Уступ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Уступ

Развіццё літаратурнага працэсу адбываецца, можна сказаць, хвалямі: тут ёсць свае прылівы і адлівы, уздымы і спады. Помніцца, як некалі, у пачатку 50-х гадоў, крытыка трывожылася адсутнасцю маладых талентаў. У беларускай паэзіі гэтага часу называліся толькі два новыя імені: Аляксей Пысін і Пятрусь Макаль. Вядомы рускі паэт М. Луконін з уласцівым для яго гумарам шкадаваў: «Старэем, таварышы! Амаль няма каму напісаць: „іду — прыгожы дваццацідвухгадовы…“ Прыгожых шмат, а дваццацідвухгадовых не відаць…» («Литературная газета», 1954, 10 жніўня.)

У другой палавіне 50-х-60-х гадоў адбылося паскоранае станаўленне творчых індывідуальнасцей Сцяпана Гаўрусёва, Ніла Гілевіча, Міколы Арочкі, Уладзіміра Караткевіча, Еўдакіі Лось, Рыгора Барадуліна, Алега Лойкі, Кастуся Цвіркі, Івана Калесніка, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Паўлава, Сямёна Блатуна, Янкі Сіпакова, Дануты Бічэль-Загнетавай, Марка Смагаровіча, Веры Вярбы, Анатоля Вярцінскага, Генадзя Кляўко, Уладзіслава Нядзведскага, Уладзіміра Карызны, Артура Вольскага, Юрася Свіркі, Міхася Рудкоўскага, Анатоля Грачанікава, Валянціна Лукшы, Васіля Зуёнка, Рамана Тармолы і іншых.

Бачыце, колькі цікавых мастакоў, з сур’ёзнай жыццёвай школай і загартоўкай, дало гэтае пакаленне (а я ж не ўспомніў аб празаіках, драматургах, публіцыстах, крытыках — іх таксама багата) — пакаленне, якое добра запомніла словы Льва Талстога: «У мастацтве самае галоўнае — сказаць нешта сваё». Гаворка ідзе пра цэлае сузор’е таленавітых, самабытных мастакоў, якія як асобы, індывідуальнасці фарміраваліся ў ваенныя і пасляваенныя гады.

Гэта паэты майго пакалення, яны ўяўляюцца мне неяк усе разам, ля аднаго вогнішча, якое зырка гарыць, выразна высвечваючы іх абліччы. Аблічча, зразумела, у кожнага сваё, але ў многім іх аб’ядноўвае агульнасць жыццёвых дарог і чалавечага лёсу. Як жа інакш — ля кастра збіраюцца звычайна аднадумцы.

З чаго яны пачыналі тады — у 50-я гады?

Перш за ўсё кожны імкнуўся неяк асэнсаваць свой жыццёвы і эмацыянальны вопыт, набыты за час вайны і ў цяжкія для ўсёй краіны пасляваенныя гады.

Маладыя прыйшлі ў літаратуру з усім, што з’яўлялася ім блізкім і дарагім, што зведалі асабіста. А перажыла было шмат…

Адны — такія, як Аляксей Пысін, — з першага дня на фронце, другія — маладзейшыя — аказаліся ва ўмовах нямецка-фашысцкай акупацыі і ўсенароднага супраціўлення ворагу.

Час быў цяжкі.

Па працягу вайны, як вядома, фашысты спалілі 9200 беларускіх вёсак і гарадоў. Большую частку — разам з жыхарамі.

І якой толькі ў свеце бяды

Не спазнала я ў тыя гады!..

Што такое бяздом’е сцюжнае,

Што такое бяссонне мужнае,

Што такое, як есці хочацца,

Што такое, як раны сочацца…

(Е. Лось)

Не суцішыўся боль, перажытае і сёння стукае ў сэрца:

Жвірам аслепіць адчаю вока

Просьба малых да ката: —

Не засыпай зямлёю глыбока,

А то нас не знойдзе тата…

(Р. Барадулін)

Гэта — праўда. Такое не прыдумаеш.

З насельніцтва рэспублікі загінуў кожны чацвёрты. А на Віцебшчыне — там яшчэ больш — кожны трэці! І ўсё ж такі душы людскія не зачарсцвелі, не вычарпалася прага дабра і прыгажосці, прага жыцця, цікавасць да яго шматстайнасці. Перажытае, выпакутаванае навучыла паважаць жыццё, цаніць мір, думаць высокімі маральнымі катэгорыямі дабра і справядлівасці. Гэта перадалося і маладзейшым, падказала лепш, больш свядома вырашаць гуманістычныя задачы, якія стаяць перад грамадствам.

К. Маркс лічыў, што «багаты чалавек — гэта ў той жа час чалавек, які мае патрэбу ва ўсёй паўнаце чалавечых праяў жыцця» Цяпер паўната «праяў жыцця» нашмат павялічылася. У 50-60-я гады ў сферу мастацтва ўваходзяць новыя бакі рэчаіснасці, узбагачаецца канцэпцыя героя. Пазнаваўчыя магчымасці паэзіі аказваюцца неаддзялімымі ад развіцця самога чалавека, звязанага з народам, з яго ідэалогіяй і мараллю. Чалавечая асоба ўбірае ў свой унутраны свет значныя праблемы эпохі і сваё «прыватнае» мысліць у арганічнай сувязі з вялікім светам народнага жыцця.

Паэты, пра якіх мы гаворым, амаль усе пасля заканчэння сярэдняй школы набылі універсітэцкую філалагічную адукацыю, аднак менш за ўсё іх можна было папракнуць у залішняй літаратурнасці. Не, да рэчаіснасці яны ставіліся з тым своеасаблівым жыцейскім «рэалізмам», які з самага дзяцінства абумоўліваў усё іх светаўспрыманне: спачатку жыць, потым пісаць.

Адным з першых заўважыў тагачасных маладых і сардэчна вітаў іх старэйшы пісьменнік Піліп Пестрак: «Гэта, можна сказаць, — пісаў ён, — выйшла на шлях літаратуры новая, свежая плеяда здольных паэтаў. І хоць у іх паэтычных галасах нямала агульнага, аднак кожны так ці інакш мае сваю адметнасць, наметкі ўласнай мастацкай манеры» (Літаратура і мастацтва, 1960, 9 студзеня).

Калыскай маладых талентаў стаў часопіс «Маладосць», які пад кіраўніцтвам П. Панчанкі і іншых пісьменнікаў вёў з імі вялікую выхаваўчую працу, пасылаў у творчыя камандзіроўкі, абмяркоўваў і друкаваў творы.

Маладыя паэты пільна ўслухоўваліся ў шматгалоссе свету. Іх таленты ў многім раскрыліся і ў першых кнігах, некаторыя з якіх з’явіліся ў сярэдзіне і другой палавіне 50-х гадоў, а таксама ў пачатку 60-х. Яны звярнуліся да жывой чалавечай споведзі, у якой асабіста перажытае аб’ядналася з грамадскім вопытам, прыпалі да жывой «ракі па імені факт». У іх творчасці рэзка ўзрасла павага да факта, дакладнасці, праўды і разнастайнасці жыцця, узятага як мага паўней, у шматмернасці грамадскіх сувязей. Моладзь плённа развівала сацыяльна актыўны верш, У сваёй паэме-рэпартажы «Будні салігорскія» У. Нядзведскі задзірыста пісаў:

Я шчыра кажу: не першы,

Не першы і не апошні

Налез я, сябры, па вершы

У пыл і ў пясок дарожны.

На заводзе, на будоўлі, у цалінным стэпе паэзія адчувала сябе як дома, — паэты паспявалі, здаецца, усюды. Грамадзянская смеласць іх праявілася ў тым, што яны рашуча шукалі і ставілі пытанні нялёгкія, вострыя, складаныя, пытанні, адказы на якія не заўсёды былі запраграміраваны. Асабісты, індывідуальны пачатак у паэзіі многіх з іх вызначыўся вельмі ярка і выразна.

У другой палавіне 60-х гадоў гэта пакаленне разам з усёй літаратурай ідзе ўглыб, пачынае шырока звяртацца да каштоўнасцей народнага быцця. У іх — у любві да працы і міру, адзінстве чалавека і прыроды, у імкненні рабіць дабро — яно шукае процівагу ідэалогіі «атамнай смерці», разбуральным сілам імперыялістычнай рэакцыі, капіталістычнаму адчужэнню асобы.

Галоўнае ў савецкай рэчаіснасці гэтага перыяду склаў бурны рост народнай актыўнасці, прыліў творчых сіл, які ўзмацніў адчуванне глыбокіх зрухаў у грамадскай вытворчасці, навуцы, мастацтве, уяўленнях аб сусвеце і месцы чалавека ў ім. Час велічных сацыяльных і палітычных зрухаў супаў з паласой капітальных навуковых адкрыццяў, з векам атамнай энергіі і асваення космасу. Па ўсім было відаць, што ўзрастала роля суб’ектыўнага фактару — актыўнасці людзей, іх стваральнай дзейнасці. Перадавыя імкненні ўсяго грамадства дыялектычна ўзаемадзейнічаюць з асабістай ініцыятывай людзей, якая апладняе агульны рух.

У паэзіі праламляўся сам час.

А гэта быў час аднаўлення і развіцця ленінскіх дэмакратычных норм жыцця, рэзкага абнаўлення духоўнага, маральнага «клімату» савецкага грамадства, росту яго самасвядомасці, пачуцця адказнасці, гуманізму. Чалавек спраўджваў свае індывідуальныя магчымасці ва ўсіх галінах сацыяльна-грамадскага жыцця — эканоміцы, палітыцы, культуры і мастацтве.

«Прыйшоў час вершаў», — так называецца адзін з артыкулаў у альманаху «День поэзии», які выйшаў у 1956 годзе ў Маскве.

Янка Непачаловіч тонка адчуў:

Я рад, што змоўклі оды —

Апрыкрылі яны:

Дзе оды, там заўсёды

Ёсць месца для маны…

Вершы выйшлі на плошчы і паркі, у людныя аўдыторыі клубаў і тэатраў. Лірыка аб’ядналася з «шершавым языком плаката». Гэты час называюць «парой эстрады» (канец 50-х — пачатак 60-х гадоў). У меншай ступені эстрада закранула беларускую паэзію. Але і тут узмацнілася, так сказаць, персанальная цікавасць чытачоў да асобы паэта, які часта дапаўняў сілу сваіх вершаў асабістай чалавечай абаяльнасцю.

У гэтага пакалення быў моцны духоўны кантакт са старэйшымі паэтамі — П. Броўкам, А. Куляшовым, М. Танкам, П. Панчанкам, А. Вялюгіным і іншымі, не гаворачы ўжо пра Купалу і Коласа, без глыбокага ўплыву якіх немагчыма ўявіць працэс маральна-эстэтычнага станаўлення сучаснай беларускай паэзіі. Маладзейшыя перанялі ад Купалы і Коласа пачуццё каранёў, народнасць і дэмакратызм. Яны адчувальна — пад уздзеяннем часу — узбагацілі са цыяльна-эстэтычную аснову беларускай паэзіі, паглыбілі духоўна-псіхалагічную сутнасць лірычнага характару і пашырылі пазнавальную сферу. Крытыка з поўным правам на гэта загаварыла пра інтэлектуальнасць, асацыятыўнасць мыслення, урбанізм, касмічную маштабнасць бачання.

Маладыя — гэта ўласціва ўсім — інтэнсіўна аднаўлялі змест і форму паэзіі, яе тэматыку і. праблематыку. Яны свядома ставілі задачу стварэння літаратуры актыўнай думкі, здольнай перадаць інтэлектуальную атмасферу часу, інтэнсіўна аднаўлялі выяўленчую сферу, прыцягваючы дзеля гэтага шмат у чым агульныя прыёмы жывапісу, графікі, музыкі.

Сёння той-сёй скардзіцца на інфантыльнасць цяперашняй маладой паэзіі. Пра маладых пісьменнікаў — «шасцідзесятнікаў», як іх называлі, так нельга было сказаць, але вакол іх творчасці, асабліва на раннім этапе, было шмат гарачых спрэчак. Некаторыя з іх — гэтых спрэчак — мы прыгадваем далей, на наступных старонках, калі гаворка заходзіць пра асаблівасці творчага станаўлення і развіцця мастацкіх індывідуальнасцей нашых «шасцідзесятнікаў». Значнасць укладу іх у літаратуру ні ў кога не выклікае сумнення.

Зварот да карэнных, вузлавых пытанняў сучаснасці ва ўсёй іх складанасці і ўзаемасувязі ставіў перад паэтамі высокія патрабаванні, пашыраў ідэйна-стылявыя магчымасці верша, прымушаў часцей адмаўляцца ад інфармацыйнасці, апісальнасці ў карысць мастацкай выразнасці, лірычнага самавыяўлення. «Высокі стыль», які ў пачатку 50-х гадоў пераважаў, адступае на задні план, даючы месца больш натуральнаму сінтаксісу, размоўнай інтанацыі, разнастайнасці гукавых асацыяцый. Праз нарысавасць, дзённікавасць, «непрычасанасць» стылю, фармальна-мастацкае наватарства паэзія шукала выйсцяў да іншага светаадчування і творчага стану.

Героя беларускай паэзіі на ўзмежжы 50-60-х гадоў цяжка было папракнуць у ідылічнасці светаўспрымання. Паэзія шырока выяўляла яго «суб’ектыўны», «асабовы» падыход да складаных з’яў рэчаіснасці.

Сур’ёзная заслуга паэзіі адзначанага перыяду — паглыбленне яе лірыка-публіцыстычнага гучання, у якім індывідуальнае, асабістае спалучаецца з шырынёй грамадзянскага гучання твора. Гэта вынікае з таго, што паэзія ўзяла накірунак у глыбіню сацыяльнай і маральнай праблематыкі, псіхалогіі, побыту.

Словам, паэзія ўзбагачала сваю эмацыянальную палітру. Сам час стымуляваў шырокі размах паэтычных пошукаў. Адбывалася тое, пра што пісаў некалі І. Бэхер:

«Новы герой, які думае і адчувае, паступова пачынае звяртацца да палітычных і маральных праблем сучаснасці — і вось адраджаецца і абагульняецца жанр філасофскай, інтэлектуальнай, грамадзянскай лірыкі. Новы лірычны герой можа быць іранічны, насмешлівы — і вось вам умова для адраджэння гумару ў паэзіі. Ён можа быць рэзкі і бязлітасны — і вось вам уздым сатыры. Ён вольны ў выражэнні сваіх любоўных пачуццяў — і вось вам росквіт любоўнай лірыкі. Ён не хавае свайго захаплення прыгажосцю прыроды — вы бачыце ажыўленне пейзажнай лірыкі і г. д. Для яго няма забаронных сфер».

Мы былі сведкамі, як плённа развівалася паэзія — палітычная, філасофская, інтымная, пейзажная…

Рэдкая рэцэнзія абыходзілася без заахвочвальных заўваг (калі былі на тое падставы): паэт імкнецца быць арыгінальным, мець свой почырк, гаварыць па-свойму, заставацца самім сабой.

Не абыходзілася, вядома, без некаторых экстравагантных крайнасцей, залішняга суб’ектывізму, супярэчнасцей. Але час усё паставіў на сваё месца, узмацніў у іх творчасці цвярозую рэалістычнасць светаўспрыняцця, адказнасць, паглыбіў унутраную змястоўнасць творчых індывідуальнасцей.

Блажен, кто смолоду был молод.

Блажен, кто вовремя созрел.

Мудрую думку Пушкіна ўспамінаеш, гартаючы творы паэтаў гэтага сярэдняга пакалення, назіраючы за тым, як выспявалі іх таленты, якімі яны сталі сёння дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў агромністай стваральнай дзейнасці савецкага народа. На іх вачах адбываюцца вялікія сацыяльна-рэвалюцыйныя пераўтварэнні на планеце, іх хвалюе ўсё.

Свет адкрываецца ва ўсёй сваёй складанасці і маральнай глыбіні, выклікаючы пачуццё саўдзелу і суперажывання. Адточваецца аналітычная думка:

Я — камуніст.

І не люблю хавацца.

Ды я прыйшоў пад Ільічовы сцяг

Не для таго,

             каб глухнуць ад авацый —

Каб несці рэвалюцыі працяг.

А на шляху да светлых камяніц

Яшчэ чакаюць чорнай працы горы…

(Г. Бураўкін)

Паэзія, знаходзячыся ў пастаянным пошуку, адкрывае ў народзе новыя духоўныя рэсурсы. Абавязак крытыкі — паказаць ідэйна-мастацкую адметнасць і непаўторнасць кожнага з удзельнікаў гэтага пошуку.

У час працы над гэтымі нарысамі мяне не пакідала думка, што мы мала ведаем сваіх паэтаў, што пра іх варта больш пісаць, прапагандаваць іх творчасць. Аднак, вядома, расказаць пра ўсіх — у адной кнізе — немагчыма. На першы раз мы спыніліся на тых, пра каго ўжо даводзілася, у той ці іншай сувязі, пісаць у перыядычным друку, гаварыць, выступаючы па радыё і тэлебачанні (ёсць у літаратурнага крытыка і такая трыбуна).

Сягоння гэтыя паэты разам са сваімі старэйшымі таварышамі нясуць «галоўную службу» ў літаратуры. Так, «сталасць» з’яўляецца найбольш прыдатным агульным паняццем для іх ацэнкі, аднак кожны з іх — на працягу апошніх дваццаці, прыкладна, год — ішоў сваёй дарогай.

Тым не менш іх і сёння можна ўявіць ля аднаго вогнішча, што зырка гарыць, асвятляючы твары сяброў…

Кніга адрасавана шырокаму чытачу — перш за ўсё моладзі. Такая акалічнасць вымагала ад аўтара спыняцца не толькі на адметнасці творчага шляху герояў гэтай кнігі — паэтаў, але і раскрываць змест і значэнне некаторых тэрмінаў і паняццяў: лірычны характар і лірычны герой, тып вобраза і верша, сюжэт, стыль і іншае.