Свежасць першаадкрыцця (Рыгор Барадулін)

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Свежасць першаадкрыцця

(Рыгор Барадулін)

Пімен Панчанка прысвяціў яму верш «Паходжанне майго друга Рыгора Б.»

Ты прыйшоў з вайны і гора,

Ты — з малітвы,

Ты з разгневанага бору,

Ты смалісты.

Сто паэтаў цягнуць хорам,

Ты салістам.

Ты нібы святло у лесе

Ад каліны,

Ты ад самай добрай песні —

Ад Куліны.

Гэта — мастацкі партрэт паэта, напісаны выдатным і дабразычлівым майстрам старэйшага пакалення. Партрэт напісаны, прама скажам, віртуозна, па манеры нагадваючы стыль самога Барадуліна, які быў і застаецца адным з самых яркіх, самабытных, шчодрых нашых паэтаў. Яго слова, — як заўсёды, канкрэтнае і прадметнае — адлюстроўвае час, рэчаіснасць, прыроду, — словам, жыццё ў багацці яго матэрыяльнай плоцевасці, пластыкі, колераў, гукаў і пахаў.

Рыгор Барадулін — гэта імя вельмі шмат значыць у сучаснай беларускай паэзіі. У яго — дзесяткі кніг арыгінальных вершаў і перакладаў.

Пачаў публікавацца ён у 1954 годзе, будучы студэнтам БДУ імя У. І. Леніна. У 1956 годзе разам з аднакурснікамі ездзіў у Кустанайскую вобласць (Казахстанская цаліна) убіраць ураджай. Яго першы зборнік вершаў «Маладзік над стэпам» (1969) выявіў незвычайную душэўную шчодрасць і прыгажосць лірычнага героя. Гэта — малады хлопец, студэнт, які вось пасля напружанай вучобы вяртаецца дамоў (а радзіма яго, па ўсім відаць, Ушаччына), і ўся істота яго адкрываецца дзіўнаму шматгаллоссю навакольнага жыцця, усім яго праявам. Ён рады сустрэчы з землякамі і іх справамі, рады адчуць «як над бруістаю рэчкаю быстраю пахнуць лілеі, аер і чарот, і першацвет далікатны парэчкавы, і чарназём той, што вывернуў крот». Нават крапіва становіцца эстэтычна прывабнай. А чаму не?

І крапіва маладая стрыкаецца,

Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін.

Так, яшчэ ў першых вершах аўтар паказаў уменне адкрыць эстэтычную каштоўнасць бытавой дэталі, падрабязнасці, розныя грані біяграфіі свайго лірычнага героя.

Калі б трэба было падшукаць прыклад для ілюстрацыі думкі, што паэзія — гэта мысленне ў вобразнай, пачуццёва-канкрэтнай форме, то вершы Р. Барадуліна аказаліся б тут вельмі дарэчы. Элементы рацыянальнасці ў яго мастацкай сістэме зведзены да мінімуму. Гэта, калі сказаць словамі А. Блока, лірык па светапогляду, па светаадчуванню, па вельмі асабіста-эмацыянальнаму ўспрыняццю рэчаіснасці, што ўласціва далёка не кожнаму. Паэтычны вобраз у Р. Барадуліна — амаль адзіная форма існавання думкі і перажывання.

Прынцыповае значэнне для ідэйнага станаўлення паэта меў верш «Бацьку». Ён вельмі асабісты: паэту выпала доля расці без бацькі, бацька, Іван Рыгоравіч, не вярнуўся з вайны, і цяпер няма каму выйсці за вёску, спаткаць сына, падаць руку. Такі боль не загойваецца… У гэтым асабістым таксама выяўляўся лёс пакалення — пакалення «бязбацькавічаў», аб’яднаных агульнай доляй:

Паверыць цяжка мне таму,

Што больш не прыйдзеш ты дадому.

А шапку я заўжды зніму

Перад магілай невядомай…

З іменем Р. Барадуліна ў беларускай паэзіі звязаны рэдкасны дар асабліва эмацыянальна, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет. Ягоны творчы шлях, — пры ўсёй неадналінейнасці развіцця — з’яўляецца пацвярджэннем таго, што рост творчых магчымасцей паэта непасрэдна звязаны з росквітам і ўзбагачэннем яго асобы. Добра памятаецца нізка вершаў «Вечар над Таболам» (якая ўвайшла ў першы зборнік) — маладая свежасць пачуццяў, радасць калектыўнай працы, камсамольскі энтузіязм, якія так поўна і непасрэдна выявіліся ў гэтым «цалінным» цыкле. Перачытваючы яго сёння, бачыш, што ў светаўспрыманні паэта пераважаў калектыўны пачатак, як быццам бы паэтычнае «я» аўтара «раствараецца ў масе», у калектыве студэнтаў, што працавалі ў цалінным саўгасе. З цягам часу ўсё часцей і часцей на першы план у вершах паэта выступае паўнакроўнае і шматзначнае «я» ў непаўторнасці свайго індывідуальнага быцця.

«Лицом к лицу лица не увидать» — гэтак сказаў С. Ясенін. Сучаснікі не заўсёды дакладныя ў вызначэнні каштоўнасці і маштабнасці тых мастацка-эстэтычных з’яў, сведкамі якіх яны з’яўляюцца. Некаторым крытыкам здалося, што пасля «Маладзіка над стэпам» малады паэт сцішыў сваю хаду. Не, гэта не так. Сёння добра відаць, што і другі зборнік «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961) быў крокам наперад. У гэтым пераконвалі вершы «Трэба дома бываць часцей», «Палата мінёраў», той жа «Вятрак» і іншыя.

Развіццё паэта — ад кнігі да кнігі — ішло натуральным чынам. Пабольшвалася матываў роздуму, радок стаў інтанацыйна больш свабодным, гнуткім.

Сонцу і ветру батрак,

Стаіць на пагорку вятрак.

Суседзі сваё адмахалі.

Адзін сірацее.

Пыльна.

Дзе ж гэта падводы з мяхамі?

Чакае, углядаецца пільна…

(«Вятрак»)

Першая кніга Р. Барадуліна, яго стылёвы код, адчуваецца і ў другой, і ў трэцяй, і ў чацвёртай… Сакавітасць, рэчыўнасць пісьма — яе мы сустракаем паўсюль.

У верасня свой, асаблівы пах:

Курыць сівец — плыве дымок гаркавы.

Зямлёю пахне бульба у капцах,

Антонаўкамі зоры па начах

І туманы — ляжалаю атавай.

Тэма Радзімы гучыць шматстайна, напорыста; эмоцыі ўзбагачаюцца ідэйна і душэўна. На грунце свайго, асабістага вопыту паэт выходзіць на шырокія абагульненні.

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці…

Верш паглыбляе свой ідэйна-маральны змест, становіцца з’явай грамадскай свядомасці.

Трэцяя кніга мела характэрна барадулінскае найменне — «Нагбом». І. Шклярэўскі ў адным з артыкулаў пра Р. Барадуліна тлумачыў: «„Нагбом“ — гэта калі бярэш у рукі заледзянелае вядро і п’еш з яго, здзьмухваючы звонкія ільдзінкі і леташняе лісце». Добра сказана! Нагбом — метафара ўсёй барадулінскай паэзіі з яе свежасцю і першароднасцю фарбаў.

Мохам зязюльчыным

                          ідуць маладзіцы,

Губы засмяглыя

                          ў спелых суніцах —

На сонцы ягады

                          спакойна вымлелі.

Холадам ногі

                          рачулка вымыла.

Ляціць над звонкімі баравінамі

песня

дзяўчынанькаю

                          нявіннаю:

— А я ў бару

Грыбы бяру,

Каля межы —

Сыраежы!..

Паэзія рэчаіснасці жыве ў слове — слова гэта непаўторнае. Прынамсі, перакласці слова паэтычнае на мову празаічна-апавядальную цяжка. Аднак хіба мы не бачым у сваім уяўленні гэтых ягадніц, што ідуць — сёння, і сто, і тысячу год таму назад — тымі самымі «звонкімі баравінамі»…

Гістарычны зрок паэта станавіўся ўсё больш відушчым. Учытайцеся ў гэту баладу:

Гналі роднай зямлёй палонных.

Смерць,

            як лёхі,

                        калоны палола.

Ля знаёмага шчырага бору,

Дзе ігліца падсохла,

                          як порах,

Дзе карэннем спавіты сцежкі,

Крок

               салдат сінявокі прыспешыў.

І, сабраўшы апошнія сілы,

Ірвануўся

               у верас сіні.

Верас сіні

               паплыў кругамі…

Дзе сасонка на горку кульгае,

Птушкі

               цёплае лета хвалілі,

Злыя кулі

               лічылі хваіны…

За прыгоркам бацькоўская хата.

Абкульгала сасонка салдата…

Гэта балада — як помнік, яна прымушае спыніцца, памаўчаць…

Паэзія Р. Барадуліна пастаянна ўзбагачаецца новымі сродкамі выразнасці, імкнецца да свежых мастацкіх форм, здольных ярчэй, эмацыянальней выявіць унутраны сэнс падзей, светаадчуванне сучасніка. У кнізе «Нагбом» узмацнілася імкненне да большай маштабнасці ўспрыняцця рэчаіснасці: «Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў, услед за сонцам доўга мне брысці». У эпоху асваення космасу гэты вобраз «сына зямлі» выглядаў не так ужо і абстрактна. Зрэшты, слову паэта хапала і канкрэтнасці, нават дакументальнасці. Яго паэзія паглыбляе разуменне духоўных каштоўнасцей чалавека — узнікае вобраз маці. Той, Акуліны Андрэеўны, пра якую ўспомніў у сваім прысвячэнні П. Панчанка. Яе вобраз упершыню ўзнікае ў цыкле вершаў «Трыпціх», у якім аўтар расказаў пра сваю зямлю і яе працавітых і гераічных людзей («Кожны мае свае Ушачы»), «Трыпціх» — гэта асэнсаванне свайго роду, прыналежнасці да роднай зямлі.

Ад бацькі свайго

                          ў радню

Я атрымаў

                з дзяцінства

Шырокую даланю —

Тапарышча

              любое

                        сцісну!

Паэт звяртаецца да такіх дэталей, падрабязнасцей, якія знаходзяць для сябе ў запасніках нашай памяці, індывідуальным жыццёвым вопыце вельмі спрыяльную глебу. Мы суперажываем разам з паэтам; вобраз пашыраецца, вырастае, кранаючы ўсё новыя бакі нашага светаадчування.

Адна за другой выходзяць кнігі: «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968), «Лінія перамены дат» (1969), «Вяртанне ў першы снег» (1972) і іншыя. Паэт, расказваючы пра сябе і сваё пакаленне, здолеў шырока адлюстраваць прыгажосць Радзімы і роднай прыроды, паказаць вялікую чалавечнасць і гераізм савецкіх людзей, веліч іх подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне і пафас стваральнай дзейнасці, дружбу народаў. У паэзіі Р. Барадуліна знаходзім вострае адчуванне роднага дома, радзімы, прыроды, мовы, гісторыі. Яго паэтычнае майстэрства надзвычай высокае: багацце мовы, шматстайнасць вобразна-стылёвых сродкаў, своеасаблівы псіхалагізм дапамагаюць дакладнаму і паўнакроўнаму выяўленню жыцця.

Паэт напружана працуе.

У «Нерушы» ён імкнецца яшчэ больш павялічыць каэфіцыент вобразнай перадачы жыцця, стараецца ўзмацніць ёмкасць паэтычнага вобраза. Р. Барадулін верны свайму імкненню да адказу грузіць слова, радок, страфу асабістай ацэнкай, думкай, перажываннем. У яго амаль не знойдзеш «прахадных» або чыста «інфармацыйных» мясцін.

Трэба адзначыць і ўзросшае адчуванне грамадскай адказнасці паэта за сваю творчую працу — гэта выразна прасочваецца не толькі ў фармальных пошуках, але і ў пашырэнні ідэйна-тэматычнай сферы яго інтарэсаў. Ужо адно тое, што па розных і дальніх дарогах прайшоў паэт і яго герой — няўрымслівы беларускі хлопец з Ушаччыны, — сказана ў анатацыі, «ад няскоранай цытадэлі Брэста да туманных берагоў Японскага мора, ад самых паўночных на зямлі гарадскіх агнёў да суровых перавалаў Паміра», — шмат гаворыць пра абсягі яго паэзіі. Іншая справа — наколькі ўсё гэта «адстаялася словам», як казаў Маякоўскі.

Цыкл «Еўразія» — лірычны дзённік, які сабраў уражанні паэта ад падарожжа па Далёкім Усходзе і Сібіры, — асабліва яскрава сведчыць аб пашырэнні паэтычнай «геаграфіі» барадулінскай паэзіі. Шуканскае, Усінскі тракт, шыракаплечы Енісей — «малодшы брат Акіяна, сібірскіх рэк стырнавы…», порт Дудзінка, дзе паэту сустрэлася дзяўчына з Гродна, Тува, Залаты Рог, гарады Таджыкістана — гэта новыя пункты на паэтычнай карце Р. Барадуліна. Аднак, паўтараем, «геаграфія» ў паэзіі хоць і сведчыць пра пэўнае пашырэнне кругагляду, яшчэ нічога не вырашае. Трэба, каб колькасць перайшла ў якасць.

Калі пра многія вершы цыкла «Еўразія» можна сказаць, што пазнанне ідзе тут не па вертыкалі, не ўглыб, а па гарызанталі, па лініі колькаснага назапашвання ўражанняў, то «Адам і Ева» — добрае выключэнне.

Пра што гэты верш? У далёкім Прымор’і паэт сустракае землякоў, якія, бог ведае калі і якімі шляхамі, трапілі сюды, — «яны ўдваіх, Адам і Ева, капаюць бульбу ў тайзе». Гэта дало штуршок паэту для роздуму аб пакручастасці чалавечага лёсу і ўстойлівасці народных традыцый, пастаянстве народнага побыту.

Крычу на ўсё Прымор’е:

                                   — Бульба!

Прымі паклон

                      ад земляка.

Расці,

            з гарачых снежак гурба,

Што маці сыпле

             з саганка.

Ні дождж,

             ні град цябе не песціць,

Надзейны хлеб

                        маёй зямлі.

Не грэбвалі

                        табой і песняй —

З сабою землякі ўзялі.

Услед за паэтавай думкай і ў нашай душы спее гордасць за свой народ, які ідзе сцежкаю ўсяго чалавецтва, несучы з сабою сваё духоўнае багацце.

У вершы «Адам і Ева» ён дамогся плённага сінтэзу мастацкасці і філасафічнасці. Дарэчы, паэт усё часцей і часцей «пасягае» на філасафічнасць, але дасягае яе не заўсёды. Слова «вечнасць» — часты госць у яго вершах: «Што ў вечнасці, што ў раі рабіць?» — Адчуванне вечнасці ў сённяшнім дні, напоўненым працаю, карыснымі справамі, творчасцю — гэта і была, на нашу думку, прадумова філасафічнасці ў творчасці Р. Барадуліна.

Аднак у новых кнігах яго паэзія не губляла сваёй непасрэднасці: «Лісток цялячай мокрай пыскай з даверам торкнуўся ў руку».

Плённа развіваецца інтымная лірыка, даючы прастор чалавечай пяшчоце, багаццю пачуццяў, асабістасці. Паэт пераканаўча — вобразная сіла мастацтва! — паказвае, што пачуццё кахання дапамагае чалавеку глыбей і паўней адчуваць свет, прыгажосць яго аб’ектыўнай рэальнасці, Інтымная лірыка пашырае сваю «зямную» аснову, эстэтызуе не только высокі духоўны пачатак, але і здаровую рэчыўнасць.

Сябе я пераконваю,

Тут нечая правіннасць:

Тры ў небе поўні — конаўкі,

На дне па тры травінкі.

Гайдалася,

             гайдалася

Вядро —

             і ў студню села.

Чаму ж не здагадалася

Паслаць і мне на сене?..

Пашыраецца сацыяльны змест яго творчасці. Хочацца ўспомніць у гэтай сувязі верш «Нянечкі» з кнігі «Лінія перамены дат» (1969), у якім паэт глыбока задумваецца над складанасцю жыцця, над лёсам вясковых дзяўчат, што «за гарадской прапіскаю» ідуць у нянечкі.

Вас на алейках сватаюць,

Кахаюць у сцілых скверыках.

Смяюцца піжоны цыбатыя

З «произношения скверного».

Дзябёлыя вы, як пранікі.

Цвітуць вашы вочы лубінам.

Вясною, як бульбінкі раннія,

Насы кірпатыя лупяцца.

І песню, што жала, бабіла,

Ішла басанож за баронамі,

Удовіны ночы бавіла,—

Ціха спяваеце, нібы забаронена…

Тут, як і ў вершы Н. Гілевіча «Пра дзядоў і зямлю», пра які мы ўжо гаварылі, па-свойму адлюстроўваецца пэўная грань душы нашага сучасніка, боль за чалавечую годнасць.

Асоба, яе ўнутраны свет і свядомасць — вось што кранае паэта. Яго цікавяць духоўныя патэнцыі чалавека, права на індывідуальнасць, самастойнасць выбару і рашэнняў: «Хоць ісціна адна, усё ж сам ёю думку растрывож!»

Верш «Нянечкі» — пераканаўчы адказ паэта тым крытыкам, хто ўпікаў яго ў недахопе канцэптуальнасці, грунтоўнасці абагульненняў.

Прыйшла сталасць.

У яго паэзіі назіраецца не толькі больш адкрытасці, шчырасці (гэтага заўсёды хапала), але і імкненне да паглыблення набытага жыццёвага вопыту. Р. Барадулін прад стае перад чытачом — у кнігах «Лінія перамены дат», «Вяртанне ў першы снег» і іншых — рэальнай, нявыдуманай асобай свайго героя, які перажыў жах фашысцкіх блакад, бачыў і гнеў, і выскароднасць душы народа, гераізм сваіх бацькоў, братоў і сясцёр. «Вайна ўва мне, — гаворыць ён аб сабе, — як перанасычаны раствор, у крыві маёй, у маёй свядомасці, у кожнай тканцы маёй існасці… Запас памяці… прыпадае ў мяне якраз на час вайны» (Маладосць, 1975, № 5, с. 164). Для яго паэзіі вельмі характэрны матыў вечнага чакання тых, хто не вярнуўся з вайны — бацькоў, мужоў, сясцёр і братоў.

Шырокі рэзананс мела паэма «Блакада» (1968), прысвечаная светлай памяці бацькі Івана Рыгоравіча. Напісана ў роднай вёсцы — Ушачах. Паэт успамінае пекла вайны, трагедыю фашысцкіх блакад, з дапамогаю якіх вораг хацеў расправіцца з партызанамі і мірнымі жыхарамі.

Людзі збліжаюцца на хвалях вялікіх усенародных уздымаў, успамінаюць сваю родавую супольнасць, калектывізм. Паэма «Блакада» паглыбіла гістарычную памяць аўтара, яго «родаводную». У ёй эпічна абагульнена многае з перажытага паэтам і яго землякамі ў дні вайны, паказана трагедыя і гераізм партызанскага змагання перыяду апошніх блакад. 16 брыгад вялі бой на тэрыторыі Лепельска-Ушацкай партызанскай зоны, бой крывавы і гераічны, у якім так ці інакш удзельнічала, пакутавала мірнае насельніцтва зоны — дзеці, жанчыны, старыя. Форма паэмы аказалася дастаткова ёмістай для адлюстравання напружанасці, трагедыі і драматызму перажытага. У падзеях удзельнічае прырода і гісторыя, чутны голас продкаў. Але больш за ўсё чутны голас лірычнага героя — голас індывідуальнай памяці самога паэта.

Удалая таксама паэма «Вяртанне ў першы снег» (1971), у якой паэт ізноў прыгадвае маленства, першыя ўражанні дзяцінства, юнацтва і маладосць. Праўда, тут (як, дарэчы, і ў паэмах «Неба тваіх вачэй», «Лінія перамены дат») няма той эпічнай грунтоўнасці, што ўласціва знакамітай «Блакадзе»…

Р. Барадулін адносіцца да паэтаў надзвычай эмацыянальных. Новыя кнігі вершаў — «Рум» (1974), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980) — пацвярджае гэту прыродную своеасаблівасць яго таленту, яго, калі хочаце, паэтычную канцэпцыю. У яго паэзіі па-ранейшаму шмат непасрэднасці, жыццёвых «ліўняў», матэрыяльнасці быцця, жывых аўтабіяграфічных фактаў. І цяпер асабліва цяплее голас паэта, калі ён дакранаецца сваім талентам да блакіту азёр, зелені бароў і лугоў роднай Ушаччыны, калі любуецца і захапляецца добрымі справамі сваіх землякоў. Так, ён не адмаўляецца ад традыцыйнай сваёй паэтыкі — умення прадметна і шматфарбна ўспрымаць навакольны свет. Аднак сёння ўменне гэтае ўсё часцей падпарадкоўваецца задачам пранікнення ў новыя «абсягі» рэчаіснасці і духоўнага свету чалавека, выхаду на больш маштабны ўзровень мастацкага абагульнення. Сённяшнія творы паэта ў большай ступені пазначаны рысамі ўдумлівасці і развагі.

Зборнік «Рум» разам з перакладам выбранай лірыкі Ф. Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» ў 1976 годзе адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Купалы. І гэта знамянальна яшчэ і ў тым сэнсе, што «Рум» — кніга вельмі купалаўская.

Ад сівых гадоў,

                        ад дзядоў,

Для мяне

             ашчаджона спадчына:

Песні жніўнай

             смутак удоў,

Мох зязюльчын,

             гняздо курапатчына.

У радку паэта прысутнічаюць далягляды купалаўскай думкі пра Радзіму, пра яе гістарычны лёс. Творчы ўплыў Купалы на паэзію Р. Барадуліна можна прасачыць у змесце і ў форме яго паэзіі, у імкненні паэта ахапіць і выразіць — вельмі асабіста, «праз сябе» — усю паўнату народнага быцця, схільнасці да выкарыстання свежага, гутарковага слова, арганічна звязанага з жыццём, побытам, эстэтыкай, з усім аб’ёмам народнай свядомасці.

«Перамогі ідуць праз Беларусь» — вось што сцвярджае ён у сваёй кнізе, выходзячы на шырокую інтэрнацыянальную тэму, прызнаючыся ў каханні ўсім народам — братам ад Брэста да Уладзівастока.

Новыя рысы набывае паэтыка. У кнізе «Абсяг» пейзажы і краявіды будуюцца з адчуваннем унутранай перспектывы, шматпланавасці, з праекцыяй на духоўнае жыццё. Такі, скажам, верш «Пад восеньскім небам», дзе вельмі дакладна перададзены напружаны псіхалагічны стан чалавека.

Востры локаць выраю —

Востры боль.

Лес яшчэ задзіраю —

Хвост трубой.

З восенню адносіны

Так сабе.

Хмар перапалосіны

Шпак саб’е…

Ходзіць ненажэраю

Ветравей.

Неба, бросняй шэраю

Не травей!

Чым цябе, высокае,

Ацаліш?

А вавёрка цокае:

«Цот ці ліш?..»

Паэтычнае перажыванне набывае новы аб’ём і глыбіню. Якраз у гэтым — у пашырэнні асацыятыўнага кола душэўных адценняў — мне бачыцца ўзбагачэнне рэалізму лірыкі Барадуліна. За прадметамі і праявамі жыцця ён хоча ўлавіць другі і трэці іх план, спасцігнуць іх неадназначнасць і філасофскую сутнасць.

«У чым жа існасць існавання?..» — сёння такое пытанне паўстала і ў паэзіі Барадуліна, абумовіўшы новыя аспекты ў яго ўзаемадачыненнях з рэчаіснасцю, жаданне паэта зазірнуць у сутнасць з’яў і рэчаў: «Пакуль жывеш, датуль пытайся. Пытаннем сутнасці жывеш…» З гэтай мэтай ён звяртаецца да даўніх, здавалася б, ужо не раз асэнсаваных ім фактаў, пластоў свайго жыццёвага вопыту, паглыбляе ранейшыя вывады.

Жыццёвы і ідэйны мастацкі вопыт паэта адлюстраваўся ў «Баладзе Брэсцкай крэпасці» (адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі). Гэта — паэма, якая асэнсоўвае подзвіг абаронцаў Брэсцкай цытадэлі з вышыні сучаснасці.

Паэт ідзе ў гісторыю, яму дапамагае багатае асацыятыўнае мысленне. Здаецца, што яму ўсё падуладна. «Дзён сівое прадзіва ніткаю суроваю на сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае».

Тая ж тэма вайны па-ранейшаму гучыць і ў яго вершах, але не так, як раней!

«Мае гады — як электрычкі» — прызнаецца ён у адным з вершаў. Але нам куды больш гавораць другія радкі — пра свае гады — з большым асацыятыўным напаўненнем:

Мой узрост

Паўтарае гады вайны —

Сорак першы,

               Сорак другі,

                         Сорак трэці…

Яны адкрываюць нам нешта надзвычай істотнае, важнае ў маральным абліччы самога паэта і яго пакалення. Духоўныя крытэрыі суровага ваеннага і пасляваеннага часу для яго жывыя і актуальныя і сёння, нездарма ён патрабуе «так адзін аднаго паважаць, як пасля вайны паважалі!» З гэтым, думаецца, пэўным чынам звязаны паказальны для сённяшняга Р. Барадулін^ матыў самааналізу і пераацэнкі каштоўнасцей: «Куды ж так імчаўся на злом галавы, каго я гукаў і шукаў?»

Гады прад’яўляюць рахунак: «Падумай, што пакінеш на зямлі» — да паэта падступае векавечнае. Яго ўсё больш займае тэма ўзросту, часу, чалавечай адказнасці за пражыты век.

Як у госці здарыліся

Да крутой кумы,

Той, якую старасцю

Клічам мы,—

Вочы паказеліўшы,

Плечы не сутуль,

Памяці вузельчыкі,

Дзён хатуль

Развяжы не ўтаіста,

Выкладзь не ў хвальбе,

З чым жа ты вяртаешся

Да сябе!

Дарэчы, зборнік «Абсяг» і пачынаецца цудоўным вершам «З гары» — пра той узрост, калі чалавек адолеў перавал і ідзе ўжо з гары, калі «заняўся веташок на макаўцы віхрастай, забудзь стажок і муражок і ў сад чужы не шастай!». Паэт знаходзіць дакладныя вобразы, каб перадаць адчуванні чалавека ў гэтым «пераходным» узросце, калі насустрач усё часцей трапляюцца вёскі з невясёлымі назвамі, калі даводзіцца гадзіць сваім гадам — «яны — як тыя госці». Словам, «узмах вясла, узмах крыла. Чакае ўзмах рыдлёўкі…» Трэба сказаць, што паэт дастойна выходзіць з гэтай супярэчнасці:

Зняверцу-роспач пратуры:

Азёрна,

Борна,

Гойна!

Далёка бачыў на гары —

Ідзі з гары спакойна.

Рыгор Барадулін адчувае імкненне сучаснага верша да значных сінтэзаваных абагульненняў. Цікавы ў гэтым плане верш «Хлапчуку з ляшчынінаю ў руцэ», у якім паэт думае над будучым лёсам свайго маладога героя. Ён далёкі ад таго, каб маляваць гэты лёс аднымі ружовымі фарбамі. Не, кажа ён, будзе ўсяго:

Будзе кладка рыпкаю,

Будзе лёд і жвір.

Залатою рыбкаю

Выхітрыцца вір.

Будуць юшкай хмарыста

Трызніць саганкі.

Будзе ўдача скнарыста

Абрываць кручкі…

Трэба, сцвярджае паэт, аптымістычна глядзець у будучыню, і яго паэзія здольна на гэта.

Не глядзі зняверыста,

Пазірай задзірыста.

Будзе рыбе нерасту

І надзеі — вырасту!

Паэт спалучае ў сабе прастору і час, ён сочыць, ён занепакоены, каб не рваўся «трос, што ад зор да рос». Па-сучаснаму гучаць яго трывожныя думкі: «Адрываемся ад зямлі самалётамі і ракетамі…» або «зоры наўрад ці возьмуць нас да сябе на пастой…» Час перадае яго паэзіі свае прыкметы, трывогі, «суравеі», як кажа сам Р. Барадулін: «Няўжо на дзьмухавец падобны выбух зямлю здзьмухне, як вецер — дзьмухавец?»

Актыўнасць думкі ў яго паэзіі падтрымліваецца нястрымным мастацкім пошукам. Яго пазіцыя — гэта пазіцыя адкрывальніка новых земляў і новых слоў.

Р. Бярозкін — крытык, які шмат спрыяў творчаму станаўленню Р. Барадуліна, — у свой час адзначаў, што яго паэзія пачынаецца з мовы.

Словатворчасць — асобная тэма ў дачыненні да яго паэзіі. Я. Сіпакоў пісаў: «У Р. Барадуліна свой моўны неруш. У яго раса „халадае“, слова „крылле“, раніца „залачае“, а коннік „скача наўскапыта“ — цохкаюць лёгка падковы», сонца «было на ўскоце»…

Нават наватворы гучаць у Барадуліна зусім па-народнаму і добра ажыўляюць мову: «у Белавежы — лосьна, язьна ў Шчары», «з далёкага цяплыньскага павета» (Маладосць, 1967, № 7, с. 160).

Сучасная беларуская літаратурная мова дынамічна развіваецца, чэрпае з жывой гаворкі, успамінае старыя словы, пераасэнсоўвае іх, стварае новыя. Словатворчасць для Р. Барадуліна вельмі характэрна: лацно, погарбы, харашба, галута, парух, прысмеркі, імасць, чалавек-земляня — гэтыя і іншыя словы ўзяты паэтам з дыялектнай мовы або створаны ім самім. А дзеясловы і прыметнікі: славяніцца, галініцца, антэніцца, ратоўчы, стахлая… Любіць ён карыстацца прыслоўямі, іх у яго безліч (сваіх!), і ўсе крамяныя, свежыя: калодна, вульна, прадоння, прыплодна, ліхвярка, борна, азёрна і г. д. Думаецца, што намаганні паэта ў галіне моватворчасці плённыя, яны супадаюць з агульным рэчышчам духоўнай дзейнасці народа як моватворцы.

Яго паэзія развіваецца ў бок шматмернага, аб’ёмнага паказу жыцця. Яе рост непарыўна звязаны з ростам асобы, яе духоўным светам, стваральнай памяццю. Пашырэнне гістарычных, часавых абсягаў паэзіі павялічвае асацыятыўныя магчымасці мастацкага вобразу. «Вечалле» — так назваў сваю нядаўнюю (1980) кнігу Р. Барадулін, зачапіўшы цэлае «гняздоўе» слоў: Вечалле — веча — вечар — вечнасць… Паэзія, на яго думку, заклікана вярнуць асобе разуменне ўсёабдымнасці яе быцця, паказаць, на якой тоўшчы часу стаіць сённяшні чалавек.

Колькі год Беларусі?

Колькі дочкам, сынам,

Колькі радасці, скрусе,

Колькі снам, курганам…

Ідучы ў глыбіню, паэт не расстаецца са сваім уменнем разгледзець прадмет, палюбавацца яго канкрэтыкай, пластыкай. Засталася і яго ранейшая метафарыстыка.

Думка і пластыка — два крылы верша. Барадулін ведае: абодва яны павінны быць моцнымі, надзейнымі, калі паэт усур’ёз хоча спасцігнуць складаны свет чалавека. Пластычныя рашэнні ў яго надзвычай дакладныя, ёмістыя па сэнсу. «Схіл паўтарае хіб вала» — у гэтай метафары адчуваецца вечаровы час, спакой, цішыня, душэўная раўнавага, стома працоўнага дня.

Здзіўляе яго майстэрства рыфмы, гукапісу. Мастацкая форма мысліцца ім як форма змястоўная, пластычна-аб’ёмная.

Пра ліўні («Папрасіліся ліўні ў верш») сказана: «патопалі па-то-па-мі…» Цудоўная знаходка!

Рыфмовыя сугуччы напаўняюцца ў яго разнастайнымі асацыяцыямі: пратэз — пратэст, кульмінацыя — кулямі нацыя, няшчадна — нашчадкам, белаты — балаты і г. д. Але часам, не ўтоім, рыфма пакідае ўражанне нават залішняй вынаходлівасці, аддае штучнасцю.

Р. Барадулін вядомы як майстар дэталі, у якой матэрыялізуецца думка, якая здольна вырастаць да сімволікі. «Край мой спакойны — азімы дуб з выпаленай сэрцавінай…»

Ёмістасць дэталі, яе метафарычны сэнс, павялічваецца: «хлеб у кмене зорак»; бярозы для яго — «пасівелыя скроні зямлі». Свет адкрываецца сваёй патаемнай сутнасцю.

Гэта сосны адны

Над абрывам кар’ера

Ці над вырытым ровам

Заложніцы-ўдовы?..

Да сімвала чалавечых пакут і мужнасці, ахвяраваных у імя жыцця, вырастае вобраз маці, што «паправодзіла ўсіх сыноў — аніводнага не сустрэла» і ператварылася, чакаючы іх, у дрэва.

Жывапіс і пластыка паэта больш і больш насычаюцца філасофска-інтэлектуальным зместам. Мяняецца ракурс, павялічваюцца маштабы ўспрыняцця свету: паэт гаворыць пра «ганчарны круг планеты», пра тое, што «планета нявесціцца», «нараджаюцца маладыя дзяржавы».

Або вось своеасаблівы «касмічны» вобраз:

Шлях Млечны — прасекай.

Аблокі — яміны.

Сляды ад вялізнага пастала.

А можа, замятаюць рукі маміны

Крошкі хлебныя са стала?!

Уражанне такое, што свет паэта расхінаецца ва ўсе бакі. Паглыбляюцца разам з тым гістарычныя далягляды. «На сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае». Землякі — ушацкія хлебаробы («Зямля рунела ім руном») збліжаюцца ў яго адчуванні са старажытнымі арганаўтамі, што плылі небяспечнымі шляхамі за жаданым залатым руном. І хай у гэтай асацыяцыі ёсць некаторая надуманасць, паэт мае права на такое збліжэнне: дзякуючы яму, сучасны чалавек бачыцца ў дальняй рэтраспектыве народнага вопыту, у святле культурнай традыцыі (верш «Арганаўты»).

Сучасныя вершы і паэмы Р. Барадуліна сведчаць, што вяртанне да першаснага мастацкага мыслення, да старадаўніх вытокаў і каранёў — істотная рыса сучаснай беларускай паэзіі. Гэта і зразумела: «хаця чалавек надзвычай пластычны, — гаворыцца ў адным з сучасных даследаванняў,— аднак у яго індывідуальнасці змяшчаюцца, у дыялектычна знятым выглядзе, усе этапы яго папярэдняга развіцця, з усімі іх зігзагамі і супярэчнасцямі». Так, напрыклад, фальклорная спадчына і сёння ўплывае на літаратурны працэс, застаючыся каштоўнай крыніцай ідэйна-мастацкага ўзбагачэння беларускай паэзіі. Сучасны асацыятыўны верш увабраў у сябе народную паэтыку і індывідуальны вопыт класікаў.

Каб паўней адлюстраваць сучаснасць, ён усё настойлівей і з большай духоўнай патрэбаю звяртаецца да фальклору. Барадулін і фальклор — удзячная тэма спецыяльнага даследавання. Яна, гэтая сувязь, існуе ў яго на розных узроўнях. У яго паэзію ўвайшоў народны вобраз лёсу-талану, які наканаваны паэту і які патрабуе вернасці. Час ад часу пракідаецца ў ёй вобраз казачных коней, у якіх сімвалізуецца палёт паэтавых думак — «і зоры мелі за гонар дзядамі ўплесціся ў грывы».

Пры ўсёй жыватворнасці фальклорнай паэтыкі яна патрабуе індывідуалізацыі і псіхалагізму. Барадулін ставіцца да яе актыўна. Ён пераасэнсоўвае змест фальклорных матываў. «Журавіны не ўзышлі… Ка мне хлопцы не прыйшлі…» — гэтыя радкі з народнай песні пастаўлены эпіграфам да аднаго з вершаў. Страфа, якой пачынаецца верш, прымушае па-сучаснаму прачытаць іх:

Тут чые правіны?

Глохнуць баравіны.

Моўкнуць жаўранкі,

Сохнуць імшарыны…

Часам паэт вельмі вынаходліва звяртаецца да цытавання народных песень (як, напрыклад, у вершы «Дробненькі дожджык дый накрапае…»), тактоўна і ўдала спалучаючы асобныя радкі са сваім вершам, стварае прыслоўі і прымаўкі («град — бобам, пот — градам», «свет з прысветкам» і г. д.).

Што яшчэ дадаць да ўсяго гэтага?

Творчасць паэта шматжанравая: лірыка, эпас, сатыра, мастацкі пераклад.

Сатырычныя і гумарыстычныя творы сабраны ў кнігах «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі…» (1977), дзіцячыя — у зборніках «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай, не буду, не хачу» (1971) і іншыя. Пераклаў «Ветрык, вей!» Я. Райніса, паасобныя творы Дж. Байрана, С. Ясеніна, У. Бранеўскага, Э. Межалайціса. Вершы Барадуліна таксама перакладаліся на многія мовы народаў СССР і за мяжой.

Паэзія Р. Барадуліна — у дарозе.

Сёння яна патрабуе ад чытача большага саўдзелу ў перажыванні, большай увагі. Верш яго знаходзіцца ў актыўным, плённым пошуку. Хай яму шчасціць на гэтым шляху!