Атожылак долі сялянскай (Юрась Свірка)

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Атожылак долі сялянскай

(Юрась Свірка)

Даўно прачытаў, але і сёння гучаць у душы радкі Юрася Свіркі:

Заглядаю я ў вёску, як ў слоўнік,

Каб упэўніцца, што правільна пішу.

Не аднаго мяне паланілі яны — і не толькі лаканічна-выразным майстэрствам, але і сваёй маральнай скіраванасцю, глыбокай павагай да сваіх знакамітых землякоў-аднавяскоўцаў, да іх пачэснай хлебаробскай працы…

Гэта — не «русаізм» (заклік быць бліжэй да прыроды), а трывалая повязь з роднай зямлёй.

Радзіма Ю. Свіркі — Бягомльшчына. Тая гераічная партызанка-Бягомльшчына, якая столькі нацярпелася за час вайны. Адно слова «Палік» — і перад вачыма паўстаюць падзеі народнага гераізму, трагедыя, вышыня духу і самаахвярнасць.

Бягомль — значны асяродак партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну. У снежні 1942-га брыгада «Жалязняк» знішчыла там нямецка-фашысцкі гарнізон. З таго часу да прыходу Савецкай Арміі на Бягомльшчыне дзейнічалі органы Савецкай улады. Гэта, безумоўна, важныя акалічнасці фармавання духоўнай біяграфіі паэта, аднак у першых вершах тэма перажытага за вайну амаль адсутнічае.

Я заўтра на золку

Паеду дадому —

У ціхі Бягомль, партызанскі раён,

Туды,

Дзе мне кожная хата вядома,

Дзе далеч гудзе ад пчаліных раёў.

Першая кніжка з ласкавай назвай «Шэпчуцца ліўні» з’явілася ў 1959 годзе, калі — як грыбы пасля цёплага дажджу — выходзілі зборнікі Е. Лось, У. Караткевіча, Я. Непачаловіча, Р. Барадуліна, І. Калесніка, С. Гаўрусёва і іншых. У вершах Ю. Свіркі нас абступае мілы свет вясковых уражанняў паэта (сасновая хата, бярозавыя прысады, шолах сенажацяў, шум задумлівых бароў), тое, што помнілася, сагравала сэрца пасля таго, як давялося пакінуць вёску, паехаўшы на вучобу ў сталічны універсітэт.

З’яўленне першай кнігі — справа адказная. Аднак гэта не азначае, што ў кнізе павінны быць толькі добрыя вершы. У сапраўднага паэта, калі ён творчая асоба, а не рамеснік, цікавыя нават слабыя вершы, паколькі ў іх таксама ў пэўнай меры адлюстравана нейкая грань яго душы, пошук сваіх вобразаў.

Паэтыка Ю. Свіркі грунтавалася на някідкай канкрэтна-пачуццёвай вобразнасці, якая на першых парах не перашкаджала яму расказваць пра ўбачанае, адчутае. Голас яго быў шчыры, ціхі, даверлівы.

Зорак, як зерня, на небе высокім насыпана ў жніўні.

Дзесьці за лесам далёка-далёка шэпчуцца ліўні.

Чутна, як спаць укладаюцца ветры

Там, за гарамі.

З бору дыхнула цёплым паветрам.

Пахне грыбамі.

А ў поўнач, здаецца, усё анямела,

Ціха ў прасторы.

І толькі раз-пораз яблыкам спелым

Падаюць зоры…

Хораша — ці не праўда?

Тут пакуль што няма яшчэ той унутранай духоўнай напружанасці, уласцівай для яго вершаў пазнейшай пары, але праўда пачуццяў, уменне ўбачыць прыгажосць свету былі. «Трэба паважаць натуральныя межы таленту», — сказаў ён у рэцэнзіі на адну з кніг своеасаблівага магілёўскага паэта В. Матэвушава (Полымя, 1973, № 9), але яе гэта натуральнасць бачыцца і ў самога Ю. Свіркі.

Другая кніга — «Вечнасць» (1963) — тэматычна паглыбіла першую, умацавала ў яго паэзіі такую рысу, як біяграфічнасць. Так, у яго лірыцы па-свойму, у сваім «павароце», знайшла адбітак духоўная біяграфія — яго і яго пакалення. Вясковы чалавек, ён рана стаў гараджанінам — і гэта спарадзіла новыя адценні ў светаўспрыманні, якое зафіксавалася ў вершы: «З кожным днём раблюся я чужым кветкам палявым, лугам і росам…» Такія прызнанні мала да чаго абавязвалі, магчыма, толькі абвастралі пачуццё роднага кутка, роднай прыроды, але значнай маральнай нагрузкі яны пакуль што не нясуць.

У другім зборніку знаходзім парасткі ўмоўна-асацыятыўнага мыслення:

Недапетая песня ляжыць ля магілы

Акрываўленым жвірам…

Паэт усё часцей звяртаецца да ўмоўнасці. Скажам, у падыходзе да тэмы космасу. Тады чалавек рабіў першыя крокі ў касмічную прастору, пачынаў інакш, чым раней, глядзець на Месяц і зоры. І гэта падзея не магла не адбіцца ў паэзіі: паэты імкнуцца па-новаму ўбачыць свет і асэнсаваць ролю чалавека ў ім. З чым толькі не параўноўваўся Месяц — з шабляю, бубнам, падковай, — Свірка знаходзіць свае словы:

…мне здаецца Месяц

Тонкай дужкаю,

Якой пабочны выдзяляюць сказ.

За гэтай дужкай —

Многа тайнаў месціцца,

Іх за адно жыццё не разгадаць.

І варта жыць,

Каб неба ўсё — ад Месяца

Да самых дробных зорак — прачытаць.

Пазней «касмізм» у яго набудзе нейкія новыя, вельмі зямныя, звычайныя рысы: «Не, зусім мне гэта не здалося: Саўгануўся ў высі Млечны шлях. Нібы лодка на пясчаным плёсе, мякка захісталася Зямля». Паэт раскажа пра сваю «захопленасць зорамі» і неадступную любоў да зямлі:

Перад ёю пакорна схіляюся.

Пазычаю святло у бяроз.

Я — атожылак долі сялянскай —

Ад яе, як ад маці, адрос…

«Схіляюся — сялянскі» — у асэнсаванні жыцця прымае ўдзел нават рыфма.

Аднак паэт імкнуўся не толькі «апісаць» свет, зарэгістраваць усё новае. Ён усё больш пераконваўся, што аснову індывідуальнасці складаюць сацыяльныя, маральныя рэсурсы, якія ў яго маюцца і якія неабходна выразіць у непаўторна-асабістай форме.

Трэцяя кніга — «Баравіна» (1967) — паказала, што ён хоча разабрацца ў складаных з’явах сучаснага жыцця, паяднаць у сваім разуменні свету сучаснасць і будучыню. Дзеля гэтага ізноў звяртаецца да ўмоўных сітуацый.

Хачу прачнуцца я

Праз сотні год,

Паслухаць траў і ветру шапаценне.

Хачу я толькі на адно імгненне

Паслухаць,

Як жывеш ты, мой народ…

Калі пачую:

Ты жывеш народ

(Па голасу пазнаю беларусаў),

Тады спакойна на пагост вярнуся

І зноў засну —

На сотні тысяч год.

Я не назваў бы гэты верш удалым: думка выказана наіўна і залішне прамалінейна, хаця і шчыра. Таксама штучна выглядае ўмоўнасць і ў вершы «Вячэрні эскіз»:

У грубцы дровы аж гудуць, гараць.

Я вечарам адзін сяджу ля грубкі.

Здаецца,

Што выходзіць з дроў зара

І на мяне глядзіць, як на парубшчыка.

Аднак і першы і другі вершы сведчаць, што ў паэта адбываецца працэс удакладнення, так сказаць, маральных каштоўнасцей.

А вось новая для Ю. Свіркі інтанацыя. Новая і, здаецца, адзіна магчымая ў гэтым вершы:

Я ў дарозе не падбіўся,

Заскрыпелі палазкі.

І адкуль вы узяліся,

Падвязіце, леснікі!

Можа, годы мы дагонім,

Маладзіцца чалавек!

Як жывое дзіва — коні

У стальны касмічны век.

У «Баравіне» ўзрушвае маральная вастрыня паэтычнага ўспрымання рачаіснасці, адчуванне адказнасці за сказанае слова, за «пасаду» паэта. Думка аб тым, што верш паэта — яго грамадзянскі ўчынак, не новая, але заўсёды надзённая. Для Ю. Свіркі яна становіцца прынцыповай і знаходзіць выяўленне ў лірыцы. Гаворачы пра сваю пашану да вёскі, ён знаходзіць тут свой «ракурс». Любоў павінна правярацца справай. Скажам, напіша паэт пра «маляўнічасць родных краявідаў», а нехта з землякоў спытае: «Навошта ж ты ад нас, сынок, паехаў, калі ў нас такая прыгажосць?»

Верш, інакш кажучы, абавязаны пераконваць і духоўна, і эстэтычна. Дзеля гэтага, відаць, павінна ўмацоўвацца філасофская, светапоглядная аснова паэзіі, трэба паглыбляць праўду жыцця.

Да «вясковай» тэмы ў нас звяртаюцца многія, аднак нярэдка яна трактуецца без апоры на агульнаграмадскую аснову. Ю. Свірка, знаўца вясковай рэчаіснасці, меў падставы з гэтай нагоды сказаць, што «часта ў творчай практыцы з сапраўднай баявітасцю і натуральнасцю паэзіі мяжуецца „асцярожненькая гульня ў смеласць“. Гэта нараджае вершы-загадкі са шматзначнымі намёкамі…» Разважаючы пра лёс вёскі, ён сцвярджае чалавека цэласнага, вернага бацькоўскім запаветам, вернага сабе. Сустрэўшы ў горадзе маладых сваіх землякоў — учарашніх школьнікаў, паэт не можа не папракнуць іх, хаця б у думках: «У школе ж на „пяцёркі“ сачынялі: „Люблю цябе, бацькоўская зямля“».

Паэт — за натуральнасць, ён шукае…

У «Баравіне» знаходзім выдатны верш «Маці раніцу будзіць», які перадае паэзію вясковай раніцы з усімі яе бытавымі рэаліямі:

Спатыкаецца ў зрубе

Вядзерца заспанае

І нырае ў ваду —

У крышталь трапяткі…

Бытавое не зніжае каэфіцыент абагульнення: дрэва жыцця ўяўляецца яму так: «карэнне жывучае — вёскі, а пышная крона — сталіцы…» («Дрэва жыцця»).

Разам з тым у «Баравіне» трапляюцца і вершы слабыя, малавыразныя на думцы («Ты, сонца…», «Кранеш умела ты струну…», «Жывая пліта»).

Часам асэнсаванню прыродных з’яў не хапае глыбіні і разумення іх натуральнасці. Убачыўшы на абочыне шашы гіпсавых мядзведзяў, што дастаюць з калоды мёд, паэт напісаў верш «Пчаліны гуд у ліпах тоне недзе», у якім абрушыўся на мядзведзяў, асудзіў мядзведжы «вякамі неапраўданы разбой», з-за якога церпяць пчолы. І ўсё без ценю жарту. Хочацца спытаць: ці варта траціць з такога выпадку столькі эмацыянальнага запалу? Здаралася і так, што паэту не ставала густу — парушалася пачуццё меры:

Хаджу ў кіно я не адпачываць.

Не слухаць гул снарадаў і зенітак,—

Здаецца,

Што прыходжу падбіраць

Параненых,

                 кантужаных,

                                   забітых.

Наўрад ці трэба так услых гаварыць пра сябе.

Усё гэта, думаецца, выдаткі пошукаў, недахопы, якія ішлі, як ні дзіўна, ад жадання выказацца найбольш поўна і дакладна, пазбавіцца драбнатэм’я.

Нярэдка здараецца так, што паэты зноў і зноў вяртаюцца ў сваіх перажываннях да тых падзей, пра якія ўжо пісалі. Яны быццам бы перапісваюць саміх сябе. І гэта, думаецца, натуральна. У паэзіі такое бывае — мастак, на новай аснове, на новым вітку пазнання — успамінае пражытае і перажытае… «Гара майго дзяцінства паніжэла», — гаворыць ён у адным з вершаў. Але, нягледзячы на гэта, «адсюль убачыць можна Казбек свой, і Эльбрус, і Эверэст». Важна, якая гэта духоўная, маральная вышыня!

Да цыкла вершаў «Падсочаная сасна» («Баравіна»), у якім аўтар гаворыць пра лес як пра катэгорыю духоўную, ён узяў эпіграф з М. Танка — «Лес мой шумны! Можа нікому я столькі не вінен, як табе…»

Лес мой, бог мой!

Мы разам з табою калелі.

Пашчапаны, паранены ты

Той апошняй вайной…

Сасна здаецца яму нечым падобнай да зеніткі.

У творчасці Ю. Свіркі гучыць любоў беларуса да лесу, любоў не толькі гаспадара, спажыўца, але і чалавека, для якога лес — крыніца эстэтычнай асалоды, летапіс яго жыццёвага лёсу. «Многім я абавязаны лесу, — прызнаецца паэт у аўтабіяграфіі,— ён заўсёды неадступна ішоў са мною. І мне хочацца думаць пра яго, гаварыць з ім як з чалавекам, услухоўвацца ў яго голас і настройваць свае думкі на яго вольны спеў».

Ю. Свірка ўмее гаварыць вобразна, будаваць цікавыя метафары. Пра дуб у яго сказана: «Ён маланкам галовы адкручваў і каціў іх студзіць пад абрыў». Але найбольш ён цэніць думку. Мудрасць і дабрата паэта відаць у наступным вершы, які ўвесь успрымаецца як разгорнутая метафара ці прытча. Двое ў лодцы — ён і яна…

След дарожкай на азёрнай сіні.

Два буслы ў чатырох руках

Адпіхаюць лодку на глыбіні,

Дзе вада страшнейшая за страх.

Што ні ўзмах —

Пляскоча лодка далей,

Аж вірыць пад вёсламі вада.

І знікаюць двое ў сіняй далі,

Паглядзіш — відаць і не відаць…

Адплывайце далей, адплывайце.

Вёслы на ўсе пёры ў ваду!

Адпіхайце далей, адпіхайце

Смутак, і нявернасць, і бяду.

Здавалася б, нічога асаблівага, усё проста. Але ж гэта паэзія, хаця мы нават не ведаем, хто тыя двое ў лодцы і куды яны плывуць. Не проста разабрацца ў прыродзе такіх вершаў, але, паўтараю, гэта — паэзія.

У 1971 годзе выйшаў зборнік вершаў «Крэўнасць». Ю. Свірка ўмее даваць ёмістыя імёны сваім кнігам — «Вечнасць», «Баравіна», «Крэўнасць», «Аўтограф», «Памятная вярста», «Біяграфія памяці», якія добра выражаюць іх змест. Пачынаючы, здаецца, ад «Крэўнасці», у яго загучалі публіцыстычныя ноты, раней не надта для яго характэрныя. Але гэта хутчэй за ўсё філасофская публіцыстыка, якая патрабуе ўлічваць усё. Першаступеннае значэнне надаецца тут светапогляднаму фактару.

Паэзія Ю. Свіркі выходзіць на новыя абсягі.

У канцы 60-х, пачатку 70-х гадоў у творчасць Ю. Свіркі прыходзіць ленінская тэма: «Нараджэнне», «І зразумелы ён і родны…» і іншыя вершы.

Пазней ён напіша добры верш «І я калісьці верыў у паданні…», у якім пераказвае народную легенду аб тым, як правадыр хадзіў на Беларусі, перадае гутарку з сялянамі:

Папіў бы ён крынічнае вадзіцы

І пра жыццё павёў бы сказ такі:

«Усюды — дзе ні гляну — маладзіцы,

Няма вайны, а рэдка мужыкі».

І мой народ,

Хоць не хлусіў ніколі

(Абы не засмуціць правадыра),

Даводзіў бы:

«Усе мужчыны ў полі.

Цяпер вясна — гарачая пара».

У новых кнігах паэта ізноў ажыла памяць аб вайне, аб перажытым («Балада пра танец», «Лясная лазня», «Партызанскія ўдовы»). На гэты раз ён ужо не можа і, відаць, не хоча абмяжоўвацца зярнятамі праўды, а ідзе ў сутнасць з’явы — у, як кажуць, «праўду зерня».

У зборніку «Аўтограф» (1974) чытаем:

Засталося б толькі поле,

Сонца, зерне, баразна.

Засталася б толькі воля,

І любоў, і сівізна.

Засталіся б толькі дзеці

І тугая сінь нябёс —

І тады на цэлым свеце

Хопіць шчасця, хопіць слёз.

Засталіся б толькі песні

І чырвоны сцяг жыцця —

А тады ўсё уваскрэсне

Без пачатку і канца.

На якую тэму напісаны гэты верш? Ён — прыклад кантакту, як кажа паэт, паміж «сэрцам і сэрцам карандаша».

Сёння ўжо вельмі не проста падзяліць творчасць Свіркі на тэмы. Сказаць, што гэта, маўляў, верш пра дзяцінства, гэта — у абарону міру, гэта — пра адпачынак на ўлонні прыроды нельга. Тут тэма супадае з ідэяй, з лёсам, з адчуваннем маральнай адказнасці за ўсё. І адказнасці не дэкларацыйнай, а па сутнасці… Яму ўсё гэта вельмі блізка. Тэма становіцца для паэта чымсьці ўнутраным, арганічным.

Хто яшчэ сярод сучасных беларускіх паэтаў так скажа: «Ці ад холаду, ці ад цаны чырванее на лаўцы каліна?»

А вось верш, які дае вельмі яскравае ўяўленне пра Ю. Свірну, яго канцэпцыю жыцця, яго творчыя магчымасці. Дазволю сабе прывесці тут яго поўнасцю — ён варты гэтага і красамоўней любых пераказаў і разваг:

Хаджу адзін па спелым садзе,

Свіцяцца яблыкі з сукоў.

Я не хаваюся ў засадзе.

Не каравулю хлапчукоў.

Хачу паслухаць зор гаворку.

Даверыўшыся цішыні,

Пагаманіць з вячэрняй зоркай

Пра вечнасць і пра нашы дні.

Даўно ўжо сад не слепіць макам.

І яблыкі не без пары

Патрабавальна, але мякка

Зямлі пашэптваюць: «Бяры!»

Ім надакучыла спяліцца,

Адно жаданне ў іх жыве,

Каб адарвацца,

Абрасіцца

І пакачацца па траве.

І не збаяўшыся, звысоку

Даказваць хочацца зямлі,

Што недарма цягнулі сокі,

Што недарма вясной цвілі.

Каб паляцець,

Знаходзяць выйсце:

Агледзяць між сукоў прасвет

І, расхінуўшы ціха лісце,

Кідаюцца у белы свет.

Я бласлаўляю сад.

Дарожку,

Калі пад яблыні ідзеш,

Каб пад антонаўскай бамбёжкай

Адчуць,

Што ты яшчэ жывеш.

Верш — згадзіцеся са мной — вельмі сімпатычны. Вось у ім паэт якраз не апісвае рэчаіснасць, а вырансае яе праз сваё душэўнае намаганне — натуральнае, нязмушанае, высакароднае. Твор гэты можна трактаваць, як у пэўным сэнсе метафару чалавечага жыцця, існавання, суаднесенага з прыродай, якая вучыць нас і выхоўвае і патрабуе высокага маральнага самаўсведамлення. Паэт — па ўсім відаць — звяртаецца да надзвычай важных пластоў сваіх духоўных набыткаў.

Пашырэнне духоўных даляглядаў звязана з узмацненнем гістарызму, што вельмі характэрна для зборніка «Біяграфія памяці» (1981). «Минувшее проходит предо мною» — сказана ў пушкінскім «Барысе Гадунове». Ю. Свірку з асаблівай сілай помніцца тое, што звязана з гераізмам народа, з яго любоўю да міру, з тым, што ён здзейсніў, стварыў на шляхах гісторыі, што пакінуў у спадчыну наступным пакаленням. Ён трывожыцца тым, што часам у моладзі паслабляюцца сувязі з вопытам папярэднікаў.

Чуецца, што слоўнікі патрэбны

Тым, хто не чытаў пры смаляках,

Тым, хто не насіў кашулі зрэбнай,

Не хадзіў у чунях і лапцях;

Хто не бачыў, як рака дыміцца,

Хто гадае, дзе шчупак, дзе сом,

Не адрозніць жыта ад пшаніцы,

Грэчку пераблытае з аўсом;

Хто не начаваў на лузе росным,

Хто не бачыў быстрых коней бег,—

Тлумачэння сарамліва просіць

Слову зразумеламу — начлег.

Не на пенсіі яшчэ вы, словы,

З вас яшчэ не сыплецца труха.

Слоўнік, растлумач жа ім талкова,

Што такое жорны і страха…

Не падумайце, крый божа, што паэт выступае за вяртанне да зрэбнай кашулі. Не. Ён толькі хоча сказаць, што забыўшы мінулае, нельга па-сапраўднаму ўбачыць і ацаніць сучаснае… Гістарызм спалучаецца такім чынам з гуманізмам.

Кнігі Ю. Свіркі — ступені яго творчага росту, голас яго чуцён у калектыве беларускіх паэтаў. Трэба спадзявацца, што ён будзе ўзбагачацца новымі жыццёвымі фарбамі. Гаворачы словамі паэта, жыццё — адказнейшы экзамен, яго здаеш, пакуль жывеш.