«І ўсё ж чачэнская літаратура жыве і развіваецца»

Вайна ў Чачні наклала асаблівую пячатку на наша ўспрыняцце нацыянальнай літаратуры гэтай старонкі. А як усё складваецца зараз на самай справе? На пытанні на гэтую тэму адказвае галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса «Вайнах» празаік, перакладчык Муса Ахмадаў.

– Чачня прыцягвае да сябе шырокую ўвагу. За размовамі, нагодай да якіх служыць інфармацыя палітычнага, эканамічнага характару, губляецца нацыянальная чачэнская культура, губляецца чачэнская літаратура. А што б вы назвалі зараз падзеяй у сучаснай чачэнскай культуры?

– Сапраўды, пачынаючы з 1990-х, расійскія СМІ настойліва стваралі негатыўны вобраз Чачні. Пры гэтым абвінавачванні ў экстрэмізме і тэрарызме насілі агульны характар. «Чорны піяр» чачэнцаў ствараўся згодна прынцыпу калектыўнай адказнасці народа за дзеянні злачынцаў, без уліку таго моманту, што такія гора-сынкі ёсць у любога другога народа.

Рэзультатам гэтай інфармацыйнай вайны з’явілася дыскрымінацыя чачэнцаў па усёй прасторы былога СССР. У першую чаргу – з боку праваахоўных органаў. Былі перыяды, калі нам, жыхарам Чачні, немагчыма было праехаць нават у паўночнакаўказскую рэспубліку. Што ўжо казаць пра другія рэгіёны Расіі!.. Толькі ўбачаць міліцыянеры нумарны знак рэгіёна, адразу кідаліся да машыны, праводзілі вобыск. Прымянялі другія супрацьпраўныя дзеянні. Гэта я да таго, што ледзьве не кожны чачэнец ідэнтыфікаваўся з экстрэмізмам і тэрарызмам. Хаця гэта, канешне ж, няпраўда, народ не можа быць злачынным – злачынцамі бываюць асобныя прадстаўнікі гэтага народа. А такія ж усюды ёсць… І ўсё ж нягледзячы на бушуючую ў краіне чачэнафобію, нягледзячы на войны, чачэнская культура і, у прыватнасці, літаратура працягвалі жыць і развівацца. Хаця ў тыя сумрачныя гады тэмпы гэтага развіцця пакідалі чакаць лепшага. А то і ўвогуле ўсё на некаторы час амаль замірала. Але гэта не значыць, што мы бяздзейнічалі. Напрыклад, я жыў у лагеры для уцекачоў у Інгушэціі, праводзіў псіхалагічныя гутаркі ў сумётах. Падтрымліваў людзей у цяжкія для нас гады. Ведучы размовы, абапіраўся на факты з гістарычнага мінулага. Нагадваў пра нашых вялікіх прашчураў, чые прыклады ахвярнага служэння этнакультурным і рэлігійным каштоўнасцям засталіся ў людской памяці. Там, у лагеры з сумётаў, я стварыў пры дапамозе гуманітарных арганізацый Культурны цэнтр, у якім мы ставілі спектаклі на чачэнскай мове. Праводзілі семінары для настаўнікаў чачэнскай мовы і літаратуры, этыкі, арганізоўвалі творчыя вечарыны нашых пісьменнікаў, паэтаў, акцёраў, мастакоў…

– І ў гэты ж час ішлі баявыя дзеянні?

– Мы працавалі ў залежнасці ад сітуацыі. Імкнуліся неяк аблегчыць цяжкую долю народа, неяк згладзіць пакуты. А калі «гарматы замаўкалі», то чачэнская культура ізноўку ажывала. Трагічныя падзеі ў жыцці народа і надзеі на мірнае жыццё давалі новы імпульс развіццю мастацтва і літаратуры.

А найболей значнай падзеяй мне асабіста ўяўляецца адкрыццё Чачэнскага дзяржаўнага Маладзёжнага тэатра «Серло». Гэтаму творчаму калектыву ўжо ідзе пяты год з дня нараджэння. Рэпертуар складаюць у асноўным спектаклі, пастаўленыя па маіх п’есах. Я і сёння актыўна супрацоўнічаю з гэтым калектывам. Асабліва – па злабадзённых тэмах. Што я маю на ўвазе?.. Пасля сумрачных гадоў для нас надзвычай актуальным з’яўляецца захаванне традыцыйнай культуры, вяртанне да духоўных вытокаў, глыбінны філасофскі, без усялякай прадузятасці, аналіз, разгляд падзей нядаўняга мінулага, пошук шляхоў да новага жыцця, у якім усе гэтыя жахі не павінны паўтарыцца.

– А што б вы вылучылі як з’яву ў сучаснай чачэнскай літаратуры?

– Шмат хто ў нас піша па-руску. Праўда, я іх творы не адносіў бы да нацыянальнай літаратуры. Мяркуйце самі. Літаратура – гэта мастацтва мовы, мастацтва слова. Значыць, калі чачэнская, то і павінна быць на чачэнскай мове. І якраз аўтараў, якія б працавалі на роднай мове, сярод нашай моладзі мала. Чачэнская мова ў гэтым плане губляе свае ранейшыя пазіцыі. Ёсць хіба што ўсяго некалькі маладых таленавітых празаікаў, якія пішуць па-чачэнску. Іх творы пабудаваны на мастацкім асэнсаванні гістарычнага мінулага і сённяшняй нашай рэчаіснасці. А да найболей яркіх твораў я аднёс бы здабыткі тых, каму 50–60 гадоў… Напрыклад, паэзію Лечы Абдулаева, апавяданні і аповесці Мусы Бексултанава, творы Султана Яшуркаева – чачэнскага пісьменніка, які жыве ў Бельгіі. Можна было б яшчэ некалькіх равеснікаў назваць…

– Наколькі шырокі чытач у сучасных пісьменнікаў Чачні?

– Я зазірну крыху назад, зраблю невялічкі экскурс у блізкую гісторыю. У сярэдзіне 1980 – на пачатку 1990-х гг. быў найболей спрыяльны час для развіцця навукі рэспублікі, чачэнскай культуры. У той перыяд сфарміравалася плеяда таленавітых навукоўцаў, пісьменнікаў. Ва ўсіх галінах з’явіліся асобы – і ў гісторыі, і ў філалогіі, і ў этнаграфіі, і ў сацыялогіі. У часіны маёй маладосці ніводная кніга, якая выйшла з-пад пяра вядомага пісьменніка, не заставалася без увагі. Творы абмяркоўвалі ва ўніверсітэце, у педагагічнай ВНУ, чытацкая аўдыторыя вызначалася разважлівасцю ды і шырылася з дня ў дзень. Цяпер усё неяк іначай, усё болей складана… Кола чытачоў старэйшага пакалення, кола тых, хто раней захапляўся чачэнскай літаратурай, моцна скарацілася, шмат хто загінуў у войнах. Многія ўцяклі падалей ад боек і прававога бязладдзя ў далёкае замежжа. Ды так і засталіся там. А сярод сучаснай моладзі вельмі мала тых, хто чытае літаратуру ўвогуле, тым болей – на чачэнскай мове. Як і ва ўсім свеце, звязана гэта з узнікненнем новых інфармацыйных тэхналогій…

– Пра гэта і хацелася б запытацца… Сёння ўсе дружна гавораць пра знікненне друкаванай кнігі. Маўляў, будучыня – выключна за інтэрнэт-праектамі, электроннымі носьбітамі… Рэчаіснасць Чачні нейкім чынам дазваляе гаварыць пра пэўныя перспектывы друкаванай кнігі?

– І ўсё ж, хаця магчымасці інтэрнэт-рэсурсаў істотна ўплываюць на аўдыторыю традыцыйнай кнігі, я асабіста веру, што чачэнская літаратура выжыве, як і кніга ў звычайным для нашага пакалення разуменні – таксама! Друкаванае слова вытрымае канкурэнцыю з айфонамі і айпадамі, і яшчэ доўга будзе жыць паралельна з электроннымі выданнямі.

Узгадайце, якія былі сцвярджэнні пра імгненную смерць тэатра, калі з’явіўся кінематограф. А як загаварылі пра смерць кіно, калі пачало працаваць тэлебачанне… У выніку нічога нікуды не знікла. Усе тры віды мастацтва суіснуюць паралельна, захоўваючы свае асаблівасці развіцця. Чытанне друкаванай і электроннай кнігі – гэта ж розныя рэчы, розныя адчуванні. Я, напрыклад, перагортваю старонкі і суперажываю героям, лічу такое чытанне камерным, інтымным дзеяннем. У друкаванай кнігі шмат прыхільнікаў, у яе ёсць будучыня. Асабіста мне аптымістычнага настрою дадало адкрыццё ў сталіцы нашай рэспублікі, у самым яе цэнтры, пяціпавярховага будынка Нацыянальнай бібліятэкі, дзе захоўваецца і актыўна камплектуецца фонд друкаваных кніг, газет і часопісаў. Хаця і абсурдна аспрэчваць неабходнасць электроннага фармату кніг і навуковых прац. З пункту гледжання хуткага распаўсюджвання і даступнасці інфармацыі «плюсы» інтэрнэт-выданняў бясспрэчныя. Але я пра іншае – пра тое, што два варыянты захавання інфармацыі і разумных думак могуць спакойна суіснаваць, не аспрэчваючы адзін другога.

– Раскажыце, калі ласка, пра сённяшні Саюз пісьменнікаў Чачні. Наколькі ён шматлікі? Ці многа моладзі ў Саюзе?

– У савецкі перыяд Саюз пісьменнікаў Чачэна-Інгушэціі налічваў недзе каля трыццаці чачэнскіх і інгушскіх пісьменнікаў. Цяпер нашы шэрагі істотна выраслі. У Саюз пісьменнікаў Чачні ўваходзіць каля ста паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў. Гэта найперш абумоўлена тым, што істотна знізілася планка прыёму ў Саюз. Вельмі лёгка адбываецца ўваходжанне ў склад прафесійных літаратараў. Напісаў заяву і, калі маеш выдадзеную кнігу, – лічы, ты ўжо прыняты. А гэта яшчэ і таму, што і кнігу сёння зусім не складана выдаць. Напішы пра сваё дзяцінства, упрыгож выданне фотаздымкамі прыгожых дзетак – вось табе і раман, аповесць пісаць не трэба.

Савецкі час накладваў зусім іншую пячатку на званне пісьменніка. Літаратараў лічылі сумленнем нацыі, з нецярпеннем чакалі выхаду іх новых кніг. Цяжка было знайсці чалавека, які б не ведаў Чынгіза Айтматава, Надара Думбадзе, Віктара Астаф’ева і шмат яшчэ каго.

Што датычыць моладзі… Сапраўды апантаных, тых, хто разумее, што такое літаратура і якіх высілкаў яна патрабуе, можна па пальцах пералічыць.

– Ці ёсць у чачэнскіх пісьменнікаў свае газеты, часопісы, сваё кніжнае выдавецтва?

– Не, свайго друкаванага органа ў нас няма. Але ў рэспубліцы выходзіць некалькі літаратурна-мастацкіх часопісаў. На старонках гэтых выданняў і друкуюць свае творы нашы празаікі, паэты, драматургі. Часопіс «Вайнах», галоўным рэдактарам якога я і з’яўляюся, выходзіць на рускай мове, як і жаночы часопіс «Нана». На чачэнскай – часопіс «Орга».

Тыя, хто піша для дзяцей, друкуюць свае творы ў дзіцячым часопісе «Вясёлка» («СтелаIад»). Нядаўна пачалі выдаваць дзіцячы недзяржаўны часопіс «Вытокі».

– У апошні час прыйшло разуменне, што клопат пра дзіцячую літаратуру, пашырэнне прасторы дзіцячага чытання – адзін са шляхоў для паратунку друкаванага слова… А як у вас?

– І мы пра гэта рупімся. На памяці 1980-я гг., калі дзіцячая літаратура ў Чачні развівалася проста імкліва… Тады і адкрыўся часопіс «Вясёлка» («СтелаIад»). Ён выходзіў на 16 старонках шэсць разоў на год. Тыраж кожнага нумара складаў каля 30 тысяч экземпляраў. Пасля часопіс перастаў выходзіць. А вось гадоў дзесяць назад ізноўку пачалося яго выданне. Зараз аб’ём кожнага нумара – 32 старонкі. У два разы болей, чым у даваенныя савецкія часы.

Але дзіцячых пісьменнікаў у нас можна па пальцах аднае рукі пералічыць. Гэта – Зайнап Сулейманава (дачка нашага славутага пісьменніка, этнографа, паэта Ахмада Сулейманава), Саід-Магамед Гелагаеў, яшчэ літаральна некалькі празаікаў, паэтаў, якія пішуць для дзяцей.

Бацькі дашкольнікаў лічаць, што іх дзеці з самага маленства павінны ведаць рускую мову. Па іх меркаванні, штодзённае чытанне на чачэнскай мове звужае магчымасці да авалодання рускай. Значыць, гэта адаб’ецца на кар’еры, выбары прафесіі дзіцяці. Праўда, ёсць і супрацьлеглая грамадская думка, звязаная з пераводам пачатковай школы выключна на чачэнскую мову навучання. І я гэтага пункту гледжання прытрымліваюся. Спадзяюся, што пералом на карысць нацыянальнай мовы адбудзецца ў нашай сістэме адукацыі ў самай бліжэйшай перспектыве.

– Наколькі актыўна чачэнская літаратура перакладаецца на рускую мову?

– Калі гаварыць пра чачэнскую паэзію, то яна амаль зусім не перакладаецца на рускую. У савецкі час перакладалася – рускімі паэтамі-перакладчыкамі праз падрадкоўнікі. Зараз жадаючых узяць ранейшы прыклад на ўзбраеннне сярод маскоўскіх паэтаў амаль што няма. Хіба што адзінкі… Як памяняць сітуацыю? Патрэбна матэрыяльная зацікаўленасць перакладчыкаў… Прозу, драматургію перакладаюць самі чачэнцы, якія добра валодаюць рускай мовай. Я лічу гэты шлях канструктыўным. Такія пераклады блізкія да арыгінала. Гэта лепей, чым перакладаць з падрадкоўнікаў.

У апошняе дзесяцігоддзе назіраецца і такая тэндэнцыя: з’яўляюцца пераклады чачэнскіх твораў на еўрапейскія мовы. Ізноў жа выканаўцамі выступаюць перакладчыкі-чачэнцы. Трэба ведаць, што з часоў першай вайны 1994–1996 гг. у Еўропе жыве каля 100 тысяч чачэнцаў, якія схаваліся там ад баявых дзеянняў. Шмат хто з іх выдатна валодае замежнымі мовамі. Напрыклад, у 2002 г. ў Парыжы асобнай кнігай была выдадзена мая п’еса «Ваўкі». А ў 2006-м яе паставілі на сцэне парыжскага тэатра «Дом усходнееўрапейскай п’есы». Дарэчы, у гэтай п’есы не было рускага тэксту. Яе адразу з чачэнскай пераклаў Абубакар Абаеў. Ён – чачэнец, які жыве ў Францыі. Працаваў над перакладам у суаўтарстве з французскай пісьменніцай Камілай Сірота. П’еса вытрымала ў Францыі некалькі выданняў, добра разыходзіцца.

Нядаўна ў Швейцарыі выйшлі дзве кнігі на нямецкай мове – проза Мусы Бексултанава і мая кніга. Раней у Еўропе на нямецкай і французскай мовах былі выдадзены кнігі пісьменніка Султана Яшуркаева, на нямецкай – паэта Апці Бісултанава, другіх нашых аўтараў. Калі ўжо ў еўрапейцаў ёсць пэўная цікавасць да чачэнскай літаратуры, культуры, то, відаць, не так усё і дрэнна.

Данный текст является ознакомительным фрагментом.