Грамадзянскасць — якасць паэтычная (Ніл Гілевіч)

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Грамадзянскасць — якасць паэтычная

(Ніл Гілевіч)

Прачытаўшы Гілевічавы радкі:

Пакуль паэты будуць пець —

Не быць Радзіме безыменнай,

Зямлі бацькоў — не анямець! —

я падумаў, што вось тут, у іх, заключаны ўвесь пафас яго дзейнасці, крэда, ідэя патрыятызму. Пакуль родная зямля будзе нараджаць паэтаў — яна будзе мець сваё імя, сваё адметнае аблічча. Сам Ніл Сымонавіч, трэба сказаць, многае робіць дзеля гэтага. «Патрыятычнае выхаванне — наша важнейшая задача», — падкрэсліў ён у сваёй прамове на V з’ездзе пісьменнікаў Беларусі ў 1976 годзе.

Не так даўно ён справіў свой «залаты юбілей» — пяцідзесяцігоддзе, з нагоды якога Рыгор Барадулін пісаў, што «наш Ніл Гілевіч сваё пяцідзесяцігоддзе сустракае незвычайна — не ўкладваецца яго паўвекавая дата ў традыцыйныя рамкі і прывычныя паняцці. Здаецца, наадварот — па крайняй меры на два дзесяткі год спазнілася першая круглая дата: надта вялікі аб’ём работы, работы, зробленай грунтоўна, па-майстэрску. Гэта, відаць, таму, што не было ў паэта таптання на месцы, прымервання, прыкідай…» (Книжное обозрение, 1981, 25 верасня). Зроблена сапраўды шмат — тут з Р. Барадуліным нельга не згадзіцца. Але ж, думаецца, было і прымерванне, былі і прыкідкі. А як жа без іх? Іншая справа, што ў юбілейным артыкуле гаварыць пра іх не заўсёды выпадае.

Першыя, юнацкія радкі з’явіліся на свет з-пад яго пяра. недзе адразу пасля вайны. У многім яны былі пераймальныя: успаміналіся знаёмыя з дзяцінства Пушкін, Колас, Купала…

Як туман, зімовы вечар

Апусціўся на палі.

Задымілі ў вёсцы печы —

Быццам хмаркі паплылі.

Змрок гусцее па марозе,

Загараюцца агні.

Па прасёлачнай дарозе

Хтосьці едзе на кані.

Гэта былі простыя, але шчырыя вершы пра родны край і мову, пра радасці мірнага жыцця і працы, пра хлапцоў — равеснікаў, першае каханне…

Апісальнасць нярэдка падмацоўвалася пранікнёным лірызмам:

Я ў гэту ноч ліпнёвую

Іду сцяжынкай вузкаю,

Сцяжынкай жытнёваю,

Зямлёю беларускаю.

Уважліва ўглядаецца юнак у аблічча роднай зямлі, у твары землякоў. Гэтаму, здаецца, садзейнічала таксама і работа, якую ён выконваў. Яна была ў яго таксама паэтычная — калгасны паштальён! Калі на веласіпедзе, калі пешшу — разносіў ён людзям пісьмы, газеты, кнігі… Уражанні і жыццёвыя назіранні дабратворна адбіваліся на складанні вершаў, але да першай кнігі заставалася яшчэ далёка. З’явілася яна — зборнік «Песня ў дарогу» — у 1957 годзе. К гэтаму часу аўтар паспеў скончыць Мінскае педвучылішча імя Н. К. Крупскай, папрацаваў год настаўнікам, паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта імя У. І. Леніна, а затым пасля яго заканчэння, — у аспірантуру пры гэтым жа універсітэце.

У першай кнізе, якую ў асноўным станоўча сустрэлі і чытачы, і крытыка, адчувалася імкненне аўтара асэнсаваць свой эмацыянальны вопыт, набыты ў цялекія для ўсёй краіны ваенныя і пасляваенныя гады. У ёй у пэўнай меры выявілася асоба аўтара. Гілевіч ішоў у літаратуру з усім тым, што было яму блізкім і дарагім, шчыра вітаючы новае ў жыцці пасляваеннай беларускай вёскі. Вершы расказвалі, чым жылі людзі у той час, як успрымалі жыццё. Прывабліваў аптымізм паэта, непасрэднасць пачуццяў, вера ў жыццё, у будучыню. Гэта знайшло яскравае адлюстраванне ў вершы «Песню бярыце з сабою», які з’яўляецца, на маю думку, лепшым у яго першай кнізе. Ён адзначаны пячаццю ўлюбёнасці, юнацкага бязвоблачнага настрою, яго герой гатовы аддаць усе творчыя сілы на карысць радзімы.

Калі не жадаеце знацца ў жыцці

З назойлівай скрухай — журбою,—

Куды ні прыйдзецца паехаць, пайсці,—

                       Песню бярыце з сабою!

Пазней некаторыя з крытыкаў, гаворачы пра гэты верш, упікалі аўтара ў «легкадумнай павярхоўнасці», «ружовым падбадзёрванні». Але наўрад ці ў іх былі падставы для такіх папрокаў: лірыка немагчыма без шчырасці, без адкрытасці душы і праўдзівасці. Шырокі эмацыянальны жэст паэта — «Песню бярыце з сабою!» — выклікаў суперажыванне, сугалоссе пачуццяў і настрояў, ён падабаўся равеснікам.

Гэты перыяд — 50-я гады — адзначаны ростам грамадзянскай самасвядомасці савецкага народа, узмацненнем працоўнай актыўнасці, больш поўным увасабленнем прынцыпаў сацыялістычнага гуманізму. Вершы паэта ўвабралі ў сябе ідэалагічную і псіхалагічную атмасферу таго часу. «Мы свой вымяраем узрост не гадамі, а электрастанцыямі, гарадамі…» Асабліва свежа прагучалі тыя вершы, у якіх аўтар гаварыў ад імя свайго пакалення, сам становячыся лірычным героем сваёй паэзіі. Дарэчы, такую акалічнасць крытыка сустрэла ў штыкі. Б. Бур’ян у часопісе «Полымя» пісаў: «Перш за ўсё, нам здаецца, Нілу Гілевічу трэба адыходзіць ад павярхоўнага разумення ўбачанага. Якой бы змястоўнай біяграфія асобнага чалавека ні была, толькі яна не можа быць бясконцай крыніцай для мастака. Мы ўпэўнены, чым хутчэй Н. Гілевіч адмовіцца ад разумення лірычнага героя як свайго двайніка, тым хутчэй ён здолее замацаваць у сваёй творчасці ўсе тыя станоўчыя, самабытныя рысы, аб якіх гаварылася вышэй» (Полымя, 1957, № 5, с. 195). Магчыма, Бур’ян у нечым і меў рацыю. Тады, найперш, калі гаварыў пра неабходнасць узбагачэння жыццёвай біяграфіі літаратара. Аднак ці можна аспрэчваць права апошняга дайсці да самой сутнасці — аналізаваць, узважваць, прымаць рашэнні, адмаўляць і г. д. Паэт, асабліва паэт-лірык, відаць, не можа зразумець навакольны свет, не зразумеўшы самога сябе. А не зразумеўшы сябе, ён будзе ў канфлікце з грамадствам. Але цікавасць да «я» мастака залежыць ад таго, у якой ступені індывідуальны вопыт яго «я» адлюстроўвае жыццё іншых людзей.

Гаворка, такім чынам, ішла пра больш поўнае раскрыццё — у самабытных мастацкіх вобразах — асобы не толькі героя, а і самога паэта, пра ўласцівы для яго творчы пачатак, актыўнае стаўленне да рэчаіснасці, намер па-свойму «мадэліраваць» свет.

Над гэтым даводзілася задумвацца; паэт спрабуе свае сілы ў галіне дзіцячай літаратуры — піша вершы, паэмы, казкі, загадкі, адрасаваныя маленькаму чытачу. Творчасць для дзяцей узбагачала яго.

У 1959 годзе выйшла другая кніга «Прадвесне ідзе па зямлі», а ў 1961 — трэцяя «Неспакой». Яны паглыбілі канцэпцыю жыцця ў творчасці паэта, узмацнілі грамадзянскасць. «Часцей, часцей прыпамінай імёны паўшых смерцю храбрых…» У іх паэт з хваляваннем малюе лірычны вобраз роднага краю — Беларусі: «Без гэтых бароў задуменных, без гэтых азёр, без гэтых палеткаў я шчасця на свеце не знаю». Родным пейзажам, краявідам, прыродзе беларускія паэты прысвяцілі шмат вельмі прачулых радкоў. У гэтым радзе — вершы Н. Гілевіча:

Я шчаслівы, што ў суджаны час

Нарадзіўся на гэтай зямлі,

Дзе такія густыя лясы

І такія спакойныя рэкі.

Дзе вясной непаўторна штораз

Зелянеюць разлогі — палі,

Дзе ўладар гэтай дзіўнай красы —

Ты, парод мой, на вечныя векі!

Любоў да роднай зямлі вельмі плённа адбілася на творчасці паэта, абвастрыла яго сацыяльны і маральны зрок, здольнасць у асобным факце разгледзець з’яву («Замок», «Роднае слова», «Сцежкі да родных магіл» і інш.). Развіваецца публіцыстычны струмень: ён умеў быць, так сказаць, нязмушана ўзрушаным, калі заклікаў рыхтаваць сэрцы да палёту, прызнаваўся ў любві да роднага краю, прасіў помніць імёны герояў. Яго творчасць прасякнута пафасам услаўлення чалавека і яго высакародных спраў.

Разам з тым паэт пакідаў месца і для твораў інтымнага характару. Каму не помняцца з тых год вось гэтыя — вельмі непасрэдныя і чыстыя — радкі пра дзяўчыну, што страчаецца са сваёй шаснаццатай вясной:

Лёгкая, як воблачка,

Як прыпеўка ў песеньцы,

У бліскучых лодачках

Збегла ўніз па лесвіцы.

Стала на пагорачку,

Глянула навокала,

«Ой, як сёння хораша!» —

Ад здзіўлення войкнула…

Вядомы крытык Леанід Навічэнка вельмі трапна сказаў: «У наш час, час фармавання ўсебакова развітай асобы будаўніка камунізма, дзіўным анахранізмам было б лічыць малаважным у паэзіі, скажам, інтымна-псіхалагічныя або пейзажныя матывы, калі яны сцвярджаюць высакародства чалавечых адносін, сапраўдную культуру пачуццяў, высакаразвітую здольнасць успрымаць і тварыць прыгожае» (Литературное обозрение, 1973, № 1, с. 35).

Пра гэтую здольнасць Н. Гілевіча якраз і сведчыла яго паэзія.

Недзе ў 60-я гады, а можа і раней, у яго нечакана выявіўся талент сатырыка і гумарыста. З таго часу выйшла ўжо некалькі кніг яго сатырычных твораў. Аўтар пераконаны, што «смех ёсць пажыццёвы спадарожнік усякага здаровага духам чалавека». Гумар — адна з адзнак народнасці яго паэзіі. Сатыра, гумар пранікаюць і ў лірыку, узнімаючы яе грамадзянскі ўзровень («Мяне вучылі асцярожнасці», «Ананімшчыкі і безыменныя пісьмы» і інш.).

Што яшчэ хацелася б адзначыць у паэзіі Н. Гілевіча — дык гэта яго пастаянную цікавасць да вуснай народнай творчасці. У яго ёсць нямала ўзораў удалага яе выкарыстання. І ў іншых паэтаў сувязь з фальклорам яму заўсёды імпанавала.

«Адна з добрых асаблівасцей паэзіі С. Дзяргай, — пісаў ён у свой час, — блізкасць яе да нацыянальнага фальклору. Паэт умела карыстаецца гэтай невычэрпнай крыніцай паэтычных скарбаў, ён нястомна вучыцца майстэрству ў народа. Матывы, вобразы, прыёмы вуснай народнай творчасці можна ўбачыць у многіх вершах паэта. Нават такі ўстарэлы, адмёршы від вуснай народнай паэзіі, як загавор, паэт ажыўляе і прымушае загучаць па-новаму». Тут Н. Гілевіч прыводзіць у якасці прыкладу вядомы верш С. Дзяргай «Паўзіце, словы, ад мяне…» (Полымя, 1959, № 4, с. 174).

Але ж нешта падобнае можна назіраць і ў самога Н. Гілевіча.

Вы шуміце, шуміце

Нада мною, бярозы,

Калышыце, люляйце

Свой напеў векавы.

А я лягу — прылягу

Край гасцінца старога

На духмяным пракосе

Недаспелай травы.

Фальклорная паэтыка ў дадзеным выпадку дапамагае выявіць унутраны свет лірычнага героя, рух яго настрою, нараджэнне новага душэўнага стану. Аднак бывалі выпадкі, калі паэт залішне «прычэсваў» свае вобразы пад фальклор, што вяло да гладкапісу, павярхоўна зразуметай народнасці. У некаторых выпадках мела рацыю і крытыка, выказваючы ў дачыненні да яго пажаданне большай канкрэтнасці перажывання.

У гэтым сэнсе этапным для Н. Гілевіча стаў, на нашу думку, зборнік «Бальшак» (1965), які пачынаўся знамянальнымі радкамі:

Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай.

Я не нахлебнік твой. Я на зямлю

Не для таго прыйшоў, каб жменяй поўнай

Уцехі браць. Я — аддаваць люблю —

і гэта былі не проста словы: за імі стаялі новыя веды, новы вопыт. Паэту давялося шмат паездзіць па рэспубліцы і па краіне, пабываць за мяжой. Убачанае, пачутае будзіла думку.

Усё гэта, безумоўна, дабратворна адбілася на пашырэнні кругагляду паэта, на яго агульным творчым пасталенні. Яго талент і грамадзянская смеласць праявіліся ў тым, што ён рашуча шукаў і ставіў пытанні нялёгкія, вострыя, якія патрабавалі сур’ёзнага падыходу і асэнсавання.

У 1970 годзе, паводле перапісу, гарадское насельніцтва ў рэспубліцы складала З мільёны 907 тысяч чалавек (43 працэнты). У 1979-м яно павялічылася да 5 мільёнаў 263 тысячы чалавек (55 працэнтаў). Колькасць сельскага насельніцтва зменшылася за гэты час на 797 тысяч чалавек (Звязда, 1980, 10 студзеня).

Паэзія Н. Гілевіча па-свойму рэагуе на гэта. У кнізе «Бальшак» сустракаем цікавы верш «Пра дзядоў і зямлю», які нібыта вяртаў нас да забытых каштоўнасцей народнага жыцця. Прывядзём яго поўнасцю.

…Дзеркачом абабіўшы валёнкі

(На працы быў дзесьці),

Ён прысеў каля грубкі.

Ільдзінкі плывуць з барады.

— Цяжкавата зімою?

— Памог бы!

— А дзе вашы дзеці?

— Дзеці? Там, дзе і ты, брат —

Па шчасце пайшлі ў гарады.

— Ну, чаго так глядзіш? —

Пераняў мой збянтэжаны позірк.

— Я адсюль не сыду ўжо,

Калі не сышоў малады.

Ад зямлі ўцякаем.

А хлеб сюды з горада возім…

Чым далей ад зямлі мы збяжым,

Тым бліжэй да бяды…

У вершы «Пра дзядоў і зямлю» аўтар задумваецца над лёсам вёскі, над тымі дэмаграфічнымі працэсамі, якія адбываюцца. Ён упэўнены, што трэба захаваць усё тое добрае, маральна-перспектыўнае, што выпрацаваў народ на працягу вякоў і што спатрэбіцца нам у будучыні.

Лёс вёскі — блізкі беларускай літаратуры. Большасць пісьменнікаў выйшла адтуль. Можа, таму і Н. Гілевіч з такім шкадаваннем успрымае аддаленне чалавека ад зямлі, у яго вершы гучыць родзум пра сэнс жыцця і месца ў ім чалавека. Ён любіць вёску не толькі ў памяці, але і сённяшнюю, якая яна ёсць, з яе душэўнымі, высакароднымі людзьмі.

У яго творчасці паступова пашыраюцца ўяўленні аб часе, аб яго супярэчнасцях, аб людзях і іх узаемаадносінах з часам. Шмат чаго расказала нам пра паэта, яго жыццёвы вопыт змешчаная ў «Бальшаку» паэма «Сто вузлоў памяці», у якой адлюстраваліся даваенныя і пасляваенныя падзеі на Лагойшчыне, у адной з вёсак. Гэты «кавалак гісторыі» паказаны аўтарам псіхалагічна праўдзіва. Вось, скажам, урывак з раздзела «Перамога», у якім перададзены перажыванні тых, каму пашчасціла адолець цяжкую дарогу праз вайну.

Франтавікі пілі і партызаны,

Тылавікі і мацеркі сірот.

Адны — ўразмешку з ціхімі слязамі,

Другія — з гучным тостам за народ.

Адны ад крыўды мыліцы ламалі

І, нібы дзеці, плакалі сп’яна.

Другія «бронь» употай цалавалі,

Што ўратавала ім жыццё яна…

Аўтар звярнуўся да таго, што ведаў па ўласнаму жыццю. Ён узнаўляе героіку партызанскай барацьбы. Пакаленне паэта добра памятае таксама і пасляваенныя гады: людзям даводзілася есці гнілую бульбу, але песні былі бадзёрыя — «пра росквіт палёў». Але паэма «Сто вузлоў памяці» пры ўсім сваім непрыдуманым драматызме, трагічнасці некаторых старонак у цэлым мела жыццесцвярджальны характар, яна ўслаўляла гераізм простага чалавека, паказвала неадольнасць маральнай сілы народа.

У «Бальшаку» зліліся ў адно і канкрэтнасць і абагульненасць і лірычнага вобраза, якая добра выявіла сябе ў аднайменным вершы, які даў назву ўсёй кнізе:

Праз долы-нізоўі, дзе ўвечар туманы ўстаюць,

Праз водар мядункавы спелых лугоў у пракосах,

Праз рэкі і рэчкі, што петлі блакітныя ўюць,

Праз ранішні гоман стозыкі пасёлкаў і вёсак,

Праз пушчу, дзе сосны струменяць жывіцу-пяршак,

Праз ліўні густыя, што раптам заслоняць паўсвета,—

Спяшаецца ўдалеч стары беларускі бальшак,

Спяшаюцца людзі, спяшаецца век-непаседа.

У творчасці Н. Гілевіча знаходзім роздум над шляхамі гісторыі беларускага народа, якія вядуць яго ў будучыню. Падзейнасць саступае месца думцы, скіраванай на самааналіз, на работу розуму, акрыленую эмоцыямі, страсцямі, імкненнямі сэрца. Цікавыя ў гэтым сэнсе аказаліся вершы «*** Я хацеў бы слова даць любові…», «Спадчына», «*** Зямля бацькоў…», адзначаныя паглыбленнем пачуцця гістарызму. Гэтае пачуццё ўзнікла не адразу, але ўзнікшы — ад кнігі да кнігі — пастаянна ўмацоўваецца. Паэт імкнецца асэнсаваць свае сувязі з гістарычным часам, напісаць партрэты выдатных дзеячаў мінулага — Якуба Коласа, Хрыста Боцева, Міхася Чарота, Паўла Постышава… Адсюль — павелічэнне філасофскай ёмістасці лірыкі.

У 1967 годзе з’явілася кніга «Перазовы». Гэта былі вершы, прасякнутыя народным светаўспрыманнем і вопытам, разуменнем дабра і зла.

Кніга вельмі шматстайная.

У тым сяле, дзе я не быў ніколі

І нават дзе яго шукаць — не знаю,

Ёсць хата ў яблынях, парог якое

Я толькі ў сне парой пераступаю.

І зноў і зноў там, ледзь сцямнее

                                                ў полі,

Хаджу, як прывід, з вечара да ранку —

Усё запаветную шукаю брамку

У тым сяле, дзе я не быў ніколі.

Па-мойму, гэта, сапраўдная паэзія. У яе вялікія магчымасці, якія не можа замяніць іншы жанр ці род літаратуры. Гётэ ў сваіх лістах пісаў: «Я амаль што пачынаю верыць, што, відаць, толькі адной паэзіі можа ўдацца выразіць да пэўнай ступені такія тайны, якія ў прозе звычайна здаюцца абсурднымі, таму што яны могуць быць выражаны толькі ў супярэчнасцях, якія непрыймальныя для чалавечага розуму».

Фарміруючы асобу эмацыянальна і інтэлектуальна, паэзія Н. Гілевіча ўмее закрануць самыя патаемныя струны чалавечай душы. Яго лірыка стала тонкім інструментам, які вельмі дакладна фіксуе асабістае самаадчуванне і самасвядомасць чалавека ў наш трывожны, навальнічны век, падтрымлівае маральны клімат грамадства.

В. Каваленка, які шмат пісаў пра творчасць Н. Гілевіча, добра падмеціў, што філасофія ў яго вершах «не існуе ў якасці нейкай асобнай вылучанай філасофскай формулы, а сам паэтычны сюжэт утрымлівае, нараджае філасофскую думку» (В. Каваленка. Жывое аблічча дзён. Мн., 1879, с. 180).

Вось пра гэта якраз і сведчыць працытаваны вышэй верш.

Сіла паэзіі — у сіле асобы паэта. Гэта мы адчулі ў вершах «Старыя друкарні», «Мова майго народа», «У старажытным гарадку пад Ганнаю» і іншых, якія сталі новым крокам паэта ў спасціжэнні народнага жыцця і гісторыі. Ён прыгадвае характэрную для XVI — першай палавіны XVII ст. на Беларусі з’яву — бурнае развіццё кнігадрукавання, заснавальнікам якога быў выдатны асветнік-гуманіст Францыск Скарына. Друкарні дзейнічалі ў Нясвіжы, Брэсце, Лоску, Заблудаве, Магілёве, Еўі і многіх іншых месцах. Друкарскае майстэрства стаяла вельмі высока, пра што сведчаць дайшоўшыя да нас старадрукі.

О, як бы разросся той кветнік, той сад,

Хоць вёсны былі неспагаднымі,

Калі б не стаптаў заваёўнік-магнат,

Калі б чужакі не спаганілі!

Але, як зярняты з угрэтай раллі,

Слязамі і кроўю палітыя,

Ізноў прарасталі, буялі, цвілі

Бяссмертныя родныя літары!

І чулася, чулася ў стуку станкоў,

Што ім не замоўкнуць заклятымі,

Што будуць яны за хрыбтамі вякоў

Грымець паліграфкамбінатамі.

Н. Гілевіч асэнсоўвае рух гісторыі, яе сацыяльны і духоўны вопыт, адчуваючы на сабе погляд бацькоў, абавязак перад імі. І тут таксама выяўляецца адна з асаблівасцей яго грамадзянскасці, якая складае маральна-эмацыянальны нерв яго паэзіі і ўсёй дзейнасці.

«У чалавека, — сцвярджае паэт, — заўсёды павінны быць у душы святыні, праз якія ён не можа пераступіць, не можа ігнараваць іх і апошліць» (Літаратура і мастацтва, 1979, 9 лютага).

Гэта — паэт нарастаючай сілы, якая жывіцца сокамі часаў. Звяртаючыся да вопыту гісторыі, ён хоча глыбей зразумець сучаснасць. Ён ведае, што пераўтварэнне свету — справа складаная і што вопыт гісторыі можа ў многім дапамагчы.

Гавораць, што ў вершах сучасных паэтаў паэзія думкі пераважае над паэзіяй пачуцця. Вершы Н. Гілевіча застаюцца эмацыянальна вельмі пераканальнымі. Мне даўно, напрыклад, падабаюцца вось гэтыя цудоўныя радкі (з кнігі «Перазовы»):

Замірае,

Сціхае

Мая залатая дуброва,

Асыпае,

Скідае на дол

Свой задумлівы ўбор.

Не звініць і не льецца

Раздольна-вячыстая мова,

Толькі шоргат сухі пад нагамі,

Як скарга-дакор…

У вершы адбіўся своеасаблівы антрапамарфізм сялянскага мыслення. Метафорыка паэзіі Н. Гілевіча звычайна вельмі канкрэтная, але ў працытаваных радках адчуваецца падтэкст, заклапочанасць паэта ўмацаваннем тых глыбінных сувязей, якія лучаць чалавека з роднай зямлёй, сучаснасцю і гісторыяй.

Здольнасць на вельмі эмацыянальнае суперажыванне дапамагла яму асвоіць жанр балады: «Апошняе спатканне з Веранікай», «Слёзы шчаслівага чалавека», «В’етнамская балада», «Неадкрытыя зоркі паэта», «Балада пра краіну ў чорным», «Сустрэчы ў снах» — гэтыя і многія іншыя выдатныя творы далі права Г. Бураўкіну — назваць яго «майстрам балады». Шырокі рэзананс меў яго своеасаблівы цыкл вершаў-балад «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», названы паэтам «патрыятычнай араторыяй». Стылёвы тон гэтаму твору і маштаб задала вядомая партызанская песня «Горит, горит село родное, горит вся Родина моя».

Пацвердзіліся даўнія сувязі з народным словам, яго вершу па-ранейшаму ўласціва афарыстычнасць думкі, эмацыянальная пераканальнасць, арыентацыя паэта на духоўныя каштоўнасці.

Мастацка-стылёвая шматстайнасць паэзіі Гілевіча нясе ў сабе сляды гістарычнага развіцця і традыцый, развіцця паскоранага, сціслага. Яе пранікаюць токі, што ідуць ад Ф. Багушэвіча праз творчасць Купалы, Коласа, Багдановіча, абумоўліваючы і ўзмацняючы яе сацыяльна-маральнае і эстэтычнае гучанне.

Словам, творчасць Н. Гілевіча актыўна ўключана ў літаратурны, працэс, тэндэнцыі якога выразна праглядваюцца ў яго паэзіі. Для яго, напрыклад, таксама ўсё больш характэрным з’яўляецца павышэнне цікавасці да індывідуальнага ў чалавеку, імкненне ўбачыць яго душу. Светапогляд паэта, яго эстэтычныя ідэалы, ваяўнічая грамадзянскасць знайшлі адлюстраванне ў такіх кнігах, як «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (1979) і інш. Тут знаходзім працяг роздуму паэта пра грамадзянскі абавязак чалавека, які павінен адчуваць час, у які ён жыве. Ніл Гілевіч да гэтага якраз імкнецца, ён паэтызуе жыццё, працу, святло Ленінскіх ідэй, вучыцца разумець дыялектычную ўзаемасувязь часаў.

Раскладайце, паліце купалля агні!

Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,

А каб лепей убачыць наступныя дні,

Да вытокаў душой дакрануўшыся…

Паэт імкнецца асэнсаваць, «абжыць» новыя бакі і з’явы жыцця, павялічыць свае магчымасці мастацкага пазнання і абагульнення рэчаіснасці. Яго рост непарыўна звязаны з духоўным светам сучасніка, з тым, пра што добра сказаў Юрый Бондараў: «Задача мастацтва застаецца і непахісна вечнай, і непахісна новай: пазнанне чалавекам самога сябе як часцінкі прыроды, а значыць — зразуменне сэнсу жыцця».

Беларуская паэзія заўсёды адчувала непадзельную сувязь з лёсам народа, яна была і застаецца духоўна-эстэтычным эквівалентам грамадства, яна творыць, «збірае» чалавека, асвятляючы яго месца і ролю ў агульнай карціне сучаснага свету. Яна зандзіруе глыбіні яго духоўнага жыцця.

Такім шляхам рухаецца і аўтар «Бальшака».

Г. Бураўкін, які добра ведае і любіць паэзію Н. Гілевіча, адзначаў, што «адна з самых характэрных рыс яго паэзіі — спакойная засяроджанасць і абсалютны давер да народнага вопыту» (Полымя, 1969, № 10, с. 191).

Аналізуючы ўзаемадзеянне асобы і грамадства, паэт хоча дазнацца, як, у чым змяніўся сам чалавек, што каштоўнае ён набыў, што страціў і наколькі захаваў генетычную сувязь з часамі былымі, з народнымі вытокамі. У паэтычным характары Н. Гілевіча нам вельмі дарагі маштабны народны характар, абумоўлены рознымі бакамі грамадскага жыцця і працы, чалавек, якога не пакідае пачуццё адказнасці. Такі чалавек відаць у паэмах «Недзяленя» і «Крынічанка» (1970). Вельмі розныя паводле сваіх сюжэтаў і зместу, абедзве яны ўслаўляюць духоўны вопыт народа, пранесены ім праз вякі. Духоўны воблік лірычнага героя вызначаецца высокім узроўнем грамадзянскай свядомасці і творчай актыўнасці, вострым пачуццём адказнасці за тое, што адбываецца ў жыцці, любоўю да народных эстэтычных уяўленняў і мастацкіх каштоўнасцей. І гэта знайшло адбітак у індывідуальным стылі паэта з уласцівай для яго блізкасцю да народна-фальклорных сродкаў выяўлення, класічнай гарманізаванасцю верша, рэалістычнай яснасцю і празрыстасцю творчай манеры.

Мы спыніліся на паэзіі Н. Гілевіча, але ён вядомы не толькі як слынны паэт. Ён мае адносіны да ўсяго, імкнецца актыўней умешвацца ў жыццё — і не толькі радком. Фронт яго дзейнасці шырокі. Ён выступае як крытык і публіцыст, даследчык гісторыі роднай літаратуры. Дзейнасць яго па-сапраўднаму шматгранная. Н. Гілевічу належаць працы па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (паэзія „Маладняка“)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам. Сучасная балгарская паэзія. 1956–1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978, даклад на VIII Міжнародны з’езд славістаў), зборнік літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «У гэта веру» (1978). Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979).

Нельга не адзначыць перакладчыцкай працы Н. Гілевіча, які ўжо даўно вядзе шматстайную работу па ўмацаванню сувязей з літаратурамі краін сацыялістычнай садружнасці. У 1965 годзе ўбачыў свет зборнік вершаў балгарскіх паэтаў «Ад стром балканскіх» у яго перакладах. У перакладчыцкай дзейнасці асноўнае месца займаюць пераклады з балгарскай: аповесць П. Вежынава «Сляды застаюцца» (1959), раман С. Даскалава «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча — безбілетнік» (1958), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталагічны зборнік апавяданняў «Скарб» (1967, разам з В. Нікіфаровічам), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай балгарскай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (1973, сумесна з А. Разанавым), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень» (1978).

У 1966 г. за пераклад і прапаганду балгарскай літаратуры ў Беларусі ўрад Народнай рэспублікі Балгарыі ўзнагародзіў паэта ордэнам Кірыла і Мяфодзія І ступені.

Н. Гілевіч паспяхова перакладае таксама з польскай, серба-харвацкай, лужыцкай і іншых славянскіх моў. У 1978 г. у яго перакладзе выйшла кніга вершаў славенскай паэзіі XIX–XX стст. «Маці мая, Славенія».

Зборнік лірыкі, сатыры і гумару Гілевіча «У добрай згодзе» (1979) разам з перакладчыцкай дзейнасцю адзначаны Дзяржаўнай прэміяй за 1980 год.

Кнігі беларускага паэта выходзілі на рускай, украінскай, балгарскай і іншых мовах.

Па-ранейшаму шмат ён піша для дзяцей.

Без Ніла Гілевіча сёння цяжка ўявіць сучасную беларускую літаратуру. Яго ўклад у яе развіццё адчувальны. У яго паэтычным набытку адгукнулася гераічная гісторыя народа, маладосць і сталасць нашага сацыялістычнага ладу. Паэт паслядоўна сцвярджае сваю крэўную роднасць з бацькоўскім краем, з народам і яго культурай.

Ён пісаў: «Сапраўдная культура чалавека, чалавека-творцы, чалавека-будаўніка новага свету, ёсць перш за ўсё глыбокае ўсведамленне свайго месца ў бесперапынным ланцугу пакаленняў, у іх вялікай стваральнай працы на карысць радзімы і месца свайго народа ў гістарычным руху чалавецтва па шляху прагрэсу. Быць прыналежным да такой культуры, ігнаруючы духоўную спадчыну мільёнаў людзей працы, немагчыма» (Правда, 1975, 13 верасня).

Ёсць усе падставы спадзявацца, што поспехі і дасягненні Н. Гілевіча — паэта і вучонага — з цягам часу будуць яшчэ больш узрастаць, памнажаючы здабыткі роднай культуры.