Вершы мае — пісьмы (Анатоль Вярцінскі)

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Вершы мае — пісьмы

(Анатоль Вярцінскі)

Упершыню вершы Анатоля Вярцінскага з’явіліся ў друку, здаецца, яшчэ на пачатку 50-х гадоў, калі аўтар вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце імя У. І. Леніна, але чагосьці незвычайнага яны, па праўдзе кажучы, не абяцалі. «Я іду зялёным лугам, сцелецца трава. І чамусьці кругам-кругам галава». Гэта маналог дзяўчыны з верша пра каханне — так тады пісалі многія, у тым ліку паэты, нашмат старэйшыя за Вярцінскага. Хто іншы мог бы задаволіцца набытым і працягваць пісаць у ранейшай, раз і назаўсёды знойдзенай манеры. А. Вярцінскі ж на самым пачатку паказаў характар: ён, пасля заканчэння універсітэта, з’ехаў з Мінска на пераферыю і замоўк, поўнасцю аддаўся журналісцкай рабоце. Працаваў у рэдакцыях раённых газет — Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў… У Мінск вярнуўся ў 1962 годзе, маючы добрую жыццёвую загартоўку і вопыт, так неабходныя пісьменніку. Тады ж выйшла з друку першая кніга — «Песня пра хлеб». Многія яе старонкі былі пазначаны прыкметамі грамадскага непакою і зацікаўленасці.

Хачу знаць, колькі будзе зелені,

Будзе свежасці для людзей

І ці вырасце ўсё,

                                   што сеялі,

З чым звязалі столькі надзей.

Вось чаму яго лірычны герой радуецца зарніцам — прадвесніцам дажджу, якога даўно чакаюць засмяглыя палі. За гэтымі радкамі і выказанымі ў іх перажываннямі адчуваецца даўняя беларуская традыцыя. Успамінаеш Якуба Коласа, які сярод засушлівага лета пільна ўглядаецца ў гарызонт, неспакойна стукае пальцам па барометры: ці будзе дождж, ён жа так патрэбен!

Лепшым творам у першай кнізе была, напэўна, паэма «Песня пра хлеб», якая дала назву ўсяму зборніку. У ёй паэт уславіў хлеб як вялікую, не толькі матэрыяльную, але і маральную, духоўную каштоўнасць, у якой увасоблены сэнс жыцця і працы хлебароба. Усё, пра што ішла гаворка ў паэме, аўтару было вядома з дзяцінства. Адсюль ішлі і перадаваліся чытачу яго любоў і замілаванне, з якім былі выпісаны многія мясціны паэмы. Напрыклад, тая, дзе маці пячэ хлеб з новага жыта.

Цеста мясіла яна кулакамі,

сценкі дзяжы абірала рукамі,

вады падлівала, мукі падсыпала…

І нам было клопатаў тут нямала.

Былі мы ў мінуту гэтую рады

Выканаць матчыны ўсе загады.

Мы ёй памагалі рукаў закасваць,

муку падсыпаць — па яе заказу,

хусцінку мы ёй папраўлялі ахвотна

ці лоб выціралі матчын потны.

Было ўрачыста і ціха ў хаце —

хлеб з новага жыта ўчыняла маці.

Калі гэты твор перачытваеш сёння, пераконваешся, што сучасны А. Вярцінскі генетычна вырас з яго — і не толькі ідэйна, але і стылёва. Ужо тут у наяўнасці былі індывідуальныя асаблівасці стылю паэта — непаспешлівасць апісання, свядомыя лексічна-сінтаксічныя і гукавыя паўторы, мяккасць тону.

У сваіх дзённіках А. Блок аднойчы запісаў: «На днях я падумаў пра тое, што вершы мне пісаць не трэба таму, што я надта ўмею гэта рабіць. Трэба яшчэ змяніцца (або — каб вакол змянілася), каб ізноў атрымаць магчымасць пераадольваць матэрыял». Нешта падобнае, відаць, здарылася — пасля першай кніжкі — і з А. Вярцінскім. Яго творчасць рэзка пачала пашыраць свае тэматычныя рамкі, паглыбляць маральны, грамадзянскі пафас. Зрэшты, гэта назіралася не толькі ў аднаго яго. І маладыя, і старэйшыя на працягу 60-х гадоў — гэта характэрна для ўсіх — асабліва інтэнсіўна абнаўлялі змест і форму паэзіі, яе тэматыку і праблематыку. Яны свядома ставілі задачу стварэння паэзіі актыўнай думкі, здольнай перадаць інтэлектуальную атмасферу часу, інтэнсіўна аднаўлялі выяўленчую сферу, прыцягваючы дзеля гэтага разнастайныя прыёмы жывапісу, музыкі, пластыкі.

Другая кніга — «Тры цішыні» (1966) — стала падзеяй у беларускай паэзіі. Яна была не падобна на сваю папярэдніцу — «Песню пра хлеб», пра якую Вера Палтаран некалі справядліва пісала, што аўтар яе «ў свеце эмоцый адчувае сябе вальней, чым у свеце думкі» (Полымя, 1962, № 8, с. 169). Аднак ужо гаворачы пра зборнік «Тры цішыні», В. Каваленка адзначаў, «што самая характэрная рыса паэзіі А. Вярцінскага — роздум, які нават не грэбуе блізкім да празаічнага разважання» (Літаратура і мастацтва, 1964, 14 кастрычніка). Ён і сапраўды рабіў упор на думцы, не баючыся пры гэтым ні сухасці, ні празмернай разумовасці. Паэт пастаянна дбае пра выяўленчыя сродкі, эксперыментуе. З аднаго боку, ён «агаляе» паэтыку: каб аблегчыць вершу дарогу да чытача, ён звяртаецца да амаль што бязвобразнай мовы («Мама мыла раму»). З другога боку, часам вынаходзіць надзвычай вытанчаную, скажам, такую карнявую рыфму: фасады — фазаны; пашаны — пажары; верачы — велічы і г. д. Гэта вымагалася ідэйнаякаснымі зрухамі. У зборніку «Тры цішыні» яго лірыка выявіла свой філасофскі змест, які вынікаў з больш глыбокага асэнсавання жыццёвых праблем і супярэчнасцей. Здзіўляючыся і захапляючыся навукова-тэхнічнаму прагрэсу, паэт не мог не бачыць, што ён не заўсёды адпавядае прагрэсу маральна-духоўнаму. Чалавек пераадолеў гукавы бар’ер, светлавы, бар’ер зямных гравітацыі.. А «ці хутка дойдзе чарга да бар’еру глухой адчужанасці людской, неразумення і недаверу?» — такое пытанне пастаўлена і актыўна абмяркоўваецца ў зборніку «Тры цішыні». Гэта кніга вострай, аналітычнай думкі, скіраванай супроць абыякавасці, несправядлівасці, бюракратызму, падазронасці, маніі велічы… Паэт, здавалася, узяў на сябе абавязкі калі не сатырыка, то празаіка — раскрываць, аналізаваць, даследаваць, асэнсоўваць. Але ад гэтага паэзіі ў яго вершах не толькі не паменшылася — павялічылася. Абвастрэнне маральнага ўспрыняцця жыцця не зрабіла з яго голага маралізатара. Яго паэзія ў лепшых сваіх узорах па-сапраўднаму хвалявала. Аўтар меў права і падставы сказаць:

Я так не магу, каб стрэцца

і холадна абмінуць,

каб сэрцам другое сэрца

горача не крануць.

Сацыялістычны гуманізм у разуменні паэта перш за ўсё вызначаецца глыбокай любоўю да жыцця, да сацыялістычнай явы, пачуццём патрыятызму. З любві да жыцця і нараджаецца неабходнасць яго ўдасканаліць, упрыгожыць зямлю. А гэта немагчыма таксама па-за агульначалавечымі маральнымі нормамі, значэнне якіх у адносінах паміж людзьмі падкрэслівалася ў Праграме КПСС: «Простыя нормы маралі і справядлівасці,— гаварылася там, — якія пры панаванні эксплуататараў нявечыліся або бессаромна зневажаліся, камунізм робіць непарушнымі жыццёвымі правіламі». А. Вярцінскі зноў і зноў сцвярджае: «чалавечнасць, яна — ад слова „чалавек“». І хай гэта выглядае наіўна ці нават банальна — паэт не стамляецца яшчэ і яшчэ раз напамінаць чалавеку пра яго маральныя абавязкі.

Вядомы амерыканскі пісьменнік і філосаф XIX ст. Генры Тора пісаў: «Я не лічу праведнасць і дабрату галоўным у чалавеку — гэта толькі яго сцябло і лісце… Мне патрэбен ад чалавека яго цвет і плады: мне трэба адчуваць яго водар, і зносіны з ім не павінны быць частковым і недаўгавечным актам, але бесперапынным, пераліўным цераз край багаццем, якое нічога яму не каштуе і якога ён нават не заўважае» (Г. Д. Тора. Уолден, или жизнь в лесу. М., 1980, с. 92).

Такая вось мара і ў А. Вярцінскага, якую паэт спасцігае сваімі — мастацкімі — сродкамі. У цэнтр яго ўвагі стаў чалавек з багатым светам перажыванняў. Ён блізка браў да сэрца чужую радасць і чужы боль і ўмеў заглянуць у сваю ўласную душу, знайсці там шмат такога, што варта агульнай увагі. Грамадзянскасць, непакой, вастрыня сацыяльнага і маральнага мыслення садзейнічалі таму, што А. Вярцінскі на вачах вырастаў у сур’ёзнага паэта і вельмі патрабавальнага мастака. Пра гэта і сведчыла кніга «Тры цішыні».

У ёй паэт, здаецца, упершыню зрабіў спробу расказаць пра тыя страты і ахвяры, якія панёс беларускі народ у мінулую вайну, і пра вышыню яго грамадзянскай мужнасці. «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня», «Рэквіем», «Бой» — гэтыя вершы вядомы вельмі шырока. Усе, хто пісаў пра А. Вярцінскага, не абміналі яго верш «Дынамік», напісаны ў пачатку 60-х гадоў. Гэта сюжэтны верш, у аснове якога будзённы факт. Старая жанчына ідзе ў канец вёскі прасіць радыста, каб той паправіў дынамік у яе хаце. У сям’і радыста радасць — нарадзіўся сын. Старая таксама рада такой падзеі. Але яна не можа не ўспомніць сваіх сыноў, якіх у яе было трое — і ўсіх забрала вайна. Гэта верш пра вялікую чалавечую трагедыю, якая праступае ў абрысах звычайнай паўсядзённасці. І вельмі прыдатнай аказалася тут уласцівая паэту размоўная манера пісьма, унутрана скіраванага на духоўна-псіхалагічнае асвятленне чалавечай душы…

Ні сынкоў няма, нікога.

Толькі радзіва адно.

Толькі радзіва —

                           мне падмога.

Што б рабіла, каб не яно?

І пагаворыць і паспявае,

добрай ночы жадае мне.

І паплачам з ім, бывае,

як успомнім аб вайне.

Гэты верш даўно і па справядлівасці ўваходзіць ва ўсе анталогіі сучаснай беларускай паэзіі…

У творчасці паэта паглыбляецца пафас абнаўлення, актывізуецца грамадская думка, узмацняецца працэс страснай барацьбы за чалавечнасць, за высокую маральнасць, якая «служыць для таго, каб чалавечаму грамадству ўзняцца вышэй» (У. І. Ленін).

Пры гэтым ён не абмяжоўваецца адною толькі канстатацыяй пэўных ісцін, а імкнецца перажыць і сцвердзіць іх нанава, у сучасных акалічнасцях жыцця, яго лісця і каранёў.

Ідэі грамадзянскасці і гуманізму знайшлі далейшае развіццё ў новай кнізе — «Чалавечы знак», якая выйшла з друку ў 1968 годзе і пацвердзіла, што ядро грамадзянскасці паэта — «высокае неба ідэалу», неба праўды, а межы — межы яго асобы, яго «я», якое адлюстроўвае ў сабе надзённыя пытанні часу. Пра аўтара загаварылі як пра паэта значнага маштабу. У зборніку знайшлі адбітак важнейшыя праблемы духоўнага жыцця сучасніка, тыя велічныя ідэалы справядлівасці і дабра, да якіх імкнецца наша сацыялістычнае грамадства і якія актыўна сцвярджаў паэт.

Добрае слова «чалавецтва» —

усеагульнае наша імя!

Светлае слова «чалавецтва»,

як ліства, дзятва, сям’я…

Гэтыя радкі паказальныя для кнігі «Чалавечы знак»: аўтар імкнецца да такой паэзіі, дзе асоба праяўляецца свабодна і шматгранна, дзе чалавек зліваецца з чалавецтвам, касмічнае спалучаецца з зямнымі турботамі. Свет паэта ўключае ў сябе «чацвёртае вымярэнне», якое, у яго разуменні, увасабляе гармонію ў чалавечых узаемаадносінах. «Падаюць крыўды і няпраўды… Бачу: сустрэліся, як жывыя, дзве паралельныя прамыя».

Вось што пісаў А. Вярцінскі пра творчасць П. Панчанкі: «Ён верыць. У справядлівасць. У лепшае заўтра. У высокі ідэал чалавечага жыцця. У паэта, я сказаў бы, вельмі развіта пачуццё „трэцяй рэчаіснасці“, г. зн. будучыні, інакш кажучы, пачуццё ідэалу. І для яго будучыня — не ружовая утопія, не манілаўскі лужок і не гучныя словы „языкачосаў безадказных“, аматараў „бадзёра каркаць“. Яна для паэта — зямное жыццё, дзе паспяваюць да чалавека „раней за гора на дзве хвіліны“, дзе ведаюць „сінюю роснасць“, дзе няма „рабства чаркі, паперкі, блату, біркі званняў і крэслаў чынуш“, дзе людзі пазбавіліся „ад шаблонных слоў, ад папугайных паўтарэнняў“, дзе ў пашане „ісціны простыя, як хлеб, і праўдзівыя, як плач дзіцяці“» (Літаратура і мастацтва, 1966, 12 жніўня).

Так звычайна і бывае: адзін мастак шукае ў другога нешта блізкае, роднаснае — падтрымкі сабе. Пошук А. Вярцінскага працягваецца.

У першых кнігах ён, разглядаючы разнастайныя з’явы жыцця, адстойваў простыя нормы маралі: «Адбываюцца ўсе здрады па закону цепластраты…» Цяпер ён ідзе ўглыб, шукае шлях да асобнага чалавека, імкнучыся зразумець яго месца і ролю ў свеце, сэнс яго быцця. «Высокае неба ідэалу» ў яго было сапраўды высокім, нават «падвышаным»: у кнізе сцвярджаецца чалавек, варты свайго прызнання — «быць чалавекам на зямлі». Правобраз такога чалавека ён шукае ў вобразе Уладзіміра Ільіча Леніна, у духоўным багацці яго асобы. Бліскучым укладам у беларускую паэтычную Ленініяну з’яўляецца вядомы верш «Ленінскі смех», прасякнуты глыбокім гістарычным аптымізмам і гуманізмам, верай у перамогу ленінскіх ідэй. На прыкладзе ленінскага вобразу паэт сцвярджае чалавека актыўнага, дзейснага, гарманічнага. Правадыр глыбока верыць у неадольную сілу дабра, якое рухае гістарычны прагрэс.

Ленінскі геній ведаў даўно,

Рэвалюцыю робіць дабро,

                                    а не зло.

Дабро рэвалюцыю параджае,

Рэвалюцыя дабро сцвярджае.

Рысы Леніна-гуманіста паэт знаходзіць у абліччы нашага сучасніка, які сцвярджае дабро і справядлівасць.

Ні адна з кніг А. Вярцінскага, як ужо гаварылася, не паўтарае папярэднюю: «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979)… Кожная з іх, развіваючы думкі і вобразы папярэдніх кніг, узбагачае іх новымі фарбамі і адценнямі. Скажам, успаміны аб цяжкай вайне, аб перамозе, якая дасталася такой цаной, усё больш арганічна спалучаюцца з роздумам над сучаснасцю. Стоячы перад брацкай магілай, паэт задае сабе пытанне: «А ці браты мы, калі жывём?» Ён піша выдатны верш пра апошнюю волю, ці запавет тых, хто не вярнуўся з вайны, хто завяшчаў нам, сваім нашчадкам:

Варожасць — самае горшае

у свеце людскім пачуццё.

Дружыце! — І будзе прыгожае,

харошае наша жыццё.

Вы паўшымі даражыце.

Ды першая ўвага — жывым.

Адзін аднаго беражыце,

дружыце адзін з адным!

Так, памяць вайны арганічна звязана з клопатам пра наш дзень і пра будучыню. Прыгадваюцца яго словы: «Справа, вядома, не толькі ў тым, каб помніць вайну і выказваць свае ўспаміны, свой боль, свой смутак, сваю жалобу. І справа не толькі ў тым, каб услаўляць подзвіг народа… Справа ў тым, каб пераплаўляць у нашых творах боль і смутак у любоў да жывых, у добрыя справы і пачуцці» (Маладосць, 1975, № 5, с. 161). Вось на гэтым і грунтуецца свядомы гістарызм паэта. Цэласнасць чалавечай асобы немагчыма, на яго думку, без цэласнага ўспрыняцця часу — у адзінстве мінулага, сённяшняга і будучыні.

Роздум паэта актыўна звернуты ў наша сёння.

Яшчэ невядома, хто болей жывы,

а хто яшчэ мёртвы болей,—

хто паў, не схіліўшы галавы,

ці выжыў цаной хто любою.

А зрэшты, вядома, вядома здаўна.

Насмерць хто стаяў за край родны,

хто чашу ахвярную выпіў да дна —

па праву той бессмяротны…

І хіба гэта не цікава, калі выпрабаванне праходзіць грамадзянскае сумленне паэта. Мукі сумлення — гэта характэрна для героя сённяшніх яго кніг. Чалавек у яго вершах пастаянна і паслядоўна звяртаецца да самога сябе з пытаннем: які след, які «знак» застанецца пасля цябе? Праз яго кнігі праходзіць думка аб неабходнасці маральнага ўдасканалення чалавека. Паэт ставіць пытанне каштоўнасці асобы і даводзіць, што яна вызначаецца не тым, што чалавек накапіў, а тым, што ён аддаў, што пакідае пасля сябе.

Абставіны вымушаюць па-грамадзянску пільна ўзірацца ў стракатую панараму навакольнага свету, у якім адбываюцца трывожныя перамены: «кароткае чалавечае жыццё, — паводле слоў С. Залыгіна, — можа цяпер аказацца больш працяглым, чым прырода, якая існуе ў сваёй нязменнасці тысячы год» (Правда, 1980, 10 сакавіка).

У абсягу гэтай тэмы А. Вярцінскім напісаны розныя творы.

У сувязі з крытыкай некаторых выдаткаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі хочацца ўспомніць яго паэму «Начны бераг». Твор гэты прэтэндуе на праблемнасць гучання. Аўтар на прыкладзе ракі Сож хоча паказаць, да чаго прыводзяць занадта «валявыя» адносіны да прыроды, да эксплуатацыі яе багаццяў.

Для нас прырода — маці, хоць

і маці строгая, суровая.

Якія ж мы, калі з мячом

ідзём, накшталт варожай раці,

скараць і рабаваць багацці

     (чые багацці? — роднай маці!).

Сук, на якім сядзім, сячом!

Гэта правільна, але выхад паэта на праблему, як вынікае з паэмы, з’яўляецца ў многім выпадковым. На самай справе, а калі б не адбылося так, што герою паэмы не хапіла месца ў гасцініцы і каб ён не вымушаны быў правесці ноч на беразе Сожа, дык і не заўважыў бы, што «плёнка брудна-тлустая пагойдваецца на вадзе». Не ўпрыгожваюць паэму і такія радкі: «прыйшоў на пушкінскі я круг», следам за якімі цытуюцца словы Пушкіна «Восстань, пророк, и виждь, и внемли». І ёсць усё-такі ў паэме — пры паўторным чытанні ў гэтым пераконваешся — значная доза экалагічнага песімізму, заснаванага на нейкай асабістай крыўдзе:

Адплата йдзе…

               Чытаю ў прэсе

(ты не чытаеш, Сож, газет?):

«На самай воднейшай з планет

вады хапаць не будзе прэснай…»

Была, плыла, цякла вякамі,

і больш не будзе тых крыніц,

і будзе ўся зямля, як каня,

прасіць адчайна: «Піць-піць-піць!»

І ўсё ж такі ў гэтых радках шмат праўды. Некалі Пушкін сказаў: «равнодушная природа». Сёння так пра яе не скажаш, таму што прырода востра адчувае прысутнасць чалавека ў свеце, і гэта ісціна добра вядома беларускім паэтам, якія імкнуцца глыбей асэнсаваць адзінства чалавека і прыроды, іх супольны лёс.

А. Вярцінскі не стамляецца сцвярджаць чалавека маральна актыўнага, багатага на любоў да жыцця.

Паміраюць ад кулі шалёнай,

ад вады, ад жуды, ад бяды.

І яшчэ — ад зялёнай-зялёнай,

ад зялёнай, як раска, нуды.

І гэта яшчэ адзін з аспектаў яго маральнай канцэпцыі: не стой у баку ад жыцця, абараняй справядлівасць, дзярзай!

Яго паэзія звязана з развіццём псіхалагічна заглыбленага, аналітычнага стылю. Маральнае быццё чалавека, свет яго духоўнай дзейнасці — вось што асабліва цікавіць паэта. Адным з асноўных законаў мастацтва для яго з’яўляецца, паводле ўласнага прызнання, «закон пераходу энергіі любві, маральнай энергіі ў ідэйна-мастацкую якасць» (Літаратура і мастацтва, 1971, 10 снежня). Паэзію ён разглядае як адну з цудоўных магчымасцей раскрыць глыбінны сэнс жыцця.

— Што значыць сапраўдным другам быць?

— Любіць

— Што значыць аддана справу рабіць?

— Любіць.

— Што значыць дарогу ў жыцці не згубіць?

— Любіць.

— Што значыць зямное шчасце здабыць?

— Любіць.

Акно паэта шырока расчынена ў сучасны свет. Трывогі свету ўваходзяць у яго душэўны вопыт, хвалююць і непакояць. Пра гэта, дарэчы, сведчаць не толькі вершы. Яго творчая дзейнасць дастаткова шматгранная. Набыла вядомасць паэма «Дажынкі» — надзвычай усхваляваная, эмацыянальная — вучыць паважаць у чалавеку працаўніка, цаніць яго і даражыць ім. Паэт гнеўна асуджае раўнадушша і чэрствасць. «Заазер’е» прысвечана роднай маці. Гэтая тэма ўзнікла яшчэ раней — у кнізе «Тры цішыні», нават у самай першай — «Песня пра хлеб», пра якую мы ўжо вялі гаворку. Паэма «Заазер’е» вылілася з сэрца, гэта — паэма развітання з роднай маці…

«Даруйце!» мае падзагаловак «паэма віны». У ёй гэта пачуццё віны перададзена, хаця, прызнаюся, не зусім ясна, у чым герой вінаваты перад тымі людзьмі, у якіх ён просіць прабачэння.

Кожная з гэтых паэм патрабуе асобнай гаворкі, і думаецца, што па часе мы вернемся да яе. Зазначым толькі, што не ўсякія пачуцці віны, болю садзейнічаюць стварэнню сапраўднай паэзіі, а толькі тыя, у якіх праяўляецца супольнасць перажывання з усімі людскімі нягодамі. У гэтым сэнсе «чалавечы боль, — як добра сказаў Алесь Ганчар, — інтэрнацыянальны, як інтэрнацыянальна і вечнае парыванне чалавека да шчасця, да свабоды, да свабоднай творчасці».

Пра пашырэнне інтэрнацыянальных даляглядаў паэта сведчыць яго паэма «Колькі лет, колькі зім!», якая мае падзагаловак: «паэма надвор’я з метэаралагічнымі звесткамі, гістарычнымі экскурсамі і лірыка-псіхалагічнымі эцюдамі». Мастацкая думка рухаецца ў ёй у межах раскаванага лірычнага сюжэта, які шырока ахоплівае разнастайныя з’явы і прадметы розных часоў і эпох: «жалобны трыпціх», «голас Францішка Багушэвіча», «маналог Напалеона», «апошні дождж камунара Мільера», «сон пад шум зімовага дажджу», першыя маёўкі і г. д. Паняцце «надвор’е» трактуецца ў маральным плане і характарызуе адносіны паміж людзьмі. «Якое надвор’е — такі і дзень». Раздзелы, з якіх складаецца гэтая незвычайная паэма, нераўнацэнныя па сваіх ідэйна-мастацкіх вартасцях; у лепшых з іх аўтар узнімаецца да сцверджання чалавечай адказнасці за лёс планеты, за мірную будучыню.

А. Вярцінскі працуе і ў жанры драматургіі. Вядомы яго п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікае дзякуй» (1978) і «Скажы сваё імя, салдат» (1977). Шмат перакладае, выступае як крытык і публіцыст. Увесь творчы шлях яго на нашых вачах — ад першай кнігі да самай новай, пад назвай «Ветрана». Інтэнсіўнасць успрыняцця жыцця, прага адкрыццяў, заглыбленасць у сучаснасць, імкненне да самасцвярджэння на падставе пашырэння грамадзянскіх інтарэсаў абвастраюць у яго пачуццё формы, стылю, развіваюць паэтыку, адкрываюць умоўна-асацыятыўныя магчымасці верша. Яго паэтычная мова «графічная», «лагізаваная» — не ў прыклад, скажам, «жывапіснаму» Р. Барадуліну. Стылістыка адзначана мноствам «бязвобразных» выразаў, паэт даволі часта звяртаецца да прыёмаў паняційнага мыслення. Аднак у лепшых сваіх вершах ён пераадольвае пэўную «аголенасць» думкі, сцвярджае прыналежнасць чалавека да чужога лёсу, да трывог і радасцей іншых людзей.

У апошніх кнігах А. Вярцінскага ўзрасла схільнасць да ўмоўнасці, прытчывасці. Яму дапамагае апора на фальклор, сувязь з якім адчувалася, яшчэ ў самай першай яго кнізе. Праўда, цяпер гэта сувязь у многім змянілася. Паэт не абмяжоўваецца, як у некаторых выпадках раней, стылізацыяй пад фальклорныя ўзоры, а ідзе ў глыб народнага светаразумення, яго эстэтычных і этычных уяўленняў.

Шарая гадзіна.

             Вечара адзнака.

Шарая гадзіна.

             Ні воўк, ні сабака.

Ні сонца, ні месяц.

             Ні дзень і ні вечар.

Ні цёмна, ні светла.

             Ні ціша, ні вецер.

Ні суша, ні мора.

             Ні плывём, ні едзем.

Ні радасць, ні гора.

             На якім мы свеце?

Пагасаюць фарбы.

             Патанаюць гукі.

Адпачніце, сэрцы!

             Адпачніце, рукі!

Сціраюцца грані.

             Знікаюць кантрасты.

Гаіцеся, раны!

             Заціхайце, страсці!..

Давайце ціха, моўчкі

             З табой пасядзім мы.

Я люблю чамусьці

             Шарую гадзіну.

Аўтар выкарыстоўвае элементы замовы (гукавыя і сінтаксічныя паўторы), але фальклорнай зададзенасці тут няма, верш прасякнуты роздумам і запрашае да яго чытача. У гэтым змястоўная асаблівасць яго паэзіі — спалучэнне логікі і інтуіцыі, высокай культуры творчасці з фальклорнай спадчынай, звернутай да «пралагічных» форм свядомасці. Актыўнасць формы неабходна паэту, каб сцвердзіць сваю індывідуальнасць, адзінства маральных адносін да жыцця. С. Гаўрусёў, вядомы трапнасцю сваіх літаратурна-крытычных ацэнак, пісаў пра Вярцінскага: «Спалучэнне абвостранага інтэлекту і напружанай эмацыянальнасці, чуйнасць да навальніц веку трывала і даўно забяспечылі яму адно з найпершых і самастойных месцаў у сённяшняй нашай паэзіі» (Літаратура і мастацтва, 1980, 28 сакавіка).

Аднак на дасягнутым А. Вярцінскі, здаецца, не спыняецца. У адной з кніг ён кажа: «Вершы мае — пісьмы». Гэта можна зразумець так, што пісьмы абавязваюць і запрашаюць да шчырасці, даверу, самавыяўлення. І ў гэтым сэнсе вершы яго падобны на пісьмы. Прынцып самараскрыцця мае важнае значэнне ў паэзіі, пазнанне здзяйсняецца як самапазнанне. Думаецца, што гэта перспектыўна ў адносінах і да яго творчасці.

А. Вярцінскі — у дарозе. Ад кнігі да кнігі (а іх у яго ўжо добры дзесятак) ён натуральна мяняецца, расце. Але галоўнае — сувязь са сваім народам, грамадзянскі неспакой, шчырасць, шчодрасць, спалучаныя з пастаяннай нацэленасцю на эстэтычны пошук, — застаецца.