Замест заключэння
Замест заключэння
Гарыць вогнішча…
Далёка не ўсе постаці тых, хто знаходзіцца вакол яго, адлюстраваліся ў гэтай кнізе. Варта было б расказаць і пра Сцяпана Гаўрусёва, Алега Лойку, Міколу Арочку, Дануту Бічэль-Загнетаву, Рамана Тармолу, Уладзіміра Паўлава, Веру Вярбу, Кастуся Цвірку, Янку Сіпакова і пра многіх іншых. Аднак і тыя, з кім мы тут сустрэліся, сведчаць, што паэзія рухаецца шырокім фронтам творчых пошукаў, што яна надзвычай разнастайная.
Н. Гілевіч вельмі дасціпна пісаў на гэты конт: «Наша беларуская паэзія мне ўяўляецца нашым жа беларускім лесам, дзе вельмі хораша і зусім натуральна суседнічаюць усе пароды дрэў, што растуць адвеку на гэтай зямлі, на берагах Дняпра і Сожа, Немана і Буга, Дзвіны і Віліі, Прыпяці і Пцічы, Бярэзіны і Гайны, Свіслачы і Шчары…» (Літаратура і. мастацтва, 1969, 18 ліпеня).
Сацыялізм мае патрэбу ў такіх развітых мастацкіх індывідуальнасцях. Буржуазныя літаратуразнаўцы нярэдка папракаюць нас тым, што быццам бы савецкая літаратура надта аднастайная, прыземленая, пазбаўленая вялікіх пазнавальных і эстэтычных магчымасцей. Паэзія пераконвае, што гэта не так, што творчыя патэнцыі савецкага мастацкага слова значныя, што ўдзельная вага творчай індывідуальнасці ў літаратуры надзвычай вырасла.
Аснову творчай індывідуальнасці паэта складае яскрава выяўлены лірычны характар, непаўторная чалавечая асоба. Яго ўплыў увесь час узрастае.
Пафас літаратуры — пазнанне чалавека. З гэтым звязаны яе сённяшнія дасягненні.
На пачатку XX ст. Я. Ф. Карскі, характарызуючы тагачасную беларускую паэзію, справядліва зазначыў, што ёй «яшчэ шмат застаецца зрабіць для абмалёўкі асобы з народа: нідзе не выяўлена ўсебакова душа беларуса. Чытач спытае, які ў яго маральны воблік, які пераважна ў яго характар, нават якое ў яго светаўспрыняцце, якімі ідэаламі ён жыве, як ён глядзіць на такую таямніцу назва якой жыццё».
На ўсе гэтыя пытанні наша паэзія паступова адказвае. Быў час, перыяд 20-30-х, нават 40-х гадоў, калі наша паэзія (і не толькі беларуская) несла на сабе некаторы адбітак аскетызму. Героі часта былі безуважлівыя да ўсяго таго, што называюць асабістым жыццём, бо вырашалі праблемы куды больш сур’ёзныя і першачарговыя. Сёння мы пераадолелі тыя гаспадарчыя цяжкасці, якія турбавалі краіну 30–40 гадоў назад, дасягнулі немалых поспехаў у задавальненні народных патрэб. Узняўся жыццёвы ўзровень савецкага чалавека, а разам з ім і запатрабаванні. Развіты сацыялізм паставіў у цэнтр грамадскага жыцця чалавечую асобу ў дыялектыцы яе ўзаемаадносін з грамадствам. Растуць духоўна-маральныя патрэбы чалавека — гэта аб’ектыўны працэс, які выяўляе тую заканамернасць сталага сацыялізма, што знайшла адлюстраванне ў новай Канстытуцыі СССР: «У адпаведнасці з камуністычным ідэалам „Свабоднае развіццё кожнага ёсць умова свабоднага развіцця ўсіх“ дзяржава ставіць сваёй мэтай пашырэнне рэальных магчымасцей для прымянення грамадзянамі сваіх творчых сіл, здольнасцей і дараванняў, для ўсебаковага развіцця асобы».
Для пісьменніка зразумець чалавечую асобу — значыць наблізіцца да разумення грамадства ў цэлым. Асабовы пачатак жывіць творчасць паэтаў.
Сёння, відаць, кожнаму літаратару стала ясна, што росквіт творчай індывідуальнасці немагчымы без страснага маральнага пошуку, спавядальнасці, без свайго — асабістага — адкрыцця агульнай ідэі часу.
У творчасці паэтаў сярэдняга пакалення адбываюцца працэсы насычэння сацыяльнымі матывамі, якія ўсё арганічней становяцца іх асабістымі перажываннямі. Падзейнасць страціла тую ролю, якую яна адыгрывала пятнаццаць — дваццаць год назад: душэўнае жыццё паэта выяўляе сябе больш непасрэдна, адкрыта.
Інтэнсіфікацыю лірычнага перажывання, давер да асабістага знаходзім таксама ў інтымнай лірыцы гэтага часу. Яна аказваецца ўнутрана вельмі ёмістай, каб перадаць радасць жыцця і прагу чалавека да маральнай дасканаласці.
Інтэлектуальныя магчымасці сучаснай асобы растуць. Паэзія роздуму якраз і з’яўляецца яркім праяўленнем інтэлектуальнага жыцця савецкага народа.
«Высокае імкненне мысліць у вершах, — зазначае А. Міхайлаў,— становіцца характэрнаю рысай творчага сталення. Што б там ні казалі і ні пісалі наконт інтэлектуалізму яго праціўнікі, але гэта асаблівасць духоўнага жыцця нашага грамадства ў наш час праяўляецца ў любой сферы дзейнасці. Калі ў буржуазным грамадстве інтэлектуалізм носіць элітны характар, а ў дэмакратычных „нізах“ насаджваецца антыінтэлектуалізм, то атмасфера жыцця ў нашым грамадстве ўсяляк садзейнічае інтэлектуальнаму ўзбагачэнню кожнага чалавека. Лірыка філасофскага роздуму — толькі адно з праяўленняў інтэлектуальнага жыцця савецкага грамадства» (Литературная газета, 1970, 24 чэрвеня).
Філасафічнасць у паэзіі не азначае разрыву з эмацыянальнасцю. Жывыя чалавечыя эмоцыі заўсёды ў ёй прысутнічаюць. Адначасова паэзія з’яўляецца адным са сведчанняў светапогляднай шырыні сацыяльна-грамадскіх даляглядаў мастацкага бачання.
Узмацненне маральнага пафасу, імкненне спасцігнуць праўду жыцця дапамагаюць вастрэй ставіць асабовую праблематыку. Паэзія аналізуе чалавека, яго сутнасць. Для яе ўласціва ўсё большае заглыбленне ў псіхалагічны «мікрасвет» чалавека. Паэзія пранікае ўсё глыбей у асобу, а праз яе — у сутнасць часу. Асоба, такім чынам, выступае як своеасаблівы інструмент паэтычнага выяўлення рэчаіснасці. «Нам перадаць імкнецца час усе свае прыкметы, пакуль пад сонцам круціць нас ганчарны круг планеты» (Р. Барадулін).
70-я гады — перыяд ускладнення, драматызацыі лірычнага адчування свету, павелічэння ёмістасці паэтычнага перажывання, якое ўключае ў сябе новыя універсальныя супярэчнасці часу. Чалавек, грамадства, прырода, гісторыя — менавіта ў сферы гэтых, ёмістых з’яў і паняццяў сучасная літаратура шукае сваю праблематыку.
Крыніцы ўзбагачэння мастацкага вопыту чалавека разнастайныя. «Коленая эпоха, — сцвярджаў французскі мастак Маціс, — непазбежна прыносіць з сабой сваё разуменне святла, сваё асаблівае адчуванне прасторы. Наша цывілізацыя нават тым, хто ніколі не рабіў самалётаў, надала новае разуменне неба, адчуванне працягласці прасторы».
А змены сацыяльныя? Хіба яны слаба ўплываюць на мастака? Пра лексіку кажуць, што яна першы паказчык, «лакмусавая папера», ўсялякіх змен, якія адбываюцца ў паэзіі. Ды гэта, відаць, і сапраўды так. Ужо адно параўнанне мовы сучасных беларускіх паэтаў з паэтычным маўленнем пачатку стагоддзя сведчыць пра значнасць пройдзенага шляху. Сімвалам беларускага жыцця-быцця некалі былі (у тым ліку і ў паэзіі) «саха», «каса», «лучына». На змену ім прыйшлі «трактар», «нафта», «транзістар». За два апошнія дзесяцігоддзі ў паэзію ўвайшло шмат новых слоў і паняццяў: касманаўт, кібернетыка, біясфера, генетыка, міжпланетная станцыя, многія навуковыя тэрміны — з хіміі, фізікі, біялогіі і г. д. У 60-я гады ў літаратуру, у вершы, улілася новая лексіка — мова вуліцы, народная стыхія, якая несла з сабой «пах жыцця», яго водар.
У сучаснай паэзіі, і не толькі ў творах, пра якія ідзе размова ў гэтай кнізе, адчуваецца старажытная традыцыя — дух сівых эпох, язычніцтва.
Жывая сувязь яднае гэта пакаленне з традыцыямі Я. Купалы, яго эстэтыкай і паэтыкай.
Перасыпаю сонечны пясок,
Вучуся простай шчырасці
ў Купалы.
На кросенцах,
дзе гукі не ступалі,
Сную, не дыхаючы, паясок.
(Д. Бічэль-Загнетава)
Выдатны савецкі літаратуразнаўца Міхаіл Бахцін адзначаў, што «твор мастацтва не можа жыць у будучых стагоддзях, калі ён не ўвабраў у сябе неяк і мінулыя стагоддзі. Калі б ён нарадзіўся ўвесь суцэльна сёння (гэта значыць, у сваёй сучаснасці), не працягваў бы мінулага і не быў бы з ім істотна звязаны, ён не мог бы жыць і ў будучым. Усё, што належыць толькі цяперашняму, памірае разам з ім».
Думка, выказаная М. Бахціным, мае вялікае метадалагічнае значэнне для асэнсавання заканамернасцей развіцця ўсёй літаратуры. У 60-я гады некаторым здавалася, што прагрэсіўны рух паэзіі звязаны з распадам традыцыйнай вершаванай формы і ўсталяваннем свабоднага верша — верлібра. Час паказаў, што ў паэзіі могуць творча суіснаваць, спаборнічаць розныя тыпы верша. Ясна адно: жыць без паэзіі нельга.
Умовы існавання і працы сучаснай паэзіі своеасаблівыя. Усе мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі вострай ідэалагічнай барацьбы двух сацыяльных светаў, у якой не можа не прыняць дзейснага ўдзелу паэзія, бо гэтая барацьба ў канчатковым выніку з’яўляецца змаганнем за чалавечыя душы, за перамогу разумнасці і дабра. І кожнаму чалавеку, а паэту ў першую чаргу, трэба дакладна адчуваць сваё месца ў гэтай складанай і адказнай палітычнай сітуацыі, калі справа ідзе пра лёс самых дарагіх для нас ідэалаў.
Паэты актыўна ўдзельнічаюць у гэтай барацьбе і вершамі прыцэльна-публіцыстычнага характару, і творамі, у якіх відзён рост духоўнага багацця савецкага чалавека.
Ёсць падставы спадзявацца на іх далейшыя поспехі.
Вогнішча ўсё больш разгараецца.