Агульнасць гістарычных лёсаў: Барыс Косцін

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Яшчэ ў 1991 г. Барыса Косціна, тады аўтара толькі трох кніг, прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. За два дзесяцігоддзі літаратар вырас у прыкметнага гістарычнага пісьменніка. І, што адметна, кола зацікаўленняў Барыса Акімавіча, які нарадзіўся ў Томску, а жыве цяпер у Санкт-Пецярбургу, нязменна звязана са старажытнай, часам і не такой ужо далёкай гісторыяй беларуска-расійскага памежжа, лёсамі гістарычных персанажаў, і што цікава – з самых розных пунктаў гледжання – і ў Расіі, і ў Беларусі. З Барысам Косціным пра гісторыю, літаратуру і ўвогуле жыццё – наша размова.

– Барыс Акімавіч, ведаю, што вы доўгі час служылі ў войску. Раскажыце, калі ласка, як афіцэр-дэсантнік прыйшоў у літаратуру…

– Калі жартам, то дэсантнікі, як вядома, прызямляюцца на ногі. Я ж умудрыўся аднойчы моцна грукнуцца галавой аб зямлю-матухну… Пісьменнікамі так проста не становяцца.

А калі ўсур’ёз, то мой родны горад, Санкт-Пецярбург, – сапраўдны скарб для чалавека, ад прыроды надзеленага пачуццём прыгожага. Яно прыйшло ў спадчыну ад бацькі і маці, а ўжо далей яго развілі выдатныя школьныя педагогі, якім я бясконца ўдзячны. Яны мяне ўзбагацілі думкай Цыцэрона: «Не ведаць таго, што было да цябе, значыць усё жыццё заставацца ў дзяцінстве».

Армейскі шлях пачынаўся ў Пскове, затым былі Разань, Віцебск, Саратаў і іншыя гарады, што пранізаны наскрозь духам гісторыі. Гэта і падштурхнула мяне да збіральніцтва. Пачаў рабіць запісы і абураўся, які незваротны ўдар па мінуўшчыне нанесла багаборчая бальшавіцкая ўлада. Беларусь і, відавочна, болей за ўсіх старажытны славянскі горад Полацк у поўнай меры адчулі на сабе пяцігодкі бязбожніцтва. Дзякуй Богу, бяспамяцтва канула ў Лету.

Так нарадзілася думка данесці праўду пра белыя плямы гісторыі і ўзнавіць справядлівасць у адносінах да гістарычных асоб, незаслужана забытых альбо абылганых.

– Хто вашы першыя настаўнікі на літаратурных сцежках?

– Маімі настаўнікамі перш-наперш і сёння з’яўляюцца кнігі. Гэта сачыненні Плутарха, Карамзіна, Салаўёва, Ключэўскага, Віскаватава і інш. І ўсё ж на маім жыццёвым шляху трапіўся чалавек, які, можна сказаць, блаславіў мяне на падзвіжніцкую працу. На жаль, Юрый Іванавіч Селязнёў, загадчык серыі «Жыццё знакамітых людзей» выдавецтва «Молодая гвардия», ужо пайшоў з жыцця. Ён цвёрда адстойваў гістарычную праўду, з гневам ставіўся да тых, хто акапаўся ў ідэалагічным аддзеле ЦК КПСС. Ён не дазволіў упасці духам, калі на майго героя генерала М. Скобелева абрушылася ўся нянавісць партыйнага бонзы А. Якаўлева. Я патрапіў у «чорны спіс», а сама кніга пра «палкаводца, Сувораву роўнага», ішла да чытача больш дзесяці гадоў.

– І ўсё ж, чаму персанажам адной з першых сваіх біяграфічных кніг вы абралі менавіта Скобелева, які ў войнах не перамагаў, як Сувораў ці Кутузаў?..

– Вельмі ганаруся, што першым у СССР падняў на шчыт яго светлае імя. Да слова, цяпер ужо не многія ведаюць, што белы генерал з’яўляўся ганаровым грамадзянінам горада Мінска, а пасля яго загадкавай смерці адна з вуліц губернскага горада была названа яго іменем. Скобелеў – славянскі Гарыбальдзі. Менавіта такой яркай, прыцягальнай для простага чалавека постаці нам, рускім, беларусам, украінцам – не хапае. Адно спадзяванне на праваслаўную царкву, якая ў сваім служэнні Госпаду не раздзяляе нашы народы. А вось у культуры – калі не «раздрай», то багацце прарэх. І адным «Славянскім базарам», грандыёзным і, безумоўна, шматвартасным і паслядоўным творчым праектам, ад іх не пазбавіцца. Маё прыватнае меркаванне такое: за агульнаславянскі «круглы стол» павінны ўсё ж сесці міністры культуры і інфармацыі Расіі, Беларусі, Украіны, парламентарыі ад культуры. Здарыцца такое – пудовую свечку ў храме за іх здароўе пастаўлю. А адпраўныя кропкі для такой справы ёсць – Дзень славянскага пісьменства і Дзень Хрышчэння Русі.

– Адна з вашых кніг серыі «Жыццё выдатных людзей» прысвечана Герою Савецкага Саюза генералу арміі Васілю Піліпавічу Маргелаву, камандуючаму паветрана-дэсантнымі войскамі. Дарэчы, хоць і нарадзіўся ў Днепрапятроўску, ён усё ж беларус. Наколькі складана было працаваць над гэтым жыццяпісам? Вы самі асабіста сустракаліся з Маргелавым?

– Васіля Піліпавіча Маргелава я па праве лічу «другім бацькам». Першая сустрэча з камандуючым ПДВ адбылася 3 снежня 1962 года, напярэдадні прыняцця воінскай прысягі. Па заканчэнні «вучэбкі» Васіль Піліпавіч «спакусіў» мяне і іншых малодшых камандзіраў паступіць у Разанскае вышэйшае ваенна-дэсантнае вучылішча. У тую пару яно рыхтавала не толькі страявых афіцэраў, але і давала грунтоўныя веды па адной з замежных моў. У дыпломе ў мяне запісана – «ваенны перакладчык».

Сустрэчы з камандуючым варты асобнай гутаркі, менавіта яны дазволілі мне стварыць тэлефільм «Дэсантнік № 1», а затым напісаць кнігу, якая пабачыла свет у серыі «ЖЗЛ». Да юбілею, 80-годдзя ПДВ, які адзначаўся 2 жніўня 2010 года, я са сваім сябрам, Героем Расіі Аляксандрам Маргелавым падрыхтаваў другое выданне, выпраўленае і дапоўненае. Без лішняй сціпласці магу сказаць, што дзякуючы нашым намаганням на малой радзіме выдатнага сына беларускага народа, у Касцюковічах, была адкрыта Алея Герояў, і першы помнік на ёй быў усталяваны чалавеку-легендзе В. П. Маргелаву. Такая ж падзея да 100-годдзя В. П. Маргелава адбылася і ў Санкт-Пецярбургу.

– Пракаменціруйце, калі ласка, выказванне (яно належыць П. Буасту): «У гісторыі ёсць сваё шарлатанства: яно ставіць сваіх герояў удалячынь для таго, каб схаваць усё тое нізкае і абуральнае, што маецца ў іх рысах»… Ці даводзілася вам нешта замоўчваць у лёсах сваіх герояў?

– Існуе такое ёмістае паняцце як «спасціжэнне гісторыі», і аўтар, які бярэцца за стварэнне твора, павінен цвёрда вызначыцца з жанрам. Калі гэта «голая» навука – даказвай сваю канцэпцыю дакументамі, падмацоўвай рэальнымі фактамі, але не «высмактанымі з пальца». І самае галоўнае – не дагаджай, не падлашчвайся, не будзь кан’юнктуршчыкам.

У мастацкім творы пісьменнік – вольны казак. Стварай, выдумвай, спрабуй, але не перагні, не перабольшы. Мастацкасць не азначае ўсёдазволенасць.

Але існуе яшчэ і трэці жанр – дакументальна-мастацкая проза. Я – яго верны прыхільнік і служка. Гэты жанр наскрозь абвяргае псеўданавуковасць і памкненні згладзіць вострыя вуглы і супярэчнасці. У аснове яго якасная літаратурная мова, жаданне давесці да чытача даходліва і проста самыя складаныя паняцці, а ў раскрыцці гістарычных фактаў прыбегнуць да гіпотэз. Прызнаюся, часам за межамі маіх твораў застаюцца некаторыя чалавечыя слабасці герояў. Але ж мастацкая дакументалістыка – не бульварная літаратура.

– Вы спрабавалі рабіць фільм па кнізе «Уладзімір і Рагнеда». Ідэя, наколькі я разумею, досыць сімпатычная… Пра яе, здаецца, летась у газеце «Беларусь сегодня» досыць зацікаўлена і балюча выказаўся кінарэжысёр Юрый Елхаў. Ці ўдалося нейкія зрухі здзейсніць у гэтым кірунку?

– Вы гэтым пытаннем закранулі самае балючае. Напісана і выдадзена кніга «Уладзімір і Рагнеда», якая стала бібліяграфічнай рэдкасцю і якая знаходзіцца ў хатніх бібліятэках не толькі шараговых чытачоў, але і многіх дзяржаўных дзеячаў. Дзякуй вам, беларусам, што на Першым Нацыянальным тэлеканале, а яшчэ на тэлеканалах «Культура», «Звезда» і іншых прайшоў сюжэт у цыкле «Народ, издревле нам родной», які ярка і сакавіта, вобразна расказвае пра драматычны час. Пра лёсы людскія на пераломе веравызнанняў даведаліся мільёны гледачоў. Зусім нядаўна на «Радио России» прагучаў мой радыёспектакль «Уладзімір і Рагнеда». Паўтары гадзіны эфіру! Аўдыторыя ў сотні тысяч чалавек! А вось кінематаграфічны воз не зрушыць.

Я чалавек па натуры прамы: на вялікі жаль, і ў Расіі, і ў Беларусі ля кінематаграфічнага руля шмат людзей, якія далёкія не толькі «ад усіх важнейшых для нас мастацтваў», але і ўвогуле ад культуры.

Якіх толькі глупстваў я, прафесійны літаратар і драматург, і мой таварыш, выдатны рэжысёр Юрый Аляксандравіч Елхаў, не наслухаліся. Зрабіў нават невялікую падборку з іх, якую можна смела змяшчаць у раздзеле «Знарок не прыдумаеш». Гасподзь ім суддзя. Але ўсім, хто за значнасцю і псеўдадзяржаўнасцю хавае худасочнасць мыслення, я даю водпаведзь у стылі паручыка Ржэўскага: «Не было на Русі такога кампота, каб я не дабіўся свайго», іначай грош цана мне як афіцэру-маргелаўцу.

– Барыс Акімавіч, калі не памыляюся, вы друкаваліся і ў беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісах «Нёман», «Маладосць»… З кім супрацоўнічалі? Хто вас падтрымаў у наладжванні творчых мастоў?

– З 28 год маёй армейскай службы болей паловы прыпадае на Чырванасцяжную Беларускую ваенную акругу. Служба ў Наваполацкім гарадскім ваенным камісарыяце, якой я, страявы камандзір, спярша быў не дужа рады, аказалася для мяне нечакана ўражлівай на багацце стасункаў, без перабольшання магу сказаць, з людзьмі ўнікальнымі. Выдатна ведаў легендарнага партызанскага камбрыга А. Марчанку, складаны характар якога аказаў «мядзведжую паслугу» партызанам. Аб іх гераічных справах і да гэтага часу няма паўнавартаснай кнігі. Мне пашчасціла неаднойчы размаўляць з Пятром Каратковым, генеральным дырэктарам Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода, які змагаўся на Ленінградскім фронце. Я захапляўся працоўнымі подзвігамі першабудаўнікоў, якія ў лічаныя гады ўзвялі Нафтаград на Дзвіне. У знак даніны іх памяці напісаў спачатку нарыс, які надрукавалі ў часопісе «Маладосць», а пасля пры падтрымцы Леаніда Дайнекі выдаў у Мінску кнігу «Правафланговы камсамола».

У часопісе «Нёман» супрацоўнічаў з Міхасём Стральцовым, Кастусём Тарасавым.

– Ведаю, што на вашым рабочым стале кніга пра Сімяона Полацкага… Як хутка прыйдзе яна да чытача?

– «Узвышанае і зямное» – так называецца тэлефільм, які арганічна ўпісаўся ў серыял «Народ, издревле нам родной». Зрабілі мы яго з Юрыем Елхавым па маім сцэнарыі, у аснове – рукапіс кнігі пра Сімяона Полацкага. Зацікавіць чыноўнікаў ад культуры ў фінансавай падтрымцы выдавецкага праекта, які складаецца з маёй кнігі, напісанай у лепшых традыцыях серыі «ЖЗЛ», і зборніка пропаведзей Сімяона Полацкага «Обед душевный», не ўдалося. На навуковую канферэнцыю ў Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік да 380-годдзя С. Полацкага ні нашы, ні вашы народныя выбраннікі ад Саюзнага парламента, ні прадстаўнікі міністэрстваў не з’явіліся. Не дужа ўважліва паставіліся да ўдзельнікаў канферэнцыі і СМІ. Сур’ёзна непакоюся, што і зборнік дакладаў і паведамленняў вядомых вучоных, даследчыкаў жыцця і дзейнасці Сімяона Полацкага не будзе выдадзены. У ім змешчаны і мой артыкул «Свет ёсць кніга». Па сваім сумным вопыце ведаю, наколькі цяжка знайсці ў Беларусі выдаўца, а тым болей мецэната ці арганізацыю, якія выдаткуюць матэрыяльную дапамогу. Знойдуцца такія – нізкі ім паклон…

Можна падумаць, што расійскія і беларускія чытачы, студэнты ўніверсітэтаў, у тым ліку і ў Полацку, маюць у сваім распараджэнні шмат літаратуры, прысвечанай працам асветніка.

– Якія творчыя асобы зараз хвалююць гістарычнага пісьменніка Барыса Косціна?

– Тэма Айчыннай вайны 1812 года… Поруч з воінамі рускага рэгулярнага войска мужна змагаліся з непрыяцелем беларускія партызаны, сыны Беларусі былі ў палках Гродзенскім гусарскім, Полацкім, Віцебскім, Магілёўскім і другіх. Я шмат гадоў біў у літаўры адносна таго, што перш чым узнаўляць нешта новае, неабходна аднавіць старое. У 1935 годзе кувалды вандалаў прайшліся па велічавых манументах у Полацку і Клясціцах, устаноўленых на месцах крывавых бітваў, прыроўненых да Барадзінскай.

У Расіі 2012 год па ўказе Прэзідэнта адзначаўся на дзяржаўным узроўні. Вось бы нам, нашчадкам ратнай славы, сабрацца ў Полацку каля адроджанага манумента і ва ўвесь голас грымнуць: «Гром победы, раздавайся!». Мая кніга з такою назвай выйшла ў Санкт-Пецярбургу восем год таму, а самая запаветная мара – зрабіць тэлесерыял па ёй. Загадваць не буду, але прабіваць праект на ўзроўні Саюзнай дзяржавы імкнуся. Дзясяткі піцерцаў паклалі галовы на беларускай зямлі. Дык няўжо мы гатовыя так лёгка гэта забыць?..

– Грамадзянскай мужнасці, настойлівасці вам, Барыс Акімавіч, і сіл у адстойванні праўдзівых гістарычных прыярытэтаў. Дзякуй за гутарку!

Данный текст является ознакомительным фрагментом.