Кутузаўскі праспект, дом 45…

«В Бресте ранняя весна, / Робкая трава… / А над Бугом тишина, / И в руинах спит война. / Мама, ты жива?!.»Гэтыя радкі – з апошняй ці дакладней з першай пасмяротнай кнігі Мікіты Рафаілавіча Сусловіча (1935–1986), які нарадзіўся ў Мінску. І назва ў кнігі – «Трэцяя пара года» (Масква, «Советский пеисатель», 1989). Прадмову да зборніка – «Мора і любоў» – напісаў паэт Мікалай Флёраў: «Мікіта Сусловіч быў сапраўдным паэтам флота. Я нават не пішу Ваенна-Марскога Флота, пашыраючы гэта вызначэнне да параходаў, якія курсіруюць па марах і акіянах, да судоў, якія прабіваюцца праз арктычныя ільды, да малых сейнераў, у тралах якіх адбіваецца срэбрам толькі што злоўленая рыба. Усе маракі, дзе б ім не даводзілася сустракацца з Мікітам Сусловічам, адразу станавіліся яго сябрамі, таму што паэт быў чалавекам выключнай таварыскасці, дружалюбства, удзячнасці, абавязку і доўга. Усе гэтыя якасці ў многім выхаваны ў ім ваенна-марской службай, якой ён аддаў усе гады свядомага жыцця. На гэтай службе ён і стаў такім чалавекам, флоцкім паэтам,» – піша Мікалай Флёраў.

Пра сваю «беларускасць» Мікіта Сусловіч выказаўся так: «Мама в Бресте родилась, / В Минске родила. / С незабытым домом связь / Ни на миг не прервалась, / Через жизнь прошла./ В том далёком далеке, / В изначальный срок, / Написали на листке, / Прикрепив к моей руке, – / «Хлопчик Голоскок». Галаскок – прозвішча дзеда Мікіты Сусловіча, прозвішча матулі.

Перад Вялікай Айчыннай вайною Мікіта разам з маці аказаўся ў Ленінградзе. Блакаднае дзяцінства, школьныя гады ў паўночнай сталіцы, работа на Кіраўскім заводзе, курсанцкае юнацтва… Усё звязана з Ленінградам. Але жыла ў Мікіты і памяць пра Мінск, Беларусь, памяць пра дзеда – Мікіту Васільевіча Галаскока («И снимок: / Он стоит у паровоза / С промасленною ветошью / В руке. / В селе под Брестом / Старая ракита, / Колёс вагонных / Неостывший след…»). Пра свайго прашчура Мікіта Сусловіч напісаў верш «Мой дзед».

У час службы на Балтыйскім флоце М. Сусловіч завочна скончыў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага. Вершы флоцкага літаратара друкаваліся ў часопісах «Звезда», «Нева», «Октябрь», «Юность», у калектыўных зборніках, у альманаху «Дзень паэзіі». Пабачылі свет аасаобныя вершаваныя зборнікі – «Расіі маёй рубеж», «Дзень на караблі», «Добры свет», «Азбука мора», «Памятныя вятры», «Праліў Надзеі»…

Для мяне Мікіту Сусловіча «адкрыў» беларускі паэт Сяргей Сцяпанавіч Панізнік. Яны сустрэліся на БАМе ў творчай паездцы. Вось і запіска з адрасам – лісток з блакнота ў клетачку: «121170, Москва, Кутузовский пр., д.45, кв. 42, Суслович Никита Рафаилович…». Далей ідуць тэлефоны: хатні, у кабінеце, тэлефоны дзяжурнага… Тады М. Сусловіч служыў у Палітупраўленні Ваенна-Марскога Флота СССР. Шмат ездзіў у службовыя і творчыя камандзіроўкі. У адной з іх – на БАМе – і пазнаёміўся з Сяргеем Панізнікам. Як пазнака тае сустрэчы засталіся фотаздымкі. Яны пазначаны чэрвенем 1985 г., Мікіта Сусловіч адправіў беларускаму таварышу па паэтычным цэху сваю новую вершаваную кнігу. На тытульным лісце – надпіс: «Дарагому Сярожу Панізніку з братэрскімі і бамаўскімі пачуццямі сардэчнай дружбы – ад мінчаніна Нік. Сусловіча».

Адзін з вершаў флоцкага паэта на беларускую мову пераклаў Хведар Жычка – «Ноччу ў моры»:

Ноч нібыта казачная небыль.

Дрэмлюць неспакойныя вятры…

Мне б цяпер над гэтым летнім небам

Цалавацца ў полі да зары,

Любавацца, як з вярбою ў пары

Дуб згінае голле да зямлі…

Наш пражэктар далягляд

абшарыў, І загаманілі дызялі.

Ледзь заўважна ў першы раз хіснула,

Бераг ціха ў цемру спаць пайшоў,

З мора жменю пырскаў чарпанула

Зорная Мядзведзіца каўшом.

А 1 кастрычніка 1986 г. «Литературная газета» надрукавала невялікі некралог «М.Р. Сусловіч». У ім – і такія словы: «Паэзію Мікіты Сусловіча добра ведалі не толькі ваенныя маракі, але і шырокае кола чытачоў. За доўгую службу на ваенна-марскім флоце, у шэрагах якога ён заставаўся да апошніх дзён, Мікіта Сусловіч быў узнагароджаны дванаццацю медалямі і сярод іх медалём “За баявыя заслугі”. Мы перакананы, што паэту-мараку і яго вершам наканавана доўгая памяць».

Будзем спазявацца, што Мікіту Сусловіча яшчэ адкрыюць і беларускія чытачы. Сапраўды, яго выразная, адкрытая, сардэчная паэзія вартая гэтага.

Данный текст является ознакомительным фрагментом.