не можа абмежавацца знешне зразуметымі дабратой і гуманнасцю, якія самі па сабе, безумоўна, прыгожыя. Паэты хочуць самастойна даследаваць рэальны змест гэтых катэгорый. Разам з павышэннем грамадскай актыўнасці паэзіі ўзрастала яе імкненне да аналізу.

У сваіх вершах і паэмах ён разглядае чалавека не толькі як частку грамадства, але і як частку прыроды і гісторыі. Ужо ў першай кнізе В. Зуёнка паявіліся матывы, звернутыя ў гістарычнае мінулае.

Мачулішча…

Відаць, і пры Ярыле

Ільны ў нас сеялі,

Вымочвалі ў Мачыле.

Бель-кужаль пралі, ткалі, вышывалі,

Кашулі ў кайстры

Напамінкам клалі…

Паэт нібыта ўзнаўляе нейкі старажытны міф, які ў сваім духоўна-практычным (ці наадварот — практычна-духоўным) значэнні дайшоў да нашых дзён. Яго мастацкі свет па многіх прыкметах блізкі да фальклорнага ўспрымання рэчаіснасці, аднак гэта свет нашага сучасніка, узброенага і ўзбагачанага веданнем многага з таго, што стала даступна ў наш час.

В. Зуёнка некаторыя беларускія крытыкі нездарма называюць сонцапаклоннікам: «Сонца — па рупнасці — брат мой», — камса ён. Старажытныя паэтычныя погляды і вераванні беларусаў застаюцца для яго вобразатворным эстэтычным матэрыялам. Ён майстар своеасаблівага паэтычнага «калажа»: вобраз, узяты з сівых пластоў старажытнай міфалогіі і фальклору, паэт умее наставіць у сучасны кантэкст. Гэта — прынцыповы падыход: паглыбляецца змястоўнасць і паэтычная прывабнасць верша. Для прыкладу прывядзём яго верш «Дуб у чатырох вымярэннях»:

На небе сёмым, быццам на палку,

Ён веццем плечы трэ маладзіку,

А каранямі хвошча ў падзямеллі

Чарцей,

                бы дружка коней на вяселлі…

Камель — як печ:

                          раздаўся ў сем абхватаў —

Стагоддзямі абветраны, шурпаты…

Каб зрэзаць дужага,

                          здавён казалі людзі,

Піл не было,

             няма,

             ды і не будзе.

Відаць, ёсць свой «зорны час» у тым знамянальным моманце, калі навеліст сядае за раман, а паэт-лірык бярэцца за паэму. Адразу, на самым пачатку творчага шляху, узяцца за такія палотны не лёгка: яны патрабуюць значнай падрыхтоўкі, вопыту, духоўнага назапашвання, роздуму, каб усё гэта сінтэзаваць у абсягу новых якасна іншых жанраў з іх надзвычай высокімі патрабаваннямі. «Маўчанне травы» В. Зуёнка — не першая ягоная паэма: да гэтага была «Сяліба», увогуле прыхільна сустрэтая чытачом і крытыкай, якая, між іншым, адзначала глыбіню мыслення аўтара, сур’ёзнасць яго задумы, клопат пра агульную «сялібу» людзей — свет, у якім яны жывуць. Паэма «Сяліба» была напісана ў 1970 годзе. Сёння шмат гавораць пра ўплыў НТР на свядомасць чалавека, пра выхаванне яго адносін да навакольнага асяроддзя, пра месца літаратуры, паэзіі ў гэтых складаных працэсах — вось да якіх пытанняў звярнуўся аўтар «Сялібы». Чалавек і навакольнае асяроддзе, прырода, час, сувязь мінулага і будучыні — усё гэта яго вельмі цікавіць. «Саперніцтва з прыродай — непазбежнасць, — гаворыць у ёй паэт, — як непазбежнасць — розум у прыродзе». Аднак, пры ўсім пры тым, «саперніцтва» — «яно не бой крывавы… Хто, як не мы, ёй у бядзе паможа», калі парушаецца гармонія ў прыродзе? Можа дапамагчы толькі чалавек і перш за ўсё, як лічыць В. Зуёнак, камуніст:

Мы, камуністы,

                    з бою —

                                 як салдата —

Выносім на руках сваіх

                                        планету.

Мы раны забінтуем ёй, загоім,

Перададзім — блакітную —

                                 нашчадкам…

У гэтых радках непасрэдна, публіцыстычна выказаны актыўнаваяўнічая, наступальная грамадзянскасць паэта, вера ў будучыню нашай цудоўнай блакітнай планеты, вядучыя сацыяльныя сілы эпохі.

Язычніцкая адухоўленасць гэтай рэчы не супярэчыць актуальнасці яе зместу. У паэме «Сяліба» паэт прыходзіць да ёмістага, сацыяльна і маральна насычанага эпічнага абагульнення, шырока разгорнутага ў прасторы і часе.

У 1979 годзе ён напісаў новую паэму — «Маўчанне травы».

Далёка не кожнай паэмы хапае на цэлую кнігу (маецца на ўвазе, зразумела, не памер твора), «Сялібы» напэўна, не хапіла б. «Маўчанне травы», трэба адзначыць, адпавядае такім патрабаванням: гэта па-сапраўднаму маштабны мастацкі свет, «паэма лёсу» як называе свой твор аўтар. Называе не без падстаў — гаворка ідзе пра няпросты жыццёвы шлях чалавека, у якім адлюстраваўся народны лёс на цяжкіх, пераломных этапах гісторыі, ад дакастрычніцкіх часоў да нашых дзён. Паэма ўражвае шырынёй і ўгрунтаванасцю светапогляду паэта, глыбокім роздумам над лёсам роднага краю, які паэтызуецца ў вобразе веснагоркі — прыдарожнай гары-кургана.

Веснагорка, маці Беларусь,

І адкуль, скажы, не перла намець?..

На крыжах — Скарына і Кастусь,

Лёс народа, сэнс яго і памяць.

На крыжах кружыў з усіх Еўроп

Вецер злы з крывавым чадам Азій.

Ды знаходзіў люд мой чарнатроп

І да сонца зноў і зноў вылазіў.

Зрэшты, В. Зуёнак не першы ў беларускай літаратуры спрабуе асэнсаваць пытанне аб гістарычным лёсе народа. Але, як вядома, шляхі мастакоўскіх пошукаў шматстайныя — у кожнага свой…

Беларуская паэзія здаўна славілася сваімі ўстойлівымі эпічнымі традыцыямі, пачатак якім паклалі народныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», а таксама творы Ф. Багушэвіча і В. Дуніна-Марцінкевіча. Нельга не прыгадаць таксама ў гэтай сувязі імёнаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, многіх іншых і, магчыма, у першую чаргу А. Куляшова, дасягненні якога ў галіне эпічна-паэмных форм асабліва ўражваюць.

Што ж новага адкрыў, ідучы па ўжо традыцыйнаму шляху, В. Зуёнак?

Адным сказам ці абзацам тут не адбудзеш. Пачнём з таго, што яго паэма — пры ўсёй сваёй эпічнай заглыбленасці — аўтабіяграфічная. Пра сваё перажытае хто лепш раскажа, акрамя цябе! «Перадаверыць» гэта каму іншаму цяжка, нават немагчыма. Падзеі ў В. Зуёнка адбываюцца недзе ва ўсходняй частцы Беларусі — у родных мясцінах паэта, вёсцы з абаяльнай назвай Узбор’е.

Палёўка пры лесе — Узбор’е —

Вёска — сорак двароў:

На захад — жытное горне,

На ўсход — перазовы бароў,—

так пачынаецца паэма, у якой аўтар паэтызуе сваё Узбор’е — блізкае яму і бясконца дарагое: «Бываюць жа цуды зямныя! І ёсць паміж іх старана: то баравая заные, то жніўная ў сэрцы струна». Поле і лес — тая сфера жыццядзейнасці ўзборцаў, у якой праходзіла спакон вякоў іх гістарычнае існаванне. Узброены пачуццём свядомага гістарызму, аўтар ідзе да вытокаў — хоча даследаваць карані сацыяльнага і духоўнага жыцця народа.

І тут, у паэме, вельмі шмат лірычных адступленняў, падказаных аўтару ўспамінамі дзяцінства, якія, аднак, не толькі не супярэчаць эпічнаму пачатку, але і паглыбляюць яе праўдзівасць, узмацняюць верагоднасць і цеплыню пачуццяў. Гэта тыповая беларуская вёска, што, як гаворыцца, «спрадвеку жыве з мазаля».

Вяснуецца ў полі з сяўнёю,

П’е жніўнем з ламоткіх крыніц

І боханам — сонцу раўнёю —

Уваходзіць на покут святліц.

Ля борцяў узятак цікуе,

Румуе калоды на сплаў,

Цяслярыць і скрыпкі штукуе —

Ніхто не прыліпне да лаў!

Звярніце ўвагу на паэтычнае майстэрства, на дакладнасць і ёмістасць слова ў Зуёнка, на сакавітасць пісьма. Ён умее адным штрыхом — праз дэталь, «мікравобраз» — даць цэласную карціну вясковага працоўнага ўкладу. Цудоўна напісаны сцэны ў карчме, перабудова вёскі на новы лад, замалёўкі на касьбе, рытуал вясковай лазні, у якой чалавек выганяе бярозавым венікам хворасць і стому пасля працоўнага тыдня. Паэма — уся! — прасякнута народным духам, ахутана атмасферай фальклорнага сінкрэтызму. У слове паэта спалучаюцца адлюстраванне і выражэнне, паказ і гучанне, думка і пластыка. Зрэшты, у іншым выпадку яму, відаць, цяжэй было б так глыбока пранікнуць у свет народнага жыцця. Ён умее цаніць устойлівыя народныя выразы, у якіх адклаліся цэлыя пласты жыццёвага вопыту чалавека. Жыхары Узбор’я ўспрымаюць сваё жыццё-быццё праз старую прымаўку: «Няўродзіцца — ліха і ліха — як песня маўчыць». А якія песні ведаў народ!

Купалка, вяснянка, калядка,

Талочніца, жніўка, кума,

Скакуха, любоўніца-звадка

І тая — каб сват не драмаў…

Сёння шмат спрачаюцца пра сувязь літаратуры і фальклора. Паэма «Маўчанне травы» пераканаўча пацвярджае і сцвярджае гэту сувязь, здольную дзейсна ўзбагачаць светаўспрыняцце сучаснага чалавека, надаць яму адчування, на якой вялікай таўшчыні часу ён стаіць. Гэты час у многім адшліфаваў маральны і духоўны ўклад жыцця. У ім угадваюцца самыя старажытныя — язычніцкія рысы светаўспрыняцця чалавека. Ля вёскі знаходзілася гара Веснагорка, вядомая з даўніх-даўніх часоў. «Буяла Веснагорка паганствам штовясну: спяванкі, жарты, скокі, арэлі, карусель, пад поўняй аднавокай — трава ды жаўтазель».

Паэт вітае вясенняе абуджэнне прыроды, дрэў і травы…

І ўсё ж такі паэма, відаць, не адбылася б як паўнацэннае эпічнае палатно, калі б даўняе, спрадвечнае не было б так арганічна спалучана з сучаснасцю, як яно спалучана ў «Маўчанні травы». Менавіта гэтым яна і цікавая. Са з’яўленнем на сцэне галоўнага героя — Васіля — вызначаецца асноўная праблематыка твора. Гэты чалавек чымсьці нагадвае коласаўскага Міхала з паэмы «Новая зямля». Не чужыя яму і Мікіта Маргунок з «Краіны Муравіі» А. Твардоўскага, Кандрат Майданнікаў з кнігі М. Шолахава «Узнятая цаліна», Дзяніс Зазыба з раманаў І. Чыгрынава і іншыя героі — «характаралогія» гэтага тыпа даволі шырокая ў савецкай літаратуры. У гэтых творах, апрача галоўных і другарадных персанажаў, ёсць яшчэ адзін вельмі важны герой — гэта сама «зямля», якая адыгрывае значную ролю ў мастацкай канцэпцыі кожнага пісьменніка. Яна — аснова ўсяго. У гэтым пераконваешся з першых старонак паэмы, калі ўзнікае бойка паміж Васілём і Семкам у карчме. Яна — з-за зямлі…

У адной з аповесцей сучаснага малдаўскага пісьменніка Іона Друцэ ёсць такая думка: «Чалавека павінна пракарміць зямля, на якой ён жыве, — гэта старадаўні саюз, заключаны нашымі продкамі з зямлёй, на якой яны аселі, і гэты саюз павінен быць для нас святым». Вось, думаецца, дзе вытокі маралі, блізкай і роднаснай Васілю. Аднак ён не паўтарае нікога са сваіх знакамітых (успомненых вышэй) папярэднікаў — у яго сваё жыццё, свой лёс.

У старым селяніне сышліся — і ад гэтага нікуды не дзенешся — і працаўнік, і ўласнік. Такой супярэчнасцю, зразумела, адзначана і свядомасць Васіля. І ўсё ж такі ўласніцкі пачатак развіты ў ім — у адрозненне, скажам, ад кулака Сёмкі — куды меней, чым пачуццё працаўніка з яго любоўю да зямлі, з якой ён звязвае сваё жыццёвае прызванне. У складаны час давялося жыць гэтаму чалавеку. У самым пачатку паэмы гучыць «прэлюдыя жалезнай птушкі», якая не перастае яго праследваць праз усё жыццё, якое змясціла ў сабе некалькі войнаў, рэвалюцыю, пераломную эпоху калектывізацыі, Айчынную вайну і многае іншае. Гэта сапраўдны эпічны, «паэмны» герой, у якім адлюстраваліся цэлыя пласты народнага вопыту. Рамкі яго біяграфіі ўключаюць вялікія абсягі пераясытага. «Як ты выжыў, адкажы, народзе?»— так ставіць пытанне аўтар, і ўся паэма, як справядліва пісаў пра яе А. Лойка ў артыкуле «Выпраўленне ў людзі» (Літаратура і мастацтва, 1982, 28 лютага), з’яўляецца спробай адказаць на яго.

Постаць Васіля — героя паэмы — трагічная. Столькі страт давялося зазнаць яму за жыццё. Нялёгкія дарогі вялі яго да праўды, да таго, каб паяднаць «праўду зерня з праўдай барацьбы». Думка паэта, скіраваная да сацыяльных пытанняў веку, глыбока раскрывае ўнутраны свет героя, яго маральную сутнасць, сувязі з навакольным асяроддзем — грамадствам, прыродай, зямлёй. Аўтар ідзе, мне здаецца, па лініі павышэння ідэйных і маральных патрабаванняў да свайго героя. Але ён не канструіруе яго, не сачыняе. Такога героя «сачыніла» само жыццё з яго класавымі супярэчнасцямі. Ён — удзельнік першай сусветнай вайны. Паранены. Вярнуўся ў родную вёску, заняўся гаспадаркай, асеў на зямлі. Паэма яшчэ і яшчэ раз нагадвае пра складанасць і цяжкасць шляхоў селяніна да лепшай долі. І ў гэтым важная заслуга паэта, які імкнецца ўлічыць усе ўмовы і акалічнасці жыцця свайго Васіля.

Асоба зуёнкаўскага героя, яго духоўны рост раскрываюцца ў працы, у паўсядзённых клопатах. Залішне, напэўна, часта наша літаратура бачыла ў селяніна нейкую злую, косную, рэтраградную сілу. «Маўчанне травы» перадае і аблічча эпохі ў яе руху да новых форм жыцця, і светаадчуванне чалавека.

Не адразу ўсвядоміў Васіль значэнне калектывізацыі, не лёгка далося яму абагульненне сродкаў вытворчасці на вёсцы, шмат сіл забрала барацьба з кулацтвам і лайдакамі. Побыт у паэме сацыяльна ёмісты, насычаны барацьбой і драматызмам. Паэт асэнсоўвае новую рэчаіснасць у цеснай сувязі з агульначалавечай філасофскай праблематыкай. Як суадносіцца асабістае і агульнае, «прыватнае» жыццё і жыццё «гістарычнае» — вось што хвалюе паэта. Ёсць падставы гаварыць пра шырокую светапоглядную аснову паэмы. Аўтар паказвае, як няпроста даваліся гэтаму чалавеку пошукі свайго месца ў жыцці, як ён настойліва шукаў адказу на пытанне «як жыць?» Маральна-псіхалагічная атмасфера паэмы вельмі напружаная, таму што аўтар прад’яўляе да свайго героя вельмі высокія патрабаванні.

Разам з тым ён выкрывае прыстасаванца і кар’ерыста Трыхана, які не перастае страчыць даносы на Васіля. Гэты чалавек — носьбіт грамадскага зла…

У. Калеснік у артыкуле «Эстафета лёсу» («Неман», 1982, № 1) асабліва падкрэсліваў інтэлектуалізм паэзіі В. Зуёнка. Адна з прыкмет інтэлектуалізму гэтага паэта — маштабнасць светаўспрымання і абагульненняў, наяўнасць такіх сацыяльна-філасофскіх антыномій, увасобленых у мастацкіх вобразах, як Васіль і Трыхан.

Значнае, важкае абагульненне — вобраз Васіля, які мае шмат агульнага, як даводзіць А. Лойка, з купалаўскім мужыком, — асабліва ў плане маральным, духоўным, у сэнсе чалавечай годнасці. Аднак вобраз Васіля ў адрозненне ад купалаўскага мужыка — індывідуалізаваны. Шукаючы тыповае, непаўторнае ў сваім героі, паэт пазбягае сумарнасці, ролевасці, што характэрна для лірычнага персанажу ў некаторых творах Купалы і Коласа. Час гістарычны, калектыўны ў Зуёнка вельмі арганічна спалучаецца з часам асабовым. «Маўчанне травы» сваімі жанравымі магчымасцямі ўзнімаецца, на нашу думку, да рамана, у якім эпічнае, лірычнае і драматычнае зліліся ў адзіны высакаякасны мастацкі сінтэз. Зрэшты, і раман не можа замяніць паэмы (асабліва такой, як «Маўчанне травы») з яе выдатнымі мастацкімі магчымасцямі і якасцямі, якія праяўляюцца надзвычай шматетайна.

В. Зуёнак — паэт зямных працоўных спраў, якія ў яго ўспрыманні ўзнімаюцца да вышыні духоўнага акту, калі ўся чалавечая істота гарманічна спалучаецца з аб’ектыўным светам. Напрыклад, у цудоўных апісаннях падзей календара земляроба: касьба, жніво, ворыва… Вось выйшлі касцы — цяпер ужо калектыўна — на сенажаць.

Размах, разгон! Ці тое, як бывала —

На вузенькай палосцы ў два заходы:

Касу ўгамоньвай, каб не спудлавала

І да суседа не залезла ў шкоду.

Як пашырэў ты сёння, луг без межаў!

Гэта былі прыкметы новай, сацыялістычнай явы…

Мірную стваральную дзейнасць герояў паэмы спыніў германскі фашызм у 1941-м. Але ён не мог спыніць самога жыцця: Васілю даводзіцца змагацца і сеяць хлеб, ён звязаны з партызанамі… Шлях яго не лёгкі і не просты, ды інакшым ён, напэўна, і не мог быць.

Тэарэтыкі і да гэтага часу не перастаюць сцвярджаць, што толькі лірыка-ўтваральны пачатак здольны ідэйна і мастацкі апладніць сучасную паэму. Не, аказваецца, гэта не так. Герой «Маўчання травы» выходзіць за межы свайго «я»: яго «прыватнае» жыццё ўзнімаецца да гістарычнага быцця, а духоўны пафас складае пачуццё патрыятызму, абавязку перад зямлёй і грамадствам.

«Маўчанне травы» расчынена ў мінулае і ў будучыню. У селяніне, у яго любві да зямлі, працавітасці, маралі, паэт бачыць вялікую стваральную сілу. Менавіта да такой думкі прыводзіць паэма В. Зуёнка. Паэт пераканаўча гаворыць пра адзінства «зерня праўды» і «праўды зерня». «Я з полем звязан не кавалкам хлеба — тут і жыццё, і смерць, і бессмяротнасць», — вось перакананне галоўнага героя. Ён пражыў цяжкае, складанае, але сумленнае жыццё. Пражыў на зямлі, абараняючы яе, вырошчваючы на ёй хлеб, востра адчуваючы адказнасць за свае паводзіны.

Гэтым паэма скіравана ў будучыню.

У 1982 годзе ўбачыў свет новы зборнік вершаў В. Зуёнка «Світальныя птушкі». Духоўны свет гэтай кнігі фарміруецца ўжо на самых першых яе старонках.

У працы — сэнс, і плён, і праўда,

І запавет, стары, як свет:

Каб ніва ўладжвалася спраўна

І не буяніў пустацвет,

І з іншай радасцю не знацца —

На ўсё жыццё — адзін урок:

Хлеб не расце пад гром авацый.

І ў гэтым — тайна. І зарок.

Крыху дыдактычна? Магчыма. Аднак вынашана, узважана, праверана, атрымана ў спадчыну і перададзена як запавет — наступнікам.

У новай кнізе выразна адчуваецца ранейшая сацыяльна-эстэтычная аснова творчасці паэта.

Я трыццаць год на асфальце,

А ўсё яшчэ цяжка хаджу —

Сутулены,

Нібы за плугам,

Над баразною —

Плечы да сонца.

Але «ўток» у многім іншы: у параўнанні з папярэднім і кніга гэта выглядае больш шматстайнай, дынамічнай. Часцей, чым раней, бачым паэта ў дарозе, у руху, у назіраннях, што, безумоўна, павялічвае магчымасці для размовы пра сучасныя з’явы грамадскага жыцця. Адпаведна мяняецца і стылістыка: з’яўляюцца рысы нарысавасці, дзённікавасць, рэпартаж, замалёўкі.

Такая акалічнасць, відаць, не дазволіла аўтару змясціць усё падрад — з’явіліся асобныя раздзелы: «Перарастаю трывогамі», «Адкуль homo sapiens» і інш. Чацвёрты раздзел складае прысвечаная земляку касманаўту Уладзіміру Кавалёнку паэма «Агонь і сонца», якая мае падзагаловак: «Дванаццаць сеансаў касмічнай радыёсувязі з неабходнымі адступленнямі». Паэма цікавая як, калі так можна сказаць, мастацкі каментарый да думак, перажыванняў, выказванняў касманаўта, які толькі што вярнуўся з палёту. Твор кранае, як шчодрае і праўдзівае адлюстраванне ўнутранага свету нашага сучасніка, які знаходзіцца на самых перадавых пазіцыях навукова-тэхнічнага прагрэсу. Народнасць светаадчування тут арганічна паяднана з інтэлектуалізмам і філасафічнасцю. Пераконваючыся ў гэтым, даруеш аўтару і некаторую сумарнасць, уласцівую галоўнаму вобразу, і адценні ілюстрацыйнасці, што пакінулі свой след на асобных старонках.

Што яшчэ ўласціва ўсёй кнізе — гэта нераўнадушнасць, неспакой.

Узараны ўспамінамі,

Як нарогамі поле.

Пад спякоту палынную

Засеяны болем.

Прарастаю трывогамі,

Як зямля каранямі,

Як імкненне — дарогамі,

Як цемень — агнямі.

Узыходжу чаканнем,

Як вечнасць, бясконцым,

Як травінка праз камень:

Без сонца — да сонца.

Узлятаю надзеямі,

Як жаўранак весні.

Толькі дзе яны, дзе яны —

Поля жніўнага песні?

Якая вобразнасць! Які круты, «палявы» замес!

Стыль Зуёнка караніцца ў народнай творчасці, але ён — сучасны! Таму што ўбірае ў сябе стылёвы і светапоглядны вопыт літаратуры XX ст.

Цікавы па сэнсу і духоўных абсягах вобраз агню — агонь выступае як рухавік жыцця: «Натура вечная, а формы — ад агню, жыццё расце на сонечных сугрэвах». Язычніцкія ўяўленні гарманічна спалучаюцца з навуковымі ведамі сучаснага чалавека.

Умоўна-асацыятыўнае асваенне свету не супярэчыць яго шматколернасці і сакавітасці фарбаў, яго пластыцы:

Прагрукатаў над хатаю і знік

За небам сёмым

                           сіні штурмавік.

Аблокамі застылі ў вышыні

Кавалкі

                цішыні.

Словам, стыль паэта вельмі ёмісты. У яго — свая «чаканка», вобразнасць найбольш звязана з імкненнем да маштабнасці, глабальнасці светаўспрымання, да шырокіх, духоўна завостраных абагульненняў. Звычайнае, бытавое ён умее ўзняць надзвычай высока. Пра ленінскі плед, які падарыла Уладзіміру Ільічу маці, у Зуёнка сказана:

Усёй планеты ўсе мацерыкі

Ён ахінае з матчынай рукі.

Паэт даследуе стан свету, даследуе своеасабліва. Ён, паводле слушных назіранняў Г. Далідовіча, «не сканцэнтроўваецца на сабе, але сканцэнтроўвае свет у сабе, асэнсоўвае яго, жыццё, дабро і зло, шукае ідэйна-маральны ідэал, сваю пазіцыю — здабывае чароўны агонь паэзіі» (Літаратура і мастацтва, 1982, 16 ліпеня). Гэта дазваляе яму вастрэй адчуць зменлівасць свету. Паэтычны пошук у Зуёнка звязаны з ростам асобы, узбагачэннем духоўнага свету чалавека стваральнай памяццю. Пафас кнігі — у непрымірымасці да прыстасавальніцтва, прагматызму, да мяшчанскай спажывецкай філасофіі, якая спараджае бездухоўнасць, дэгуманізуе чалавека. І гэта якраз тое, што надае кнізе цэласнасць, канцэптуальнасць, што аб’ядноўвае яе раздзелы ў адно.

Адчуваецца, што аўтара вельмі хвалюе пытанне пра маральна-эстэтычныя адносіны да рэчаіснасці. Ён зноў і зноў асэнсоўвае сваё мастацкае крэда, разуменне місіі паэта. «Я не кумір — я чорны раб» — так пачынаецца яго верш пра свой паэтычны абавязак. Як разумець гэты выраз — «чорны раб»? Пачытаем далей:

Я не выбраннік — я крыло

Рукою замяніў пачварнай

І ў зрэнкі, як у жарало,

Штодня ссыпаю плён базарны.

Мне пры гэтым успамінаецца пушкінскі «Прарок».

И внял я неба содроганье,

И горний ангелов полет,

И гад морских подводный ход,

И дольней лозы прозябанье.

Пушкін у сваім вершы стварыў вобраз паэта — барацьбіта за праўду і непадкупнасць, якому наканавана пранікаць у глыбінную сутнасць з’яў. Разважанні В. Зуёнка аб долі і прызванні паэта — у рэчышчы пушкінскай традыцыі: аўтар «Світальных птушак» бачыць абавязак паэта ў пазнанні шматстайнасці жыцця ва ўсім яго аб’ёме («Нутро эпохай прарасло»), у чалавечнасці («Багоў заўжды на свеце многа, бо чалавекам быць — цяжэй»). Ён не абыходзіць эмпірычную стракатасць быцця, паэтызуе «стыхію і розум дарог», якія вяртаюць чалавека да адчування жыццёвай праўды.

З гэтым, мне здаецца, звязаны і моўныя пошукі В. Зуёнка.

Ён любіць, ведае смак слова гутарковага: наўслед, зблот, зляканы, вычварае, рукацца…

У В. Зуёнка, як некалі трапна сказаў І. Шклярэўскі,— «свой слоўнікавы фонд». «Вагар! Слоў ліхвяр — знай — яшчэ не змагар», — хто яшчэ з беларускіх паэтаў можа гэтак сказаць? Ён ведае, як на новы лад пераасэнсаваць старое слова ці выраз, надаць яму новае адценне: Архімед меў намер «рычагом падасверыць свет». Здараецца, што часам прыдумае новае слова: шыльдуйся.

С. Ясенін некалі любіў казаць: «Я адчуваю сябе гаспадаром у рускай паэзіі і таму ўцягваю ў паэтычную мову словы ўсіх адценняў, нячыстых слоў няма».

Для В. Зуёнка за словам звычайна стаіць з’ява, таму ён і ўважлівы да яго сацыяльнага гучання.

Адвыклі казаць: «Купіў»,

Гаворым часцей: «Дастаў…»

Адвыклі казаць: «Грабе»,

Гаворым часцей: «Сабраў…»

В. Зуёнак — гэты філосаф — можа, як ніхто, уважлівы і цярпімы да чалавечых недахопаў, але ён востра крытыкуе адыход ад высокіх маральных норм: «Развучыліся гаварыць — пераходзім на ананімкі». Паэт выступае супраць прагматызму і утылітарнасці — у гэтым, паўтараем, пафас яго паэзіі. «Каму эпохі — каму панчохі». Гэта яму вядома. Але як узняцца на новы абсяг быцця? Што дзеля гэтага трэба зрабіць? В. Зуёнак хоча шырока зірнуць на чалавека. Можа, таму яго герой шмат пытаецца: «Пытаннем на свет чалавек зірнуў». Гэта павялічвае жыццёвую напоўненасць верша, яго эстэтычную ёмістасць. Яго хвалююць фундаментальныя пытанні чалавечага быцця, сучасную нашу рэчаіснасць ён уключае ў кантэкст агульначалавечай філасофскай праблематыкі. «На скрыжаваннях сусвету хто мы і колькі нас?» Паэзія павінна канцэнтраваць у сабе і нацыянальную і агульначалавечую свядомасць. «Мой люд, сябе не збудзься, мой лёс, не стань бяскрылым». Пашырэнне сацыяльна-гістарычных, духоўных даляглядаў — вось што ў значнай ступені ўласціва паэтычным пошукам В. Зуёнка. Ён хоча стварыць пэўную маральную атмасферу, фарміруе духоўнае аблічча чалавека, сістэму яго каштоўнасных арыенціраў.

Якія гэта арыенціры?

Першы з іх, магчыма, — памяць. Чалавечая памяць асэнсоўваецца В. Зуёнкам як вялікая духоўная каштоўнасць. «Дай, памяць, сілу мне, апору дай і цвердзь».

Бяспамяцця вякі

З душы хай ападуць:

Цяжкія жарсцвякі —

А мёртвыя жывуць!

Буйным планам убачана постаць салдата Вялікай Айчыннай вайны:

З-пад гусеніц, з-пад руін,

З агню безыменных страт

Са смерцю адзін на адзін

Апошнім выходзіць салдат…

Гэты салдат — увасабленне нашага сумлення, маральнасці. Паэт справядліва трывожыцца за нашы маральныя, духоўныя вышыні, якія, здараецца, «і сёння здаюць».

І засціць салодкі дым

Вышыні і гарады.

Салдат, што ўявіўся паэту неспакойным прывідам — увасабленнем маральнай чысціні, павінен дапамагчы вярнуць гэтыя «вышыні і гарады».

І ў сэрцах заснуў салдат,

якому ўсё браць назад.

«Найпершае назначэнне мастацтва — праз прызму мінулага і існага праектаваць будучае» — так разумее задачы мастака аўтар «Світальных птушак». Яму ў нечым вельмі блізкая думка вядомага савецкага паэта Мікалая Ушакова, які сцвярджаў, што «жыццё чалавека становіцца цікавым толькі ў судакрананні з гісторыяй і часам».

«Жывеш, пакуль жывыя, хто нарадзіў цябе, хто на кругі зямныя праводзіў у журбе» — у гэтым таксама праяўляецца актыўнасць беларускага паэта ў адносінах да часу.

Другі «арыенцір» — «вочы прыроды». За гэтым вобразам і тэмай у творчасці В. Зуёнка стаіць — як і ва ўсёй сучаснай літаратуры — адчуванне той небяспекі, якая тоіцца ў супердынамізме сучаснага жыцця, у недахопе часу, павярхоўнасці і хуткаплыннасці ўражанняў. Усё гэта можа абярнуцца нецікавасцю да навакольнага свету, імітацыяй духоўнага жыцця. «Вочы прыроды» ў Зуёнка таксама надзелены маральнай актыўнасцю.

Прыходзіць жа аднойчы

Такая вышыня:

Глядзяць прыроды вочы

Штоночы і штодня.

Глядзяць табе насустрач,

Глядзяць табе наўслед.

І ты ўжо — невідушчы —

Бачыш цэлы свет…

Паэзія В. Зуёнка, як бачым, вельмі паказальная для духоўных пошукаў сучаснай беларускай літаратуры.