Свет паэта (Аляксей Пысін)

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Свет паэта

(Аляксей Пысін)

Гэта была, здавалася б, даволі звычайная сустрэча некалькіх пісьменнікаў з мінскімі чытачамі. Асаблівы поспех выпаў на долю Аляксея Пысіна, які літаральна паланіў усіх вершамі з новай кнігі «Ёсць на свеце мой алень», — яна тады, у 1978 годзе, толькі што выйшла з друку.

Ні той час, ні той міг не забыты.

Бачу я: на зямную мяжу

Мой камбат апусціўся забіты

І я побач з камбатам ляжу.

Хто там скардзіцца, што ў батальёне

Шмат знямелых штыкоў, мала рук?..

З батальёнам, лічы, нас мільёны —

Так засведчыць бы мог палітрук.

Зала прыціхла, слухаючы пысінскую «Баладу пра камбата», суперажываючы лёсу яе героя.

Лёсаў колькі вайна памалола!..

Чорным снегам сыпнула зіма.

Ні дачушкі, ні сына малога

Ў маладога камбата няма.

І атаку мы зноў адбіваем,

За сябе і за вас пастаім.

Хоць вам, дзеці, якіх уяўляем,

Нарадзіцца, напэўна, не ўсім.

…Ты, журба, як адчутая страта,

Вы, трывогі, адкуль, ад каго? —

А мы — дзеці, мы — дзеці камбата,

Мы — адзіныя дзеці яго.

Аўтар скончыў чытаць, але воплескі пачуліся не адразу: людзі былі душэўна ўзрушаны пачутым, кожны думаў пра нешта сваё, сэрцам дакранаючыся да гераічнага подзвігу паэта і яго равеснікаў.

Думалася пра сілу і моц паэзіі, якая здолела сабраць у адным перажыванні жыццё цэлага пакалення і намаганнямі таленту ўзняць яго на такую вышыню душы!

Лёс паслаў Аляксею Пысіну нялёгкую жыццёвую дарогу. Нарадзіўся 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пра свой жыццёвы «пачатак» ён гаворыць у аўтабіяграфіі, успамінаючы песні, якія хораша спявалі хлопцы і дзяўчаты, і — гэтая дэталь здалася мне вельмі цікавай у дачыненні да яго паэзіі — мноства крынічак у ваколіцах роднай вёскі Высокі Борак: «Ці ты ў лузе, ці на папасе — усюды знойдзеш паблізу крынічку. То яна трапеча ў замшэлым пазелянелым зрубе, то струменіць адкуль-небудзь з-пад горкі ці проста ўзнікае там, дзе конь капытом ступіў».

З адной з іх і пачалася ручаіна паэзіі Аляксея Пысіна, плынь якая з цягам часу ўсё больш мацнела.

Пісаць ён пачаў яшчэ да вайны, калі вучыўся ў вясковай школе, а затым — у канцы 30-х гадоў — у Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С. М. Кірава ў Мінску. Першы верш быў надрукаваны ў газеце «Чырвоная змена» ў 1938 годзе. Аднак першая кніга — «Наш дзень» — выйшла толькі ў 1951 г. Тыя вучнёўскія вершы ў яе не трапілі, а ўвайшлі творы, напісаныя пасля вайны. Па іх відаць было, як знудзіліся рукі былога воіна па мірнай стваральнай працы — сеяць, жаць, будаваць. Праўда, нельга сказаць, каб вершы яго вызначаліся нейкімі асаблівымі эстэтычнымі якасцямі. Паэзія Пысіна была вельмі прадметнай: аўтар браў нейкі факт, дэталь, рэч — жолуд, серп, крэмень — і праз іх апісанне ішоў да мастацкага абагульнення рэчаіснасці. Гэтым вершам («Шлях Гастэлы», «Крэмень», «Медаль», «Летапіс» і інш.) нельга адмовіць у паэтычнасці, аднак яны недастаткова (не ў меру магчымасцей аўтара) судакраналіся з жыццём і з душэўным светам аўтара. Адсюль — некаторы недахоп унутранай праўдзівасці, пагроза штучнасці (скажам, там, дзе ён прапануе Млечны Шлях назваць шляхам Гастэлы, каб такім чынам увекавечыць подзвіг героя), фактаграфічнасці («Наш дзень»), інфармацыйнасці («Крэмень») і г. д. Стваралася ўражанне, што паэт выступаў не столькі ад сябе, ад сваёй асобы, колькі ад нейкага празмерна абагульненага, абстрактнага «я», пазбаўленага так неабходных у паэзіі жывых, непаўторных рыс.

Падобныя недахопы ў нейкай меры былі ўласцівы і наступным яго зборнікам — «Сіні ранак» (1959) і «Сонечная паводка» (1962). Разам з тым яны сведчылі пра накапленне ў творчасці паэта новых якасцей. В. Тарас трапна пісаў пра «Сонечную паводку»:

«А. Пысін вельмі арганічна звязаны з навакольным светам, з роднай прыродай; ён проста і шчыра размаўляе і з лесам, і з вавёркай, і з чайкай… Яго паэзію можна параўнаць „з ціхай крыніцай, што бруіцца ў зялёнай дуброве“. Каля такой крыніцы міжволі цяплее голас, залішне гучнае слова становіцца ненатуральным, светлы сум уваходзіць у сэрца» (Полымя, 1962, № 7, с. 181).

Добрых вершаў з’яўлялася ўсё больш: «***Сок бяроз і начлежны дымок», «Ручнікі», «Рэха», «Рабіны», «Сланечнік» — у гэтых і іншых творах знайшлі адлюстраванне дабрата паэта, любоў да жыцця і чалавека-працаўніка. Яны сведчылі, што яго мастацкае станаўленне працягвалася. А некаторыя вершы прадвяшчалі будучага Пысіна.

Перад фатографам жанчына

Хавае рукі пад фартук,

Нібы ёсць нейкая прычына

Саромецца ўласных рук.

Фатограф і суседкі раяць:

— Без фартука лепш зняць бы Вас…

Але не ведае старая,

Што ў рукі ўзяць на гэты час.

Палола лён… Снапы вязала…

Дзяцей люляла па начах…

 Часіны не гэткае не знала,

Каб не трымаць чаго ў руках.

Паглядзіце, які праўдзівы, філасофска насычаны (гаворка ідзе пра сэнс жыцця) партрэт вясковай жанчыны намаляваны тут. Жанчыны-маці, жанчыны-працаўніцы… За гэтым партрэтам бачны другі — партрэт лірычнага героя, ці самога паэта, — разумнага, добрага, чалавечнага.

Дарэчы, пра лірычнага героя Лірычны герой перш за ўсё мае адносіны да паэзіі, асабліва да лірычнай паэзіі. За ім стаіць постаць паэта, яго душэўны стан, перажыванні, выкліканыя той ці іншай жыццёвай сітуацыяй. Верш «***Перад фатографам жанчына…» можна разглядаць як праяўленне лірычнага героя паэта, чыё ўнутранае жыццё ўсё мацней зрасталася з быццём народным.

Верш быў напісаны ў 1958 годзе. Тады, на ўзмежжы 50-60-х гадоў, у паэзіі Пысіна ўсё больш заўважалася прыкмет новага. Прыходзіць цвёрдае разуменне, што ісціны, якія ён, так сказаць, абараняе ў сваіх вершах, павінны быць перажыты ім асабіста, а не ўзяты, як кажуць, напракат або пазычаны ў некага і толькі загорнуты ў прыгожую ўпакоўку.

У тым жа 1958 годзе ён надрукаваў вядомы свой верш «Вузел», надаўшы яму ў пэўным сэнсе праграмнае значэнне.

Не ведаю, якім вузлом

Навекі я прывязак

Да старых сосен за сялом,

Да яблынь, груш і вязаў;

Да кладак гладкіх,

Валуноў,

Да траў, жытоў на ўзлесках,

Да партызанскіх курганоў

І помнікаў гвардзейскіх…

Адно я знаю: гэткі меч

На свеце не скуецца,

Каб мог ён вузел мой рассеч,

Не закрануўшы сэрца.

Гэта быў час, калі перабудоўвалася, набліжаючыся да рэчаіснасці, творчая пазіцыя паэта, калі яго лірычнае «я» ўсё паўней убірала ў сябе галасы самога жыцця, бясконца разнастайнага і зменлівага. Гэта вяло да ўзбагачэння асобы. Таму што ўнутранае багацце асобы зыходзіць з багацця яе рэальных сувязей. Літаратура імкнецца да больш канкрэтнага і больш праўдзівага даследавання пачуццяў чалавека, за якімі стаяць яго грамадскія сувязі.

У «Сінім ранку», здаецца, упершыню далёкім рэхам адгукнулася ваенная біяграфія паэта: «Мы маладосцю баранілі усё, ў што верылі, любілі». Пра вайну, пра страты нагадваюць яму рабіны на палявым узмежку — «Нібы кагосьці з далёкіх пуцявін чакаюць на сваім парозе». У «Сонечнай паводцы» гэты матыў узмацняецца:

Ляглі сябры ва ўсім паходным,

Гарматы сціхлі. Цішыня.

Што сніцца ім пад небам родным

На досвітку, ў пачатку дня?

Над імі жаўранак цвіркоча,

Трапеча, долу дастае.

Нібы падняць забітых хоча,

Ды толькі сілы не стае.

Свет, жыццё ўсё шырэй адкрываюць перад паэтам сваю прыгажосць і патрабуюць ад яго чалавечнасці.

Я пазнаю цябе, зямля,

Па тым, як пласт кладзецца,

Як пахне свежая ралля,

Па тым, як колас гнецца,

Па тым, як сэрца б’ецца.

Імкненне да адлюстравання праўды жыцця ў яе шырэйшым і глыбейшым аб’ёме вяло да больш поўнага выяўлення асобы паэта, якой яна ёсць, у багацці перажытага. У вершах часцей знаходзім «кардыяграму лёсу», згустак біяграфіі паэта, перажытае ім, сваё. «Са мной душа і мова матчына і песня вечная яе».

Ва ўсёй савецкай паэзіі ў гэты час — на пачатку 60-х гадоў — узрасла цана на талент гаварыць «ад сябе» пра сацыяльна-агульнае, уключаючы яго ў сферу сваіх перажыванняў, на ўменне ператвараць «пазаасабовыя» каштоўнасці ў асабовыя. І тое, што ў пысінскай паэзіі 60-х гадоў пабольшала ўнутранай думкі, гарачай «суб’ектыўнасці» ў яе сапраўдным, творчым сэнсе, азначала, што працэс станаўлення і ўмацавання яго мастацкай індывідуальнасці пайшоў шпаркімі тэмпамі. Паэт больш уважліва і паслядоўна звярнуўся да ўласнага вопыту, падзей і фактаў сваёй біяграфіі.

У 1965 годзе выйшла кніга яго вершаў «Мае мерыдыяны», якая паказала, што асноўнае, вызначальнае ў жыццёвым і духоўным вопыце паэта — вайна, у якой яму давялося ўдзельнічаць і пра якую ён шмат піша: «Дні мае — маўклівыя сапёры — ўсё ідуць яшчэ з вайны». Аўтар прайшоў вайну ад першага да апошняга дня, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. У свеце паэта навекі засталіся і тыя Падгор’і, Селішчы, Вусці, Баркі, што трапляліся яму на франтавых дарогах. Якраз у сферы гэтай тэмы лірыка паэта вельмі моцна і натуральна спалучаецца з усёй яго асабістасцю: «Мне пажары, пажары ўсё сняцца, я баюся аслепнуць ад іх».

Пяць патронаў у абойме,

Пяць патронаў.

Падымаемся у бой мы

Ў полі роўным.

У патроне кожным — куля,

Дзевяць грамаў.

Не чакай, мая матуля,

Тэлеграмы.

Ні з санбата палявога,

Ні з пагоста,

Ходзіць ціха (бо дарога!..)

Наша пошта…

Гэта была сапраўдная паэзія, вельмі праўдзівая паводле перажыванняў яе героя — салдата. Трагічнасць яго лёсу («Не чакай, мая матуля, тэлеграмы») падмацавана гістарычнай сувяззю з матывамі старадаўняй песні-скаргі воіна. Талент паэта, яго незвычайная лірычнасць асабліва поўна і свабодна раскрыліся на другім этапе творчасці. Менавіта ў гэты час яго паэзія прыйшла ў найбольшую ўзгодненасць і суадпаведнасць з глыбіннай сутнасцю яго характару, з яго чэснасцю і сумленнем: «Бо незваротныя ёсць страты, і сам я ў чымсьці вінават». Не дзіўна таму, што ў «Маіх мерыдыянах» паэт звярнуўся пераважна да ваеннай тэмы, звязанай з галоўным у яго біяграфіі. Кранаў ён гэту тэму і раней, але вершы пра вайну аказаліся непараўнальна вышэйшыя па ўзроўню і глыбіні паэтычнай думкі, па эмацыянальным напале і мастакоўскай дакладнасці.

Пра А. Пысіна шмат пісалі.

Р. Бярозкін і У. Калеснік адзначалі «дзве сілавыя трасы» яго паэзіі: «адна бярэ пачатак у барознах на родным полі, другая — у акопах і траншэях мінулай вайны» (Літаратура і мастацтва, 1967, 28 ліпеня). Гэтыя трасы — дзве грані духоўнага вопыту паэта.

Межы часавых паняццяў для яго паступова рассоўваюцца: мінулае становіцца такім жа творчым фактарам яго паэзіі, як і сучаснасць. Паэт вельмі востра адчувае дыялектычную еднасць традыцыйнага і наватарскага, сучаснага і вечнага ў жыцці. Гэта — адна з галоўных праблем яго лірычнага роздуму. У маральным, духоўным плане для яго няма падзелу лсыцця, часу на цяперашняе і мінулае: «са мною ўсё, што не сплыве ніколі». Адсюль, думаецца, такія, на першы погляд, можа, нават і дзіўныя адчуванні: «Не знаю — многа альбо мала ў сваім стагоддзі я пражыў». З другога боку, усё перажытае «належыць на свеце не мне аднаму». Вечнае — усё тое добрае, што зрабіў ты для людзей, што пакідаеш ім у спадчыну. У гэтым няма нічога дзіўнага: гісторыя для нашага сучасніка — не забытае мінулае, а звяно ў бесперапынным працэсе жыцця, вопыт, які моцна ўплывае на сучаснасць. У лірычным роздуме паэта перш за ўсё знаходзім выразнае адчуванне рэальнай праблематыкі сучаснага жыцця ў багацці яго новых асаблівасцей і прыкмет, уменне адлюстраваць іх глыбока, непаўторна ў сваім ракурсе бачання.

Гэта адчуванне хвалюе нас у вершы «Станцыя Гушчына». Праз станцыю Гушчына праходзіла некалі лінія фронту, паэт успамінае замецены снегам бліндаж, ваенны лёс сяброў, жывым з якіх, магчыма, астаўся ён адзін. Тыя, хто едзе з ім у поездзе праз Гушчына сёння, — моладзь — «песні юныя і смех».

Вы, песні юныя і смех,

Былі тады зямлёй і снегам,

Кастром салдацкім пры сасне.

І мы на гэтым кіламетры,

Ля камялёў і ля жарствы,

Пазнаць імкнуліся прыкметы,

Угадвалі — якія вы?

Сучаснае вырастае з мінулага; усё гэта месціцца ў сэрцы паэта.

Творы А. Пысіна ўсё больш прывабліваюць сваёй духоўнай актыўнасцю. У «Маіх мерыдыянах» і ў наступнай кнізе «Твае далоні» (1967) асабліва выразна праступае маральна-філасофская канцэпцыя жыцця. Аўтар бачыць сваю задачу ў тым, каб злучыць мінулае і цяперашняе ў адзін тугі вузел, у якім чалавек — звяно з ланцуга пераемнасці пакаленняў: «Шукаюць рукі тых зярнят, каб нас таксама дзесь пачулі». Паводле яго паэтычнай філасофіі, жыццё чалавека не канчаецца з яго смерцю. Пры дарозе, на тым месцы, дзе загінулі салдаты, узышлі чырвоныя кветкі Іван-чая:

Узышлі травой і гарыцветам,

Узышлі на радасць ці жальбу?

Вунь стаіць Іван па-над кюветам.

Галавой ківае: «Вось жыву.

Не здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны.

Восем куль было — крывёю сцёк.

Скора восень. Каркаюць вароны.

Жоўты каля ног маіх лісток.

Хочаш, пачастую нашым чаем,

Я ж цяпер навекі вадахлёб».

Не, Іване, з чаем — пачакаем,

Закурыць не лішняе было б.

Мы цыгарку скруцім па-былому,

Пусцім шызы дым на правады;

Першая зацяжка — мне, жывому,

Бо занадта ў сэрцы гаркаты…

Чырвань, чырвань — колер праваты.

Салдат прарос кветкай. Пачатак узнаўлення дабрыні, маральных каштоўнасцей закладзены ў самой прыродзе. Такім чынам, гэты верш — «Іван-чай» — не толькі пра вайну. «Салдацкая правата — правата сучаснасці,— гаварыў паэт. — Правата дружбы і кахання, трывог і летуценняў, высокіх ідэалаў. Правата роздуму аб вечных катэгорыях. Кожная з’ява ў жыцці мае тры вымярэнні: мінулае, сучаснае, будучае…» Сэрца паэта ахоплена трывогай за стан свету: ён баіцца, каб не распалася сувязь часаў, каб не паўтарылася трагедыя веку — вайна, бо гэта азначала б смерць, канец свету. Такую думку прачытваем у вершы пра Раберціна Ларэці, чый дзіўны голас скалануў і прымусіў здзівіцца ўсю планету. Каб перадаць напружанасць сітуацыі, аўтар звяртаецца да парадаксальнасці:

Маці-планета войкнула,—

Што нарабіла?

Маці-планету палохае

Уласнае дзіва.

Боязна ёй становіцца:

Так звонка спявае хлапчук італьянскі,

Што могуць атамныя бомбы

Узарвацца ад дэтанацыі.

Адказнасць за сучаснасць, якая сінтэзавана ў сабе, і мінулае («Мінулае належыць нам так, як і будучыня», — заўважыў неяк паэт), — арганічная для характару лірычнага героя, які не аддзяляе сябе ад народа, жыве з ім адным жыццём. Такое разуменне адказнасці шырока раскрывае творчыя магчымасці паэта, узнімае яго гуманізм на ступень сацыялістычнага гуманізму, аптымістычнага па сваёй сутнасці. Свет убачанага і перажытага, тое, што стала аўтарскім вопытам, цікава і своеасабліва пераламляецца ў вершах паэта. І калі мы гаворым, што Пысін з цягам часу ўсё больш пераносіць сваю ўвагу на асобу, на індывідуальную псіхалогію, то гэта зусім не значыць, што яна ў нейкай ступені абыходзіць гістарычныя паняцці і грамадскія рамкі. Наадварот, большая ўвага яго да чалавечай асобы, да індывідуальных лёсаў (у тым ліку да свайго) мае гістарычную падсветку. У свой час, працуючы над новымі раманамі «Палескай хронікі», І. Мележ дамагаўся «паказаць праз асабістае страсць эпохі». Менавіта так асвойвае складанае пачуццё гісторыі паэзія Пысіна: мінулае гаворыць голасам лірычнага героя, чый лёс блізкі лёсу самога паэта. І сябе самога ён адчувае не інакш, як сувязным паміж былым і наступным. Адсюль і вострая памяць на пражытае, і ўпэўненасць, што лепш за яго аб перажытым ніхто не раскажа. Паэзія Пысіна, уласна кажучы, і ёсць мастацкае ўвасабленне гэтай адказнасці. У яго шмат вершаў, якія хочацца запомніць, зрабіць сваім душэўным набыткам. Вось як, напрыклад, гэты шырокавядомы шэдэўр яго лірыкі:

Забыта многа ў жыцці,

З дарог змецена і змыта.

Мне ў жыта хочацца ўвайсці,

Мне вечнасцю здаецца жыта.

Вазьму шурпаты каласок

На чуйным провадзе саломы —

І адзавецца мне здалёк

Мой продак — сейбіт незнаёмы;

Жней невядомых галасы

Ўсплывуць над постаццю сухою.

Раскалыханы каласы

Густой паўдзённаю смугою.

Тут даспявае пад смугой

Зліццё надзей, жаданняў сумесь.

Гудзе жытнёвы провад мой —

Часоў былых і новых сувязь.

І даспявае далягляд

У трапяткім мембранным гуле.

Шукаюць рукі тых зярнят,

Каб нас таксама дзесь пачулі.

Залатая нітка гісторыі — той провад, які аб’ядноўвае, родніць нас з продкамі нашымі, каму мы больш абавязаны, чым часам думаем. Бацькам, продкам мы абавязаны і тым, што карыстаемся створанай імі мовай. Паэт перапоўнены сыноўняй удзячнасці «маці — словатворчы». Ён цесна звязаны са сваім, родным. Вось радкі пра сад:

Быў я нягодамі сечаны —

Яблыкі шрамамі мечаны.

Усё, з чым душа сутыкнулася,

У садзе, напэўна, адчулася.

Так можна сказаць і пра сад, і пра радзіму — вялікую і малую. І гэтую сувязь паэт, у сваю чаргу, завяшчае нашчадкам: «яблык ад яблыні коціцца ў руку таму, хто народзіцца». Асоба змяшчае ў сабе гісторыю як працэс, як пераемнасць эпох, як сувязь часоў. «З-пад пліт, з-пад дрэў гусцей сышліся цені; даўно не грэліся каля кастра». На гэтым будуецца канцэпцыя паэта (не так часта даводзіцца гаварыць пра канцэпцыю ў дачыненні да лірыкі). Яго погляд разгорнуты ў мінулае і ў будучыню: «Дальнія нашчадкі! Я гляджу — вашых прадзедаў нясуць у яслі». Пра дзіцёнка ён гаворыць, што гэта нітачка, якая вядзе ў будучыню.

З гэтым, нам здаецца, і звязана тое новае, чым ён узбагаціў сучасную беларускую паэзію.

Імкненне да дакладнасці пачуцця адбіваецца ў мове. Слова паэта становіцца «плынным» (выраз Л. М. Талстога): «цені неданесеных штыхоў», «густая медзь з галін сцякае», «бярозавае святло» ці, яшчэ больш нечакана, — «сухое святло». У яго з’яўляецца такое, скажам, параўнанне: «Ідуць наўпрост мінуты і секунды, як сотні радавых на маршы дня». У другім выпадку: «Куды спяшаюцца дажджоў калоны, не зведаўшы дарог і перапраў?» Засяроджанасць на былым не азначае ні тэматычнай вузкасці, ні адсутнасці, як мы ўжо казалі, сувязі з сучаснасцю. Наадварот, яго паэзія актыўна фарміруе светапогляд сучасніка:

І даспела песня,

                        і праліта

На зямлю,

               на маладое жыта.

І душа адчула:

                     лёс нас песціць,

Пакуль песня — ў хлебе,

                                  хлеб — у песні.

Асацыятыўны свет паэта шырокі, ён глыбока карэніцца ў роднай зямлі і звязаны з сённяшнім днём. Але мерка ваеннага часу — калі справа ідзе пра чалавечае сумленне — застаецца. Вайна са сваім трагізмам і героікай, драматызмам і самаахвярнасцю фармавала жыццеўспрыняцце паэта і шмат у чым вызначыла яго погляд на рэчы. Яго лірычны характар — характар гераічны, бескампрамісны, гатовы на самаахвяраванне ў імя людзей і ясыцця. А. Пысін быў вельмі патрабавальны да тых, хто піша пра вайну. Вайна, заўважае ён, увайшла ў беларускую паэзію «палатамі мінёраў», «бязбацькавічамі», спляценнем жахлівых, трагічных сітуацый. Пра яе нельга пісаць «з лёгкасцю», як гэта робяць некаторыя. Яго вершы даносяць да нас франтоў «няроўнае дыханне», драматызм і героіку салдацкіх лёсаў, як, напрыклад, у вершы пра лётчыка, які не дацягнуў да сваіх і згарэў у сорак першым «на жалезным кастры самалёта». Згарэў, загінуў, застаўся, можна сказаць, невядомым… І паэт намаганнем душы і памяці ўваскрашае ягоны подзвіг, перадае нашчадкам грамадзянскую самаахвярнасць і боль страты…

А. Пысін, як, мабыць, ніхто з яго калег — сучасных паэтаў, умеў выключна праўдзіва і дакладна маляваць ваенныя будні. Адзін з лепшых на гэту тэму — верш «Асвейскія ручнікі». Пярэдні край, ірвуцца варожыя снарады…

І выбухі ўстаюць бязліста,

Як марсіянскія кусты.

На тых кустах — кара зямная,

Цагліны, трэскі, сашнікі.

На тых кустах — бель ільняная:

У чырвоных пеўнях ручнікі.

Адкуль тут вышытыя ручнікі? Мо гэта толькі паэтычная метафара? Не, так было ў жыцці:

Байцоў на фронт паслалі сёлы,

І — закапалі сундукі:

Свой добры хлеб, гасціннасць солі

І вышытыя ручнікі.

І далей:

Таму чужынец азвярэлы

Снарады ўвінчвае ў пласты,

І выбухі ўстаюць, як дрэвы,

Як марсіянскія кусты.

Вайна — супраць прыгажосці, гасціннасці, хлеба і працы. Вайна — трагедыя чалавецтва — і пра гэта нельга забываць.

Паэзія А. Пысіна вызначаецца пільнай увагай да чалавека, да яго боляў, клопатаў, трывог. У адным з вершаў ён прыгадвае, як байцы, вярнуўшыся з вайны, аддавалі маткам бушлаты: «У зялёным, нібыта салдаты, і касілі, і жалі яны». Але не ўсе дачакаліся сваіх бушлатаў:

Хоць бы цёплы бушлат той прымераць

Пасля ўсіх халадоў і трывог.

І сягоння яны яшчэ вераць,

Не спяшаюцца рана вячэраць,

Усё з надзеяй глядзяць на парог…

Нярэдка карыстаючыся бытавым матэрыялам, паэт заўсёды ўзнімаецца над бытам: думка А. Пысіна духоўна ёмістая. Р. Бярозкін цікава пісаў пра яго ў сувязі з творчасцю савецкіх паэтаў ваеннага пакалення, — у прыватнасці, С. Арлова:

«У Сяргея Арлова ёсць шырокавядомы верш пра салдата: „Положен парень в шар земной, как будто в мавзолей…“ Пойдзем за дзёрзкай, неардынарнай вобразнай логікай Пысіна: ён доўга чакаў, каб і гэты салдат, і многія, многія іншыя пакінулі, як яно скрозь бывае ў класічных баладах, свае „маўзалеі“-магілы і ў задымленых шынялях, пры ўсім рыштунку і зброі, нават з паходнай кухняй у „ар’ергардзе“, не раз і не два абагнулі зямлю.

І каб мы, жывыя, змаглі іх непамерную мужнасць, пакуты і мары разгледзець ужо не так, як раней (равы, варонкі, бліндажы) — ва ўсім аб’ёме, у супрацьстаянні і раўнавазе „структурных“ сіл і элементаў свету, як фактар ледзь не касмічны» (у кнізе: Аляксей Пысін. Выбраныя творы ў двух тамах, т. І, с. 7–8).

Загінуўшыя працягваюць стаяць на варце міру, на варце будучыні. Абавязак перад імі і любоў да жывых мыслілася Аляксеем Пысіным як адно непадзельнае цэлае. Ён быў упэўнены, што тыя, каго сягоння ўжо няма з намі, узмацняюць нашу маральную адказнасць. «Усё прымаю, усё цаню па праву пабрацімства мёртвых і жывых», — гаварыў ён у адным з вершаў. І гэта не проста звонкія словы, а важная грань светаўспрымання паэта, праяўленне яго душэўнай актыўнасці.

У нарысе «Вышыня майго камбата», прысвечаным любімаму камандзіру, капітану М. С. Гальпіну, што здзейсніў подзвіг пры ўзяцці вышыні і загінуў смерцю героя, ён пісаў: «Тры дзесяцігоддзі мінула з часу майго апошняга развітання з камбатам. А ён жыве ў памяці маёй. Бачу капітана Гальпіна, бачу вышыню капітана Гальпіна, якую мы, яго радавыя, можам лічыць і сваёй. Зноў іду да гэтай вышыні.

Вайна тады рушыла далей, за вышыню, і туды ж пайшла наша перамога. Там — дзесьці за вышынёй — усё наступнае наша жыццё, усё, што намі зроблена, створана, праспявана, ды і самі мы, сённяшнія. І ёсць патрэба яшчэ і яшчэ раз узысці на гэтую вышыню; з яе лепей бачыцца наша мінулае і наша будучае» («Маладосць», 1974, № 6, с. 167).

Маральная патрабавальнасць і духоўнае багацце вельмі ўласцівы кнізе Аляксея Пысіна «Да людзей ідучы» (1972).

Чэснасць і сумленнасць ён заўсёды быў гатоў вымяраць меркай ваеннага часу.

Праўдзівы бой вядзе сумленне,

Ваюе сэрца не без страт.

І можа, ў гэтым абнаўленне

Ўсіх подзвігаў, былы салдат!

Вастрыня маральнага стаўлення да жыцця спараджае і вечную незадаволенасць самім сабою: «крычу, здаецца, а маўчу; спяшаюся, — а ўсё на месцы, раблю не тое, што хачу, і не магу бяду адвесці», «самых блізкіх дакараю, са зласліўцамі міруся». Вайна для Пысіна не толькі і сёння вызначае маральна-этычныя нормы, але і абумоўлівае патрабаванні да паэтычнага слова: «У бой не бралі халастых патронаў. Рознакаляровыя ўспышкі франтавых ракет былі патрэбны для баявых сігналаў…»

Лірычнае «я» не патрабуе ад паэта, каб ён абавязкова абапіраўся на дакументальна-дакладныя, анкетныя падрабязнасці сваёй біяграфіі. Унутранае жыццё паэта ці яго героя нярэдка знаходзіць выяўленне ў фактах па-забіяграфічных, якія, аднак, садзейнічаюць стварэнню цэласнага вобраза. Тут вельмі важная маральная факусіроўка. Справа ў тым, што для паэта-лірыка «расказаць» абавязкова азначае «спазнаць самому», гэта значыць, перажыць. Гэтага правіла цвёрда трымаўся А. Пысін, і на гэтай аснове павялічвалася духоўная ёмістасць яго лірыкі.

«Паэт адной тэмы» — сказала пра яго беларуская крытыка (Ф. Яфімаў). Тут ёсць, вядома, перабольшанне, але, калі тэму разумець як усёабдымную ўнутраную ідэю (а ў Пысіна яна праяўляецца глыбока знутры), то з крытыкай спрачацца не даводзіцца. Пысіну сапраўды падуладны самыя тонкія адценні душэўнага стану і самаадчування асобы.

Рэзкае ўзмацненне ідэйнай і мастацкай ролі аўтарскага «я» прыводзіла да таго, што нярэдка асабісты лёс мастака станавіўся «сюжэтам» твора. І ў фарміраванні сюжэта дзейсны ўдзел бярэ пачуццё, перажыванне.

…А ў той варонцы верас, верас,

Дымяцца сны на тых гадах,

Жыве затоеная вернасць

Сержантам — маршалам атак.

Ёсць майстры славы — прычасацца,

Мне ж з пасівелай галавой —

Мінулым сёння прычашчацца

І жыць надзеяю сваёй.

Тут спалучыліся ў адно і лёс і адказнасць нашага старэйшага сучасніка. Вось тут якраз і можна гаварыць пра наяўнасць у паэта яго ўнутранай тэмы. Нездарма пра паэзію Пысіна гавораць, што яна — на ўзроўні чалавечых паводзін.

Зборніку вершаў «Ёсць на свеце мой алень» (1978) суджана было стаць апошняй прыжыццёвай кнігай паэта. Зборнік «Палёт» выйшаў пасля яго смерці — у 1982-м.

Бываюць вершы празрыстыя, як тая рачулка, у якой адразу бачыш дно і можаш нават палічыць каменьчыкі. Яны мілыя ў сваёй празрыстасці і яснасці і нават вабяць гэтымі сваімі якасцямі. Бываюць вершы другога парадку — глыбейшыя, шматзначныя, насычаныя шматмернаю думкай. І гэта адна з абавязковых, незаменных уласцівасцей сапраўднай паэзіі — яе невычарпальнасць. У добрым вершы не відаць дна, а мастацкі вобраз нельга вычарпаць, ён, так сказаць, не перасыхае, сам асвяжае яго змест.

Пушкін сказаў пра Баратынскага: «Ён у нас арыгінальны, таму што мысліць». Самае галоўнае ўражанне ад апошніх кніг А. Пысіна — актывізацыя яго паэтычнага мыслення, яшчэ большая заглыбленасць у рэчаіснасць. Перажыванне робіцца па-сапраўднаму аналітычным, больш і больш спавядальным, арганічна звязаным з усім тым, што давялося зазнаць на жыццёвых дарогах.

Спавядальнасць стала для яго маральнай, духоўнай патрэбай.

А снег — у кожнага ён свой,

Як сон, як госць каля парога,

Як зноў адчутая трывога,

Як суцяшэнне і спакой…

Канцэпцыя рэчаіснасці развівалася і ўзбагачалася. Але, думаецца, было ў яго нешта такое, што заставалася пастаянным. Гэта — дар здзіўляцца свежасці і прыгажосці жыцця, гатоўнасць падзяліцца незвычайным паэтычным адкрыццём.

Быццам вяртаюся ў тое былое,

У дапатопны той век;

Першае поле не ўздыбіў раллёю,

Першае дрэва не ссек.

Убачана гэта неяк вельмі ж адметна, па-пысінску.

Індывідуальнасць лірычнага перажывання падмацоўваецца нават падкрэсліваннем той мясціны, дзе нарадзіўся паэт, дзе ён жыў. Для Пысіна — гэта Магілёўшчына, Краснапольскі раён. Жалезніца, Касцягаўка, і Горна, і вёска маці — светлыя Мануйлы… Гэтая сардэчная, немітуслівая любоў да жыцця, да людзей вельмі ж кранае. Працэс індывідуалізацыі выяўлення пачуццяў, індывідуалізацыі ўспрыняцця вёў да больш глыбокага зліцця асабістага і сацыяльнага ў паэзіі, да напаўнення інтымнага шырокім маральна-этычным зместам.

Што яшчэ і яшчэ раз заўважаеш у характары паэта — гэта яго незвычайную дабрату ў сэнсе багацця чалавечнасці, шырыні кроўных сувязей са светам — з людзьмі, падзеямі, прыродай. «Добрай чалавечнасці галінка ў кожным слове хоча вырастаць», — гаворыць Пысін. Дабрата яго не паказная. Яна найбольш у самім стаўленні паэта да рэчаў, аб ёй можна меркаваць па тым, што трапляе ў поле зроку, як ён бачыць жыццё. Яго пошукі і знаходкі звязаны з псіхалагічна заглыбленым раскрыццём сацыяльнай і духоўнай сутнасці сучасніка.

Чым паўней мастак убірае ў свой унутраны свет вялікія грамадскія пытанні жыцця і чым арганічней сваё, інтымнае ўспрымае ў непадзельнай сувязі з вялікім светам народнага жыцця, тым большае ідэйна-мастацкае значэнне яго твораў. «Свая» тэма не звузіла светаўспрыняцце А. Пысіна. Наадварот, і паглыбіла, і пашырыла яго. Думка паэта багатая на чалавечнасць, на адчуванне сваёй далучанасці да ўсяго свету.

Ёсць на свеце мой алень,

Ёсць і гэткае маленне:

Будзь заўсёды у аленя,

Цёмны мох і светлы дзень!

Бы, разумныя браты —

Я і сам страляць умею —

Дайце жыць майму аленю

Пад галінкай дабраты.

Варта звярнуць увагу не толькі на сэнс радкоў, але і на іх гукавую арганізацыю і строфіку, тыя «званочкі», што сабраны ў канцы радкоў (алень — маленне — дзень…). Яны «вядуць» думку паэта, робяць яе чутнай і пластычнай. У гэтых радках з кнігі «Ёсць на свеце мой алень» шырока і поўна — і свабодна, нязмушана! — выяўляецца асоба паэта. Асабісты пачатак, як бачым, не вынік адлучэння паэта ад аб’ектыўна-гістарычных працэсаў, наадварот — ён вынікае з іх глыбокага ўсведамлення. Іменна пры гэтай умове асабістае ўзнімаецца і ўзбуйняецца да асабовага, агульназначнага. Для А. Пысіна гэта была звычайная з’ява: за ўсіх і кожнага ён хацеў заступіцца.

І чаму не стаў я лесніком,

Лес мой, брат мой…

Быў бы я тваім замком

І тваёю брамай.

Прыгажосць лесу безабаронная, нехта «з помстаю ідзе да дрэў і сячэ без жалю іх на дровы», а лес варты таго, каб яго ашчаджалі і бераглі.

У А. Пысіна кожнае дрэва поўнае вялікага сэнсу і значэння:

«Пад арэшынай — любімай быць,

Пад вярбінаю — ліць слёзы,

Пад рабінаю — чужых любіць,

Удавой застацца — лёс бярозы».

Гаварыла маці гэтак мне,

Калі сад скідаў ліству сырую.

Я глядзеў на дрэвы у акне,

Я глядзеў на маці нестарую.

Ізноў міжвольна ўзнікае паралель: зялёнае дрэва і жывы чалавек, прыроднае адлюстроўваецца ў чалавечым, а чалавечае — у прыродным. А. Пысін прадстае ў гэтым вершы глыбокім чалавеказнаўцам, чалавекам мудрым і добрым. У мудрасці, кажуць, шмат смутку, але смутак не зніжае жыццесцвярджальнасці верша, наадварот, ён робіць гэту рысу больш праўдзівай і пераканаўчай.

І чаго журылася яна:

Можа, лісце тое шкадавала,

Ці яе дзявочая вясна

Белаю вярбою ашукала?

Гэта — пра маці і разам з тым пра сябе.

Як бачым, у эмацыянальным вопыце А. Пысіна адлюстроўваўся вопыт іншых, вопыт яго пакалення, які паэт здолеў так дакладна і пранікнёна выразіць, тыпізаваць у цікавым чалавечым характары.

Ён шмат і ахвотна піша пра лес. Тут паэту добра думаецца, і сам душэўны стан нейкі незвычайны:

Я вучань, першакласнік я нясмелы,

Вучуся ў мудрых дрэў, а не ў магіл.

Хай упадзе мой дзень, як жолуд спелы,

З тугім запасам жыццядзейных сіл.

Аб вечным думаю, амаль цвярозы,

На імянінах векавых дубоў.

Ляпеча штось касцёр. Іскрынкі-восы

Мільгаюць ля маіх маўклівых броў.

А. Пысін праз вобраз лесу выяўляе сваё ўспрыняцце рэчаіснасці, свой унутраны свет, у якім празрыста адбіваецца аблічча нашага часу. Яго вершам уласцівы смелы ахоп рэчаіснасці, уменне за сціплым фактам бачыць патаемныя глыбіні быцця. «Аб чым гаворыць з берагам вада, — мне невядома; у яе свая любоў, і правата, і немата, і мова…» Б. Пастарнак некалі афарыстычна вызначыў: «Паэзія — у траве», гэта значыць у самым будзённым, «празаічным» жыцці. Можна здзівіцца і нават пазайздросціць тонкасці і нейкай, я б сказаў, першапачатковасці адчування прыроды: «Хітры карась затаіўся ў пастцы, мудрыя травы спяць у стагах». Паэту добра відаць, як вясновае адраджэнне прыроды ўплывае на чалавечыя душы: «прырода вучыць нас, яна ўмее заўсёды быць саўдзельнікам вясны». У яго пейзажных вершах мне чуецца той «водгук неспазнаных настальгій», які ўладна цягне на жывое ўлонне — у поле, на луг, у лясныя нетры. «І штосьці ад дрэва ў мяне, і штосьці ад птушкі журботнай», — прызнаецца ён у адным з вершаў. Гэты паэтычны пантэізм — натуральны, непрыдуманы — заўсёды глыбока ўражвае: «Сасна паклікала, як маці, працягла, глуха: „Аляксей“».

У адным з вершаў паэт гаворыць: «Пасля дажджу шумяць яшчэ нябёсы, яшчэ ў паветры пругкі цень вады». «Пругкі цень вады» — мяне літаральна паланіў гэты вобраз сваёй дакладнасцю і прыгажосцю. Вобразы прыроды напрамую звязаны з самасвядомасцю чалавека, яго духоўным светам, які несупынна пашыраўся ў паэзіі А. Пысіна. У якасці аб’екта ў яго ўсё часцей выступае не асобны факт, бытавая дэталь, здарэнне, а сукупнасць фактаў, важныя праблемы часу. Такі аб’ект патрабуе актывізацыі мастацкай думкі, падключэння ўсіх духоўных магчымасцей чалавека. Пысін разумеў, што для сучаснай паэзіі мала аднаго толькі багацця адчуванняў і абаяння непасрэднасці. Мудры вопыт і аналітычнае мысленне становіцца сёння адной з важнейшых, умоў паэтычнага засваення хуткаплыннага жыцця. Гэта ўласціва яму літаральна ўсюды: і там, дзе ён размаўляе з франтавымі сябрамі, і там, дзе вядзе размову з прыродай, з сучаснікам — у кожным душэўным жэсце… Гэта не магло не адбіцца на развіцці мастацкага мыслення — самой паэтыкі. Такія словы-вобразы, як жыта, корань, крыніца, вада, снег, вузел, споведзь, жыццё можна было сустрэць у яго вершах і раней, але цяпер яны напоўніліся больш значным асацыятыўным зместам. Слова паэта аказалася дастаткова ёмістым і гнуткім, каб адлюстраваць эмацыянальную напружанасць і драматызм перажытага. Яно паглыбляе традыцыйны верш. Старое слова, становячыся ў новую сістэму, само абнаўляецца, набывае свежыя фарбы. Адкрываюцца новыя перспектывы выразнасці. Здаровая суб’ектыўнасць знаходзіць выяўленне ў рэзкіх кантрастах (у тым ліку эмацыянальных), нечаканых супастаўленнях, імклівых пераходах, нават у эксцэнтрыцы. Яна значна актывізавала метафарычнае мысленне. Верш пераадольвае хранікальную фатаграфічнасць, эмпірычнасць, а таксама павярхоўную эмацыянальнасць. Факт становіцца грунтам для роздуму, ён стымулюе думку, што рухаецца па лабірынтах асацыяцый.

Звяртаўся Аляксей Пысін і да іншых жанраў, шукаючы сябе не толькі ў лірыцы, але і ў паэме.

У паэме «Белы камень» (1965) моцна адчуваецца лірычны пачатак: яна пабудавана ў форме расказа салдата, які пасля шпіталя адпачываў па пуцёўцы ваенкамата ў татарскім ауле. Герой паэмы ўсхваляваны выключна прыязнымі адносінамі да сябе з боку, здавалася б, чужых людзей, якія шчодра дораць яму сваё цяпло і чалавечнасць.

Паэма «Кавылёк» (1964) адрасавана дзецям. А. Пысін з усмешкай расказвае пра займальныя франтавыя эпізоды з ваеннага жыцця. Аўтар праявіў майстэрства ў пабудове дасціпнага прыгодніцкага сюжэта.

Духоўны, маральны ідэал паэта заставаўся вельмі высокім. Пра гэта сведчыць яго паэма «Жураўліны бераг» (1964), якая малюе мірныя будні нашых людзей — сучасных калгаснікаў, іх барацьбу за высокае прызначэнне чалавека тварыць дабро, змагацца за новы побыт, за камуністычныя адносіны да працы. Магчыма, не ўсе героі выглядаюць пераканаўча, ёсць тут характары і супярэчлівыя, але паэма «Жураўліны бераг» — уся! — прасякнута верай у чалавека, у яго высокае прызначэнне на зямлі.

У сакавіку 1980 года грамадскасць рэспублікі адзначыла 60-годдзе з дня нараджэння паэта, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Аляксея Пысіна, які сустрэў свой юбілей у росквіце творчасці. Пра гэта сведчылі яго новыя публікацыі — вершы, нарысы. Смерць падкралася неўзаметку — сказаліся старыя раны, атрыманыя на вайне. 27 жніўся 1981 года Аляксея Пысіна не стала.

Зборнік вершаў «Палёт» выйшаў праз год пасля сумнай весткі.

Лёс паэта і яго пакалення, якое ў цяжкую часіну засланіла Радзіму сваімі грудзьмі, адлюстраваўся ў вершах.

Палім мы маршанскую махорку,

Бачым мы Дняпроўскую граду.

Будзе сёння бой. На тым узгорку,

Можа, я таксама упаду.

Будуць травы над курганам. Будуць

Адлятаць у вырай жураўлі.

Нас, напэўна, ў свеце не забудуць,

Успомняць, што на свеце мы жылі.

І апошняя, вельмі арганічная і натуральная для Аляксея Пысіна страфа:

Я гляджу на даўняе курганне,

На траву, на рыжых мурашоў.

Ведайце, калі мяне не стане —

Я ў сваю дывізію пайшоў.