Разгадваючы тайны быцця (Яўгенія Янішчыц)
Разгадваючы тайны быцця
(Яўгенія Янішчыц)
Паэты з’яўляюцца нечакана.
Невядомае імя — Жэня Янішчыц — пракінулася на старонках рэспубліканскага друку (а потым і выйшла за яго межы) недзе ў сярэдзіне шасцідзесятых, разам з імёнамі Алеся Разанава, Казіміра Камейшы, Леаніда Дайнекі, Юркі Голуба і іншых на той час зусім яшчэ маладых паэтаў. Толькі што ў літаратуру ўлілася магутная хваля іх папярэднікаў — Р. Барадулін, Е. Лось, Г. Бураўкін, П. Макаль, У. Караткевіч, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч, Д. Бічэль, Ю. Свірка, М. Арочка, Я. Сіпакоў…— пакаленне, трывала змацаванае адзінствам жыццёвага вопыту, горкімі перажываннямі ваенных год, глыбінёй уражанняў, пра якія яны таленавіта расказалі ўжо ў сваіх першых кнігах. Новага ўсплёску быццам бы не прадбачылася (літаратурныя хвалі ўзнікаюць як вынік значных сацыяльных падзей і зрухаў), і тут раптам з’яўляецца новае «племя» — маладое, пакуль што незнаёмае. Праўда, на гэты раз маладыя паэты ішлі не такімі шчыльнымі радамі, як іх папярэднікі, але пэўныя спадзяванні, трэба сказаць, спраўдзілі, выбіраючы свае, нязведаныя шляхі ў літаратуры.
Над першай сваёй кніжкай — «Снежныя грамніцы» — Яўгенія Янішчыц (к таму часу яна стала з Жэні Яўгеніяй і вучылася ўжо, помніцца, на апошнім курсе універсітэта) працавала шмат і доўга. Выйшла кніга ў 1970 годзе.
Адна справа — вершы, рассыпаныя па перыёдыцы, калі сустракаеш іх час ад часу, асобна ці нізкаю, другая — калі яны сабраліся пад адну вокладку, у кнігу, тым больш першую. Гэта — істотная. Індывідуальнасць паэта праяўляецца паўней, набывае новыя якасці, правярае сваю сапраўднасць, бярэцца на іспыт. «Снежныя грамніцы» такі іспыт вытрымалі.
Першая кніга запомнілася натуральнасцю, маладосцю, а галоўнае — непрыдуманасцю пачуццяў. У ёй неяк лёгка, прыгожа і тонка адбіўся юнацкі свет паэтэсы — уражанні, хваляванні, мроі:
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая з’ява.
Малады голас гучаў надзвычай шчыра, арганічна:
Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане
І думаю, чаму мне так прасторна?
І песня прылятае да мяне…
Прыносіць мне дары свае дуброва —
То верас, то крыніцу, то грыбок.
Уліваецца, нібы ручай, у мову
Палескі нетаропкі гаварок.
Тут можна было заўважыць нават пэўную сінкрэтычнасць паэтычнага пачуцця — першапачатковую як бы непадзельнасць яго на тэмы, ідэі, вобразы. Маладая паэтэса «выспеўвала» сябе, сваю непасрэднасць, успрыманне свету.
Д. Бугаёў у рэцэнзіі на «Снежныя грамніцы» трапна сказаў: «…гэта маладосць гаворыць так натуральна і свабодна, што часамі нават ствараецца ўражанне, нібы вершы Яўгеніі Янішчыц нараджаюцца як бы самі сабой» (Полымя, 1971, № б, с. 213).
«Будзь мне мамай, Радзіма мая»; «дзень добры, булькатлівая крыніца, давай уперагонкі пабяжым»; «і на слёзы першыя і смех — белаю бяссонніцаю снег»; «пачынаецца ўсё з любві — першы поспех і першыя крокі» — гэтыя і іншыя душэўныя жэсты вабілі сваёй эмацыянальнай паўнатою, чалавечай адкрытасцю і сведчылі пра несумненныя здольнасці аўтара. Хвалявалі нават яе юнацкі наіў, рамантычнасць гераіні, нязмушанасць лірычнага перажывання.
Многія, хто пісаў пра першую кнігу Янішчыц, прыводзілі адтуль наступны верш, вельмі характэрны для яе індывідуальнасці:
Да сустрэчы.
Да сустрэчы.
Белы вецер.
Сіні дзень.
Ходзіць сонца па зарэччы
Па калені у вадзе.
Над ракою дзве вярбіны —
Дзве журботныя сястры.
Па-над цёплай лугавінай
Ноч запальвае кастры.
Старажытных соснаў веча,
Птушак грай і смех людзей.
Да сустрэчы.
Да сустрэчы.
Сіні вецер.
Белы дзень.
У ім відаць якраз тая «сінкрэтычнасць» перажывання, нават пэўны «міфалагізм» (як рыса паэтычнага ўспрымання рэчаіснасці) мыслення, пра што я гаварыў вышэй, характарызуючы творчае аблічча маладой паэтэсы. Ён — верш «Да сустрэчы» — адзін з лепшых у гэтай сімпатычнай кнізе.
Паэтэса адкрывала свет па-свойму, не абмінаючы, між іншым, народна-песенных інтанацый, якія гучалі ў яе не сказаць каб свежа, але даволі ўпэўнена:
Я расой абмываю ногі,
На вірлівую ваду
Праганю тугу-трывогу,
Сыпкім берагам пайду.
Ты скажы мне, рэчка Лана,
Падкажы, палын-трава,
І чаму баліць ад рання
Маладая галава?
Былі, зразумела, творы, дзе перажыванні выглядалі больш псіхалагічна індывідуалізаванымі, сваімі:
У добры шлях! У добры час!
Трывога адкалосіцца…
Смяешся ты — і я ў адказ,
Хоць смех на слёзы просіцца.
Паэтэса пачынала разумець складаную дыялектыку пачуццяў сваёй гераіні, іх адценні. У жыцці, адчувала яна, нярэдка так і здараецца…
Словам, гэта была сур’ёзная заяўка на цікавы лірычны характар. Знешніх адзнак часу тут было не шмат, тым не менш вершы былі вельмі сучасныя па гучанню, па самому паэтычнаму ладу. Паэтэса ішла «ад сябе». Логіка яе — перш за ўсё эмацыянальная.
Сёння шмат разважаюць пра сутнасць паэтычнага — пра «тайну» паэтычнага феномена. Паэзія Я. Янішчыц не выклікала сумненняў у сваёй сапраўднасці, і «тайна» ў ёй была. Мне яна бачыцца ў своеасаблівасці лірызму паэтэсы — празрыстага, ціхага, някідкага, песенна-плаўнага. Яўгенія Янішчыц — лірык перш за ўсё, цалкам і поўнасцю. У яе радку вабіла магіл тону, гуку, музыкі, якія прыцягвалі да сябе, нібыта закалыхвалі і зачароўвалі. Аснову яе інтанацыі складалі музычнасць, напеўнасць радка — матэрыяльнасць, пластычнасць быцця і свету цікавілі яе менш. Дзве вярбіны над ракою, ноч, кастры — з верша «Да сустрэчы» — не столькі рэальныя, колькі ўмоўныя, узятыя паэтэсай з народна-песеннай стыхіі. Тое ж самае можна сказаць і пра расу, палын-траву і г. д.
Лірызм паэтэсы, асабліва ў першай кнізе, існаваў па-за знешнім светам прадметаў і рэчаў — як іх эмацыянальна-песенны адбітак, як гук і мелодыя. І першай кнізе такая акалічнасць не шкодзіла. Аднак надалей трэба было, каб лірызм змяшчаўся ў саміх прадметах, а не прыдаваўся звонку — з іншых сістэм і паэтак. (Зрэшты, гэта — яе праграма і на будучыню.)
Ёсць у літаратуры паняцце «жаночая лірыка». Яна мае свае вяршыні ў сусветнай паэзіі. Леся Украінка, Марына Цвятаева, Ганна Ахматава, Саламея Нерыс… Па-рознаму праяўляецца ў іх жаноцкасць, не перашкаджаючы, між іншым, гучанню матываў па-сапраўднаму грамадзянскіх.
Жаноцкасцю, суладдзем, ласкай павеяла ад першай кнігі Янішчыц:
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
І мудрыя лясы.
Хапае на Палессі
І сонца і вады.
І што ні двор — то песня,
Што вёска — то сады.
Па травах светла-шызых
Мы пройдзем ля ракі,
Дзе, мыючы бялізну,
Вядуць сваё жанкі…
Жаноцкасць у паэзіі Янішчыц звязана якраз з музычнасцю яе верша, некаторай ідэалізацыяй рэчаіснасці, інтымнымі інтанацыямі, унутранай даверлівасцю, схільнасцю да эмацыянальнага абжывання свету. І наўрад ці меў падставы Д. Бугаёў у спрэчцы з А. Грачанікавым, які ў артыкуле «Ручаіны дзён маладых» даводзіў, што «Снежныя грамніцы» хвалююць і «першароднасцю пачуццяў і думак», і «кволасцю і безабароннасцю перад людзьмі і светам». З «першароднасцю пачуццяў» Д. Бугаёў згодзен («гэта святая праўда!» — ён), з «кволасцю і безабароннасцю» — не. І дарэмна. Сфера паэтычнага ў Янішчыц, прынамсі ў першай кнізе, уключала, думаецца, і эстэтычна змястоўную кволасць гераіні, і яе безабароннасць перад светам.
У далейшым, зразумела, дабрата і безабароннасць паэтэсы і яе гераіні мелі патрэбу ў развіцці актыўна-гуманістычнага пачатку, каб не патраціць талент на дробязі, на апяванне малаістотнага.
Жыццё Яўгеніі Янішчыц пачалося на вясковым улонні. Нарадзілася ў вёсцы Рудка Пінскага раёна. Каларыт Палесся перайшоў у вершы, дзе можна напаткаць і вёску з прыгожай назвай Велясніцы, і раку Лану, і сімпатычныя постаці землякоў паэтэсы — цётку Клаву, дзеда Цішу, Усцінню і іншых. Ад гэтага паэзія яе не зрабілася рэгіянальнай, наадварот, заснаваная на зямных, жыццёвых пачуццях, яна стала яшчэ больш сімпатычнай, праўдзівай.
Паэтэса цэніць у сваіх земляках, сучасных палешуках, працавітасць, душэўную трываласць, чалавечнасць. Адчуваецца, што яна як мастак вельмі шануе народны характар — і ў гэтым маральна-этычная аснова яе творчай пазіцыі, якая многае вызначае ў яе паэзіі.
Палескі каларыт адбіўся не толькі ў назвах, імёнах, персанажах. Ён пранік у паэзію Янішчыц глыбей, абумовіўшы яе самыя няўлоўныя эстэтычныя адценні — музыку, колер, настрой, увесь духоўны кантэкст, звязаны з народным складам паэтычнага мыслення.
Вёска — як малая радзіма — з’яўляецца на кожным вітку творчага шляху паэтэсы вельмі жаданым пунктам вяртання яе з жыццёвых вандровак:
Таму і жыць, і жыць мне тут заўсёды,
Любіць твой дух настойна-смаляны,
Пакуль бруяцца бэзавыя воды
І як стагоддзі роднае прыроды —
Стаяць на вечнай варце валуны.
Палеская тэма — як тэма вёскі, маральных каштоўнасцей народнага жыцця — у разнастайнасці адценняў праходзіць праз усе яе кнігі: «пахне кмінам, зорамі палае ціхае палескае сяло» (зборнік «Дзень вечаровы»).
Доўгія шляхі і павароты,
Звабны бляск, і мітусня, і шум
Аціхаюць,
калі мне вароты
Вёска адчыняе, як душу.
Неяк, разважаючы пра вядомы зборнік Канстанцыі Буйло «Курганная кветка», Янішчыц падкрэслівала невыпадковасць назвы — «Курганная кветка». Такая невыпадковасць ёсць і ў самой Янішчыц. Помню, мяне здзівіла назва — «Снежныя грамніцы». Даўняе, «праславянскае», язычаскае, можна сказаць, слова «грамніцы» паэтэса вынесла на вокладку. Чаму? Якую сувязь яно мела са зместам кнігі? Пра гэта здагадаўся не адразу. Цяпер хачу падзяліцца некаторымі меркаваннямі на гэты конт.
Назва — «Снежныя грамніцы» — не для таго толькі, каб здзівіць чытача свежым, «росным» словам. Тут, у гэтых двух пявучых словах, я чытаю пэўны падтэкст. Паводле старажытна-язычаскіх павер’яў, «грамніцы» — дзень 15 лютага, калі зіма сустракаецца з вясной; у гэты дзень (ці ў які іншы, «суседні») здараецца, што ў зімовым небе неспадзявана прагрукоча гром. У «Снежных грамніцах» ёсць пра гэта радкі:
Рана ўсталі маладзіцы
Ды да студняў за вадой —
Праславянскія грамніцы
На радзіме лугавой.
Непаўторныя мінуты
Бальшакоў і блізкіх сёл:
Хоць лютуе люта люты —
Неба ясніцца вакол.
Гром — зімой! Калі яго ніхто не чакае! Гэтаксама нечакана, выклікаўшы здзіўленне, прагучала песня нашай паэтэсы: талент — заўсёды нечаканасць. Вось у чым для мяне сэнс назвы, якая ўяўляецца своеасаблівым, «янішчыцкім» паэтычным вобразам, увасобленым у адпаведную мастацкую форму, арыгінальнасць якое надае тонкая інструментоўка на пявучасць, меладычнасць.
Ёсць свой змест і ў назвах другой і трэцяй кніг — «Дзень вечаровы» і «Ясельда» з іх выразнай гукавой інструментоўкай і ўнутранай устаноўкай на народнае.
Вершы Янішчыц, і асабліва першы яе зборнік, былі прыхільна сустрэты паэтамі і крытыкамі.
З прыязнасцю пісаў пра паэтэсу Ніл Гілевіч. Ён вельмі правільна і тонка адзначыў (маючы, у прыватнасці, на ўвазе верш «Да сустрэчы…»): «Адна з асаблівасцей лірычнага самавыяўлення ў Янішчыц заключаецца ў тым, што не заўсёды можна з поўнай вычарпальнасцю сказаць, пра што напісаны верш… Гэта — паэзія, якая нячутна, накшталт сонечнага святла, уваходзіць у цябе, каб выклікаць у душы і сэрцы такі ж вясенні сонечны настрой, каб і ты, падуладны яе магічным чарам, прычасціўся да радасці і ўрачыстасці жыцця».
Высокая ацэнка!
Ясна было, што маладая паэтэса ведае магчымасці слова, хаця верш яе, на першы погляд, здаваўся залішне традыцыйным і даволі сціплым і немудрагелістым. Паэтэса выказвалася з дзіўнай лёгкасцю і непасрэднасцю. Пытанне аб майстэрстве, здавалася б, і не стаяла. Аднак прастата яе верша не мае нічога агульнага са спрошчанасцю. Паэзія тут добра ўзгоднена з «паэтыкай», форма са зместам. Аўтару вядомыя сіла гукапісу і ўвогуле значэнне актыўнай формы, здольнай дынамізаваць змест.
Сані, сані…
Даль за палазамі.
Добрае, спакойнае святло.
Сыпле снегам,
Дыша маразамі
Роднае палескае сяло…
Унутраная і знешняя форма гэтых радкоў вельмі збліжаныя. Слова выклікае гук, гук узбагачае сэнс і ўяўленне.
«Ёсць усе падставы сцвярджаць, — вельмі слушна гаварыў у той жа рэцэнзіі Д. Бугаёў,— што як быццам даволі традыцыйныя па форме, не абцяжараныя штучнай мудрагелістасцю, вершы Янішчыц на самай справе не такія простыя, як можа здавацца спачатку, Іх прастата мае за сабою значную паэтычную культуру».
Тут з крытыкам можна поўнасцю згадзіцца.
Паэтэса ўмее ствараць інтанацыю. Дзеля гэтага парушае традыцыйныя памеры, апускае асобныя склады, танізіруе верш, выразна інструментуе радок.
І самае галоўнае ў мастацтве Я. Янішчыц — народная аснова, якая арганічна пераплятаецца з сучасным «утокам» — той паэтычнай культурай, пра якую пісаў Бугаёў.
Прыгледзьцеся да наступнага верша (са «Снежных грамніц»):
Долу далонь. Дарога крутая.
А за спіною бор вырастае.
Ты ў бары ваду бяры.
Не шапчы на вушка.
Зажуруся без пары
Па залётных птушках.
Ой ты, бор векавы,
Зялёная мята.
Не падняць галавы,
Не дайсці да хаты…
— Да-а-вя-дзі-і! —
Рэха даль гукае.
Пераблытаўся шлях і вечар.
Долу далонь —
на развітанне.
Песня — на сустрэчу.
Сімпатычны верш! Як хораша спалучыліся ў ім сучаснае і народна-частушачны матыў, абумовіўшы псіхалагічнасць пачуцця, яго гнуткасць і рухомасць.
А вось верш з кнігі «Ясельда» — з іншага псіхалагічнага кантэксту:
Для сваёй адзінае дачушкі
На вякі (вядома ж, на вякі!)
Вышыла матуля мне падушкі,
Лёгкія,
як дым,
пухавікі.
Вунь яны,
прывезеныя з дому,
Хораша цвітуць, як сенажаць.
…Ты даруй мне, мама, што мілому,
Так, як ты, не ўмею мякка слаць.
Сёння шмат гавораць пра асацыятыўны пачатак, звязаны з разнастайнымі ўмоўнасцямі. У Янішчыц эфект асацыятыўнасці дасягаецца іншымі — больш традыцыйнымі — сродкамі.
У яе кнігах, па сутнасці, няма кніжнасці, літаратуршчыны, якая вельмі замінае маладым паэтам, асабліва пачаткоўцам. Янішчыц шукае натхнення ў жыцці, звяртаецца да жывога народнага слова. Яе паэзія прарастала галасамі продкаў — касцоў і жней. «Мне ў жыта хочацца ўвайсці, мне вечнасцю здаецца жыта» — гэты матыў, які так ёміста адбіўся ў паэзіі Аляксея Пысіна, хвалюе і мастацкае ўяўленне Янішчыц.
І ўсё ж такі пытанне сувязі з жыццём не здымалася. Каэфіцыент яго пераламлення ў яе творах трэба было пастаянна павялічваць.
Першая кніга з «сінкрэтызмам» яе агульнаэмацыянальнага тону, засведчыўшы несумненныя здольнасці паэтэсы, падказвала патрэбу ў большым «зазямленні» яе паэзіі, у звароце да канкрэтыкі, забеспячэнні эмоцыі канкрэтнасцю і дакладнасцю паэтычнага выяўлення.
Другі зборнік, «Дзень вечаровы», выйшаў толькі праз чатыры гады — у 1974-м.
У другой кнігі заўсёды ёсць свая асаблівасць: часам здараецца, што на яе паэта не хапае. Пра «Дзень вечаровы» так не скажаш — там ёсць шэраг удалых вершаў. Але кнігай — этапнай кнігай — ён, на мой погляд, не стаў. У лепшым выпадку абазначыў пачатак нейкай новай паласы ў творчасці паэтэсы.
У ім яна прадоўжыла тэму «Снежных грамніц»:
Люблю,
калі сыдуць марозы:
Бясконцы раздольны прастор —
Зялёная радасць бярозак
І сіняя радасць азёр.
Тут таксама шмат музыкі, меладычнасці, напеўнасці. Але адчування таго, што паэтэса хоча сказаць нам нешта вельмі важнае, істотнае, — такога адчування няма. Новай песні быў патрэбны «і крыгалом, і дождж», які мог бы расчляніць юнацкую «сінкрэтычнасць» мыслення, надаць мысленню аналітычнасці.
У першай кнізе Янішчыц з першага ж верша ўзнікае тэма Радзімы, якая некалі «быццам маці… за руку ўдалячынь павяла».
У другой яна атрымала працяг:
Колькі па свеце схадзілі,
Ператапталі бяды,
Толькі дыханне Радзімы
Кліча здалёку заўжды.
Аднак усё ж такі паняцце Радзімы патрабавала большай як сацыяльнай, так і духоўнай напоўненасці і асабістай акрэсленасці. Паступова гэтыя якасці з’яўляліся. Умацоўвалася асабістасць у адносінах да свету.
Цяпер паэтэса пыталася:
Хто я ў лясах тваіх,
Радзіма?
Радзіма,
Хто я ў палях?
Што там, наперадзе — «дарога, бездараж, спакой?..» Узнікае матыў трывогі, прадчуванняў — «прыйшла ў сад, які ўвесь барвовы!..» А думала: «Прыйду ў зялёны сад…»
У «Снежных грамніцах» прысутнічаў «наіў» як адна з граняў паэтычнага. Ён не шкодзіў першым вершам. Дарэчы, паэтэса ўмела абыграць і сам «наіў», надаўшы яму пэўную эстэтычную значнасць. Захапленне жыццём, замілаванасць (праўда, без лішняга пафасу) чыталіся амаль у кожным вершы. Тут з’явіўся матыў няўпэўненасці — «як за падманам, за туманам іду павольна над ракой…». Для маладой, уражлівай душы такія адчуванні, думаецца, натуральныя. Як-ніяк, надыходзіў узрост сталасці…
Першая кніга сведчыла, што паэтэса здольная была заўважаць і некаторыя супярэчнасці навакольнага жыцця, «крыгалом бяды», чалавечы боль, драму і нават трагедыю («У бабулі Паланеі пяць сыноў і пяць магіл», або пра цётку Клаву — «на чатыры пакоі адна»). Але з цягам часу больш глыбокае ўспрыманне свету павінна было ісці поруч з больш глыбокай сацыяльнай насычанасцю вершаў.
Прыхільнікі таленту паэтэсы чакалі ад яе далейшага ўзмацнення цікавасці да таго, што называюць сапраўдным драматызмам эпохі. Адзнакі яго можна было адчуць у вершы «Жанчына мыла і маўчала…». Гаворка ў ім ішла пра ўдаву, муж якой не вярнуўся з вайны:
Жанчына чуйна ўспамінала
На схіле жнівеньскага дня…
Як вышыванка, расцвітала
Над удавою вышыня.
А заўтра рана уставаць…
А заўтра зноў чаканне пошты…
Яна не ведала, навошта
Кашулю брала паласкаць.
Драматызм выразна выступае ў вершах-рэквіемах, прысвечаных памяці Змітрака Астапенкі, Міколы Сурначова, Лёні Якубовіча, а таксама ў такіх радках: «Як лёгка ступаць па дарозе, як цяжка праходзіць жыццё!» — гэта гучыць як вывад з перажытага.
Добры верш «Цётка Воля», у якім гаворыцца пра тыповую для нашага часу сітуацыю: павырасталі дзеці і раз’ехаліся па белым свеце, пакінуўшы родную хату, бацькоў. І засталася цётка Воля адна…
Прыкметай жыццястойкасці таленту Янішчыц з’яўляецца яе пастаянны роздум над сваім творчым шляхам: «Вельмі часта адмаўляюць апісанне як „голую эмоцыю“. І выстаўляюць на першы план паэзію думкі. Так, А. Вярцінскага і П. Макаля адносяць да „рацыянальных“, а Р. Барадуліна і В. Вярбу да „эмацыянальных“ паэтаў.
Але, прашу дараваць, усе гэтыя тэрміны дастаткова ўмоўныя. Час бярэ сваё, і нельга ўжо цяпер забывацца нам пра самае галоўнае — пра сінтэтычнасць мастацтва. Бо пачуцці або думка паасобку ніколі не змогуць даць нам цэласнага ўражання».
У «Дні вечаровым» Янішчыц больш задумваецца над сваім прызваннем, месцам у жыцці. З’яўляецца вобраз «чайкі над залівам», з якой яна параўноўвае сябе:
Я і сама паміж вятроў
Уся — палёт суровы,
Калі шукаю, як сяброў,
Загубленыя словы.
Гэта — не поза. Якая б то ні была — поза для Янішчыц выключана. Закон яе — натуральнасць. Паэзія для яе — жыццяпіс. Працытаваныя радкі сведчаць пра шматстайнасць жыцця, сярод якога яна апынулася, пра яго супярэчлівасць, цяжкасці.
«Са мною, песня, разам пакутуй і мудрэй», — гаворыць яна ў другой сваёй кнізе. У ёй — у параўнанні з першай — шырэй тэматыка. «…Гарыць касцёр дзесь у далёкім Чылі, а іскры залятаюць да мяне».
Кола трывог пашыраецца…
Некалі ў адным з артыкулаў (пасля выхаду першай кнігі) Я. Янішчыц пісала, што «развіццё паэзіі цесна звязана з ростам асобы, з яе духоўна-асабістым пачаткам. І паэзія нараджаецца тады, калі ў душы самога творцы адбываецца значны духоўны пераварот…»
Сказана шчыра і правільна.
Дорачы мне некалі першую сваю кнігу «Снежныя грамніцы», Жэня Янішчыц напісала на першай старонцы: «Успомніце калі-небудзь, як палеская Ясельда выходзіць са сваіх берагоў…» Калі гэты вобраз дастасаваць да творчага шляху паэтэсы, то можна сказаць, што Ясельда выйшла з берагоў не ў першай кнізе і не ў другой, а ў трэцяй, якая так і завецца — «Ясельда». Справа, вядома, не ў назве.
«Ясельда» — гэта адчуванне прастору, якое ўвесь час расло ў лірыцы Янішчыц, вяртанне — на новым вітку жыццёвага вопыту — на «кругі свае».
Знешне паэтэса хоча паказацца вельмі спакойнай (лірызм яе ніколі не быў задужа тэмпераментны). Але ў зборніку «Ясельда» павялічыліся, на мой погляд, духоўная запоўненасць верша, лірыка-драматычны падтэкст: «Прывяла песня на губах ці не таму, што знала страты?..» Паэтэса глыбей заглядвае ў чалавечую душу, імкнецца ўзняцца над «стратамі», горнецца да людзей.
Унутрана блізкім ёй становіцца стары Салавей (з аднайменнага верша) з яго спакойнай думай:
Што хутка снег пакрые паплавы,
Скуе мароз загоны да астатку,
І каб на зіму скошанай травы
Хапіла ўдосталь маладому статку.
І хай гэтым радкам не стае сацыяльнага тэмпераменту, абвостранасці, яны сведчаць, што ход думак ідзе плённым шляхам.
У паэзію паэтэсы ўваходзяць лёсы аднавяскоўцаў. Яе ўвагу прыцягнула жыццё Усцінні, што адна гадуе дачку і не верыць у здраду мужа. У першай кнізе маладая паэтэса прызнавалася: «Не шукаю гаманлівай славы і вучуся сціпласці ў кабет». Цяпер яна напісала цудоўную «Баладу вернасці», прысвечаную вясковым жанчынам.
Да вас бяжыць знаёмая дарога,
Да вас вязу няпэўны свой настрой.
А вы адкуль з такою дабрынёй
І да мяне, і да майго малога?
Праўдзівыя, нявыдуманыя пачуцці, нязмушаныя, шчырыя рухі душы…
Некалі ў самых першых вершах загучала тэма кахання — вельмі пяшчотная, інтымная. Яна атрымала працяг ў «Дні вечаровыя», «Ясельдзе». Адзін з удзельнікаў нядаўняй дыскусіі «Паэзія і свет», якая вялася на старонках «Литературной газеты», гаворачы пра тэму кахання ў сучаснай лірыцы, заўважыў, што гэта — адна з рэдкіх тэм сённяшняй паэзіі, што цікавасць да яе паслабла. Паэзія Янішчыц даказвае адваротнае. Асабліва ў зборніку «Ясельда».
У «Ясельдзе» сэрца гераіні ахоплена каханнем:
Дай бог з табою мне не сустракацца,
Застанься там,
на беразе,
дзе мы
Яшчэ не ўмеем нават цалавацца,
Не адчуваем холаду зімы.
Сёння лірычнае пачуццё Яўгеніі Янішчыц стала больш складаным і шматгранным, набліжаным да складанасці самога жыцця.
У вершах пра каханне жыве «жаночая памяць сэрца». Сярод іх ёсць прыклады паўнакроўнай лірыкі — хвалюючай і драматычнай:
Няпраўда, ужо не сумую,
Але, затуманіўшы зрок,
На ўсіх скрыжаваннях раўную
Твой голас, твой позірк, твой крок.
Блакітам поўняцца яблыкі
Славянскіх адкрытых вачэй.
Мне сёння любіць безаглядна
Высокая выпала чэсць.
Да смагі, да хрусту, да болю,
Да самай апошняй з мінут
Іду і бягу за табою,
Зрываючы путы пакут.
О божа, няпраўда, што свята
У мяне засталося на чвэрць,
Я сёння настолькі багата,
Што ўжо не баюся збяднець!
Але не ўсе інтымныя вершы такія. У некаторых пачуццё выступае збедненым, адналінейным — гэта асабліва там, дзе гераіня гаворыць пра сваё расчараванне, пра няспраўджаныя надзеі. Трэба быць вышэй.
Крытыка заўсёды называла талент Янішчыц шматабяцальным. Сёння мы можам сказаць: многія абяцанні спраўдзіліся.
І для Яўгеніі Янішчыц наступіла пара падрахункаў і справаздач. Ранейшая яе гераіня, з якой мы пазнаёміліся ў «Снежных грамніцах» — бесклапотнае дзіцё, — знікла беспаваротна. Жыццё пачынаецца нанова. Узмацняецца маральнае, грамадзянскае стаўленне да рэчаіснасці.
Лірызм набывае характар нарысавасці ў лепшым значэнні гэтага паняцця — у значэнні дакладнасці малюнка і істотнасці таго, што паэтэса хоча сказаць. Прывяду верш «Сінін» (Сінін — назва палескай вёскі).
Тут, дзякуй богу, ўсе здаровы:
Калі прывык хварэць калгас!
…На красавіцкі луг карова
Вядзе цялятка ў першы клас.
Дзівуецца
зямляк з-за мора
На незвычайны ў вёсцы план,
Дзе ў кожнай хаце па шасцёра
Малых і шустрых сінічай.
А вёска з попелу ўваскрэсла —
Пад Сініном Сінін крычыць.
Ды за бяседнай чаркай песня
Яшчэ з-пад кораня гучыць.
Нясе учэпіста вядзерца
ў малой руцэ даярчын сын.
…Не прывядзі разбіць мне сэрца
Аб немату тваю, Сінін!
У «Ясельдзе» шмат выдатных вершаў — «Балада вернасці», «Марыля», «Бацькава дарога», «Вёсцы», «Спыню свой крок…», «Апавяданне пра жытнёвы сноп», «Ясельда», «Не дакарала, не журыла…» і іншых — з уласцівай для іх шырокай заглыбленасцю, калі не абмінаюцца супярэчнасці, складанасці, праблемы жыцця, калі сваё арганічна сінтэзуецца з агульным, выпрабоўваецца ім.
Дасягненні, якімі была адзначана «Ясельда», замацаваліся ў новым зборніку лірыкі «На беразе пляча» — 1980 год. Ён сведчыць, што цікавасць да чалавечых лёсаў у паэтэсы паглыбілася. Яна ўмее заўважыць і ацаніць унутраную прыгажосць чалавека.
Цяжкія ў Матроны
Зрок, галава,
Слязу аброніць —
Жухне трава.
Глухая да песні,
Матрона пяе:
«Куды ж вас панесла,
Сыночкі мае?»
З вершаў Я. Янішчыц паўстае ўнутраны свет сучаснай жанчыны, яе любоў да жыцця, працавітасць, шчасце мацярынства, хараство і дабрыня. Яе паэзія шматструнная, у ёй знаходзім плённае зліццё самых шматстайных імгненняў, з якіх складваецца наша жыццё.
«І дзякуй лёсу, — гаварыла паэтэса ў адным з нядаўніх інтэрв’ю, — што, прыглядаючыся да краю свайго, да людзей, непазбежна ловіш сябе на думцы аб супярэчлівых тайнах быцця».
Станаўленне паэтэсы працягваецца. Ёсць падставы верыць у яе новыя поспехі.