Праўда перажытага (Еўдакія Лось)

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Праўда перажытага

(Еўдакія Лось)

Можа, ты не такая і белая,

А празвалі бялянкай,

Можа, ты не такая і смелая,

А слывеш партызанкай…

Гэтыя радкі Еўдакіі Лось чамусьці заўсёды выклікаюць у памяці першую сустрэчу з ёю.

Улетку 1962 года прыехаў я ў Мінск паступаць у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Сустрэў мяне, навічка, мой даўні старэйшы сябар, былы выкладчык Брэсцкага педінстытута, дзе я некалі, да прызыву ў армію, вучыўся, Іван Клімавіч Германовіч. Стаім мы з ім ля будынка Акадэміі, пад знакамітымі калонамі, размаўляем, раптам, бачу, падыходзіць да нас прыгожая светлавалосая маладая жанчына, вітаецца з Іванам. Аказваецца, яны даўнія прыяцелі, разам вучыліся — на пачатку 50-х гадоў — у Мінскім педагагічным інстытуце. Знаёмімся — Еўдакія Лось. «Дык вось яна якая, Еўдакія Лось!» Адразу ўспомнілася яе першая кніжка — «Сакавік», што выйшла ў 1958 годзе, якую мы, тады яшчэ студэнты, з захапленнем чыталі і абмяркоўвалі на сваіх семінарах і дыспутах.

Абуджаюцца зямныя сокі,

Бродзяць хмелем п’яным, маладым.

На палях з праталін чарнавокіх

Ўецца туманоў бялявы дым.

Дык вось яна — жывая паэтэса, вершы якой так своеасабліва адкрылі нам прыгажосць жыцця, хараство і непаўторнасць гэтага цудоўнага свету, у якім наканавана чалавеку жыць…

Звярнулі ўвагу тонкія, адухоўленыя рысы яе твару, прыгожая постаць. Падумалася: вось такой і павінна быць паэтэса.

Цікавая, таленавітая моладзь расце, — гаварыла яна пра сваіх равеснікаў, аднагодкаў, пра сваё пакаленне — Уладзіміра Караткевіча, Міколу Арочку, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Нядзведскага, Алега Дойку, Рыгора Барадуліна і іншых. — Добрыя яны і розныя, а, паглядзіце — крытыка іх не разумее!

— Адвыкла, відаць, наша крытыка ад сапраўднай паэзіі,— зазначыў Іван Клімавіч, — рыторыка для яе бліжэй…

— Напісаў Уладзімір Караткевіч цудоўны верш «Заяц варыць піва». «Новый мир» нават надрукаваў — у Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага густ выдатны! А крытык узяў і збэсціў верш…

Абараняла Караткевіча Еўдакія Лось! І выказвала пры гэтым тонкае адчуванне і разуменне яго паэзіі:

«У. Караткевіч — вельмі арыгінальны, разнабаковай творчай культуры чалавек. Але напамінак аб гэтым паэце вымушае кінуць і папрок крытыцы. Караткевіча крытыкавалі ў некаторых выпадках якраз за тое, што ў яго ёсць, арыентуючы быць такім, якім ён не можа і не хоча быць. А вось гэтага, на нашу думку, трэба пазбягаць, калі сур’ёзна клапаціцца пра выхаванне паэтычнай індывідуальнасці» («Літаратура і мастацтва», 1960, 23 студзеня).

У ёй жыло прыроджанае пачуццё справядлівасці.

— Новае ў літаратуры абавязкова праб’е сабе дарогу… — спрабаваў гаварыць Іван Клімавіч.

— Праб’е то праб’е, але маладую паэтычную індывідуальнасць трэба падтрымліваць, маладыя патрабуюць асаблівай увагі. Гэта — маё перакананне, — Еўдакія Якаўлеўна гаварыла страсна, з запалам. — Дзе тут у вас Каваленка, мне трэба яго бачыць, — раптам запытала яна пра вядомага ўжо тады маладога крытыка Віктара Каваленку, аднаго з прыхільнікаў новай літаратурнай генерацыі, які неаднаразова і слушна пісаў пра вершы Еўдакіі Лось. — А ты, значыцца, навуцы хочаш дапамагчы? — звярнулася яна да мяне, — што ж, давай, пасабляй, працы шмат.

І пайшла.

— Баец наша Дуся! — пракаменціраваў усё Іван Клімавіч.

Еўдакія Якаўлеўна таксама была з тых, чыё дзяцінства адабрала вайна і хто мужнеў у цяжкія пасляваенныя гады. Пра гэта расказвалі вершы: суровае дзяцінства, трагедыя вайны, цяжкасці пасляваеннай пары…

Вы не бачылі вёсак, якія не ўсталі

                                               з вайны?

Па ўсёй Беларусі, па ўсёй Беларусі яны…

А вось у іншым інтанацыйным ключы:

Снегу, снегу — не праехаць,

Снегу, снегу — не прайсці!

Хоць бы стомленай, у сне хоць

Да Лучосы дабрысці…

Ад Лучосы можна босай

Да зажуранай Дзвіны —

Да маёй праставалосай,

Ад рыданняў безгалосай,

Сэрцам выклятай вайны…

У такіх выпадках неяк няёмка гаварыць пра майстэрства, хаця кожнаму відаць, што гэта «праставалосая вайна» напісана выдатным майстрам: у двух словах перададзена ой як шмат! У лірыкі свае спецыфічныя магчымасці паказу жыцця, якое яна адлюстроўвае найбольш праз думкі і перажыванні паэта. Але тут, дарэчы, як у прозе і драматургіі, вельмі важны яго духоўны вопыт, веданне народнага жыцця, глыбіня погляду ў мінулае і ў будучыню. У Еўдакіі Лось гэта якраз было. Яна адчувала сябе дачкою сваёй зямлі. У лепшых творах паэтэсы выразна бачылася сувязь чалавечага лёсу і лёсу народнага. Гэтае зліццё стала асноўным зместам яе лірычнага перажывання, сацыяльнай асновай творчасці.

З першых крокаў ёй спадарожнічала разнастайнасць тэм, матываў, настрояў, якая адпавядала шматстайнасці жыцця, яго шырокім абсягам. «Клічуць дарогі дальнія, клічуць дарогі блізкія, клічуць асфальтам люстраным, прасёлачнаю смугой» — тут была ўнутраная праўда і настрой. Сёння яна ў заводской кузні, заўтра — на сустрэчы з дзецьмі ў школе-інтэрнаце, паслязаўтра сэрца пакліча яе на братаву магілу ў Фэстаў, што пад Кіевам.

Першая кніга называлася «Сакавік» — у месяцы сакавіку паэтэса нарадзілася, нават у гэтай акалічнасці, у гэтым супадзенні адбілася ўнутраная, душэўная ўстаноўка на непрыдуманае, перажытае, сваё. На гэта яе натхніў і Пётр Усцінавіч Броўка, калі ў канцы саракавых гадоў, ці не ў сорак восьмым нават, наведаў Глыбокае, дзе, сустракаючыся з выбаршчыкамі, спаткаў маладую паэтэсу — студэнтку Глыбоцкага педвучылішча Дусю Лось, паслухаў яе вершы, паверыў у яе творчыя сілы і падтрымаў. І Еўдакія Якаўлеўна засталася на ўсё жыццё ўдзячнай яму за гэта, вучылася ў яго зацікаўленаму і добраму погляду на жыццё…

Шчырасць, асабовасць, аўтабіяграфічнасць — тэматычныя і стылёвыя рысы многіх, найбольш удалых вершаў паэтэсы — складалі жыццёвую сілу і моц яе таленту. Нездарма ж ёй асабліва, на маю думку, удаваліся вершы, прысвечаныя сыну, родным — «сынок, сынок, бялюткі бацянок!..» Адна з першых удач Е. Лось — верш «Маці» (зборнік «Сакавік»): «Дзякуй, маці, што мне падарыла ты любоў да зямлі маёй роднай, дзе ўсміхаецца сонца так міла, дзе бягуць хвалі рэк мнагаводных…» Нямала прачулых радкоў прысвечана сёстрам, бацьку, сыну…

…З доўгіх дошак труну майстравалі,

Брус дубовы часалі на крыж,

На пясчаным пагорку хавалі…

Тата, тата, як спіш ты, што сніш?

Я стаю ля сасны на каленях,

Ціха вецер калыша траву…

Нібы рукі твае,

                       праменні

Мякка гладзяць маю галаву…

Ёй помніцца бацькава пяшчота: «Дуня, ягадка мая!..»

Цудоўныя радкі, поўныя любві і ласкі, прысвяціла яна сёстрам — Мані і Марусі:

Вербы, абпаленыя перуном,

Вокал старога сяла — стаўкі…

Зляпілі гняздзечка над школьным акном

Дзве белагрудыя ластаўкі:

                Віць-віць-віць…

Перад кастрычнікам золкім, глухім

Птушак пацягне ў вырай.

Гняздо ж застанецца…

І ўспомніцца ім

Радзіма з песенькай шчырай:

             Віць-віць-віць,

             Жыць-жыць-жыць!

Уся інтанацыя, стылістыка, пачуццё такту, сардэчнасці — у духу непаўторнай творчай індывідуальнасці Еўдакіі Лось…

Непаўторнасць… З гэтым паняццем, з гэтай якасцю, з гэтай праблемай мы абавязкова сустракаемся, калі гаворка заходзіць пра сапраўдную паэзію, пра сапраўдны талент. Непаўторнасць — хаця ўсе пішуць быццам бы пра адно і тое ж: адзіная тэма, адзіны прадмет паэзіі (лірычнай у асаблівасці) — чалавек, ягонае ўнутранае жыццё ў яго агульным значэнні для ўсіх. Аднак агульнае, такім чынам, праламляецца праз індывідуальнае. На гэтым і грунтаваўся поспех «Сакавіка» і наступных кніг: паэтэса даверылася свайму ўнутранаму жыццю, пісала аб асабіста пералітым, адчутым. За радком стаяла праўда. Разам з тым яе паэзія не стала вузкім самавыражэннем аўтара. Душэўны свет паэтэсы быў раскрыты для чалавечых радасцей і трывог, для ўсяго, што адбывалася навокал.

У творах сапраўднага мастака не можа не адлюстравацца яго час, лёс пакалення, гісторыя, усё, чым жыве народ. У гэтым дыялектыка творчасці. І тое, што паэтэса адразу вырашыла — як яна сама дакляравала — быць сама сабой і што гэта ёй шмат у чым удалося, — добра. Грамадзянская шчырасць без натугі і прымусу паядноўвалася з асабістым, прыватным, чужое са сваім, агульнае з інтымным. Гэта стала добрым грунтам развіцця, разгортвання таленту.

Яна з самага пачатку праявіла значную грамадскую, творчую, эстэтычную актыўнасць. Гэта былі гады казахстанскай цаліны, шматлікіх новабудоўляў, асваення космасу, творчасці, росту народнай ініцыятывы, дынамічнага духоўнага жыцця. Е. Лось стала адной з выказніц свайго пакалення.

З натруджаным добра крыллем…

Яму не было ля чаго пагрэцца —

Бо каміны не дымілі…

А ўсё-такі раслі, прыгажэлі на дзіва!

Калі не было і хлеба,

Вершы пісалі пра дзень шчаслівы…

Напэўна, гэтак і трэба…

Загартаванае наша натхненне,

Яно адгарыць няскора!

Кажуць, шчаслівае пакаленне

Тое, што зведала гора.

У далейшым паэтэса яшчэ не раз будзе звяртацца — у вершах, паэмах — да тэмы лёсу свайго пакалення, аналізаваць яго ўклад у грамадскае жыццё, яго шматгранную стваральную дзейнасць. Літаратура 60-х гадоў жыла вялікім творчым неспакоем. Е. Лось трымала руку на пульсе жыцця. Яна ўсюды хацела пабываць, усюды паспець, да ўсяго дакрануцца.

У кожным імгненні паэзія ёсць,

У кожным здзяйсненні — яе прыгажосць.

У кожнай істоце — яе хада,

У кожнай бядоце — яе бяда.

Вось так — мужна, адкрыта і шчыра звярталася яна да жыцця. Адкрыццё хараства чалавека і навакольнай рэчаіснасці ў адзінстве маральнага і эстэтычнага, праўды і прыгажосці стала яе галоўнай творчай патрэбай. Яна ўмела за асобным фактам, падзеяй, справай разгледзець веліч рэчаіснасці, стваральны характар народнага быцця.

Здаралася, не ўтоім, часам і так, што паэтэса абмяжоўвалася адлюстраваннем знешніх прыкмет жыцця сваіх герояў (асабліва ў некаторых так званых партрэтных вершах), не заўсёды выходзіла на значную думку, абагульненні. Вярнуўшыся з дарогі, паэтэса гаворыць:

І клопат мой пасля дарогі ўвесь —

Забыла на спружынавым сядзенні

Пірог пшанічны, што далі мне дзесь!

Пасля гэтага думаеш: ці варта было ехаць? Так, думка выдавалася часам драбнаватай — і не толькі ў яе адной. Але побач з гэтым нельга было не заўважыць другога: крытыка ў артыкулах пра Е. Лось адзначала, што «яе лепшыя творы… народжаны сапраўдным натхненнем і кранаюць сэрца арганічным спалучэннем маляўнічасці, шчырасці і музычнасці» (С. Гаўрусёў). Сапраўды, яе паэзія ўсё больш насычалася сацыяльнымі, маральна-этычнымі праблемамі, грамадзянскай страсцю, што бачна і ў «Палачанцы» (1962), і ў такіх кнігах, як «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1979) і іншых, у тым ліку самай апошняй — «Лірыка ліпеня», адзначанай тым лірычным пачуццём, якое праўду жыцця ўзнімае да ўзроўню сэрца.

Паэтэса ўмела пісаць буйнымі мазкамі, эмацыянальна:

Ах, Беларусь, мая ты доля,

Мая сляза і пацалунак,

Маё ў бярозках белых поле.

Мой песнямі набіты клунак!..

Купалаўскае, да болю шчымлівае пачуццё радзімы напаўняла гэту паэзію, у якой, мне здаецца, адлюстраваўся працэс паглыблення адчування сваёй роднасці, каранёў, зямлі.

Хаціна між бульбоўніку, як дача,

І дзедава магіла за гарой…

Нейкая забытая сваячка

З парога кліча радасна «сястрой».

Тэма Радзімы — скразная ў яе творчасці. Трывалая повязь злучала яе з роднай зямлёй, продкамі, народным бытам і культурай. Яе паэзія прасякнута пачуццём гістарызму — стыхійнага і глыбока ўсвядомленага. Часта ў вершах згадвала яна сівую даўніну і працавітых продкаў. І не дзеля таго, каб «уміліцца» іх самабытным укладам жыцця. У сваіх продках — крывічах («Продкі») яна цэніць і захапляецца іх майстэрствам, уменнем рабіць «Зрубы залатыя, нарогі, гонкія чаўны і сцены белыя Сафіі над плынню быстрае Дзвіны». Дыханне гісторыі чутно ў яе маштабных лірычных абагульненнях:

Мая радзіма — Жытні колас,

Сінь мурагу, язміну цвет.

Яна —

Пілы гарачай голас,

Калёс цяжкіх глыбокі след…

«Я тут расту. Мне соладка і горка. Мяне адсюль вятры не адарвуць…», — і гэтаму верылася, як верыцца праўдзе. У вершах Е. Лось была ўласцівая лепшым творам сучаснай беларускай паэзіі глыбіня і даль памяці. Хто толькі не пісаў пра бярозу! А вось яе радкі пра бярозу: «Хто аглядаўся на свой кут здалёк, запамінаў яе нібы ўрок айчыназнаўства…»

Пра першую сустрэчу і знаёмства з Е. Лось я ўжо расказаў. Потым сустрэч было шмат. Сустракаліся ў Саюзе пісьменнікаў, у выдавецтвах, у паездках па рэспубліцы і проста выпадкова — на вуліцы.

Уражваў яе непакой, шчодрасць душы, пастаяннае жаданне выправіць нешта ў лепшы бок. Радавалі кнігі, якія сведчылі пра ўзбагачэнне мастацкай думкі паэтэсы, шырыню даляглядаў.

У 1965 годзе выйшаў чарговы зборнік лірыкі «Хараство», і захацелася напісаць пра яго. «ЛІМ» надрукаваў маю рэцэнзію пад назвай «Радасцю свет надзяліць». Мне здавалася, што ўдалося схапіць эстэтычную сутнасць яе паэзіі — непасрэднасць адчування свету, уласцівую ёй народнасць, высокую культуру мастацкага мыслення.

— Дзякуй за падтрымку, — сказала яна пры сустрэчы, — але не ўсё вы ў мяне зразумелі…

— Еўдакія Якаўлеўна, можа, так і павінна быць: паэзія па сваёй прыродзе невычарпальная… «У кожным імгненні паэзія ёсць, у кожным здзяйсненні — яе прыгажосць…»

— Дык вось гэту прыгажосць і крытыку добра было б бачыць! І ўвогуле дабрэйшым трэба быць.

Еўдакіі Якаўлеўне немагчыма было адмовіць у слушнасці, яна, як сама паэзія, была, кажучы па-руску, права.

Прага жыцця і прыгажосці зрабіла яе страснай вандроўніцай. Дзе яна толькі не пабывала — скалясіла, можна сказаць, усю Беларусь, наведала, здаецца, усе братнія рэспублікі і многія замежныя краіны. Адусюль прывозіла і новыя, свежыя ўражанні, і новыя творы — вершы, паэмы, апавяданні… Перачытайце іх яшчэ раз — і вы знойдзеце сляды тых вандраванняў. Гэта былі перш за ўсё вандраванні душы, якая шукала блізкага сабе, роднаснага свайму ўнутранаму вопыту.

Крочу гасцінцам адратаваным —

Недзе з журбы падзецца…

Часта пагорак здаецца курганам,

Нечай магілай здаецца…

Паэтыка яе ў многім была традыцыйнай. Такой, у значнай ступені, яна заставалася да апошняга дня. Характэрная ёй задушэўнасць інтанацыі ўвасаблялася ў вершы напеўным, разлічаным на непасрэднае эмацыянальнае ўздзеянне, вельмі гаваркім, часцей за ўсё з канкрэтным вобразам, рэалістычнай дэталлю. Той жа С. Гаўрусёў пісаў, што Е. Лось — «паэтэса мяккіх фарбаў, і прыгажосць душэўнага аблічча нашага сучасніка ёй лепш за ўсё ўдаецца перадаць у лірычным плане, без непатрэбных перавелічэнняў і перабольшванняў». Паэтэса імкнулася даказаць, якімі значнымі магчымасцямі валодае гэты плаўны, напеўны верш, здольны выразіць розныя інтанацыі. І трэба сказаць, што ў асноўным, за рэдкімі выключэннямі, гэта ёй удавалася. Ратаваў талент, уменне знайсці прапорцыі грамадзянскага і інтымнага, дапамагала праўда жыцця, праўда перажытага, якая павялічвала магчымасці верша. Назаўсёды запомніўся (з кнігі «Людзі добрыя» — 1963) яе выдатны верш «Я зусім не баюся старасці…»

Я зусім не баюся старасці,—

Хай прыходзіць, калі захоча…

Я была ўжо бабулькай хілай

На дванаццатым годзе жыцця…

Страшныя ўспаміны з вайны, роздум над перажытым — у форме белага верша, рыфмы маглі аказацца тут лішнімі…

Паэтэса адкрытай душы, яна не маніла ў сваіх вершах: пісаць, як дыхаць — было яе правілам. Душэўная, грамадзянская актыўнасць з’яўлялася галоўным зместам яе паэзіі, усебакова і глыбока ўнутрана звязанай з жыццём, з роднай зямлёй.

Разам з тым, відаць, памылкай было б спрашчаць творчы шлях паэтэсы, уяўляць яго роўным і гладкім — ад перамогі да перамогі. Не, ён — як у кожнага сапраўднага паэта — быў драматычным, унутрана канфліктным і мала лагодным. Дзесьці ў сярэдзіне 60-х гадоў яна адчула, што залішняя «замілаванасць» і «задушэўнасць» шкодзяць некаторым вершам, што напеўнасць традыцыйных паэтычных форм не ўзмацняе выразнасці думкі. Застаючыся паэтэсай — гэта яе галоўнае і адзінае прызванне ў літаратуры, — яна паралельна звярнулася да іншых жанраў, да прозы.

З’яўляюцца кнігі апавяданняў, навел «Пацеркі» (1966), «Травіца брат-сястрыца» (1971).

Проза Е. Лось — проза паэтэсы, вельмі лірычная і асабовая па сваёй стылістыцы, з рысамі «інтыму» і той своеасаблівай далікатнасці і тонкасці ў пачуццях, якая сагравае творы, робіць іх адметна шчырымі і прывабнымі. Мне добра запомнілася апавяданне «Яська». У Яські — так называлі ў вёсцы сямейнага чалавека Івана Казіміравіча — здарылася бяда: памерла жонка, пакінуўшы яму чатырох дзяцей — адно другога, як кажуць, не падніме: «Стасі — дзесяць, Галюсі — шэсць, Юзіку — пяць гадкоў, а малодшай Ірэнцы ўсяго два з хвосцікам». І сам бацька нямоглы: «Пасля смерці жонкі аслабеў Яська на вочы. Прачнецца раніцай — і аж галавой круціць, як певень: левым вокам ці правым глядзіць на рэч, каб разабрацца, што перад табой — кашуля ці парткі, чапяла ці качарга. З дзецьмі цяжка. Паспрабуй спраўся з імі ледзь не сляпы: апрані ранічкай, навары есці і накармі, памый пялёнкі, соску зрабі». Пісьменніца нібыта правярае характар свайго героя, меру яго чалавечых магчымасцей, наколькі ён «чалавечны», гэта значыць, наколькі ён адчувае сваю адказнасць за сябе і за іншых.

Яська не аддае малых на выхаванне ў дзетдом. Ён добра разумее, што пры дзецях ніхто яго не можа замяніць, што бацька ў дзяцей адзін. У гэтым героі адлюстраваліся ўяўленні пісьменніцы пра чалавечнасць, пра хараство чалавека.

Яе душэўнасць, дабрата выразна праявіліся і ў творах для дзяцей…

Так, мастацтва Е. Лось сагрэта актыўнай любоўю да чалавека. Мне добра помніцца яе верш «Косы» — пра жанчын, дзяўчат, што не дачакаліся з вайны сваіх мужоў і каханых:

Вясновы дым

над горадам малым…

Кіно — дзядам,

дзіцячы сад — малым…

А што сярэднім — з косамі, як лён,

І нават пасівелымі з тых дзён,

калі каналі ў полымі сады

І за вінтоўку браўся малады?

«Сярэдніх» пашкадуйце, салаўі…

Ні шчасця ў іх, ні людскае сям’і,

Ні паратунку ад таемных слёз,

ні радасці ад кос,

                       цудоўных кос,

Бо тыя, для каго яны раслі,

ляжаць, непакароныя, у зямлі.

Подзвіг народа, гераічнае мінулае, Айчынная вайна не пераставалі хваляваць паэтэсу. «На ваенную тэму пачала пісаць куды раней, чым на ўсе іншыя», — гаворыць яна ў артыкуле «На магіле брата». Старэйшы брат Еўдакіі Якаўлеўны, Сяргей, загінуў на фронце пад Кіевам, у Фаставе. «Імкнуся сказаць, — прызнаецца яна, — не толькі пра свайго брата, а і пра ўсіх братоў і бацькоў, што ваявалі на фронце і ў партызанах, цаной сваіх жыццяў здабылі перамогу, абаранілі ўладу Саветаў. Так была напісана брэсцкая рэч — „Гавораць бессмяротныя“, і фастаўскі вянок, і паэма пра Хатынь, і партызанскія рэчы, і маналог пра Сотую дывізію…»

Да вайны ва Ушацкім раёне было 54 тысячы жыхароў, пасля вайны засталося 20 тысяч, — паведамляе яна ў эпіграфе да аднаго з вершаў. Услаўленню народнага подзвігу аддадзена шмат сіл. Хто не памятае яе вершаў «Абеліскі», «На магіле бацькі Міная», «Вёскі, якія не ўсталі», «Беларускія хлопчыкі», «Пісьмо ў Фастаў» або «Дзяўчаты мінулай вайны»… Праўда жыцця, праўда перажытага, што шырокай плынню ўвайшла ў творчасць Е. Лось, рэзка павялічыла магчымасці яе паэтыкі і інтанацыі, якая таксама хвалюе і актыўна працуе на змест. Узросшая на народнай глебе, мастацкая індывідуальнасць паэтэсы паўстае вельмі выразна. Багаты жыццёвы вопыт, пафас чалавечнасці, вастрыня пачуццяў, высокі і непаўторна асабісты ўзровень майстэрства — усё гэта неад’емныя ўласцівасці яе паэтычнай постаці.

Зацікаўленасць жыццём, глыбіня душэўнага позірку — вось што апладняла яе песню, рабіла яе нацыянальна непаўторнай і цікавай далёка за межамі рэспублікі. Голас беларускі чуецца мне ў пяшчотным вершы «Беларускія хлопчыкі»:

Найсціплейшыя вочы

ў хлапчукоў з Беларусі,—

да работы ахвочых

і спагадных у скрусе…

Мне з маленства вядома,

як вы, хлопцы, каналі,

як у лесе і дома

вас пяском засыпалі…

Беларусь галасіла,

і пыталі дарожкі:

— Што ж вас гэтак скасіла,

дзе вы, босыя ножкі?

Ужо ў самых першых сваіх кнігах Е. Лось спрабуе сілы ў больш маштабным жанры — паэме. «Гавораць бессмяротныя» — гэтая паэма, напісаная ў 1961-62 гадах, прысвечана абаронцам Брэсцкай крэпасці. Аўтар у дыялогах з абаронцамі хоча раскрыць іх мужнасць, ідэйны і маральны змест подзвігу, яго значэнне для нашчадкаў. «Вянок», «Мая Хатынь», «Слова гіра вечныя зоркі», «Мінчанка», «Высакосны год», «Мой свет», «Матчына трывога» — такія яе здабыткі ў галіне паэтычнага эпасу. Паэма — адзін з самых тонкіх і складаных жанраў, які патрабуе не толькі майстэрства. Яе паэмы наскрозь лірычныя, спавядальныя. Сюжэтна-апісальны элемент у іх амаль адсутнічае. Гэта шчырая размова з сучаснікам пра набалелае, мінулае і будучае, пра тыя духоўныя карані, што лучаць чалавека з народам.

Калі я стала гараджанкай?

Пытаюся ў самой сябе.

Расла рахманай ушачанкай,

Пры ворыве і пры сяўбе.

Так, у паэме «Мінчанка» паэтэса ставіць праблему «каранёў», вытокаў, якія не павінны губляцца альбо забывацца ў наш час. Яе паэзіі ўласціва вострае адчуванне сучаснасці, клопат аб захаванні і памнажэнні нашых душэўных набыткаў, каб перадаць іх наступным пакаленням.

Гледзячы на цяперашняе жытнёвае поле, яна раптам засумавала, што «ўжо не жнуць сярпамі жыта»:

Падумаюць: зашкадавала

ды супраць тэхнікі пайшла…

А я таму, што сумна стала,

што песня з нівы уцякла.

Камбайнер свішча зухаваты,

Валкі нячэсана ляжаць…

Ужо не зведаюць дзяўчаты

адвечнай асалоды — жаць…

У яе творчасці была глыбокая повязь са светам народнага жыцця.

Прыкметна расло псіхалагічнае майстэрства, майстэрства змястоўнага падтэксту. Адна за другой з’яўляліся кнігі, талент уваходзіў у пару творчай сталасці, прыйшла слава і не абы-якая. Добра помніцца выступленне паэтэсы перад працоўнымі ў Смаргоні, дзе яна чытала вершы, расказвала аб сабе, аб убачаным і перажытым, адказвала на шматлікія пытанні. Гэта была сустрэча сэрцаў. Не забуду, як яна чытала.

З кужалю кашулю вышыла б для брата —

на яго магіле васількі ды мята…

З кужалю кашулю вышыла б для мужа —

ён не надта хоча, я не прагну дужа.

Гэтую кашулю вышываю сыну

па сваёй ахвоце, па свайму пачыну.

Хай за брата носіць, хай за мужа носіць,

у маёй кашулі хай любві не просіць!

Хай любоў знаходзіць сына па вышэўцы,

каб з-за васілёчкаў спадабаўся дзеўцы.

Каб з-за каласочкаў запрашалі ў хату,

з-за рамонкаў белых называлі братам…

Верш узрушваў, браў за жывое, многія жанчыны выціралі хусткамі вочы, зала хвалявалася, грымела воплескамі. Гэта было яднанне паэта са сваім народам.

Думка пра народнасць творчасці Еўдакіі Лось усё больш западала ў маю свядомасць. Пры гэтым яна ніколі не зніжалася да ўзроўню непатрабавальнага чытача, ніколі не прыкрывалася фальклорам і не злоўжывала ім. У Еўдакіі Якаўлены ўсё было сваім, індывідуальным, перажытым, выпакутаваным. І ў той жа час не толькі не гублялася — павялічвалася кроўная сувязь з вялікімі абсягамі народнага жыцця, з агульнымі трывогамі і клопатам. Ліпень — месяц лета, яго зеніт. «Лірыка ліпеня» — так назвала яна сваю кнігу вершаў і паэм, якая ўбачыла свет на пачатку 1977 года.

Самы белы строй у бяроз —

лірыка ліпеня…

Самы цяжкі лёт у пчалы —

лірыка ліпеня.

Самы чысты мёд — на сталы…

Лірыка ліпеня!

Гэты мастацкі вобраз — «лірыка ліпеня» — выдатна характарызуе душэўны стан паэтэсы, сутнасць яе светаўспрыняцця, мастацкага бачання, у якім паядналіся лірычная пранікнёнасць і мудрасць пражытых гадоў. Яна таленавіта ўславіла вялікі, паўнакроўны і шматстайны свет быцця савецкага чалавека — свайго сучасніка.

Апошняя кніга Еўдакіі Якаўлеўны «Лірыка ліпеня» разнастайная па зместу, думках і пошуках, але і тут паэтэса засталася вернай памяці сэрца, успамінам пра пару ваеннага ліхалецця, якую немагчыма выкрасліць з памяці — «Гараць гарады, стогне зямля, захлынаюцца рэчкі крывёй… Я развяжуся з вайной, пасля, калі стану сама зямлёй…»

У першай палавіне чэрвеня 1977 года ў Доме літаратара адбыўся яе вечар, якому наканавана было стаць таксама апошнім яе такім вось творчым вечарам — сустрэчай з прыхільнікамі свайго багатага таленту. Мне даручана было выступіць з кароткім словам пра яе жыццёвы і творчы шлях. Я расказаў усё, што ведаў пра паэзію Еўдакіі Якаўлеўны, пра тое, як трэба, на мой погляд, разумець яе вершы, пра іх своеасаблівасць. Яна, здаецца, засталася задаволенай маім выступленнем. Пасля творчай часткі паэтэса запрасіла сваіх сяброў на таварыскую вячэру, дзе давялося выступіць і ў другі раз — з тостам. Я прапанаваў падняць бакалы за яе здароўе, сказаўшы, што ў асобе Еўдакіі Якаўлеўны наша літаратура мае непаўторнага народнага паэта. Мяне падтрымалі астатнія.

— Уладзімір Васільевіч, чаму гэтага вы там не сказалі — у сваім выступленні на вечары? — раптам пачулася — ні то жартам, ні то ўсур’ёз — з другога канца — ад Еўдакіі Якаўлеўны.

Я і сам тады пра гэта пашкадаваў і цяпер шкадую, калі ўжо сказаць так, каб пачула сама паэтэса, няма магчымасці. Паэты — гэта заўважана Карлам Марксам — маюць асаблівую патрэбу ў чалавечай пяшчоце, увазе.

Яна жыла, як кажуць, страсцямі, захаплялася — кнігамі, людзьмі, працай, жыццём, паездкамі, жыла з поўнай аддачай, шчыра. Такой яна і засталася і ў сваіх творах, і ў маёй памяці.

Ды ці толькі ў маёй?

Літаратар з Палесся Уладзімір Верамейчык, успамінаючы «паэтку» (яго выраз), прызнаецца: «Еўдакія Лось усё жыццё была для мяне каталізатарам, нейкім эталонам, па якім я правяраў сваю літаратурную работу, паскараў яе, зрушваў з мёртвай кропкі. Відаць, не ў кожнага, хто піша, быў такі строгі і бязлітасны суддзя. Цяпер, з далечы пражытых гадоў, я разумею, што такая строгасць і патрабавальнасць лепш, чым бяздумнае, бязладнае захвальванне».

Мы мала любім сваіх паэтаў пры жыцці, мала ганарымся імі. А яны больш, чым хто, маюць патрэбу ў чалавечай пяшчоце і ласцы.

Паэзіі Е. Лось суджана доўгае жыццё, бо яна былга пераканана: праўда і чалавечнасць вышэй за ўсё.