«Калмыкам ёсць што расказаць беларусам і ўсяму свету!..»

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Для калмыцкага пісьменніка і беларускага партызана Міхаіла Ханінава Беларусь была другой радзімай. Цікаўнасць да беларускай літаратуры выяўляе ў сваёй творчасці і яго дачка – пісьменніца і літаратуразнаўца Рыма Ханінава, якая жыве і працуе ў Элісце (Калмыкія). З ёй і давялося пагутарыць.

– Рыма, сёння шмат спрачаюцца пра глабалізацыю, месца малых народаў у агульных працэсах геапалітычных пераабсталяванняў. Ці ўтульна ў такім часе адчувае сябе калмыцкая літаратура?

– Эпоха глабалізацыі для літаратуры мае свае плюсы і мінусы. Для калмыцкай літаратуры – асабліва. З аднаго боку, яна павінна быць інтэгравана ў агульны літаратурны працэс – расійскі, федэральны, а таксама сусветны, з другога – развівацца ў нацыянальнай прасторы. У першым выпадку інтэграцыя прадугледжвае перакладчыцкую дзейнасць, каб нацыянальная літаратура была перакладзена на мовы народаў свету. Калі раней у Савецкім Саюзе працавала магутная індустрыя перакладу ў крос-культурным масштабе (узаемныя пераклады на рускую з моў народаў краіны і наадварот), то зараз яна па вядомых прычынах разладзілася. У нас, у Калмыкіі, узаемныя пераклады ажыццяўляюцца, як правіла, у прыватным парадку, выкарыстоўваюцца асабістыя сувязі. Хаця пісьменніцкія арганізацыі спрабуюць дапамагчы сваім сябрам, праўда, гэтая дапамога не мае перыядычнага характару. Кніг перакладаў няма ўжо даўно, у асобных выпадках такі выпуск мае юбілейную скіраванасць. Ёсць яшчэ раздзелы ўласных перакладаў сяброў-пісьменнікаў у аўтарскіх кнігах. Напрыклад, у нядаўнім двухтомным зборы твораў паэта Эрдні Эльдышава. Зборы твораў пісьменнікаў старэйшых пакаленняў выходзілі звычайна без іх перакладаў, нягледзячы на тое, што яны перакладалі шмат болей – і класікаў, і сучаснікаў. Сёння пераклады друкуюцца ў перыёдыцы.

Адзін з масштабных праектаў 2000-х гг. – анталогія літаратуры народаў Паўночнага Каўказа ў перакладзе на калмыцкую мову – перарваўся на першым томе, выдадзеным у Элісце: няма калектыўнага фінансавання рэспублікамі, удзельнікамі праекта.

– А як жа з выхадам у свет праз рускую мову… Ці не забыліся на гэты шлях?

– Да 400-годдзя ўваходжання калмыцкага народа ў склад Расійскай дзяржавы ў 2009 г. была выдадзена пасля паўвекавога перапынку другая анталогія – «Паэзія Калмыкіі». Ужо на дзвюх мовах. У вядомых перакладах С. Ліпкіна, Ю. Нейман, Я. Казлоўскага, А. Нікалаева і інш. Новыя пераклады ажыццяўляюцца звычайна сіламі мясцовых літаратараў. Я, напрыклад, стала перакладаць паэмы і вершы бацькі на рускую мову, перакладаю часам і вершы другіх калмыцкіх паэтаў – К. Эрэнджанава, Д. Кугульцінава, Т. Бямбеева, В. Шуграевай, Э. Тэпкенкіева.

Раней перыядычна праводзіліся Дні літаратуры ў Савецкім Саюзе ў розных рэгіёнах, што спрыяла развіццю творчых кантактаў, выданню кніг. У нас, напрыклад, праходзілі Дні расійскай літаратуры, Дні ўкраінскай літаратуры, у сваю чаргу, былі візіты ў адказ у тыя ці іншыя куточкі Савецкага Саюза. Цяпер гэтага, на жаль, няма. Некалькі гадоў назад мне пашчасціла па запрашэнні калег пабываць у Дагестане на свяце «Белых журавлей». Я напісала цыкл «Дагестанскія старонкі», у якім ёсць і вершы-прысвячэнні Расулу Гамзатаву, яны нядаўна надрукаваны ў Махачкале ў кнізе пра вялікага паэта.

У свой час у Маскве ў выдавецтве «Прогресс» выдаваліся зборнікі выбраных твораў савецкіх пісьменнікаў на галоўных еўрапейскіх мовах. Напрыклад, кніга Д. Кугульцінава з паралельнымі перакладамі – на рускай і англійскай мовах. Гэта першае і апошняе ў гісторыі калмыцкай літаратуры такое выданне, якое пабачыла свет у сярэдзіне 1970-х…

У сучаснай транскультурнай прасторы ўзрастае роля перакладчыка як пасрэдніка паміж літаратурамі, тым болей калі ён валодае некалькімі мовамі.

– А ці ўплываюць на гэтыя працэсы новыя тэхналогіі?

– Ёсць, зразумела, Інтэрнэт, шматлікія літаратурныя сайты. Некаторыя нашы пісьменнікі выстаўляюць свае творы ў Сеціве, але на рускай мове, каб з імі пазнаёмілася адпаведна болей шырокая аўдыторыя. Да гэтага часу няма сайта калмыцкай літаратуры, як і сайтаў асобных пісьменнікаў. Галоўная прычына адна – няма дзяржаўнага фінансавання. Два гады назад я адкрыла свой сайт:

На гэтым сямейным сайце – матэрыялы пра майго бацьку, пра дзядзьку-паэта, пра сястру-літаратуразнаўцу, пра мяне. Дзякуючы гэтаму сайту я знайшла сяброў-калег, з якімі падтрымліваю творчыя стасункі, – у ЗША, Еўропе, у тым ліку і на постсавецкай прасторы – у прыватнасці ў Беларусі. Бацькоўскія і мае творы выстаўлены там на розных мовах, таму такі доступ і забяспечвае чытацкую зацікаўленасць.

У другім выпадку развіццё калмыцкай літаратуры перажывае, на мой погляд, крызіс. Гэта абумоўлена аб’ектыўнымі прычынамі – агульнай стратай літаратурацэнтрычнасці, горшым веданнем роднай мовы чытачамі, зменай пісьменніцкіх пакаленняў, адсутнасцю вартага фінансавання аўтарскай прадукцыі, няведаннем творчай моладдзю нацыянальнай мовы – яны пішуць на рускай мове, адсутнасцю таленавітых новых імёнаў. Сярод суб’ектыўных прычын можна назваць няздольнасць пісьменнікаў шукаць уласныя шляхі для змены сітуацыі да лепшага, інерцыю чакання дзяржаўнай падтрымкі.

Адна са спадарожных праблем – змена пакаленняў у калмыцкім літаратуразнаўстве. Новыя крытыкі і літаратуразнаўцы вывучаюць у асноўным фальклор, класікаў. Сучасная літаратура мэтанакіравана не адсочваецца ні аглядна, ні персанальна, асабліва рускамоўная калмыцкая паэзія, якой належыць адна з вядучых роляў у сучасным літаратурным працэсе Калмыкіі. Кафедра рускай і замежнай літаратуры Калмыцкага дзяржуніверсітэта, якой я кірую, у гэтым годзе выдала калектыўны дапаможнік «Сучасная рускамоўная паэзія Калмыкіі».

Усе гэтыя ўжо састарэлыя праблемы даўно патрабуюць вырашэння, падтрымкі на дзяржаўным узроўні.

– Здалёк, з Элісты, ці відаць вам сённяшнюю беларускую літаратуру?

– Думаю, што не вельмі… У нас у рэспубліцы дзве пісьменніцкія арганізацыі, ніводная з іх не падтрымлівае, на жаль, афіцыйных зносін з беларускімі калегамі. Раней жа былі персанальныя кантакты – у Давіда

Кугульцінава і Міхаіла Ханінава з многімі беларускімі паэтамі, празаікамі. У асноўным сёння сувязі скіраваны на суседнія рэгіёны – Паўночны Каўказ, Астраханскую вобласць, а таксама на Маскву.

– А што ўвогуле калмыцкі чытач ведае пра беларускае мастацкае слова? Каго ў розныя дзесяцігоддзі з беларускіх паэтаў, празаікаў перакладалі на калмыцкую мову?

– Як вядома, у ВНУ на філалагічных спецыяльнасцях чыталі курс «Літаратура народаў СССР», цяпер – «Літаратура народаў Расіі», якая выкладаецца ў скарочаным аб’ёме, хутка зусім выйдзе з дысцыплін бакалаўрыята, напрыклад, у нашым універсітэце. Акрамя таго, шмат выдавалася ў перакладах беларускай літаратуры. Да гэтага часу многія ведаюць, скажам, пра творчасць Васіля Быкава. Яго творы ўваходзілі ў праграму «Гісторыя рускай літаратуры», як і проза Алеся Адамовіча, Святланы Алексіевіч.

Папярэдні калмыцкі чытач ведаў класікаў беларускай літаратуры – Я. Купалу, Я. Коласа, а таксама М. Танка, А. Куляшова, П. Броўку і інш. У 1960-я гг. калмыцкія пісьменнікі шмат перакладалі на калмыцкую мову згаданых аўтараў: выходзілі асобныя падборкі ў мясцовых газетах і часопісе «Теегин герл» («Свет в степи»). Зрэдку гэта мела працяг у 1970-я гг. Так, з прозы было перакладзена апавяданне Васіля Быкава «На возеры».

Пасля наступіў доўгі перапынак, выкліканы таксама і развалам СССР. Мяркую, што гэта звязана і з адсутнасцю кантактаў з калегамі.

– Ваш бацька – вялікі сын калмыцкага народа, вядомы калмыцкі пісьменнік Міхаіл Ханінаў ваяваў у Беларусі… Наколькі гэтая сувязь паўплывала на творчасць вашага бацькі?

– Так, юнацтва майго бацькі прыйшлося на Вялікую Айчынную вайну. Ён пайшоў у Чырвоную Армію ў кастрычніку 1939 г., вайну сустрэў на Смаленшчыне, партызаніў у Беларусі пад імем Мішы Чорнага, быў камандзірам роты. Вайна для яго закончылася ў жніўні 1944 года, калі яго дэмабілізавалі як калмыка ў сувязі са сталінскімі рэпрэсіямі. Трынаццаць гадоў ён разам з калмыцкім народам адбываў сібірскую высылку. Пачатак літаратурнага шляху бацькі адносіцца да сярэдзіны 1930-х гг., але як пісьменніка яго, вядома ж, сфарміравала вайна. Ён належыць да так званай «лейтэнанцкай» літаратуры. Міхаіл Матусоўскі назваў яго калмыцкім Дзянісам Давыдавым. У калмыцкай літаратуры ён адзіны паэт-партызан.

Бацька называў Беларусь сваёй другой радзімай, прысвяціў ёй многія старонкі сваёй прозы, публіцыстыкі, паэзіі. Першая яго паездка пасля рэабілітацыі калмыцкага народа адбылася ў Беларусь, на Магілёўшчыну і Міншчыну, дзе ён ваяваў. Ён часта сустракаўся са сваімі баявымі пабрацімамі.

– З кім з беларускіх паэтаў, празаікаў сябраваў Міхаіл Ханінаў?

– Пятруся Броўку лічыў сваім хросным бацькам: той пісаў прадмовы да яго кніг на рускай і беларускай мовах. Сябраваў са многімі пісьменнікамі – Максімам Танкам, Васілём Быкавым, Іванам Шамякіным, Аляксеем Пысіным, Рыгорам Барадуліным, Пятром Шасцерыковым, Анатолем Грачанікавым, Антонам Бялевічам, Міколам Ткачовым і іншымі. У нашай сямейнай бібліятэцы захаваліся іх дарчыя кнігі з аўтографамі, перапіска. Шмат каму з іх бацька прысвяціў свае вершы. З дзяцінства мы раслі, чытаючы беларускую класіку і сучасную літаратуру. Ёсць у нас і кніга ўспамінаў скульптара Заіра Азгура, які зрабіў бацькоўскі бюст. Гэтая работа вельмі спадабалася бацьку.

– Асобная тэма ў перакладчыцкай рабоце Міхаіла Ханінава – кніга вершаў Янкі Купалы… Вы як літаратуразнаўца, гісторык літаратуры вылучаеце гэтую працу як пэўны этап у творчасці бацькі?

– Большасць бацькоўскіх перакладаў адносіцца да вершаў Купалы. Напачатку гэта былі газетныя публікацыі, затым выйшла да юбілею народнага песняра Беларусі невялікая кніга ў Калмыцкім кніжным выдавецтве. Бацька вельмі шанаваў Купалу-паэта. У час вайны Міхаіл Ханінаў, вядома ж, авалодаў беларускай мовай. Яе мяккасць, мілагучнасць, цеплыня былі для яго не меней дарагімі, чым мова маці – калмыцкая мова. Таму з надзвычайнай асалодай перакладаў вершы Якуба Коласа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова і іншых паэтаў Беларусі. Нават збіраўся гэтыя пераклады выпусціць асобнай кнігай. Бацьку запрашалі ў Беларусь на юбілеі Янкі Купалы. Захаваліся фотаздымкі з тых сустрэч, газетныя публікацыі. Бацьку ахвотна запрашалі да размовы розныя беларускія газеты.

– У Беларусі выйшла і дзве кнігі вершаў Міхаіла Ханінава ў перакладзе на беларускую мову…

– Так, і бацька быў вельмі ўдзячны за гэта. Дарэчы, па словах бацькі, адна калмычка назвала свайго сына Янкам у гонар Купалы…

– Ведаю, што беларускіх паэтаў перакладалі і Санджы Каляеў, Ліджы Інджыеў, Бося Сангаджыева…

– І гэта вельмі ўзроўневыя пераклады. Ды і выбар арыгіналаў быў зусім не выпадковым. Вось бы аб’яднацца беларусам і калмыкам у сваіх памкненнях і скласці на калмыцкай мове анталогію беларускай паэзіі… Нашы папярэднікі глебу для гэтага падрыхтавалі.

– У Міхаіла Ханінава ёсць паэма пра Хатынь. Як нарадзілася ідэя напісання гэтага твора?

– Мяркуючы па сюжэту паэмы, бацька не так далёка і партызаніў ад хатынскіх мясцін… Магчыма, быў знаёмы з жыхарамі гэтай беларускай вёскі, спаленай фашыстамі. У любым выпадку Хатынь у яго была перад вачыма як нешта даволі блізкае… У 1975 г., зімой, у Мінску Міхаіл Ханінаў удзельнічаў ва Усесаюзнай нарадзе пісьменнікаў і крытыкаў, прысвечанай 30-годдзю Вялікай Перамогі. Удзельнікі нарады наведалі Хатынскі мемарыял. Быў там і Давід Кугульцінаў, які напісаў верш «Хатынь» з прысвячэннем Аркадзю Куляшову.

А яшчэ раней, у студзені таго ж года, бацька пабываў у В’етнаме. Ён, вядома ж, ведаў пра в’етнамскую вёску Сонгмі. Ведаў пра чэшскую вёску-пакутніцу Лідзіцэ. Задумаў напісаць трыпціх. Паэму «Званы Хатыні» пераклаў на рускую мову маскоўскі паэт Аляксандр Нікалаеў, з якім бацька доўгі час сябраваў. Іх збліжала ваеннае мінулае. Нікалаеў таксама змагаўся з фашыстамі ў Вялікую Айчынную на тэрыторыі Беларусі.

– Што з калмыцкай літаратуры, на ваш погляд, варта было б абавязкова перакласці на беларускую мову?

– У свой час у «Звяздзе» друкавалася часткамі аўтабіяграфічная аповесць М. Ханінава «Міша Чорны – гэта я!». Чаму б яе зараз не выдаць асобнай кнігай?!.

Думаю, што варта было б перакласці на беларускую мову калмыцкі фальклор. Казкі, легенды даволі часта бываюць надзвычай красамоўнымі, мо нават болей, чым іншыя мастацкія творы… Чаму б не выдаць па-беларуску лірыку заўчасна пайшоўшага з жыцця Джангра Насунава, які, праўда, свой калмыцкі светапогляд выкладаў па-руску. Словам, лічу, што нам ёсць што расказаць беларусам і ўсяму свету…

Данный текст является ознакомительным фрагментом.