Вытокі – на Беларусі, у Голацку

Распавесці пра повязь гэтых творцаў з Беларуссю мяне падштурхнула параўнальна нядаўняе вылучэнне славутых расійскіх мастакоў братоў Сяргея і Аляксея Ткачовых на прэмію Саюзнай дзяржавы. Сувязь з Беларуссю у іх сапраўды моцная.

Але для пачатку – крыху з біяграфіі знакамітых творцаў, радзіма якіх – вёска Чучуноўка Бранскай вобласці. Сяргей нарадзіўся 10 лістапада 1922 г., Аляксей – 11 верасня 1925… Сяргей Пятровіч у 1938–1941 гг. вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. У Вялікую Айчынную – на фронце. Цяжкапаранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі». Аляксей Пятровіч у 1941–1942 гадах працаваў у эвакуацыі на «Уралмашы» ў Свярдлоўску. У 1942–1945 гг. вучыўся ў сярэдняй мастацкай школе пры Маскоўскім мастацкім інстытуце. У 1951 г. Аляксей скончыў і мастацкі інстытут. За дыпломную работу «На канікулах» яму было прысвоена званне «мастак-жывапісец». Старэйшы брат скончыў той жа інстытут на год пазней. Дыплом Сяргея называўся «За мір!».

Пасля заканчэння інстытута браты па накіраванні трапілі ў Мінск. У 1953 г. беларускія калегі прынялі абодвух у Саюз мастакоў СССР.

…Ведаючы шмат пра повязь Ткачовых з Беларуссю з чужых вуснаў, знайшоў іх маскоўскі адрас і звярнуўся з шэрагам пытанняў. Так нарадзілася завочнае знаёмства. Першай жа бандэроллю Ткачовы даслалі кнігу-альбом «Мастакі пра сябе». Даслалі і асобнік для пухавіччан. Чаму менавіта для іх? Ды яшчэ напісалі: «Просім перадаць у Голацкую бібліятэку…». Але ж – пра ўсё па парадку. Калі Сяргей і Аляксей вучыліся ў маскоўскім інстытуце, то штогод улетку прыязджалі ў вёску Нізок Уздзенскага раёна, на Міншчыну. Да бацькі і маці – Пятра Апанасавіча і Марыі Васільеўны, якія перасяліліся сюды пасля вайны. Справа ў тым, што ў Вялікую Айчынную іх дом на Браншчыне быў спалены. Вось старыя і пераехалі ў Беларусь, да сына Віктара. А той быў жанаты з Нінай Іванаўнай Трус, ураджэнкай вёскі Нізок (між іншым, далёкай сваячкай паэта Паўлюка Труса). Дарэчы, у свой час і Віктар вучыўся ў Віцебску, у мастацкім вучылішчы. Праз гады Сяргей Ткачоў будзе ўспамінаць: «Першым… быў, канечне ж, Віктар. У 1937 г., не заканчваючы дзесяцігодку, ён паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, у якое, акрамя яго, прыехалі вучыцца некалькі бежанскіх хлопцаў, выхаванцаў гуртка Дома піянераў: Валодзя Козін, Барыс Карабанкін, Мікалай Цітоў, Валодзя Пахоменкаў. Праз год, следам за Віктарам, у гэта вучылішча паступіў і я…

Чым растлумачыць імкненне групы маладых хлопцаў патрапіць менавіта ў гэтае вучылішча? Адказаць на гэта пытанне даволі складана… Бывае ж так, знойдзецца адзін смяльчак і пацягне за сабою астатніх. Адыгралі, канечне ж, сваю ролю і спрыяльныя чыгуначныя зносіны паміж Віцебскам і Бежыцай».

А ў 1950-я гг. – новае адкрыццё Беларусі. У Нізку Сяргей і Аляксей трапілі ў знаёмы ім з дзяцінства сялянскі свет. Дапамагалі бацькам па гаспадарцы. А эцюды пісалі ў полі, на лузе, на малацьбе, ля вады.

Калі ў 1953 г. братоў прынялі ў Саюз мастакоў, ім далі ў Мінску і невялікую кватэру. А яшчэ – майстэрню ў мансардзе. Хлопцы перавезлі бацькоў у Мінск. Ранейшая трывалая сувязь з Нізком абарвалася. А вёска цягнула да сябе, вабіла сваімі тэмамі, сваёй прасторай. І старэйшы брат параіў: вясной і летам – у Голацк, на Пухавіччыну.

«Натура, прырода былі нашымі выратавальнікамі і сябрамі, – расказваюць Ткачовы. – Пасля пераезду бацькоў у Мінск прыгледзелі сімпатычную вёску бліжэй да горада… Голацк палюбіўся нам. Кватаравалі мастакі ў Ганны Лявонцьеўны Прохарчык. Муж яе загінуў на фронце. Засталіся два сыны. Сталаваліся ўсе разам. Малака і бульбы хапала ўдосталь». Асабліва пасябравалі мастакі з Жорам – малодшым сынам гаспадыні. Гэта ён пазіраваў ім ля калодзежа, менавіта яго дзяўчаты абліваюць вадою.

Ткачовы ўспамінаюць:

– У Голацку Жора стаў як бы сувязным звяном паміж намі і вясковай моладдзю. Школа, сцены якой хуценька запаўняліся нашымі эцюдамі, на тры летнія месяцы рабілася своеасаблівым мастацкім клубам.

Эцюды Голацкага перыяду (прыйшоўся яго пік на лета 1953 г.) мастакі захоўваюць і цяпер. Гэта ці не самыя каштоўныя рэліквіі ў іх творчым архіве: «Яны не толькі ўспаміны пра той слаўны час, але і па сённяшні дзень крыніца натхнення для нас», – гавораць Ткачовы.

Вялікі натурны эцюд «У полі» напісаны з групы падлеткаў на фоне поля, дзе ўжо скасілі збажыну, дзе ўсе фігуры можна пазнаць. Ён рэпрадуцыраваўся ў часопісах, манаграфіях. А карціны, якія былі напісаны крыху пазней («Ля калодзежа» і «У полі. Самалёты ляцяць»), сталі на доўгі час візітоўкай братоў Ткачовых. Яны экспанаваліся на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы ў Маскве – у Траццякоўскай галерэі. У 1955 г. «голацкія карціны» былі паказаны і на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

Дзе ж цяпер работы, якія створаны на беларускім матэрыяле? У экспазіцыях музеяў Пензы і Астрахані. Варыянт карціны «Ля калодзежа» перададзены ў музей братоў Ткачовых, які ў 1995 г. быў адчынены на іх радзіме – у Бранску.

Вышыні, якія адолелі браты Ткачовы і разам, і паасобку, – Вёска, яе вялікасць Вёска! Вяселлі і хаўтуры, нараджэнне дзіцяці і вясковая дзятва, старыя і маладыя…

Сёння карціны Ткачовых знаходзяцца болей, чым ў ста (!) музеях свету. А яшчэ – у прыватных калекцыях у Англіі, Бельгіі, Германіі, Галандыі, Італіі, Канадзе, Кітаі, ЗША, Тайвані, Францыі, Паўднёвай Карэі, Японіі… Між іншым, у 1998 г. ў Кітаі (на рускай і кітайскай мовах) выдадзены велізарны альбом «Рускія мастакі браты Ткачовы». Работы Ткачовых прадаваліся на аўкцыёне Сотбіс.

…І, канешне ж, памятаюць вялікіх рускіх мастакоў, якія спрычыніліся да лёсу народа Беларусі, і ў Голацку, на Пухавіччыне.

Данный текст является ознакомительным фрагментом.