З цеплынёй адносіўся да Беларусі…[1]

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

І ў час электроннай манаполіі на інфармацыю, калі, здавалася б, усё і ўсім адразу становіцца вядомым, здараюцца падзеі, якія аказваюцца паза ўвагай. Не, Інтэрнэт пра гэта паведаміў… А вось у нашым айчынным друку згадкі не з’явілася. Пайшоў з жыцця (22 мая 2013 года) вядомы расійскі вучоны – Сігурд Отавіч Шміт. Яркая і шматаблічная асоба! Хто з ім упоравень з блізкіх нам па часе расіян?!. Мо хіба Дзмітрый Сяргеевіч Ліхачоў – такі ж апантаны збіральнік памяці пра рускую зямлю і рускую культуру, пра славянскі свет.

Сын нашага земляка – ураджэнца Магілёва, Героя Савецкага Саюза, Ота Шміта, Сігурд Отавіч з’яўляўся аўтарам болей 20 кніг, соцень артыкулаў па праблемах палітычнай гісторыі Расіі XVI стагоддзя, гісторыі, культуры, археаграфіі, крыніцазнаўству. Акадэмік Расійскай акадэміі адукацыі, дарадца Расійскай Акадэміі навук, старшыня Археаграфічнай камісіі Расійскай Акадэміі навук (з 2002 года – ганаровы), ён неверагодна шмат зрабіў для выхавання цэлай школы дасведчаных спецыялістаў у археаграфіі, гістарычным крыніцазнаўстве. Яго вучні працуюць у навуковых установах, архівах, музеях Расіі, Беларусі, Украіны, іншых краін. Менавіта дзякуючы ініцыятыве Сігурда Отавіча, яго аўтарытэту ў 1996 г. ў Расійскім дзяржаўным гуманітарным універсітэце быў адкрыты вучэбна-навуковы цэнтр гістарычнага краязнаўства і масквазнаўства. А яшчэ праз год – кафедра рэгіянальнай гісторыі і краязнаўства, якую ўзначаліў яго вучань – Уладзімір Казлоў, між іншым, наш зямляк, ураджэнец Магілёўшчыны. Ён змяніў О. Шміта і на пасадзе старшыні Саюза краязнаўцаў Расіі, які Сігурд Отавіч узначальваў з 1990 па 2007 гг., а ў апошні час, да самай смерці, быў ганаровым старшынёю грамадскага краязнаўчага аб’яднання Расіі.

З асаблівай цеплынёй адносіўся Сігурд Отавіч да Беларусі. Ён неаднаразова бываў на радзіме бацькі ў Магілёве. Удзельнічаў у навуковых канферэнцыях, якія праводзіліся ў Мінску, Гродне. Шміт заўсёды падтрымліваў ініцыятывы беларускіх навукоўцаў у напрамку развіцця крыніцазнаўства, археаграфіі, архівазнаўства, краязнаўства.

У адным з нядаўніх інтэрв’ю – у сувязі з 90-годдзем з дня нараджэння – Сігурд Отавіч сказаў чытачам «Российской газеты»: «Вялікая бяда ў тым, што ў школе паслядоўна змяншаецца колькасць выхаваўчых прадметаў. Прычына мне зразумелая: людзі сталі вельмі практычныя, ім падаецца, што ні літаратура, ні гісторыя не маюць практычнага значэння. Маўляў, якая розніца: Іван Грозны забіў сына ці сын забіў Івана Грознага, гэта ж было ў даўнія часіны…» І яшчэ – з таго ж інтэрв’ю: «Мы недаацэньваем і цалкам не разумеем подзвіг людзей сорак першага года. Гэта быў парыў, які вам цяжка ўявіць. Нічога падобнага я болей ніколі не бачыў і не ўбачу.

Прычым гэты масавы подзвіг самаахвяравання адбываўся пасля страшнага, нічым не апраўданага перыяду тэрору…»

За свае выдатныя навуковыя і навукова-грамадскія заслугі Сігурд Шміт узнагароджаны прэміяй Урада Расійскай Федэрацыі ў галіне адукацыі (2007), прэміяй мітрапаліта Макарыя «За выдатны ўклад у развіццё айчыннай гістарычнай навукі» (2003), прэміяй імя Д. С. Ліхачова «За захаванне культурнай спадчыны», прэміяй «Трыумф» – «За значны ўклад у развіццё айчыннай і сусветнай навукі» і інш. У 2007 г. быў узнагароджаны Знакам «За заслугі перад Масквой».

Развітанне з вучоным адбылося 24 мая ў жалобнай зале Цэнтральнага Крамлёўскага шпіталю. 8 чэрвеня 2013 г. на Увядзенскіх могілках Масквы адбылося пахаванне праха С. О. Шміта, на якім прысутнічалі шматлікія калегі, вучні, сваякі нябожчыка. На гэтых жа Увядзенскіх могілках пахаваны гісторык, археолаг Леанід Аляксееў (у 1940-я гг. працаваў у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, пазней выкладаў археалогію ў Магілёўскім педінстытуце), а таксама іншыя ўраджэнцы Беларусі – кампазітар Эдуард Калманоўскі, адзін з першых рускіх ваенных лётчыкаў Сцяпан Наздроўскі (нарадзіўся ў Крычаве ў 1888 г., узнагроджаны чатырма салдацкімі Георгіеўскімі крыжамі), пачынальнік сусветнай акварыумістыкі, аўтар многіх прыродазнаўчых кніг Мікалай Залатніцкі, славуты генетык і прэзідэнт Акадэміі навук БССР Антон Жэбрак, вучоны ў галіне тэорыі стральбы артылерыі генерал-маёр артылерыі Пётр Гельвіх.

Данный текст является ознакомительным фрагментом.