Час салдата Даржо

На фронт 26-гадовы паляўнічы з Бураціі Даржо Дугараў патрапіў у 1942 г. Ваяваў на Смаленшчыне – у Духаўшчынскім раёне. Спярша – снайперам. Пасля – кулямётчыкам. Дывізія, у якой змагаўся салдат, перайшла ў наступ на Віцебскім накірунку. На подступах да горада на Дзвіне Даржо быў цяжка кантужаны. Страціў мову. Ізноў франтавік загаварыў толькі ў 2004 г.

…Даведаўшыся пра такі незвычайны выпадак, я паспрабаваў адшукаць салдата, які прымаў удзел у вызваленні Беларусі. Жыве Даржо Дугараў з унукамі ў Улан-Удэ. Туды тэлефаную. Мяркуючы па голасу, трубку падымае маладая жанчына. Знаёмімся. Баірма гаворыць, што дзядулі няма дома і звязацца з ім у бліжэйшы час практычна немагчыма. Даржо Габоевіч паехаў у роднае паселішча Орлік Акінскага раёна. А знаходзіцца яно кіламетраў за 800 з лішкам. Акінскі раён – самае што ні ёсць высакагор’е, Саяны.

– Амаль пятнаццаць гадзін язды на маршрутным таксі. Ды адгаварыць дзядулю ад паездкі аніяк не атрымлівалася. Сказаў, што хоча наведаць родзічаў у Новы год, які мы святкуем у Бураці 10 лютага, – расказвае Баірма.

З дапамогай унучкі і ўзнаўляем кароткую хроніку неардынарнага лёсу… Прыйшоў у сябе кулямётчык у шпіталі. Медсястра расказала апрытомнеўшаму салдату, што санітары адшукалі яго, калі пасля жорсткага бою наступіў зацішак. Спярша заўважылі бот, што тырчэў з зямлі. Раскапалі і выцягнулі жывога, ды цяжка параненага ў галаву байца. Па шпіталях Дугараў праваляўся болей года. А ў родным сяле атрымалі паведамленне: маўляў, прапаў Даржо без вестак. Якім жа было ва ўсіх здзіўленне, калі малады паляўнічы вярнуўся дахаты. У Дугаравых на вайну пайшлі тры родныя браты. І, на шчасце, усе засталіся жывымі.

Але вось з роднымі Даржо пасля вяртання «размаўляў» толькі мовай жэстаў, з дапамогай запісак. Спярша пасля кантузі былі страчаны яшчэ і памяць і слых. Але ў хуткім часе яны вярнуліся. А вось мова… Хаця і аформілі інваліднасць, Дугараў не мог сядзець склаўшы рукі. Уладкаваўся ў друкарню раённай газеты. Дастаткова хутка авалодаў спецыяльнасцю наборшчыка. А затым стаў працаваць фотакарэспандэнтам у той жа «раёнцы». Шматлікія здымкі Дугарава друкаваліся ў бурацкай прэсе. У 1951 г. Даржо ажаніўся з прыгажуняй Далгар. Глуханямая ад нараджэння, яна дапамагла нямому франтавіку засвоіць мову жэстаў. Нарадзілася дачка. А ў апошнія тры гады памерлі адна за другой і яна, і жонка. У 2004 г. Даржо Гамбоевіч раптоўна загаварыў. Дактары лічаць, што, магчыма, паўплывалі стрэсы, звязаныя са стратай самых блізкіх людзей. Пытаюся ў Баірмы, ці паспеў дзядуля за апошні час расказаць нешта пра баі ў Беларусі, пад Віцебскам.

– Дзядуля нешматслоўны, – гаворыць унучка. – Мова яго крыху замаруджана. Мы стараемся часта яго не турбаваць. Ды і на працы я шмат часу праводжу, – Баірма па прафесіі повар. – А вы паспрабуйце звязацца з нашым дзядзькам Баірам Дугаравым, пляменнікам дзядулі. Дзядзька Баір часта сустракаецца з дзядулем. Сам шмат яму расказвае, пасля запісвае ўсё, што дзядуля гаворыць.

Па падказцы Баірмы званю Баіру Дугараву. Ён – прафесійны пісьменнік і вучоны. Аўтар многіх кніг вершаў, выдадзеных на бурацкай і рускай мовах. Часта друкуецца ў літаратурна-мастацкіх часопісах Сібіры, Далёкага Ўсходу. Народны паэт Бураціі. Кандыдат гістарычных навук. Літаратурную працу сумяшчае з навуковай дзейнасцю ў Бурацкім навуковым цэнтры Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук.

Баір Саномавіч – сын аднаго з братоў Дугаравых, якія шчасліва вярнуліся з фронта, – напісаў некалькі вершаў, прысвечаных дзядулю Даржо. І не толькі яму, але і Беларусі.

– Недзе на пачатку 1980-х, яшчэ да святкавання 40-годдзя Перамогі,– расказвае Баір Дугараў, – разам з дзядзькам мы здзейснілі падарожа па мясцінах, дзе ён ваяваў. Прызнацца, тады я думаў, што вось, маўляў, пабывае Даржо Гамбоевіч на тым самым полі, дзе быў паранены, і абавязкова загаворыць. Але тады гэтага не здарылася хаця і шмат мы паездзілі – пабывалі на Смаленшчыне, у Беларусі, – месца апошняга боя кулямётчыка Дугарава так і не знайшлі. У Мінску павёў дзядзьку ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Доўгай была наша маўклівая экскурсія. Даржо Гамбоевіч толькі выразам твару перадаваў свае пачуцці.

Пра паездку ў Беларусь я напісаў для адной з нашых газет. Дзядзька запіскай падзякаваў мне, удакладніўшы, што пачуцці яго адгаданы правільна. А зараз усе мы, родзічы, проста шчаслівыя, што чуем яго, старога салдата, голас.

Данный текст является ознакомительным фрагментом.