Ад Бібліі да «Кібернетыкі» Норберта Вінера

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Рускі кнігазнавец Яўген Львовіч Неміроўскі за гады сваёй даследчыцкай працы нямала зрабіў на ніве гісторыі Беларусі. Пяру вучонага, доктара гістарычных навук належаць артыкулы, прысвечаныя Ф. Скарыне: «Беларускі першадрукар Францыск Скарына», «Подзвіг доктара Скарыны», «Пражскія выданні Францыска Скарыны ў фондзе Аддзела рэдкіх кніг», «Апостал 1525 Францыска Скарыны», «Спадчына Францыска Скарыны ў савецкіх і замежных кнігасховішчах» і інш. Я. Неміроўскі – аўтар кніг «Пачатак кнігадрукавання ў Беларусі і Літве: жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны. Апісанне выданняў і паказальнік літаратуры 1517–1977» (Масква, 1978), «Іван Фёдараў у Беларусі» (Масква, 1979), «Астрожская Азбука Івана Фёдарава» (Масква, 1983). Да 500-годдзя беларускага першадрукара ў Мінску пабачыла свет кніга Я. Неміроўскага «Францыск Скарына. Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка». За гэтую работу, іншыя скарыназнаўчыя даследаванні, у тым ліку – дакументальную аповесць «Па слядах Францыска Скарыны», Яўген Львовіч быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Новая праца кнігазнаўцы, гісторыка беларускага пісьменства – «Вялікая кніга пра Кнігу: даведачна-энцыклапедычнае выданне». Я. Неміроўскі распавядае пра ўзнікненне кнігадрукавання ў славян, пра першыя газеты і часопісы, прамысловы пераварот у кніжнай справе, электронныя кнігі, пра выданні, якія адыгралі найболей важную ролю ў лёсе чалавецтва. 1088 кніжных старонак дапаўняюць сотні ілюстрацый, што дапамагаюць нам ажыццявіць кнігазнаўчыя падарожжы ў мінулыя стагоддзі. Аўтар задае мноства пытанняў і сам на іх адказвае. Даведнік створаны ў лепшых традыцыях навукова-папулярнай літаратуры. Завяршае кнігу «Паказальнік імёнаў». Складзены ён па алфавіце ў межах кожнай главы, паасобку. Такая «апаратная» падказка спрыяе рабоце чытача са шматстаронкавай энцыклапедыяй.

Знайшлося ў «Вялікай кнізе пра Кнігу» месца і «беларускім старонкам». Пра легендарнага ўсходнеславянскага першадрукара – нарыс «Подзвіг доктара Скарыны». У расповедзе пра Івана Фёдарава вылучаны раздзел «На беларускіх землях». А яшчэ ж, расказваючы пра рускага першадрукара, Я. Неміроўскі звяртае ўвагу на славуты помнік кнігадрукавання – Астрожскую Біблію. Лебядзінай песняй Івана Фёдарава называе даследчык гэтую кнігу ў 1256 старонак. Дарэчы, да сённяшніх дзён дайшло больш за 350 экзэмпляраў гэтага найцікавейшага фаліянта. Тры з іх знаходзяцца ў Мінску. Сярод герояў «Вялікай кнігі…» – Сымон Будны, Сімяон Полацкі, Пётр Мсціславец, Васіль Цяпінскі, Спірыдон Собаль. Наклад унікальнага па абсягах кнігазнаўчай інфармацыі выдання – 3000 асобнікаў. Будзем спадзявацца, што новая праца Я. Неміроўскага патрапіць і ў галоўныя бібліятэкі нашай краіны.

Данный текст является ознакомительным фрагментом.