Углядацца ў жыццё (Анатоль Грачанікаў)

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Углядацца ў жыццё

(Анатоль Грачанікаў)

Анатоль Грачанікаў не надта шануе верлібр, але сваю вершаваную аўтабіяграфію ён даверыў яму.

Сэрца —

Жыцця майго гадзіннік,

Заведзены ў 1938 годзе…

«Саракагоддзе — строгая пара…» Прыйшла яна і да яго. Услед за сваімі сябрамі-равеснікамі, якіх мы называем «шасцідзесятнікамі» (творчая сталасць іх прыпадае — у каго раней, у каго пазней — на 60-я гады), А. Грачанікаў таксама выдаў кнігу выбранага — «Калі далёка ты…» (1979). Яна аб’яднала лепшае з пяці папярэдніх яго зборнікаў…

Многія, многія вершы спыняюць нашу ўвагу. Шукаем такія, якія маглі б больш расказаць пра яго індывідуальнасць. Ну вось хоць бы гэты:

Адвяснуе восень

                      на зазіміны,

Бакены зашыюцца пад гаць.

Сінія асеннія асіннікі

У смузе марознай зазіхцяць.

Ёсць ў іх

Журба неверагодная,

Саладжавы і гаркавы пах,

Ад якога — усё такое роднае,

Што аж слёзы,

Слёзы на вачах.

Ён, думаецца, вельмі характэрны для А. Грачанікава, бо сведчыць пра талент тонка адчуваць жыццё, «прапускаць» яго праз уласнае сэрца і лёс, рабіць яго і нашым духоўным набыткам. Не шмат паэтаў, якія ўмелі б звычайную, так сказаць, тэму (у дадзеным выпадку агульную для ўсіх тэму патрыятызму) ператварыць у нешта глыбока ўнутранае, інтымнае… С. Гаўрусёў тонка адчуў індывідуальнаць А. Грачанікава: «Чытаючы вершы паэта, празрыстыя і як бы асветленыя праменнямі знутры, можна падумаць, што яны даюцца яму лёгка. Гэта ўяўленне памылковае. Нікому і ніколі прастата не давалася проста. Праблематыка яго твораў пераконвае, што сёння, відаць, немагчыма паспяхова пісаць пра зямлю, не ведаючы таго, што адбываецца ў космасе» (Літаратура і мастацтва, 1979, 19 кастрычніка).

Як паэт ён даўно — магчыма, з самай першай сваёй кнігі «Магістраль» (1964) — прызнаны і грамадскасцю, і крытыкай. Яго зборнікі не паўтараюць адзін аднаго, а паказваюць відавочную лінію росту. Маюць поспех — я сам таму сведка — яго выступленні на літаратурных вечарах, сустрэчах з чытачамі, аматарамі паэзіі. Па ўсім відаць, што радок паэта крануў чалавечыя сэрцы і знайшоў сваё месца ў літаратуры.

Якое ж яно — месца А. Грачанікава ў сучаснай паэзіі?

У першых жа сваіх вершах ён пайшоў, як гэта і павінна быць уласціва паэту-лірыку, ад уласнай біяграфіі чалавека, які запомніў гераізм і мужнасць народа ў вайну («На фронце бацька. Маці — партызанка»), нягоды цяжкай пасляваеннай пары (паэма «Сонечны звон»), армейскія будні, вучобу, працу на чыгунцы, зноў вучобу і зноў працу…

«Няма замены паэтам!» — гаворыць ён у адным з вершаў, прысвечаным Максіму Багдановічу. І гэта праўда: кожны чалавек — непаўторны і незамянімы. іТым больш паэт — яго асоба павінна быць бачна здалёк. Нездарма нават узнікненне лірыкі як роду літаратуры звязваюць з тым момантам, калі чалавек усвядоміў сваю асобу. Лірыка і пачала даследаванне і сцвярджэнне чалавечай індывідуальнасці і непаўторнасці, у якой адлюстравалася грамадскае жыццё. Зрэшты, наколькі помніцца, А. Грачанікаў ніколі асабліва не гнаўся за «індывідуальным» стылем. Проста ён быў праўдзівы, адкрыта і непасрэдна выяўляючы сябе ў вершы. Найбольшыя ўдачы першых кніг (вершы «Вера», «Лашак», «Гарадская ўскраіна», «От каб быў я такі, як цень!..», «Калодзеж капаюць», «Поле», «Над Белай Руссю…», «Той танец» і іншыя) з’явіліся непасрэдным вынікам яго жыццёвага вопыту і вельмі асаблівага ўспрыняцця і асэнсавання рэчаіснасці. Яны былі звязаны са шчырасцю героя, з устаноўкай на справядлівасць. Словам, у цэнтры пераважнай большасці яго твораў аказалася рэальнае чалавечае «я», што і абумовіла цікавасць да іх з боку крытыкі і чытача.

Нездарма многія пералічаныя вершы і шмат якія неназваныя па праву ўвайшлі ў сучасныя анталогіі беларускай паэзіі на розных мовах. Дарэчы, сёння іх выдаюць усё больш і больш.

Некалі Іван Мележ, якому, дарэчы, вельмі падабалася паэзія яго земляка (Грачанікаў таксама нарадзіўся на Палессі), адкрыў для сябе «простую», як ён казаў, ісціну: «калі „стыль — гэта чалавек“, то каб стыль мастака праявіўся больш выразна, своеасабліва, трэба, каб выразна праявілася асоба чалавека, яго светаадчуванне, яго погляды, яго матэрыяльны і духоўны вопыт. Чалавек не толькі не павінен хаваць сябе, а, наадварот, адкрывацца ва ўсёй шырыні, глыбіні і шчырасці. Не трэба здавацца ні горшым, ні лепшым, чым ты ёсць, трэба быць самім сабою. Усякая штучнасць будзе ў шкоду. Ніякі фальш не пройдзе без следу».

Так вось, прыкладна, і зрабіў А. Грачанікаў. Нават у самай першай кнізе ён здолеў застацца сам сабою.

На фронце бацька.

Маці — партызанка.

Цяпла у хаце нашай не стае.

І я з’язджаў з гары крутой на санках,

Каб усцягнуць ламачча на яе.

Гарэў агонь.

Агонь цяпла і веры.

У грубцы і ў вачах братоў маіх.

Мы нанач шчыльна зачынялі дзверы,

Але на ключ не замыкалі іх.

Некаторыя паэты робяць упор на яркую, пукатую вобразнасць. У А. Грачанікава яна выглядала досыць сціпла, «неэфектна», нават крыху заземлена, але затое рэалістычна, праўдзіва. З яго вершаў паўставаў цудоўны край — Палессе са сваімі людзьмі (сімпатычныя вясковыя дзядзькі і цёткі), прыродай, звычаямі. Ён давярае жыццю, людзям, зямлі…

Там, паміж Гомелем — Кіевам,

Над Сожам крылы ўскінула

І кліча мяне, нібы кнігаўка,

Вёска мая — Шарпілаўка.

Стоміцца сэрца, здарожыцца,

Ды ноччу і днём трывожыцца:

Як там бацькі і родзічы,

Дубровы і курганы?

Жыву, іх усюды помнячы?

Ці помняць мяне яны?

«Успамін машыніста», «На перагоне», «Завадскі аркестр» — А. Грачанікаў мог «выкрасаць» паэзію з фактаў даволі звычайных, будзённых, знаходзячы ў іх незвычайнае, па-чалавечы вельмі прывабнае. Індывідуальнасць яго апладнялася сацыяльна значнымі, грамадзянскімі адчуваннямі паэта, і гэта кампенсавала запаволенасць, некаторы недахоп тэмпераменту.

Літаратура, як вядома, толькі тады ставіцца жывой справай, калі імкнецца асэнсаваць жыццё грамадства, усвядоміць сваё месца ў кантэксце з ім. Мастак — можна сказаць — чалавек з сацыяльным сумленнем, ён павінен быць у творчасці на ўзроўні грамадскага дзеяча.

Што складае аснову творчай індывідуальнасці? На мой погляд, наяўнасць таленту і выразнае пачуццё асобы, шырыня грамадзянскіх даляглядаў. Уласна кажучы, асоба — гэта і ёсць сукупнасць сацыяльных грамадскіх адносін.

Наступныя кнігі («Круглая плошча» — 1971, «Грыбная пара» — 1973) узмацнілі адчуванне сучаснасці. Зрэшты, у кожнага паэта адчуванне сучаснасці — сваё. У Грачанікава яно звязана з глыбінёй светапогляду, ён не ўспрымае сучаснага без мінулага, без яго героікі і ахвяр, якія выхоўваюць пачуццё адказнасці, фарміруюць маральны свет паэта.

Зборнік «Круглая плошча» адкрываўся вершам «На Палессі…»

На Палессі — спрадвеку, як быццам званы,

Несціхана сівыя звіняць курганы…

Гэта падаюць свой голас продкі: «Добры дзень вам, нашчадкі! Добры дзень вам, зямляне!»

Паглыбляецца і ўзбагачаецца пачуццё патрыятызму, абвастраючы праніклівы лірызм, шчырасць і непасрэднасць паэтычнага выяўлення.

Краю мой родны і мілы!

Чую ў світальнай цішы,

Як твае стогнуць магілы,

Як твае плачуць крыжы.

Маеш і долю і волю

Не анямеў, не аглух.

Твайго ж незагойнага болю

Жыве ў маім сэрцы дух.

Сінтэз сучаснага і мінулага ў яго паэзіі абумовіў асаблівасці светаўспрымання, буйны план.

У вершы «Адведкі» паэт стварае велічны вобраз жанчыны-маці, якая пакідае родны падворак, каб «убачыць магілы пяці партызанаў-сыноў».

Праз сёлы, бары і палеткі,

І праз спачуванні людзей

Маці ідзе ў адведкі,

Маці ідзе да дзяцей.

З мастацкага боку верш «Адведкі» вабіць здзіўляючай арганічнасцю нязмушанай сувязі, узаемаспалучанасці ўзнёслага і бытавога. На досвітку, па-святочнаму ўрачыста збіраецца маці ў свой шлях.

Плыў ранак спелаю шыпшынай.

Даўно не мелася ў старой

Ні гэтай лёгкасці птушынай,

Ні гэтай яснасці былой.

І ў гэты ранак светла-звонкі

З рахманым сонцам на чале

Спявалі пеўні, і даёнкі,

І дапрызыўнікі ў сяле.

І адно не супярэчыць другому — паэт, асэнсоўваючы сувязі паміж людзьмі і жыццём, паміж мінулым і будучыняй, прарываецца да высокага ўзроўню гуманізму, які ўбірае ў сябе шматстайнасць чалавечых клопатаў і турбот.

Чытаючы зборнік «Круглая плошча», адчуваеш, што думкай аўтара рухае імкненне спазнаць сэнс і сутнасць чалавечага быцця, адкрыць і асэнсаваць складанае і супярэчлівае адзінства ўзаемаадносін людзей і рэчаіснасці. Паэт усё ўважлівей углядаецца ў жыццё. Паказальным быў у гэтым сэнсе верш «Матацыклісты».

Матацыклісты шпараць па шашы.

Паветра рэжуць, як электрапілы,

У рокаце — надрыўны крык душы,

Нібыта рух высмоктвае з іх сілы.

Уразіла не толькі адмысловая аркестроўка. Чамусьці, па нейкай пабочнай асацыяцыі, успомніўся верш другога паэта гэтага пакалення — Бэлы Ахмадулінай «Мотороллер» («Завиден мне полёт твоих колёс, о мотороллер розового цвета!..»). І тут і там прысутнічае дух сучаснасці, хаця кожны з гэтых твораў арыгінальны і незалежны ад другога. Паэт хоча пранікнуць у свет адчуванняў маладых людзей:

Што думаюць, сціскаючы рулі,

Яны ў рухомай гэтай адзіноце,

Калі абрысы неба і зямлі

Знікаюць на бязлюдным павароце?

Ім сутнасць руху хочацца спазнаць

І падміргнуць свайму былому хвацка.

І хлопцы ашалелыя ляцяць

Па магістралях Брэста, Бранска, Брацка.

Пытанне зададзена — у чым «сутнасць руху»? Сапраўды, у чым яна? Над разгадкаю б’юцца і паэт, і яго героі:

Ім рэжа вочы вецер, сонца, пыл.

Інспектары —

Дзіравяць ім талоны,

А у саміх, відаць, свярбяць далоні,

Ды часам вопыт пазбаўляе сіл.

Яны, пасуравелыя, глядзяць:

Ухабаў менш — спакуса большай стане.

Было дарогу цяжка збудаваць,

Наладзіць рух на ёй — куды складней.

Часцей бачым яго ў роздуме. Вучыцца заўважаць бег часу, пранікліва ўзірацца ў гарадскую ўскраіну, якую насяляюць учарашнія вяскоўцы.

Ён не проста фіксуе рэальнасць, а стварае яе нанава — намаганнямі душы. Ён не траціць свежасць успрыняцця: «кожнае дрэва лагодна па салаўю калыша» — такім яму ўбачыўся старажытны парк у родным Гомелі.

Паэт паказаў сябе як праніклівы лірык, які ўмее ў лірычным перажыванні сканцэнтраваць падзеі

І з’явы навакольнага свету.

Над Белай Руссю — белы снег,

Нібыта чыстае сумленне,

Нібыта светлае збавенне

За самы патаемны грэх.

На досвітку запахне снег

Малінава-празрыстым сокам.

І сад, заружавелы ў сне,

Зазвоніць ціха каля вокан.

Родныя краявіды глыбока хвалююць паэта, ім аддадзена частка яго сэрца, кусочак самай патаемнай і шчырай любові, якая вядома чалавеку з дзяцінства. Рэчка, луг, поле, лес — гэта тое, што спадарожнічае нам з дзяцінства, фарміруючы нашы ўяўленні.

Як добра, што ёсць яшчэ гэта на свеце:

Гром паблажэла рохкае недзе,

І хлопчык абпырсканы весела едзе

Па лужынах цёплых на веласіпедзе.

І не прэюць у лузе пракосы,

І ўвесь свет малады і босы!

Гэтыя простыя рэаліі свету ўвасабляюць у сабе яго прыгажосць, цэласнасць і гарманічнасць. Далучэнне да натуральнага, зямнога азначае далучэнне да хараства, гарманічнасці. У гармоніі — таксама ісціна, — гэта заўважана даўно.

Усе вершы А. Грачанікава, як правіла, вельмі асабістыя: у кожным прысутнічае сам паэт са сваімі адчуваннямі, думкамі і пачуццямі. Аднак яго «я» паўстае не вонкава — яно арганічна сплаўляецца з радком, з кожнай яго клеткай, выступаючы, як голас самога жыцця.

Зборнікі вершаў «Грыбная пара» (1973) і «Начная змена» (1975) вывелі іх аўтара ў першыя рады беларускай паэзіі. Яны сведчылі не толькі пра павелічэнне жыццёвага вопыту паэта, але і пра схільнасць яго да філасофскага паглыблення ў рэчаіснасць.

Усё часова на зямлі, часова…

Але жыве дзіцячы смех і слова,

У небе сонца, пад гарой — крыніца,

І завязі жывая таямніца

Гасцюе ў свеце, як раней гасціла.

О Беларусь! Мяне ты узрасціла,

Дала мне мову, песню, зрок і слых,

Каб імі надзяліў дзяцей сваіх…

Паэт імкнецца сцвердзіць важнейшыя каштоўнасці чалавечага жыцця, зразумець і ўсвядоміць дыялектыку пастаяннага і зменлівага. Ён задумваецца над праблемай прагрэсу — руху грамадства да больш дасканальнага стану.

Плыві наперад,

Карабель жыцця!

Народу мой!

Ад нематы збавёны,

Плыві да новых дзён

Пад ветразем чырвоным,

Мінаючы ўсе бухты забыцця!

Аднак шляхі прагрэсу няпростыя. «Усё гучней — трывога пра зямлю, пра хлеб, і лес, і чыстую крыніцу…»

Нам зберагчы б увесь зямны абшар,

Каб не наклікаць новыя турботы.

Так, перад тым як накапіць нектар,

Майструюць пчолы клапатліва соты.

Не пашкадуй нектару ім, прагрэс!

А што мы самі знаем аб прагрэсе?

Маўчыць прагрэс, маўчыць, як цёмны лес.

Паэзія, на думку А. Грачанікава, з’яўляецца ідэйным, маральным забеспячэннем чалавечага прагрэсу («Не сыравіна мы для руху. Хай будзе рух нам для паслуг»). Яе абавязак — мацаваць сувязь чалавека з роднай зямлёй, са стваральнай працай народа, прыродай і гісторыяй. Такая думка прачытваецца ледзьве не ў кожным творы паэта.

Р. Бярозкіна ў зборніку «Начная змена» асабліва ўзрушыў верш «Карло Каладзе». Пра гэты верш знакаміты крытык напісаў спецыяльны артыкул «Калі паэт і паэзія — тэма…» (Літаратура і мастацтва, 1978, 9 чэрвеня). Карло Каладзе, пра якога напісаны верш, — вядомы сучасны грузінскі паэт, з ім А. Грачанікаў не раз вандраваў па Грузіі.

Паплечнік ён

І старцу, і герою,

Рачулцы горнай,

Стромкаму платану.

Яго я параўноўваю з гарою,

Ні з кім больш

Параўноўваць я не стану.

Верш беларускага паэта праўдзіва ўзнаўляе нацыянальны свет духоўнага быцця грузінскага народа.

Не той пясняр, хто голасна спявае

І змардаваны ад натугі чэзне,

А той, хто сам не ведае, не знае,

Чаму народ так прагна паўтарае

Даўным-даўно ім складзеныя песні.

«Беларускі паэт, — зазначае Р. Бярозкін, — здолеў перадаць увесь уласцівы паэту грузінскаму жыццёвы аб’ём у яго нацыянальна тыповых рысах душы і прыроды, злітых разам».

Добрых, глыбокіх вершаў у А. Грачанікава шмат: «*** Так. Вечнасці вірлівая рака…», «Вам наканавана ісці далей», «*** На нейкім невядомым рубяжы…», «Пара жніва», «*** Вучуся і ў старых, і ў маладых…» Гэты рад можна прадоўжыць лепшымі вершамі са зборніка «Дрэва на выспе» (1977) — «Марозны дзень», «Чэрвеньскі ранак», «Неба і дол», «Дрэва на выспе», «Салаўіны гай», «Шлюбныя ночы», «Ёсць у жыцці…», «На зрэзе дзён маіх…», «Зоркапад…», «Рытмічны грукат электрычкі…», — што ўражваюць эмацыянальным пранікненнем у сацыяльныя калізіі часу, значнай канцэнтрацыяй думкі і ў той жа час натуральнасцю душэўнага такту, нязмушанасцю лірычнай інтанацыі.

Мяне ўзрушыў вось гэты сціплы па сваіх фарбах эцюд:

А вось і бульба зацвіла.

Густы струменіць

Пах бульбяны

Аж на зарэчныя паляны

З памаладзелага

Сяла.

У гурце

Дзівяцца мужчыны,

Што палагаднелі жанчыны.

І ў хатах

Стала больш цяпла…

Што значыць —

Бульба зацвіла.

Пра што ён сведчыць — гэты надзвычай сімпатычны верш? Несумненна пра тое, што паэт арганічна далучаны да свету перажыванняў і радасцей чалавека (асабліва вясковага), што яму блізкая паэзія яго працоўнага быцця. Адчуваючы яе душой, ён умее перадаць гэтую паэзію ў вершы.

Паміж радкоў, у падтэксце, бачыцца іншае — цана чалавечай радасці, свету, якім папярэднічае нялёгкі будзень, відзён шчыры характар працаўніка, адзінства ў ім «утылітарнага» і духоўнага. «Святочны» — адзін з любімых эпітэтаў паэта.

Святочна нада мной звінеў жаўрук.

Над гаем зелянелі аблачыны.

І быў святочны іх павольны рух

У гэтыя святочныя хвіліны.

Ёсць такое азначэнне «ціхая» паэзія. Пры ўсёй яго ўмоўнасці, гэта цэлы напрамак у сучаснай паэзіі, які можа пахваліцца такімі імёнамі, як Мікалай Рубцоў, Уладзімір Сакалоў, Анатолій Жыгулін, Станіслаў Куняеў і іншыя, чые творы адпавядаюць грамадскім патрэбам часу, сведчаць пра жыццяздольнасць класічнай паэтыкі. «Ціхасць» — прыкметна фармальна-стылёвая (калі памятаць, што форма змястоўная) рыса паэзіі А. Грачанікава, якому экспрэсІ5і мала або зусім не ўласціва. Ён сузіральна спакойны, быццам ведае нейкую асаблівую тайну жыцця.

Разам з тым ён вельмі пластычны.

Верш «Шлюбныя ночы» сваёй пластыкай і сакавітай выяўленчасцю, усёй унутранай атмасферай —

Густую ядранасць наўкол

Гайдае выспелая ціша.

Ліст у паветры нешта піша

І моўчкі падае на дол —

нагадаў мне выдатнае апавяданне К. Чорнага «Вераснёвыя ночы».

Выяўленчая традыцыя, якую развівае А. Грачанікаў,— псіхалагічна насычаная пластыка, непаспешлівасць апісанняў, увага да дэталяў і падрабязнасцей, сакавітасць стылю — у нацыянальным рэчышчы развіцця беларускай літаратуры.

Пэўнае месца ў яго паэзіі займаюць асацыяцыі з галіны жывапісу. Адзін з любімых яго мастакоў — К. Пятроў-Водкін.

Шчырасць, непадробнасць пачуцця, імкненне ісці да абагульнення ад факта жыцця — гэта заўсёды было моцнаю рысаю Грачанікава. Сапраўдных пачуццяў ён патрабуе і ад сваіх герояў. Ён умее заўважыць тыповае ў жыцці.

Цыркачачка!

Матацыклістка!

— Ату! — услед крычаць.

— Ату!

Хто ты? Багіня?

Аферыстка?

Навошта шлем —

Ды на фату?

Нявеста і «салідны» жаніх ужо адчынялі дзверы загса, калі падруліў матацыкліст — малады хлопец, якога дзяўчына кахала па-сапраўднаму, і каханне перамагло!

Ажно сціскае вецер скроні,

Зайздросна крэкчуць цягачы.

А мо ўцякаеш ад пагоні,

Ад першай шлюбнае начы?

А недзе, сплюшчаны бядою,

Упершыню адчуўшы шок,

Таксі шукае пехатою Т

вой зганьбаваны жанішок.

І хто цяпер у свеце цэлым

Прыпыніць рух шалёны твой?

…Матацыклістка ўся ў белым

Над анямелаю шашой.

Яго верш, як бачым, у адным выпадку ўмее быць напеўным, лагодна-рахманым, у другім — рэзкім, адрывістым, дынамічным.

Сёння заўважаецца павелічэнне асацыятыўных магчымасцей яго паэтычнага мыслення. Пра гэта сведчыць верш «Дрэва на выспе», які даў назву адной з яго кніг. Эмацыянальна ёмісты вобраз «дрэва на выспе», якому надакучыў лясны тлум і захацелася «ў цішыні пабыць аднаму», — шматстайны па свайму сэнсу. У ім чытаюцца лірыка-аўтабіяграфічныя думкі пра сцвярджэнне чалавекам свайго прызвання, таленту, імкнення дзярзаць, ісці, нягледзячы на перашкоды, уперад, падаваць прыклад і пракладаць след іншым.

Лірыка А. Грачанікава робіцца больш філасафічнай, разважлівай. Ён хоча ахапіць жыццё ў багацці яго супярэчнасцей, вострых пытанняў — «На ўзлобінах дзялянак баравых я думаю пра мёртвых і жывых». Раз-пораз чуецца ў свеце паэта «самотны голас зязюлі», і думаецца тады: «свет не такі мядовы, свет не такі шчаслівы». Ён прагне спасцігнуць яго сутнасць, і працэс пазнання ў яго не пазбаўлены драматызму («я пахадзіў аднойчы ў мудрацах. Спіна мая і зараз у рубцах»).

Крытыка правільна звярнула ўвагу на новыя матывы ў яго вершах. Р. Бярозкін у рэцэнзіі на зборнік «Круглая плошча» пісаў: «Малады паэт сёння як бы „пераключае“ энергію на тыя непадманна-ўстойлівыя каштоўнасці народнага быту, працы, якія надаюць кожнаму чалавеку, незалежна ад ягонага месца ў практычным жыцці, адчуванне маральнага арыенціру».

А. Грачанікаў мае сваю вёску, сваю радзіму і гісторыю. І гэта — адна з ліній яго паэзіі, лінія, якая ўзмацняецца. Чытачы не абмінулі ў свой час яго верш «Калодзеж капаюць».

Калодзеж капаюць! Калодзеж капаюць!..

Чыстае ўсё на сябе апранаюць.

Не сварацца цёткі. Не кураць мужчыны,

Як быццам сабраліся тут на радзіны…

Аўтар услаўляе чалавечую згоду, пачуццё калектывізму.

Паэтычны стыль А. Грачанікава, пазбаўлены знешняй экспрэсіўнасці, эфектнасці мастацкіх прыёмаў, павышанай асацыятыўнасці, вызначаецца сваёй унутранай змястоўнасцю, арыентацыяй на глыбіннае раскрыццё духоўных каштоўнасцей сучасніка.

У яго творах вёска адкрываецца часцей за ўсё з пункту гледжання ўчарашняга вяскоўца, які воляю лёсу аказаўся гараджанінам. Аднак яго «карнявіна адвечная» — тут, у старой вясковай хаце.

Тэма роднай хаты, роднага парога — скразная ў яго творчасці. Даўно жывучы ў сталіцы, ён усё ж такі зрэдку прыязджае ў родную вёску. У вочы кідаюцца перамены, якія там адбываюцца. Сёння для яго вельмі характэрны, на маю думку, матыў вяртання на родны парог —

Дым коміна над роднай хатай,

Стажок маленькі за хлявом.

Стаю ў двары, як вінаваты,

Зайсці баюся ў родны дом.

Гэта сітуацыя вельмі паказальная для ўнутранай біяграфіі лірычнага героя. Яна надзвычай сучасная. Зрэшты, вяртаюцца дадому, у вёску, па неаднолькавых прычынах. Прыгадваюцца розныя — «утылітарныя» — патрэбы. Патрэбна ж, скажам, і гараджаніну сала. У вершы А. Грачанікава — пра іншае:

Прыйшоў сюды не на спатканне,

Не жабраваць прыйшоў сюды.

І не шукаць у хваляванні

Маленства даўняга сляды.

Не за адным глытком паветра,

Што вее з родных берагоў,

Ляцеў і ехаў я праз нетры

І пехатой сюды ішоў.

У паэзіі шмат залежыць ад эстэтычнай і маральнай забяспечанасці. Адной выяўленчай дасканаласці мала. Трэба, каб за радком стаяла жыццё, паводзіны, лёс. Лепшыя ягоныя творы ўзнаўляюць яго ўнутраную біяграфію пакалення.

У гэтым вершы аўтар якраз і імкнецца глыбока і шматбакова асэнсаваць свае адносіны да роднай хаты, спасцігнуць іх філасофскі корань.

І не крыўдую я на долю,

Што з роднай хатай развяла.

Нідзе на свеце і ніколі

Яна чужой мне не была.

І ўсё ж зазначу я нясмела,

Употай нават ад сябе,

Што наша хата пастарэла

У нейкай сцішанай журбе.

Бы нешта ёй адной вядома,

Чаго і нам не зразумець.

Ну вось і ўсё. Ізноў я дома,

Каб зноў удалеч паляцець.

Думаецца, гэты верш яскрава выяўляе светапогляд паэта. У ім няма нічога ад так званага «почвенніцтва». Ёсць глыбокі роздум над сучаснасцю, любоў да Радзімы.

Паэзія А. Грачанікава ўзбагачаецца новымі рысамі народнага жыцця, духоўнага свету чалавека. Добра сказана ў яго пра партызанскія салюты: «Свінцова-цяжкім коласам тугім вы леглі ў сноп Вялікай Перамогі». Паэта хвалюе быццё народа, яго паэзія, песня: «Народ без бесні — не ўмее, народ без песні — нямее».

Інтанацыі роздуму — у многіх вершах. Аднак часам ён выступае ў празмерна агульных формах, абстрактна і ўяўна глыбакадумна. «Жыццё, жыццё! Ты не праходзіш бокам, але і не ратуеш ад бяды». Банальнасцей трэба пазбягаць. Менавіта да такой — занадта агульнай — высновы прыходзіць паэт у вершы «Народ і песні»:

Вякамі раны лячыла,

Айчына мая. Айчына.

Змагалася, ваявала,

А песні ўсё ж спявала.

Думка правільная, але, так сказаць, не на ўзроўні А. Грачанікава. Стыль верша, яго інтанацыя не спалучаліся з асобаю паэта. Думка выступае задужа спакойнай, нейтральнай.

Сённяшняя яго паэзія ўслаўляе мудры вопыт часу. Лірычны герой вяртаецца на высечаную баравую дзялянку, але без сякеры і пілы. Яму часцей, чым раней, хочацца пабыць у адзіноце, сярод прыроды, з якой у яго моцныя душэўныя сувязі, адчуванне яе першароднасці.

Аснежаны спакой лясны.

Нідзе — ні грукату, ні шуму.

Змяняе лёгка дума думу,

І свет спагадны і не злы.

Ні мудраца і ні прарока,

Дыміць крыніца пад гарой.

І ўсё балючае — далёка,

І ўсё гаючае — з табой.

Адчуванне прыроды пранізвае яго лірычнае перажыванне свету, з’яўляючыся ў значнай ступені маральным арыенцірам, які дапамагае зразумець сваё месца ў свеце, знайсці ўнутраную раўнавагу. Паляшуку родам, які рос на ўлонні прыроды, яму блізкая і зразумелая «асенняя музыка траў». Прырода праясняе душу, абуджае лепшыя пачуцці, вяртае «ад мітусні да яснасці душы». Паэту не па душы голы практыцызм сучасных мяшчан. Сквапнаму свету мяшчан ён супроцьпастаўляе мудрую філасафічнасць прыроды, вясновы світанак напаўняе яго душу прадчуваннем шчасця і дабра. У яго жыве неабходнасць пакланіцца небу і зямлі — «Прырода падсілкуе і прывеціць і забярэ з сабою назаўжды».

Прырода, лес, цішыня вабяць паэта. Яму ўласціва пантэістычнае напаўненне вобразу, нават калі ён гаворыць пра сённяшнія сацыяльныя праблемы.

На зрэзе дзён маіх,

Як быццам на камлі,

Растуць трывогі часу і зямлі.

Значнае месца ў паэзіі А. Грачанікава займаюць касмічныя матывы, якія сведчаць пра ўзбуйненне яго сацыяльных і інтэлектуальных даляглядаў.

Таемна з вышынь Стажары

Глядзяць на род чалавечы.

Што бачыцца ім, што сніцца?

Што хочацца ім сказаць?

Ноч. Пара касавіцы.

Вельмі рана ўставаць.

Касмічнае ў яго знітавана з зямным, штодзённым — адно без другога не існуе.

Апошнім часам паэт усё часцей звяртаецца да жанра паэмы. Помніцца яго паэма «Бясконцыя рэйкі» (1976), якая пачынаецца панарамай вакзальнага шматлюддзя: «Краіну, нібы ў разрэзе, заўсёды можна ўбачыць тут». Вакзалы… Ёмістае паняцце, яно пра многае гаворыць чалавеку XX стагоддзя. «Праз вас, як быццам эшалоны, прайшлі суровыя гады».

Тэма гэтая, як вядома, не новая для савецкай паэзіі. Зрэшты, у кожнага — свой вакзал…

На тым вакзале, які асабліва запомніўся паэту, цыганка спявала песню, спявала: «як умела», ад душы. Аўтар пытаецца, як магла зберагчыся, захавацца гэта песня «на скрыжаванні ўсіх эпох», сярод жыццёвай мітусні? Гэта першае пытанне, якое ён ставіць, але не спыняецца на ім, а пераходзіць да другога — «чаго мы ўсе на свеце варты?»

Жыццё, перш за ўсё сваё жыццё, паэт метафарызуе ў паняцці «магістральнай паласы», але глыбока не раскрывае яго, абмяжоўваючыся агульнымі намёкамі: «І я даваў. І мне давалі, ці гаспадар быў я, ці госць…»

Адначасова магістраль — гэта і чыгунка, дзе і паэту, і ягонаму герою некалі давялося працаваць, жыць і дружыць з сябрамі-таварышамі. Пагляд у мінулае напомніў яму маленства, гаркату блакадных дзён вайны («На ўсё жыццё ваенны час на мне свае узоры вышыў»). Паэма напоўнена пачуццём удзячнасці ўсім добрым людзям, што трапілі на жыццёвым шляху. Машыністу Яўмену, што вучыў маладых:

— Шануйце, хлопцы, зрок і слых,

Больш думайце, менш гаварыце…

Словам, «Бясконцыя рэйкі» — гэта роздум аб жыцці — «мінулае і перспектыва з узростам бачацца ясней». Але твору не заўсёды стае эпічнага дыхання і дзеяння, псіхалагічнай заглыбленасці, грунтоўнасці.

Больш глыбокім творам уяўляецца мне яго паэма «Палескі трохкутнік» (1982). За фантастычнымі прыгодамі яе героя Яўхіма, які падаўся «ў госці» да іншапланецян, бачны рэальны «сюжэт» гэтай рэчы. Гаворка ідзе пра тую палескую зямлю, што месціцца ў «трохкутніку» паміж Гомелем, Лоевам і Рэчыцай. Гэта — радзіма паэта, зямля, багатая на цікавых людзей. А. Грачанікаў расказвае пра гераічную гісторыю роднага краю, пра яго непаўторнае прыроднае аблічча. Па ўсім адчуваецца, што аўтар нераўнадушны да сваіх родных мясцін, што ён ведае іх і моцна любіць. І гэта немалаважная акалічнасць плённа адбілася на стылёвым ладзе паэмы, надаўшы ёй своеасаблівай «рэгіянальнай» непаўторнасці.

Кнігі А. Грачанікава, бясспрэчна, сведчаць пра самабытны талент паэта, яго адметную індывідуальнасць і вялікія магчымасці мастацкага асваення свету. У лепшых творах паэта вабіць глыбіня і прыгажосць мастацкага слова, духоўная насычанасць, напружанасць маральнага пошуку.

Гэта — перспектыўная лінія яго творчасці.