Вайну сустрэла ў Зазерцы…

Вандруючы па розных куточках Мінскай вобласці, найчасцей зазіраю ў Пухавіцкі раён. Ведаю, што кожная сустрэча прынясе нешта новае для маёй памяці. Магчыма, паслухаю кагосьці з людзей сталага веку – і знайду новую характарыстыку таго ці іншага тапоніма, даведаюся сакрэты назвы паселішча, запішу ёмкае слоўца. А хтосьці раскажа гісторыю, перададзеную бацькамі ці дзядамі. Гісторыю пра свой уласны радавод альбо пра мінулую вайну. Здараецца, што «пухавіцкія памяткі» знаходжу і далёка ад нашай радзімы. Як вось і ў гэтым выпадку…

Гартаючы адзін з пісьменніцкіх даведнікаў, сутыкнуўся з лаканічнай інфармацыяй пра тое, што руская пісьменніца Іна Растоўцава частку свайго дзяцінства ў час Вялікай Айчыннай вайны правяла ў Беларусі. Ведаючы Іну Іванаўну па грунтоўных літаратуразнаўчых публікацыях, перакладах паэзіі (у тым ліку і надрукаваных у мінскім часопісе «Всемирная литература»), адважыўся напісаць у Маскву. Так пачалося новае адкрыццё звычайнай чалавечай памяці.

– Гэта вельмі доўгі ўспамін, – расказвае крытык, літаратуразнаўца, паэт, перакладчык Іна Растоўцава. – Калі паглядзець на яго, па словах даўно забытага савецкага паэта, «вачыма доўгіх успамінаў», то трэба вярнуцца ў 1941–1943 гг., калі я з мамай і сястрой паехала на лета ў госці да бабулі, якая жылаў Беларусі, у вёсцы Зазерка, што пад Мінскам. І там нас заспела вайна. Бацька аказаўся на Урале, а мы – у акупацыі.

Некалькі слоў пра вёску Зазерка, якая якраз і знаходзіцца ў пухавіцкім раёне. Чытаем у гісторыка-дакументальнай хроніцы Пухавіцкага раёна «Памяць»: «Зазерка, вёска, цэнтр калгаса “Барацьба” Пярэжырскага сельсавета, за 43 км на паўночны захад ад раённага цэнтра, чыгуначны прыпынак на лініі Мінск— Асіповічы. З канца чэрвеня 1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У студзені 1943 г. гітлераўцы загубілі 27 мірных жыхароў. У 1971 г. 184 двары, 528 жыхароў. Працуюць сярэдняя школа, дзіцячая музычная школа, бібліятэка, аддзяленне сувязі, Дом культуры, ветэрынарны ўчастак, механічныя майстэрні, 8 магазінаў. На 1.01.2002 г. 221 двор, 579 жыхароў…» Да 1960 г. Зазерка – у Рудзенскім раёне.

– Так, усю акупацыю мы правялі ў Зазерцы, – расказвае Іна Іванаўна. – было вельмі страшна і цяжка. Бабуля пачала супрацоўнічаць з партызанамі. Яна выконвала складаныя разведвальныя задачы. Ведаю, калі бабулю схапілі немцы і пасадзілі ў турму, партызаны заплацілі золатам і выкупілі яе. Дарэчы, імя Надзеі Іосіфаўны Шыдлоўскай (гэта яе прозвішча ў другім шлюбе; у першым – Лабацэвіч) часта згадваецца ў розных партызанскіх мемуарах, кнігах пра партызанскі рух на Міншчыне. Так склалася, што напрыканцы жыцця бабуля жыла ў Варонежы, разам з дачкою. І калі апошні раз (а памерла бабуля ў 1981 г.) прыехала на радзіму, партызаны яе на руках неслі ў час сустрэчы. Тым самым выказалі Надзеі Іосіфаўне ўсю ступень сваёй любові, павагі, памяці пра перажытае ў жахлівыя гады Вялікай Айчыннай…

Сярод сяброў Надзеі Шыдлоўскай па ваенным ліхалецці, падпольнай антыфашысцкай дзейнасці – Васіліса Гурыновіч. Іна Іванаўна ведае, што наша зямлячка, падпольшчыца, партызанка – маці міністра замежных спраў БССР. А яшчэ – заслужаная настаўніца БССР. Нарадзілася Васіліса Гурыновіч 20 ліпеня 1901 г. У 1934 г. скончыла Гомельскі педагагічны інстытут. Працавала настаўніцай, затым дырэктарам Пярэжырскай сярэдняй школы. У Вялікую Айчынную вайну – у партызанскім атрадзе Градава. Градаў – гэта не хто іншы, як Герой Савецкага Саюза Станіслаў Аляксеевіч Ваупшасаў (1899–1976). На Пухавіччыне, Рудзеншчыне партызаніў з сакавіка 1942 г. Атрад насіў назву «Мясцовыя».

– Мама і мы, дзеці, па меры сваіх магчымасцей, – расказвае Іна Растоўцава, – дапамагалі бабулі. На ўсё жыццё запомніла тыя страшэнныя карціны перажытага. Аднойчы немцы прывезлі цэлы грузавік людзей для расстрэлу ў садзе, што быў насупраць школы, дзе бабуля настаўнічала і дзе мы жылі… Мы ўцякалі праз задні двор, вішнёвым калідорам. У спешцы я згубіла валёнак… Уцякалі да партызан. Пакуль прыйшлі ў атрад, некалькі сутак правялі ў балотах…

У ваеннай біяграфіі Іны быў і такі эпізод… Бабуля неяк была асабліва занепакоена: трэба было адправіць партызанам чарговыя звесткі, а нямецкая патрульная служба так узмацніла свой кантроль у паселішчы, што, здавалася, немагчыма прайсці незаўважаным да месца яўкі за ваколіцай Зазеркі, дзе ўжо чакаў сувязны ад партызан. І тут, у безвыходнай на першы погляд сітуацыі бабуля знайшла выйсце, адважыўшыся на асаблівую рызыку – на ролю прамежкавага ланцужка яна выбрала сваю малодшую ўнучку Іну, якой споўнілася ўсяго тры гады (старэйшай – Нэлі – чатыры). Пісьмо з данясеннем было зашыта ў вопратку Іны. Як і дарослага чалавека, яе праінфармавалі пра дарогу, па якой павінна была ісці, у якую хату трэба завітаць, сказаць пра пісьмо. Сказалі дзяўчынцы і пра небяспеку, якая пагражае ёй, калі немцы даведаюцца пра данясенне. Але і пра важнасць пісьма для партызанаў таксама расказалі.

Іна выйшла ў свой небяспечны шлях. Спакойна пераадолела дарогу да ваколіцы. Уздоўж дарогі за вёскай спела збажына. Гэта – з аднаго боку. З другога – поле, засцеленае рознакаляровымі кветкамі. Іна пайшла далей, да саўгаснага двара, куды і трэба было аднесці пісьмо. Раптоўна на дарозе з’явілася павозка, у якой сядзеў немец. Доўга не думаючы, фашыст схапіў вінтоўку і пачаў цэліцца ў дзяўчынку. Іна на ўсё жыццё запомніла дула той вінтоўкі. Запомніла і тое, як сама ўскінула галаву, выцягнулася ў росце, апусціла рукі «па швах» і, гатовая прыняць кулю, стала роўненька перад ворагам. Тут немец засмяяўся, паклаў на воз вінтоўку і паехаў далей. А Іна пайшла да таго дома, куды трэба было даставіць пісьмо…

– Калі вызвалялі нашу вёску ад немцаў, – успамінае Іна Іванаўна, – таксама было надзвычай страшна: рваліся снарады, ішла бясконцая страляніна. Мы схаваліся ў падвале, баяліся высунуцца наверх: было небяспечна… Калі ўся Беларусь была вызвалена і вайна ішла да завяршэння, прыехаў бацька. І забраў нас з Зазеркі, адвёз у Варонеж… Добра памятаю Дзень Перамогі 9 мая 1945 г. Мы былі па-даросламу шчаслівыя ад таго, што вайна, акупацыя мінулі…

Прайшлі гады. І. Растоўцава скончыла філалагічны факультэт Варонежскага ўніверсітэта. Пасля – аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «савецкая літаратура». Працавала рэдактарам аддзела крытыкі ў часопісе «Детская литература». У 1972–1991 гг. – у часопісе «Советская литература на иностранных языках». Зараз Іна Іванаўна – дацэнт кафедры літаратурнага майстэрства Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага. Друкавацца як літаратурны крытык Іна Растоўцава пачала ў 1958 г. Першая рэцэнзія была змешчана ў варонежскім часопісе «Подъём». У 1966 г. Іну Іванаўну прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Пабачылі свет кнігі І. Растоўцавай «Патаемнае ў чалавеку» (Варонеж, 1968), «Мікалай Забалоцкі. Літаратурны партрэт» (Масква, 1976), «Мікалай Забалоцкі: вопыт мастацкага спасціжэння» (Масква, 1984), «Паміж словам і маўчаннем. Пра сучасную паэзію» (Масква, 1989).

За творчую работу крытык, чый лёс звязаны з Беларуссю, Міншчынай, Пухавіччынай, адзначана медалём Шолахава, а таксама – Горкаўскай літаратурнай прэміяй. За артыкул «Не пакінуўшы ценю» – прэміяй часопіса «Юность».

Яшчэ раней, не ведаючы пра стасункі крытыка з беларускай старонкай, прачытаў гутарку ці запіс дыялогу І. Растоўцавай з класікам рускай літаратуры Леанідам Лявонавым. Цяпер вось узнаўляю адну з ранейшых выпісак аўтара рамана «Рускі лес»: «Ад вучонага сучаснікі чакаюць новай карціны свету, пашырэння межаў непазнанага, ад мастака чакаюць большага – Шляху. Толькі пісьменнік можа акрэсліць чалавечыя маршруты, вызначыць мыслярскі праход у заўтрашні дзень». Ідучы ў заўтра, вядомы рускі крытык, літаратуразнаўца, перакладчык, паэт Іна Растоўцава, відаць, памятае і ваенных часін пухавіцкую Зазерку.

…Калі я расказаў у адной з беларускіх газет гэтую гісторыю, выразку з публікацыяй адправіў Іне Растоўцавай. Пісьменніца даслала мне стары, 1966 г., фотаздымак. На ім – яе бабуля з беларускімі партызанамі.

Разам са старым фотаздымкам Іна Растоўцава даслала свой паэтычны зборнік «Ночь. Продолжение: вторая книга стихов» (Масква, выдавецтва «Академика», 2013). На авантытуле кнігі – дарчы надпіс: «…ад аўтара ў падарунак памяці пра Беларусь і гады дзяцінства часін Вялікай Айчыннай вайны, – з добрымі пажаданнямі Іна Растоўцава. 04.04.2014 г. Масква». Некаторыя шчымлівыя, праніклівыя радкі вяртаюць чытача ў ваеннае ліхалецце. У памяці Іны Растоўцавай – свае мастацкія і жыццёвыя сімвалы. Так ці іначай яны звязаны з Зазеркай, Пухавіччынай. Чытаем адзін з вершаў:

Данный текст является ознакомительным фрагментом.