Шчыраванне на журналісцкай ніве

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Жыццё многіх нашых пісьменнікаў-землякоў на розных этапах звязана з ваеннай журналістыкай. Пэўны час працаваў у газеце «Во славу Родины» Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі вядомы паэт Пятро Прыходзька. Аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча скончыў Сяргей Панізнік. У Санкт-Пецярбургу завяршыўся жыццёвы шлях ваеннага журналіста, празаіка і драматурга, ураджэнца Гомельшчыны Аркадзя Пінчука. У Туркестанскай ваеннай акрузе карэспандэнтам салдацкай шматтыражкі служыў гамяльчанін Васіль Ткачоў, які выпусціў нямала кніг мастацкай прозы. Пінскую раённую газету рэдагаваў таленавіты празаік і публіцыст Мікалай Елянеўскі, таксама ў нядаўнім мінулым – ваенны журналіст.

З пасады карэспандэнта адэскай акруговай газеты звольніўся ў запас Дзмітрый Сергіевіч, якога яшчэ ў даваенныя гады ведалі як беларускага паэта Змітрака Віталіна.

Можна было б называць і іншыя імёны. Сярод іх – і ўраджэнец Бабруйска, публіцыст, палкоўнік Сяргей Мартынкевіч, які цяпер узначальвае калектыў санкт-пецярбургскай газеты «На страже Родины». У Сургуце жыве публіцыст, афіцэр запасу Уладзімір Заянчкоўскі, радзіма якога – Столінскі край… З многімі ваеннымі журналістамі, чыя радзіма – Беларусь, і мяне зводзілі ранейшыя сцежкі-дарожкі. Аўтар краязнаўчых кніг Святаслаў Асіноўскі, вядомыя ў Беларусі рупліўцы газетнай, часопіснай нівы былыя ваенныя журналісты Іван Сакалоўскі, Леанід Ляшчынскі, Лявонцій Раманюк, Уладзімір Рудэнка… А яшчэ – светлай памяці Міхаіл Кадзет, Леанід Захаранка… Нядаўна пайшоў з жыцця палкоўнік ў адстаўцы, былы карэспандэнт «Краснай звязды» Анатоль Смалянка, які нарадзіўся ў Карэліцкім раёне.

Ды і сам «трымаю» ў жыццёвым багажы чатырнаццаць гадоў армейскай службы, на сабе адчуў усе прывабнасці карэспандэнцкай работы ў ваенным друку ў 1980–1990-я гг.

…З Юрыем Абрамавічам Левіным у нас даўно былі магчымасці пазнаёміцца. І масток злучнасці між намі меўся невыпадковы, абодвум блізкі, для абодвух трывалы і надзейны. Вадзім Дулепаў – мой даўні, з курсанцкага юнацтва таварыш. А пасля – і паплечнік па службе ў Чырванасцяжнай Туркестанскай ваеннай акрузе. Але толькі нядаўна надарылася нагода ўдакладніць пэўную інфармацыю пра екацярынбургскага пісьменніка. Дулепаў спакойна сказаў мне:

– Задавай любыя пытанні… Усё перадам. Мы з Юрыем Абрамавічам даўнія сябры. Не здзіўляйся, такія ў нас доўгажыхары!.. Дарэчы, ён жа таксама з Беларусі родам…

Вось табе і на!.. Так высветлілася, што ў Екацярынбургу болей за паўвека жыве і працуе наш зямляк, журналіст і пісьменнік Юрый Левін. Але ж аб усім па парадку…

Нарадзіўся будучы літаратар у вёсцы Парэчча сённяшняга Акцябрскага раёна – 20 верасня 1917 г. У 2007 г. ветэрану, атрымліваецца, споўнілася 90 гадоў. А пошук мой прыпаў на вясну 2008-га… Парэчча – адна з буйнейшых вёсак.

Калі Юрыю было ўсяго дзевяць гадоў, памерла маці. На шчасце, вучобу хлопчык не кінуў. Напрыканцы вучобы ў сярэдняй школе пачаў пісаць у раённую газету. Першыя спробы пяра прыйшліся даспадобы рэдактару «раёнкі». Ён запрасіў маладога чалавека ў штат. Так пачаўся журналісцкі лёс Юрыя Левіна.

У 1938 г. хлопца прызвалі на службу ў Чырвоную Армію. Патрапіў у Кіеўскую ваенную акругу. Скончыў школу падрыхтоўкі малодшых спецыялістаў. Прызначылі камандзірам танка Т-26 у 49-й лёгкатанкавай брыгадзе. Трэба ўлічваць, што гэта былі літаральна першыя гады стварэння сур’ёзных танкавых войскаў.

…У службе ў нашага земляка ўсё складвалася самым лепшым чынам. Малодшага камандзіра заўважыла камандаванне часці. І ў 1940 г. Юрый – ужо карэспандэнт салдацкай «шматтыражкі». У хуткім часе Левіна накіроўваюць на вучобу ў Маскву – на курсы газетных работнікаў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Але скончыць вучобу не атрымалася. Пачалася вайна… Малады журналіст трапляе ў газету 31-й арміі «На врага!». І праз многія гады трымаў ветэран у памяці першую франтавую карэспандэнцыю – «Адважны камандзір-разведчык». Вопыт работы прыходзіў ва ўмовах баявых дзеянняў.

У час абароны Сталінграда старшы палітрук Левін – у складзе рэдакцыі франтавой газеты «Сталинское знамя». Сярод саслужыўцаў – вядомы ў будучым драматург Юрый Чапурын.

З перыяду баёў за Сталінград – такі эпізод. Аднойчы карэспандэнт вяртаўся з перадавой праз Волгу, рэдакцыя знаходзілася на другім беразе. У час артылерыйскага абстрэлу лодка перакулілася. З усіх сіл стараўся даплыць, баючыся яшчэ і замачыць ужо напісаныя ў нумар нататкі…

Увогуле Юрый Абрамавіч заўсёды вызначаўся дбайнасцю да збору фактычнага матэрыялу. Доўгія дзесяцігоддзі ён захоўваў свае пажоўклыя франтавыя блакноты. Цяпер, праўда, прапахлыя дымам вайны, яны знаходзяцца ў школьных музеях, бібліятэках, архівах… Запісы з Вялікай Айчыннай і праз паўвека заставаліся матэрыялам для новых кніг, новых публікацый. Толькі ў 2000 г. пабачылі свет зборнікі нарысаў Юрыя Левіна «Генераліяда» (пра сустрэчы з камдзівамі, камандармамі ды іншымі военачальнікамі), «Дзённік Перамогі», «Імёны» (успаміны пра пісьменнікаў).

Дакументальная, фактаграфічная аснова – і першаштуршок для стварэння многіх мастацкіх твораў нашага земляка. Апавяданне «Кісет» – пра драматычную старонку з франтавой біяграфіі ваеннага карэспандэнта. Журналіст, калі вызвалілі Мелітопаль, па заданні рэдакцыі знайшоў героя штурма горада сяржанта Шэрстабітава. Калі размаўлялі, журналіста і яго субяседніка накрыла выбуховай хваляй. Прачнуўся Левін у шпіталі. Нічога не памятае, акрамя таго, што частаваў Шэрстабітава махоркай са свайго кісета. Болей салдата-героя карэспандэнт нідзе за вайну не сустрэў. Хаця сама гісторыя трывала сядзела ў памяці. І стаў той эпізод апавяданнем. Прайшлі многія гады. Юрый Абрамавіч выступаў перад чытачамі ў адной з аўдыторый у Курганскай вобласці. Расказаў і пра апавяданне «Кісет». Раптам да пісьменніка падыходзіць сталага веку чалавек. Замест аднае нагі – пратэз. Углядаецца ў твар Левіна і з вялікім хваляваннем працягвае… кісет. Так, той самы кісет, што застаўся ў сяржанта пад Мелітопалем. І сяржант той самы – Шэрстабітаў… Паверыць у такое немагчыма, але якраз такое і здараецца на вайне і з тымі, хто прайшоў праз вайну.

Пасля шпіталя – новая рэдакцыя новай франтавой газеты: спярша – на Паўднёвым фронце, а затым у складзе 4-га Украінскага… Яшчэ адно раненне. Вайну Левін закончыў у Берліне, карэспандэнтам газеты 3-й ударнай арміі «Фронтовик». Удзельнічаў у штурме рэйхстага. Адным з першых ваенных журналістаў напісаў пра сцяганосцаў, якія ўсталявалі Сцяг Перамогі над рэйхстагам.

Яшчэ пяць пасляваенных гадоў маёр Левін служыў у Групе савецкіх войск у Германіі. Затым карэспандэнт-ардэнаносец (кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркі, двух ордэнаў Айчыннай вайны II ступені, двух медалёў «За баявыя заслугі») прыязджае ў Екацярынбург. Урал становіцца другой радзімай Юрыя Абрамавіча.

Толькі ў 1971 г. падпалкоўнік Левін звальняецца з вайсковай службы. У 1970-я працуе ўласным карэспандэнтам «Литературной газеты», шмат вандруе па гарадах Урала, іншых рэгіёнах краіны.

У 1992 г. Юрыя Абрамавіча прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў Расіі.

– Мяркую, што гэта магло адбыцца і раней, шмат гадоў назад, – расказвае журналіст і паэт Вадзім Дулепаў. – Імя Левіна вядома на ўсёй уральскай прасторы. Але сам Юрый Абрамавіч надзвычай сціплы чалавек, да сваіх творчых набыткаў адносіўся як да звычайнай работы газетчыка, публіцыста. Цяпер Левін – аўтар больш 20 кніг.

Творчыя здабыткі нашага земляка высока ацэнены ў Екацярынбургу. У 2005 г. Левіна адзначылі губернатарскай прэміяй – «За значны ўклад у развіццё культуры Урала». У 2007 г. Юрыя Абрамавіча ўзнагародзілі прэміяй «Прызнанне».

А вось што расказваў некалі сам Юрый Абрамавіч:

– Мяне заўсёды радавалі новыя журналісцкія сустрэчы. Я з захапленнем адкрываю цікавых людзей. Рады таму, што лёс падарыў мне знаёмства з Васілём Субоціным, Васілём Гросманам, Ільёй Эрэнбургам, Дзмітрыем Стонавым, Паўлам Бажовым… Удзячны і за ўвагу, якая вось цяпер даходзіць да мяне з радзімы, з беларускай старонкі. Гэта прыдае сілы…

Сустрэча наша з Юрыем Абрамавічам Левіным так і не адбылася. Недзе на пачатку другой паловы 2008-га пазваніў Вадзім Дулепаў: «Не стала Юрыя Абрамавіча…».

…Углядаюся ў вокладкі кніг Юрыя Левіна, якія дасланы з Екацярынбурга, – «Рэха саракавых», «Камбат», «Я вярнуся, матуля!..» Думаю пра тое, колькі выпала выпрабаванняў на яго пісьменніцкую, журналісцкую долю. Будзем спадзявацца, што імя Юрыя Левіна ўвойдзе ў айчынныя энцыклапедыі і літаратурна-краязнаўчыя даведнікі. Наш зямляк, несумненна, таго варты. Мо з’явіцца яго біяграфія ў новым выданні энцыклапедычнага даведніка «Сузор’е беларускага памежжа»?

Данный текст является ознакомительным фрагментом.