Да месца, дзе нарадзіліся…

2017 год будзе пазначаны як год вялікага юбілею беларускага кнігадрукавання. 1517 – пачатак, вытокі, звязаныя з імем першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, 1517 – дата выхаду ў свет першай друкаванай скарынаўскай кнігі. Так, Псалтыр выйшла ў свет 6 жніўня 1517 г. За апошнія дзесяцігоддзі скарыназнаўства набыло самыя шырокія абсягі. Шырока адзначаліся юбілеі беларускага кнігадрукавання, юбілей самога Ф. Скарыны. Шмат зроблена дзеля мемарыялізацыі памяці слаўнага сына зямлі беларускай. У нашай дзяржаве існуюць узнагароды – медаль Ф. Скарыны і ордэн Ф. Скарыны. Несумненна, на высокім дзяржаўным узроўні, з шырокім удзелам грамадскасці будзе адзначана і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў 2017-м… Відавочна, сваё новае слова пра першадрукара і легендарнага асветніка скажуць паэты, празаікі, жывапісцы, графікі… Мо будуць перавыдадзены мастацкія і мастацка-публіцыстычныя даследаванні ранейшых дзесяцігоддзяў.

Але ж самога Францыска Скарыну шырэй павінен ведаць і ўвесь свет. Чаму б не выдаць на мовах народаў свету адзін з невялікіх тэкстаў асветніка?.. Дарэчы, такую ідэю ўжо агучвалі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт Алесь Разанаў (яшчэ ў яго кнізе «Адраджэнне» (Мінск, 1970) змешчаны скарынаўскі верш «Радзіме»), паэт, публіцыст і перакладчык Сяргей Панізнік (яго паэтычная далучанасць да вобраза

Скарыны – з першых вершаваных зборнікаў «Кастры Купалля» і «Палявая пошта»), і іншыя творцы. У 1982 і 1983 гадах была выдадзена ўкладзеная В. Рагойшам і Я. Раманоўскай кніга Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету», дзе разам былі сабраны больш за 80 перакладаў славутага купалаўскага верша, напісанага ў 1905–1907 гг. У тым ліку і пераклад на рускую мову Максіма Горкага (упершыню надрукаваны ў 1911 г. ў альманаху «Современный мир»). Як прыклад, можна згадаць кнігу Тараса Шаўчэнкі «“Заповіт” мовамі народів світу» (Кіеў, 1989), у якой змешчаны пераклады праграмнага верша Вялікага Кабзара на 147 (!) моў свету. Беларускі пераклад належыць Янку Купалу – «Запаведзь»:

Як памру я, пахавайце

На Ўкрайне мілай,

Сярод стэпу на кургане,

Дзе продкаў магіла:

Каб нязмеранае поле,

Дняпро і абрывы

Было відна – было

чутна, Як раве бурлівы!

У Туркменістане яшчэ ў сярэдзіне 1980-х выдалі невялікую кніжачку Махтумкулі «Лёс туркмена» на мовах народаў СССР. Дарэчы, беларускі пераклад гэтага верша зрабіў Уладзімір Караткевіч.

Які ж тэкст Францыска Скарыны прапануецца да перакладу?.. Вось як ён гучыць на сучаснай беларускай мове:

Як звяры,

што блукаюць у пушчы,

ад нараджэння

ведаюць сховы свае,

як птушкі,

што лётаюць у паветры,

помняць

гнёзды свае,

як рыбы,

што плаваюць у моры і ў

рэках, чуюць

віры свае

і як пчолы

бароняць вуллі свае —

гэтак і людзі,

да месца, дзе

нарадзіліся і

ўзгадаваны ў Бозе,

вялікую ласку маюць.

Тэма Радзімы, суладдзя і згоды, адвечнай паяднанасці з роднай старонкай, пачуццё адказнасці і асэнсаванне абавязку перад бацькоўскім краем – вось лейтматыў выказанага першадрукаром і асветнікам. Куды б цябе, чалавеча, не закінуў лёс, памятай, што ёсць тая мясціна, куды ты наяве ці ў думках павінен вярнуцца. Яна, родная старонка, – яшчэ і сімвал еднасці з блізкімі людзьмі, суадносіны зробленага, здзейсненага ў жыцці з ацэнкай грамадою, землякамі.

І ў гэтых радках Скарына, відавочна, сугучны часу, актуальна-публіцыстычны.

Тэкст мае пераклады на рускую, англійскую, польскую (па-польску прачытаў, асэнсаваў скарынаўскія словы Анатоль Клышка), балгарскую мовы. Ужо ў апошнія паўтара-два гады быў зварот да паэтаў розных краін перакласці радкі Францыска Скарыны на мовы іх народаў. Стасункам з перакладчыкамі, нягледзячы на ўсе складанасці, спрыяў і той факт, што, пачынаючы з 2007 г., Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюзам пісьменнікаў Беларусі і РВУ «Літаратура і Мастацтва» (цяпер – выдавецкі дом «Звязда») праводзіўся «круглы стол» па пытаннях міжнародных, міжнацыянальных літаратурных сувязей з удзелам замежных пісьменнікаў. За гады работы «круглага стала» ў Беларусь прыязджалі паэты і празаікі з Расіі (не толькі з Масквы, але і з рэгіёнаў – Татарстана, Удмурціі, Свярдлоўскай вобласці і іншых куточкаў), Таджыкістана, Азербайджана, Літвы, Польшчы, Сербіі, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Украіны, Казахстана… Як вынік, дзякуючы іх дапамозе ці стасункам, праз іх і з’явіліся пераклады Скарыны на іншыя мовы. На удмурцкую пераклалі Сяргей Мацвееў з Іжэўска і Вячаслаў Ар-Сяргі. На таджыкскую – народны паэт Таджыкістана Саідалі Мамур. Дарэчы, у яго з Беларуссю повязь трывалая. Саідалі Мамур – аўтар цыкла вершаў пра Хатынь, якія на беларускую пераўвасобіў Мікола Аўрамчык. Саідалі Мамур пераклаў на таджыкскую мову зборнік вершаў Рыгора Барадуліна.

Да перакладу Скарыны спрычыніліся: на кітайскую – Гао Ман, на в’етнамскую Тхуі Таанг, на туркменскую – Агагельды Аланазараў. Усе яны добра ведаюць беларускую літаратуру. В’етнамец Тхуі Таанг – і перакладчык верша «А хто там ідзе?». Адрасаваныя дзецям, двойчы выходзілі ў Мінску па-беларуску кнігі Агагельды Аланазарава. Нядаўна Віктар Гардзей пераклаў на беларускую мову яго «Вясёлую азбуку», якая выйшла ў выдавецкім доме «Звязда» ў 2013 г. Гао Ман – перакладчык на кітайскую мову кнігі вершаў Максіма Танка (сумесна працаваў над перакладам зборніка яшчэ напрыканцы 1950-х г. з Гэ Баоцюанем). Але ж варта задумацца і над тым, што ў Кітаі літаратура ствараецца на некалькіх мовах. Варта зазірнуць хаця б у Вікіпедыю, каб зразумець, што маглі б да народаў Кітая прыйсці пераклады легендарнага верша на кыргыскай мове, татарскай мове, ды іншых. Так, у Кітаі ідзе ўніфікацыя агульнанацыянальнай мовы. Але ж ёсць, напрыклад, рух за стварэнне літаратуры размоўнага характару. Таму і на байхуа (а не толькі на вэньяні) выдаюцца кнігі, перыядычныя выданні.

Выключны па прыгажосці, адценнях усяе палітры слова пераклад здзейсніў на сербскую мову доктар філалагічных навук, знаны даследчык і глыбокі, чуйны мастацкі перакладчык Іван Аляксеевіч Чарота.

Уражлівую падтрымку ў зборы перакладаў скарынаўскіх вершаў аказаў літаратуразнаўца і пісьменнік з Махачкалы Марат Гаджыеў. Дзякуючы яго арганізацыйнай руплівасці, удалося пазнаёміцца з дастаткова вядомымі паэтамі розных народаў Дагестана. У выніку атрыманы пераклады на аварскую (пераклала Тубхат Зургалава), агульскую (пераклаў доктар філалагічных навук Замір Тарланаў), даргінскую (за гэта трэба быць удзячнымі даследчыцы даргінскага фальклора і перакладчыцы Аляксандра Блока Амінат Алімханавай), кумыкскую (аўтар перакладу – галоўны рэдактар кумыкскага дзіцячага часопіса Шэйіт-Ханум Алішава), лакскую (а гэты пераклад здзейсніў народны паэт Дагестана Сугуры Увайсаў), лязгінскую (перакладчык – рэдактар часопіса Саюза пісьменнікаў Дагестана «Самур» Зульфікар Кафланаў), нагайскую (пераклаў Анварбек Култаеў), рутульскую (пераўвасобіла скарынаўскае слова літаратуразнаўца і паэт Фаціма Ібрагімава), табасаранскую (перакладчык – Фіруза Султанава), цахурскую (пераклаў Валех Гамзат – паэт, перакладчык, добры знаўца англійскай, французскай моў), эстонскую (гэтую працу здзейсніў Арно Валт), мову комі (пераклаў Аляксей Папоў), літоўскую (пераклад даслаў з Вільні Вітаўтас Жэймантас).

Збіранне кнігі аднаго верша Францыска Скарыны на мовах свету працягваецца. Мажліва, хтосьці з перакладчыкаў, даследчыкаў сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі іншых краін падкажа яшчэ нешта і пэўны «скарынаўскі мост» з іншым светам наладзіць.

Скарыны голас пачуе самы шырокі свет!..

Данный текст является ознакомительным фрагментом.