«Рудзенск зрабіў мяне пісьменнікам…»

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Быў час, што з дня ў дзень, з раніцы ў раніцу мы сустракаліся з Мікалаем Старадымавым у адным рабочым пакоі. Тысячы кіламетраў, што аддзялялі мяне ад бацькоўскага дома ў Зацітавай Слабадзе, а яго – ад роднай Украіны, дзе жылі блізкія людзі, нікому з нас не здаваліся вялікай адлегласцю. Была адзіная краіна, ніхто не лічыў Ашхабад, Туркменістан, дзе мы з Міколам служылі ў рэдакцыі салдацкай «шматтыражкі» «За Родину», чужой краінай. Хіба што, адтурбоціўшыся дзень, вярталіся дахаты і праз звычайную будзёншчыну ўспаміналі ў сям’і дом, свае беларускія ці ўкраінскія сцежкі. А пасля ізноў – на працу, на палігон, у камандзіроўкі, да герояў сваіх нарысаў, рэпартажаў, карэспандэнцый… І Мікола, і я шмат тады пісалі. Не толькі для роднай салдацкай «дывізіёнкі», але і ў акруговую газету «Фрунзевец», у туркменскія рэспубліканскія газеты і часопісы. Героі жылі побач з намі… Франтавікі, якія вызвалялі Беларусь у Вялікую Айчынную… Афіцэры, якія прайшлі баявую школу ў Афганістане. І сам Мікола прыехаў да нас у калектыў, маючы за плячыма афганскі досвед… Але пра што мы амаль не гаварылі, дык гэта пра Пухавіччыну. Так вось здарылася, што «пухавіцкую» частку біяграфіі свайго туркестанскага таварыша, рускага пісьменніка Мікалая Старадымава, які жыве і працуе зараз у Маскве, я высвятляю толькі зараз. Так адбылося мо яшчэ і таму, што тады мы былі на самым пачатку літаратурных, журналісцкіх дарог… Ды і таму, што разам служылі ўсё ж не дужа працяглы адрэзак часу. Прыехаў Мікола ў Ашхабад у 1987 г. А ўжо ў красавіку 1988 г. мяне накіравалі да новага месца вайсковай службы…

Дык што ж яднае майго таварыша з пухавіцкай старонкай? Расказвае Мікалай Аляксандравіч Старадымаў: «…У мяне бацька быў афіцэрам. І ранняе дзяцінства маё праходзіла ў гарнізонах. Самыя першыя ўспаміны (мне было паўтара года): танкі ідуць па “танкавай дарозе”, зусім недалёка ад нашага дома ў беларускай Мар’інай Горцы… І на футбольнае поле садзіцца верталёт – тады пакуль што дзіўная машына… Адпаведна, і кола зносін было зразумелае – салдаты і афіцэры, бацькавы паплечнікі па службе, іх жонкі, іх дзеці… І таму ў гэтых умовах родзічы маёй маці былі як пэўнае вакно ў іншы свет! Дзед Пеця (Пётр Яўсеевіч Лобач) і бабуля Лена (Алена Ігнатаўна Лобач) жылі ў пасёлку Рудзенск, што пад Мінскам. Туды мы з братам прыязджалі на канікулы. Адрас нашых дзядулі і бабулі – вуліца Горкага, дом 22/20. Неяк і жылі мы там цэлы год, калі бацьку перавялі да новага месца службы. А на тым самым новым месцы ў нас не было жылля. Пётр Яўсеевіч Лобач быў на дзіва добрым чалавекам. Ласкі асаблівай і сюсюкання мы з братам ад яго не бачылі і не чулі, але сыходзіла ад дзядулі нейкая асаблівая, прыцягальная дабрыня. Я проста маліўся на дзеда. На ўсё жыццё ён застаўся для мяне незаменным узорам чалавека сумленнага… У традыцыях Беларусі была павага да ветэранаў. І памятаю, што да дзеда ставіліся як да чалавека заслужанага. І торф прывозілі, і дах неяк дапамаглі адрамантаваць, і з сенам для каровы падтрымалі… Бо дзед быў інвалід, прайшоў усю вайну.

Да Вялікай Айчыннай вайны дзед Пеця займаў нейкую пасаду ў сельсавеце. Быў камуністам. Калі пачалася вайна, ніхто і падумаць не мог, што так хутка прыйдзе акупацыя. Каманду на эвакуацыю дзед Пеця атрымаў на трэці ці чацвёрты дзень вайны. Трэба было яму эвакуіраваць калгасны статак кароў. Сваім, зразумела, ходам. Між тым, карова – не чалавек, доўга яна хутка ісці не можа. Ёй патрэбен нармальны адпачынак. Прыблізна на трэці дзень эвакуацыі стала зразумела, што далёка адысці не ўдасца. Было прынята рашэнне статак знішчыць. Па законах мірнага часу, вядома ж, дурное і зусім няправільнае рашэнне. Але ж тады была вайна. І, відавочна, кіраваліся логікай: “Каб каровы, іх мяса не дасталіся ворагу!..”

Цяпер ужо, з вышыні часу, калі ўспамінаю пра “дзядулеў” калгасны статак 1941 г., перад вачыма ўсплываюць карціны з Афганістана, Чачні… Мне столькі разоў даводзілася бачыць, як памірае паранены скот, альбо бачыць разварочаных усімі часткамі свайго цела авечак, кароў, коз… Колькі наглядзеўся на гэтых выпадковых ахвяр вайны! Яны траплялі на міны, аказваліся мішэнямі артылерыйскіх абстрэлаў, а здаралася гінулі таму, што салдаты, якія маяліся ад няма чаго рабіць, абіралі іх мішэнямі!.. Іншы раз у некаторых кароў ці авечак была выразана пячонка ці яшчэ лепшы кавалак, астатняе ж было кінута на спажыву сабакам ці крумкачам…

Пасля няўдалай эвакуацыі мой дзед аказаўся ў партызанскім атрадзе. Позняй восенню захварэў на запаленне лёгкіх. Вывезлі на самалёце на Вялікую Зямлю. Падлячыўся. І ўжо аказаўся ў траншэях абаронцаў Масквы, там, дзе ішлі самыя цяжкія баі. Цікавы знак праз дзесяцігоддзі мне падрыхтавала гісторыя. У 1980–1985 гг. я служыў у Кізыл-Арваце (Туркменія) у 58-й Рослаўльскай мотастралковай дывізіі. Дык вось, адзін з палкоў гэтага злучэння ў час бітвы пад Масквою аказаўся ў акружэнні і амаль цалкам загінуў. Праз лінію фронта прарвалася ўсяго некалькі чалавек. Мой дзед суправаджаў у штаб палка аднаго з акружэнцаў з гэтай часці…

Пасля быў ізноў шпіталь. Дзеда хацелі камісаваць. Аднак ён ізноў дамогся, каб адправілі на фронт. У 1943 г. пад Ленінградам патрапіў пад абстрэл нямецкага мінамёта. І тады атрымаў цяжкія знявечванні. Выжыў, ды толькі да канца дзён не працавала ў яго адна рука, застаўся з таго бою з пакалечанай, на адно вуха страціў слых. Вярнуўся дадому пасля вызвалення Беларусі. І, нягледзячы на стан здароўя, амаль да канца жыцця працаваў…

Бабуля Лена была проста выдатнай апавядальніцай. У грамадзянскую вайну яна аказалася ў дзіцячым доме. Іншы раз расказвала, як галадалі, як елі, што толькі давядзецца… Неяк была ў Башкірыі, знайшлі мёртвага вярблюда, па ім чэрві поўзаюць, а елі – куды падзенешся… Апавяданні свае пачынала звычайна так: “Фактам дзела…” Гэта ў яе прыказка такая… І кнігі чытала. Гавораць, што вясковыя людзі кнігі не чыталі, стэрэатып такі, што ўсе былі бязграматныя. Не, аказваецца, чыталі…

Колькі помню – заўсёды працавалі. Агарод трымалі вялікі. За Рудзенскам бульбоўнік. Там – і дрэвы пладовыя, кусты ягадныя. Карову трымалі, дзед спрабаваў пчол разводзіць. Толькі нешта ў яго не атрымалася.

Адпаведна, і мы працавалі, калі прыязджалі. Канешне ж, болей бегалі і гулялі (гойсалі, па выказванню бабулі). Але калі што трэба было рабіць, то рабілі. І зямлю капалі, не цаліну, зразумела, а зямлю рыхлую, агародную… І дровы пілавалі, калолі, жука каларадскага збіралі, ліпавую квецень… І бульбу капалі, яблыкі-ягады збіралі. З таго часу ў мяне вялікая павага да сельскага люду, які працуе на нас, гараджан. З таго часу перакананы, што дабрабыт у вяскоўцаў залежыць ад таго, як яны напрацуюць…»

Пагадзіцеся, дастаткова цікавы ўспамін. Магчыма, стараючыся ў сваёй мастацкай прозе ствараць партрэты нашых сучаснікаў, рускі пісьменнік Мікалай Старадымаў трымае перад вачыма рудзенскіх, пухавіцкіх, мар’інагорскіх рупліўцаў ад зямлі…

Апошні раз Мікалай Аляксандравіч наведваўся ў Рудзенск у 2003 г…

У размовах са мною, у лістах, якія даслаў з Масквы, Мікалай расказвае пра тое, што першыя свае літаратурныя спробы зрабіў менавіта ў Рудзенску, калі вучыўся ў мясцовай школе ў чацвёртым класе. «Тады я пісаў фантастычную аповесць, ішлі першыя палёты ў космас, усе марылі пра прафесію касманаўта, – згадвае Мікалай Старадымаў. – І аповесць, наколькі я памятаю, была пабудавана на маіх касмічных фантазіях. Адзін раз на тыдзень я чытаў сваю аповесць у класе. Пэўна, на гадзінах палітінфармацыі ці яшчэ якіх-небудзь выхаваўчых мерапрыемствах… Калі ўжо дарослым прыязджаў у Рудзенск, то шмат хто з маіх сяброў маленства ўспамінаў пра мяне ў звязку з памяццю пра тую фантастычную аповесць… А яшчэ маю цягу да літаратурнай творчасці падтрымлівала ўся мая беларуская, рудзенская радня… Гэта, відаць, на ўзроўні нейкай падсвядомасці і не магло не паўплываць на выбар пісьменніцкай скіраванасці ў маім жыцці…»

А зараз – некаторыя ўдакладненні да жыццёвай і творчай біяграфіі Мікалая Старадымава. Нарадзіўся Мікалай Аляксандравіч 24 лютага 1956 г. ў Дрэздэне, дзе бацька служыў у складзе Групы савецкіх войск у Германіі. У 1973 г. скончыў сярэднюю школу ў Жытоміры. У 1974 г. паступіў у Данецкае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча інжынерных войск і войск сувязі на аддзяленне інжынерных войск. Скончыў навучальную ўстанову з «чырвоным дыпломам» у 1978 г. Быў размеркаваны ў ваенна-будаўнічыя войскі. Прымаў удзел у будаўніцтве дома адпачынку «Русь» і падмаскоўнага цэнтра адпачынку касманаўтаў. Восенню 1980 г. накіраваны ў Афганістан. Але ў штабе Чырванасцяжнай Туркестанскай ваеннай акругі ў Ташкенце адбылося пераразмеркаванне – на пасаду карэспандэнта-арганізатара 58-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі ў горад Кізыл-Арват (Туркменія). Пасля там жа займаў пасаду адказнага сакратара «шматтыражкі». У 1985 г. Мікалая Старадымава накіравалі адказным сакратаром газеты «Гвардеец» 5-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі ў Афганістан. У 1987 г. Мікалай Аляксандравіч вярнуўся ў Туркестанскую акругу. Тут у Ашхабадзе ў рэдакцыі газеты «За Родину» мы з ім сустрэліся і пазнаёміліся. Мікалай актыўна друкаваўся ў туркменскіх газетах і часопісах. Тут пабачылі свет першыя яго мастацкія творы – дзіцячыя апавяданні пра Афганістан у калектыўным зборніку выдавецтва «Магарыф». Сярод знаёмцаў ваеннага журналіста былі туркменскія публіцысты і пісьменнікі Уладзімір Грачоў, Уладзімір Пу, Касым Нурбадаў, Азат Рахманаў, Альберт Палякоўскі, Аляксандр Гоўберг, Худайберды Дзіванкуліеў і інш.

У 1989 г. маёра М. Старадымава прызначаюць пастаянным карэспандэнтам газеты Чырванасцяжнай Туркестанскай ваеннай акругі «Фрунзевец» (у час Вялікай Айчыннай вайны сярод аўтараў выдання быў народны паэт Беларусі Якуб Колас) па Туркменістану. У 1991 г. вопытны ваенны газетчык паступае ў Ваенна-палітычную акадэмію імя У. І. Леніна на рэдактарскае аддзяленне. Скончыўшы акадэмію, працуе ў газеце «Красная звезда» – карэспандэнтам, намеснікам рэдактара адзела. У 1998–2001 гг. Мікалай Старадымаў – супрацоўнік Цэнтра грамадскіх сувязей ФСБ Расіі. У 2001 г. Мікалай Аляксандравіч Старадымаў звальняецца ў запас у званні палкоўніка. Па завяршэнні вайсковай кар’еры працуе ў часопісе «Воинское братство», газетах «Континент», «Президент», «Энергетика». Зараз – у часопісе «Боевое братство». Мікалай Аляксандравіч, акрамя таго, што ўдзельнічаў у вайне ў Афганістане, – яшчэ і самы непасрэдны сведка і ўдзельнік падзей на Паўночным Каўказе, куды не аднойчы выязджаў у службовыя камандзіроўкі. Узнагароджаны ордэнамі «За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР» III ступені, ордэнам «За ваенныя заслугі», медаллю Суворава. Журналісцкая работа Старадымава адзначана прэміяй Саюза журналістаў Расіі за 1995 г. у намінацыі “За працу ў «гарачых кропках”». Мікалай Старадымаў – лаўрэат літаратурных прэмій імя Аляксандра Грыбаедава і Уладзіміра Карпава, а таксама «Залатое пяро Русі». Пісьменнік – аўтар 12 арыгінальных кніг. А гэта – раманы і аповесці «Смяротны прысуд», «Кіднепінг па-руску», «Забіць, каб выжыць», «След мсціўца», «Споведзь самазабойцы», «Кроў з душы не змываецца», «Зульфагар», «Браток, пакінь пакурыць!», «Геній смерці»… Некаторыя з іх яшчэ і перавыдаваліся, прыходзілі да чытача і два, і тры, і нават чатыры разы. З нядаўніх кніг – «Баявы дзённік Афганскай вайны». Першая дакументальная аповесць Мікалая Старадымава была надрукавана ў 1988 г. у ашахабадскім часопісе «Юность» («Яшлык») – «Тры вайны – і ўсё жыццё», прысвечаная лёсу туркмена, палкоўніка Савецкай Арміі Алі Абасава.

Данный текст является ознакомительным фрагментом.